Вы тут

Як выбраць камбінезон для гадаванца, і ці варта выдаткоўваць на гэта грошы?


З надыходам халадоў набыццё цёплага і практычнага адзення становіцца актуальным не толькі для людзей, але і для іх чатырохногіх сяброў. І ў гэтым верасні самы вядомы айчынны брэнд паліто і куртак Elema ўпершыню выпусціў калекцыю PETS.


У лінейку ўваходзіць «сабачае» адзенне для розных сезонаў і ўмоў надвор’я: уцепленыя камбінезоны, дажджавікі, камізэлькі. У калекцыі — дзесяць мадэляў. На прадпрыемстве паведамляюць, што мадэльны шэраг складаецца з 8 памераў — ад XS для маленькіх парод да 4XL для буйных. Мадэлі пашытыя з плашчоўкі, флісу, выкарыстаныя таксама трыкатаж і эка-мех, а разлічаны яны на розную тэмпературу — ад прахалоды пахмурнага дня ранняй восені да лістападаўскай волкасці і сапраўдных зімовых маразоў.

Першымі ў калекцыі былі мадэлі для невялікіх парод, бо ў першую чаргу спажыўцы «адзення для хатніх жывёл» — гаспадары маленькіх сабачак. А потым лінейку вырашана было пашырыць, каб «касцюмчык сеў» і на буйных гадаванцаў. Кансультантамі пры стварэнні калекцыі выступілі спецыялісты сэрвісу Petsitters.by, так што ўлічаны ўсе нюансы: сабакам у абноўках ад Elema дакладна будзе камфортна. А каб былі задаволеныя і іх гаспадары, дызайн мадэляў мае мілыя дэталі — кішэнькі, капюшоны, футравае аздабленне, надпісы, прынты і зашпількі кантрасных колераў.

Што датычыцца коштаў на падобнае «імпартазамяшчэнне», то выдаткаваць на абноўку прыйдзецца ад 45 да 93 рублёў (з капейкамі) у залежнасці ад мадэлі. Цэны на камбінезоны расійскага і кітайскага паходжання ў інтэрнэт-крамах і ў гандлёвых цэнтрах пачынаюцца ад 35 рублёў (дажджавік на ёрка з унутраным слоем з падкладачнай тканіны) і даходзяць да 200 рублёў (цёплы зімовы варыянт з воданепранікальнай тканіны з падкладкай з вельбоа, сучаснай матэрыі з мяккім штучным футрам, на досыць буйнога сабаку).

Купіць уцяпленне для гадаванца ад беларускіх дызайнераў можна ў фірмовых крамах Elema — там, дарэчы, прадугледжана магчымасць прымеркі «адзёжкі» на сабаку.

Галоўнае, каб касцюмчык сядзеў

А прымерка звычайна неабходная, бо кожная сабака — індывідуальнасць.

— Асабліва калі гаворка ідзе пра рознага кшталту помесі або ўвогуле пра дварняк, якія сёння ў модзе (і гэта выдатна!), — патлумачыла прадавец крамы «сабачага адзення» ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. — Але ж камбінезоны шыюцца на пэўныя пароды: бачыце, вось тут, да прыкладу, на этыкетцы пазначана: «для французскага бульдога». Вытворца мае на ўвазе канкрэтныя параметры. А ў помесі (ды і ў пародзістых сабак) гэтыя параметры часцяком не адпавядаюць меркаваным: то лапкі даўжэйшыя або карацейшыя за «норму», то грудная клетка шырэйшая або больш вузкая...

«Вельмі цяжка падабраць адзёжку на майго сабачку, а камбінезон нам патрэбны: падшэрстка ў сабакі няма, і яна мерзне! — адно з паведамленняў на «сабачым» форуме. — «Да ўзросту 12 месяцаў грудзі ў яго сталі шырокімі, аб’ёмнымі, а спіна і лапкі засталіся кароткімі. Сабачка як кубік. Вось і перашываем, а хочацца проста купіць і апрануць».

«Швэдары на раннюю восень для двух маіх сабак вяжу сваімі рукамі, а вось камбінезоны на больш халодны час купіць складана — то па спіне не падыходзяць, то „штаніны“ кароткія. А нам патрэбны доўгія калашыны, сабакі ў мяне гладкашэрсныя», — піша яшчэ адна гаспадыня.

Прымераць камбінезон на сабаку можна не ўсюды. У любым выпадку важна ведаць тры памеры гадаванца — ахоп шыі, ахоп грудзей (вымяраць трэба на ўзроўні «локцяў») і даўжыню спіны. З памерамі «сабачага адзення» існуе пэўная блытаніна, распавядаюць прадаўцы.

— Некаторыя вытворцы памеры пазначаюць лічбамі — з 8 да 22. Ёсць мерная сетка больш звыклая — ад XS да XXXL. Часам памер пазначаюць літарай і лічбай: напрыклад, XS22 або XL50.

Вядома, прадаўцы-кансультанты звычайна ведаюць прыкладны спіс парод, якім падыдзе памер. Але з прымеркай — усё ж лепш.

— Тым больш, трэба ўлічваць асаблівасці таго ці іншага вытворцы. Напрыклад, у кітайскіх камбінезонаў і куртак рукавы і «штонікі» звычайна кароткія, «да локця» і «да калена», а для нашых умоў гаспадары хочуць, каб як мага больш плошчы цела сабакі было абаронена ад бруду і волкасці.

Самыя складаныя «кліенты», адзначаюць прадаўцы, нестандартныя — зразумела, у першую чаргу гэта беспародныя Шарыкі. А з пародзістых — доўгія караткалапыя таксы і коргі, а таксама тоўсценькія і зноў жа караткалапыя ангельскія бульдогі (на французскіх, як правіла, мадэляў шыецца шмат і падабраць «адзёжку» прасцей), і худыя ганчакі з доўгімі тонкімі лапамі.

Мадэлі з рэгулюючымі элементамі (зашпількі на гумках, «падцяжкі», папружкі) часам дапамагаюць вырашыць праблему, распавядае суразмоўца. Але не заўсёды яны зручныя сабаку. Акрамя таго, вельмі важна, каб «апранаць» і «распранаць» гадаванца было проста, інакш кожная прагулка ператворыцца ў пакуту і для сабакі, і для гаспадара.

Што яшчэ варта ўлічыць? Пол гадаванца. Бо мэта прагулкі з сабакам — не толькі дазволіць яму атрымаць радасць руху, але і не менш важная «туалетная» задача. Для «хлопчыкаў» і «дзяўчынак» патрэбныя розныя канструкцыі «вопраткі». І яшчэ адзін нюанс — у першую чаргу для гаспадынь:

— Не варта выбіраць мадэлі з багаццем дэкаратыўных дэталяў, якімі б чароўнымі вашы гадаванцы ў іх не выглядалі. Напрыклад, часта капюшон або футравы «каўнерык» могуць перашкаджаць сабаку. Кішэні, куліскі, банцікі, стужачкі — усё гэта можа стаць прычынай дыскамфорту сабакі пры руху. І яшчэ ўлічыце, што вам трэба будзе акрамя камбінезона апрануць на сабачку ашыйнік і павадок або шлейку — «вопратка» не павінна гэтаму перашкаджаць.

Пра «пятую нагу»

А цяпер — галоўнае пытанне: ці так неабходная сабаку адзенне? Нават хатняму, цывілізаванаму, таму, які «амаль як чалавек» і «ён мне як дзіця»? Або куртачка на самай справе сабаку патрэбна «як сабаку пятая нага»? На гэты конт нават у сабакаводаў няма адзінага меркавання.

Мода на адзенне і аксесуары для гадаванцаў, галоўным чынам для сабак (незалежныя і свабодалюбівыя каты такое не надта вітаюць, а вось верныя і адданыя сабакі гатовыя на многае, каб гаспадар быў задаволены) у нашы шыраты пранікла ў канцы 90-х — пачатку 2000-х. Першымі з’явіліся «дажджавікі», якія дазваляюць не мыць гадаванца пасля кожнай прагулкі па восеньскай або вясновай золі. Навінка спадабалася, і ўжо ў наступным сезоне асартымент вырас у геаметрычнай прагрэсіі — ад бальных сукеначак для балонак, піжамак і навагодніх карнавальных гарнітурчыкаў да практычных зімовых камбінезонаў.

— Не варта блытаць «вопратку для прыгажосці» і сапраўды функцыянальныя цёплыя рэчы для гадаванца, — адзначаюць прадаўцы. — У цёплай рэчы акрамя мілага вонкавага выгляду важная натуральная або якасная сучасная воданепранікальная тканіна (у ідэале — тая ж, з якой шыюцца «чалавечыя» зімовыя пухавікі). Тканіна дрэннай якасці дасць «эфект цэлафанавага пакета», і ў выніку сабака прастудзіцца. Таксама важна, каб тканіна хутка сохла. Яшчэ не забываемся, што сабаку павінна быць лёгка і зручна рухацца ў камбінезоне. Звярніце ўвагу на наяўнасць святлоадбівальных элементаў. А вось «стразікі» будуць лішнімі, асабліва калі ў сабакі доўгая поўсць — вялікая колькасць упрыгожванняў прывядзе да яе заблытвання. Яркі колер адзення гадаванца дазволіць не згубіць яго, калі вы любіце прагулкі па лесе.

Кінолагі дакладна адзначаюць, што «цёплая вопратка» не патрэбна пародам, выведзеным у паўночных шыротах і для паўночных шырот — напрыклад, хаскі або чау-чау. Уцяпленне залішняе і для шэрагу службовых парод — напрыклад, нямецкіх аўчарак, ньюфаўндлендаў, сембернараў. Густая поўсць і падшэрстак не дадуць ім замерзнуць нават у моцны мароз. Часцей за ўсё адмовіцца ад «адзёжак » можна для сабак вальернага ўтрымання (калі поўсць у іх досыць густая) — арганізм гадаванца паступова адаптуецца да пагодных умоў.

Сапраўды маюць патрэбу ва ўцяпленні толькі некаторыя катэгорыі «лепшых сяброў чалавека». Гэта, у прыватнасці, пароды з кароткімі нагамі — ад пекінэсаў да такс і французскіх бульдогаў: усе тыя, у каго грудная клетка на прагулцы знаходзіцца ў небяспечнай блізкасці да халоднай і мокрай зямлі. Гончых сабак (харты, лягавыя і г. д.) таксама варта ўцяпліць: у іх тонкая скура, каб цеплааддача падчас «забегаў» была ідэальнай. Але калі такога сабаку выгульваць на павадку ў халады, ён хутка замярзае і можа застудзіцца. Зразумела, патрэбна «адзенне» «голым» пародам (кітайскаму чубатаму сабачку — дык увогуле з верасня). Ім няма чым сагрэцца ў нашым клімаце, таму гэтай катэгорыі гадаванцаў кінолагі рэкамендуюць набыць да зімы цэлы гардэроб: не толькі камбінезон, але і лёгкую маечку як першы слой, а таксама швэдар, які можна будзе апранаць другім пластом. Цёплы камбінезончык неабходны і маленькім дэкаратыўным сабачкам — яны выведзеныя штучна і не прызначаныя выжываць без дапамогі чалавека. Падшэрстка, здольнага абараніць ад ледзянога ветру, снегу і дажджу, у іх няма. Так што цёплыя рэчы зімой для іх абавязковыя. І, нарэшце, уцяпляць вельмі важна сабак, што хварэюць або аслабленыя пасля хваробы, састарэлых гадаванцаў і «мам, што кормяць немаўлятак» — у гэтых катэгорый аслаблены імунітэт, і, як следства, высокая рызыка пераахаладжэння.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.