У мінулым годзе вырасла колькасць беларусаў, што працавалі за мяжой. Прычым у агенцтвах па пошуку работы заўважаюць: усё часцей вакансіі ў іншых краінах цікавяць жыхароў вёсак і малых гарадоў. У гастарбайтары запісваюцца і людзі з прыгранічных рэгіёнаў. На гэта ёсць некалькі прычын. Кожны трэці з раёнаў, што трапілі ў спіс тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, — прыгранічны. А значыць, тут ёсць беспрацоўныя, якія ў пошуку вакансіі больш за 12 месяцаў, спецыялісты, пераведзеныя на рэжым няпоўнай занятасці, арганізацыі, якія прастойваюць. Дый заробкі часта невысокія. Напрыклад, у Лёзне, дзе цяпер адкрыта 68 вакансій, 66 % прапаноў — 400 рублёў і ніжэй.
Геаграфія — ад Расіі да Амерыкі
Па афіцыйных даных МУС, летась працаваць у іншыя краіны выехала больш за 11 тысяч беларусаў (для параўнання: у 2016 годзе гэта лічба была больш сціплая — 7,4 тысячы). Найбольш папулярныя кірункі — Расія (туды адправілася амаль 45 % працоўных мігрантаў), Польшча (29 %) і Літва (каля 12 %). У пяцёрку ўваходзяць таксама Чэхія, ЗША і Германія. Сярод краін, куды яшчэ працаўладкоўваліся беларусы, — Фінляндыя, Кітай, Катар, Карэя, Малдова і іншыя.
У асноўным на заробкі едуць мужчыны — іх 67 % ад агульнай колькасці тых, хто выехаў па запрашэнні наймальніка. Пераважная большасць працоўных мігрантаў (83 %) уладкоўваецца на рабочыя спецыяльнасці. Кожны дзясяты знаходзіць вакансію ў сферы абслугоўвання і гандлю, кожны дваццаты — у сельскай гаспадарцы. На пасады кваліфікаваных спецыялістаў выехалі 154 чалавекі, а ў якасці кіраўнікоў — усяго дзевяць.
Неафіцыйныя лічбы беларусаў, што працуюць за мяжой, куды большыя. Бо, каб адправіцца на будоўлю ў тую ж Расію, не трэба ні візы, ні запрашэння. Па ацэнках Інстытута сацыялогіі пры Акадэміі навук Беларусі, работу ў іншых краінах шукаюць 8—10 % нашых грамадзян.
Чым прывабная Польшча?
Апошнія гады папулярнай для работы краінай стала Польшча. Кіраўнік праграмы «Ла Страда Беларусь» Алена НЕСЦЯРУК заўважае, што большасць зваротаў, якія паступаюць да іх на гарачую лінію, датычацца менавіта гэтай дзяржавы. Чаму? Наша заходняя суседка значна павысіла сваю міграцыйную прыцягальнасць для беларусаў, бо істотна спрасцілася заканадаўства ў сферы працаўладкавання.
Па статыстыцы Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы, за першае паўгоддзе 2018-га ў гэтай краіне было ўладкавана 38,9 тысячы беларусаў. Большасць (амаль 80 %) прыехала па спрошчанай сістэме — на падставе запрашэння на работу. Перыяд занятасці ў Польшчы складае ад трох да шасці месяцаў.
Калі казаць пра ўзрост, то на заробкі на Захад у асноўным адпраўляецца моладзь 25—34 гадоў (такіх амаль 40 % ад агульнай колькасці мігрантаў).
Што да сфер дзейнасці, то самая папулярная — будаўніцтва: амаль 37 % тых, хто з'язджае ў Польшчу, уладкоўваюцца туды. Яшчэ 25 % заняты ў галіне транспарту і лагістыкі, і 24 % — у прамысловасці. Частыя спецыяльнасці, па якіх працуюць нашы грамадзяне, — прамысловыя рабочыя і рамеснікі, рознарабочыя, аператары, мантажнікі машын і абсталявання. Ёсць, вядома, і офісны персанал, і праграмісты, і ўрачы, і педагогі, і менеджары найвышэйшага звяна, але яны сустракаюцца значна радзей.
Колькі зарабляе муляр
На якія ўмовы пагаджаюцца працоўныя мігранты? У адным з гродзенскіх агенцтваў, дзе дапамагаюць знайсці работу за мяжой, прызнаюцца: залатыя горы не абяцаюць. Кандыдатам без ведання мовы і запатрабаванай спецыяльнасці (а такіх большасць) прапануюць вакансіі на складах, заводах, мэблевых вытворчасцях — напрыклад збіраць дэталі, выконваць нескладаныя тэхнічныя аперацыі. Каб уладкавацца на прэстыжную пасаду ў банк ці медклініку, неабходна будзе не толькі веданне мовы, але і дыплом еўрапейскага ўзору.
— У асноўным беларусы патрэбны за мяжой у якасці рабочай сілы — на будоўлі, зборы ўраджаю, для абслугоўвання ў кавярнях і гасцініцах, — пацвярджае і дырэктар першай юрыдычнай кансультацыі Гомеля Андрэй БАБІЧ.
Чаму нашы грамадзяне сталі часцей выбіраць заходні кірунак, ён тлумачыць розніцай у заробках: калі ў Польшчы прапануюць тысячу еўра ў месяц, то ў Расіі ледзь не ў два разы менш. «Наймальнікам браць мігрантаў выгадна, бо, напрыклад, муляру-паляку за тую ж работу давялося б плаціць у два разы больш, 2000 еўра», — дадае Андрэй Бабіч. І прагназуе, што новым цэнтрам прыцягнення гастарбайтараў, магчыма, стане Казахстан.
Суразмоўнік заўважае, што апошнім часам на заробкі за мяжу часцей сталі выпраўляцца жыхары райцэнтраў і аграгарадкоў. І ахвотных з'ехаць стала больш: толькі да іх фірмы штомесяц звяртаецца 100—150 чалавек.
Скаргі на затрымку заробкаў
За мінулы год на інфалінію па бяспечным выездзе за мяжу праграмы «Ла Страда Беларусь» паступіла амаль 5,5 тысячы зваротаў. Колькасць тых, каму спатрэбілася крызісная дапамога, вырасла ўдвая. Калі ў 2017-м спецыялісты праграмы дапамаглі 144 грамадзянам, што аказаліся ў складанай сітуацыі, то ў 2018-м — 287.
Асноўны прырост крызісных зваротаў звязаны з парушэннем працоўных правоў.
— За апошнія чатыры гады доля такіх зваротаў павялічылася ў паўтара раза, і сёння яна складае 43 працэнты ад усіх складаных сітуацый, па якіх тэлефануюць і пішуць нам беларусы, што выехалі за мяжу, — агучвае лічбу Алена Несцярук. На думку эксперта, часцей на інфалінію сталі звяртацца і таму, што зразумелі: трэба адстойваць свае правы. — Найбольшую колькасць праблемных званкоў дае Польшча. Па тэматыцы парушэння працоўных правоў 55 працэнтаў абанентаў звярталіся менавіта ў сувязі з непрыемнасцямі ў гэтай краіне. Асноўная скарга — нявыплата заробку.
Чакаць, што грошы вернуць за тыдзень ці за два, не варта. Калі гэта адносна добрасумленны наймальнік і ён не хоча нажыць праблем, то стараецца разабрацца з пытаннем — пераводзіць суму, якую завінаваціўся, на картку, прыязджае ў Беларусь і аддае грошы. Але ёсць справы, якія цягнуцца ўжо год.
— Залежыць ад таго, які дакумент пры ўладкаванні на работу быў падпісаны. Калі працоўны дагавор, то ў справу ўступае працоўная інспекцыя і працэс можа пайсці хутчэй. Па ўсіх астатніх дагаворах трэба звяртацца ў суд, — дзеліцца эксперт.
Летась пры ўдзеле супрацоўнікаў «Ла Страда» 15 % выпадкаў, звязаных з парушэннем працоўных правоў у Польшчы, былі вырашаны станоўча — людзям выплацілі заробак. 83 % зваротаў яшчэ разглядаюцца. У 2 % выпадкаў не ўдалося вярнуць работнікам грошы з-за недастатковай доказнай базы.
— Для паспяховага вырашэння праблемы патрабуецца шмат сіл і цярпення, — падкрэслівае кіраўнік праграмы. — Напрыклад, неабходна скласці тэкст скаргі, перакласці дакумент на польскую мову, сабраць доказы, што пацвярджаюць факт працаўладкавання і парушэння вашых правоў. Больш эфектыўна для пацярпелага асабіста звяртацца ў кампетэнтныя органы — інспекцыю па працы, пракуратуру. Электронны ці паштовы зварот будзе разгледжаны, але камунікацыя можа зацягнуцца, як і прыняцце самога рашэння па справе.
Толькі лічбы
Паводле статыстыкі, колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных за апошнія тры гады скарацілася ў тры разы: з 35,3 тысячы чалавек у 2016-м да 12,5 тысячы ў 2018-м. А ўзровень беспрацоўя зменшыўся з 0,8 да 0,3 %.
Найбольшая доля грамадзян без работы летась была зафіксавана ў Расонскім, Пастаўскім, Ваўкавыскім раёнах і горадзе Пінску. Але былі і рэгіёны, дзе ўзровень афіцыйнага беспрацоўя — усяго сотыя долі працэнта. І гэта не сталіца. Радзей за ўсё ў службы занятасці звярталіся ў Камянецкім і Быхаўскім раёнах.
Фактычнае ж беспрацоўе ў мінулым годзе склала 4,7 %. Самая напружаная сітуацыя назіралася на Магілёўшчыне — там гэты паказчык раўняўся 6,9 %. Традыцыйна тых, хто застаўся без работы, сярод мужчын больш, чым сярод жанчын: 5,9 % супраць 3,4 %.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.