Балерыне Веры Шпакоўскай дзевяць гадоў. Яна любіць есці белы шакалад, заплятаць «гульку» самастойна і прыязджаць на трэніроўкі за паўгадзіны да іх пачатку. Ведае ўсіх прым — а калі не, значыць яны недастаткова славутыя. Сама дзяўчынка ўваходзіць у пяцёрку найлепшых юных танцоўшчыц свету. У лістападзе ў паўфінале аўтарытэтнага міжнароднага конкурсу Yоuth Аmеrіса Grаnd Рrіх мінчанка заняла першае месца. А ў снежні стала адной з пераможцаў расійскага тэлевізійнага конкурсу юных талентаў «Сіняя птушка».
Расклад у Веры вельмі шчыльны, таму ў яе была ўсяго гадзіна, каб адказаць на нашы пытанні, паабедаць тварожнай запяканкай і пераадзецца са школьнай формы ў спартыўны купальнік. Вось яны, будні будучай прымы.
«На пуанты ўстала ў сем гадоў»
— Калі ты ўлюбілася ў балет?
— У тры з паловай гады. Да нас у дзіцячы садок прыйшла Марына Вежнавец (заслужаная артыстка і кіраўнік прыватнай балетнай школы. — Аўт.) і набрала ў студыю пяць чалавек. А я ў той дзень была дома, бо хварэла на вятранку. Пашанцавала, што мая бабуля працавала выхавацелем у тым дзіцячым садку. Яна папрасіла, каб ёй дазволілі потым прывесці ўнучку на прагляд.
—Табе лёгка ўсё давалася?
— Было крыху складана на першых занятках, а потым прывыкла. У мяне аказаўся жудасны пад'ём, але я яго неяк выправіла. Правільны пад'ём для балерыны — гэта важна. Расцяжка ў мяне ад прыроды добрая, таму вучыцца сядаць на шпагат было амаль не балюча. На пуанты я ўстала ў сем гадоў — звычайна дзяўчаты танцуюць на іх з дзесяці.
— Бабуля ў дзяцінстве марыла стаць балерынай, — далучаецца да размовы тата Кірыл. — А ў мяне і жонкі задаткаў не было. Я і педагогам кажу: не разумею, у каго пайшла Вера.
— Тата цяпер танцуе ў балеце, — выдае па сакрэце дачка.
— На некаторых спектаклях для пэўных роляў патрэбны дарослыя. Вось мяне і падключылі, — тлумачыць Кірыл.
— Шмат часу адымаюць трэніроўкі?
— Працую 5—6 дзён на тыдзень, — расказвае пра свой графік Вера. — Калі гэта звычайная трэніроўка, то яна цягнецца паўтары гадзіны, а калі рыхтуюся да спектакля ці конкурсу, бывае і па пяць гадзін. Крыху стамляюся, але мне гэта падабаецца.
— Няўжо ніколі не хацелася прагуляць трэніроўку? Пабегаць з аднакласнікамі, пасядзець у тэлефоне, паглядзець мульцікі?..
— Не хацелася. Не люблю тэлефонныя гульні. Толькі калі на кемлівасць — напрыклад, слова сабраць, пабудаваць сказ.
— Ніколі не было такога, каб Вера папрасіла: «Можа, давай адпачнём сёння?». Усе думкі ў яе толькі пра балет, — пацвярджае Кірыл.
— Вучыцца паспяваеш?
— Так. Калі ёсць вольны час, раблю дамашняе заданне на некалькі дзён наперад. Я добра вучуся. У мяне ў першай чвэрці ўсе дзясяткі былі — толькі адна дзявятка па нямецкай мове. Любімыя прадметы — матэматыка і фізкультура.
— Ты выступаеш у спектаклях. Якія ролі твае любімыя?
— Я танцавала Мэры, Аўрору (галоўныя персанажы спектакляў «Шчаўкунчык» і «Спячая прыгажуня». — Аўт.), Дзюймовачку, а яшчэ фею Дражэ, Арлекіна, кветкі, жукоў, камяні... Мне падабаюцца ўсе ролі. Больш за ўсё, вядома, галоўныя (усміхаецца).
— Пра што думаеш, калі стаіш за кулісамі?
— Успамінаю заўвагі, каб станцаваць яшчэ лепш. Перад выхадам на сцэну паўтараю рухі два-тры разы.
— Пасля спектакляў Вера выціснутая, як лімон. Іншыя дзяўчаты збіраюцца пагуляць, схадзіць у кавярню адзначыць, а яна хоча пабыць адна. Дачка аддае ўсе эмоцыі на сцэне.
«Увесь клас за мяне «хварэе»
— Ты паспела зняцца ў некалькіх тэлепраектах — «Танцуюць усе», «Сіняя птушка», «Лепш за ўсіх». Удзел у тэлешоу — чыя гэта была ідэя?
— Не бацькоў, — адразу заўважае Кірыл. — Мы ніколі нікуды не тэлефанавалі і не пісалі. Арганізатары праектаў знайшлі нас праз сацыяльныя сеткі: самі звязаліся з намі і прапанавалі прыехаць. Да Максіма Галкіна паўтара года клікалі, усё не атрымлівалася. Хоць чуў, што на гэтыя праграмы шалёныя кастынгі. Складаней за ўсё было на праекце «Танцуюць усе» ў Кіеве.
— Трэба было ўставаць а чацвёртай гадзіне раніцы і развучваць танец, — успамінае Вера. — Заданні даваліся кожны дзень. Прыходзілася ставіць нумар самой, без педагога. А музыку можна было браць толькі тую, якую здаў перад конкурсам на флэшцы.
— Вера трапіла ў трыццатку найлепшых. Ёй тады толькі сем гадоў споўнілася, зусім маленькая. Але з-за вялікіх нагрузак мы самі адмовіліся ўдзельнічаць далей і з'ехалі.
— Камеры не бянтэжылі?
— Я на іх не звяртала ўвагі. Спецыяльна да здымак не рыхтавалася. Бабуля толькі перыядычна раіла, што сказаць. Яна заўсёды ездзіць са мной на конкурсы і стажыроўкі.
— Зорная хвароба ў цябе не пачалася?
— А што гэта такое? Калі зоркі ў галаве?
— Шчыра прызнаюся, не было такога, — усміхаецца Кірыл. — Калі Вера прыходзіць у балетную школу, усе дзяўчаты радуюцца за яе, віншуюць, а яна паводзіць сябе вельмі сціпла. Магчыма, часам наадварот трэба быць больш баявой, а дачка можа некага прапусціць наперад.
— Шмат у цябе паклоннікаў?
— Сярод хлопчыкаў іх, напэўна, няма. А з дзяўчат — увесь клас. Усе за мяне «хварэюць». Калі я была ў Парыжы, наша класная кіраўніца нават запісала для мяне відэа, дзе дзеці перадавалі мне прывітанне.
— Дзякуючы балету ты, пэўна, аб'ездзіла шмат гарадоў?
— Я была ў Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Маскве, Мюнхене, Берліне, Вільнюсе... Хутка зноў у Нью-Ёрк палячу, у бізнес-класе. (Да Кірыла) Ну калі ласка, тата, у мяне шмат грошай.
— Вера, вось гэта зорная хвароба (смяецца). Яна ж атрымала грашовы прыз у «Сіняй птушцы» і папрасіла купіць ёй квіток у бізнес-клас. Калі мы першы раз ляцелі ў Амерыку, дачка праходзіла міма гэтых месцаў і пыталася: «Чаму мы тут не сядзім?»
— Там нават Малышава ляцела! Мы з ёй зрабілі сэлфі.
— Удзел у конкурсах дорага абыходзіцца? — пытанне тату.
— Дорага. Каб выканаць адзін танец, трэба заплаціць 100 долараў. Пачка (балетная спадніца) каштуе ад 200 долараў, калі яна расшытая камянямі Swаrоvskі, — 400. А іх, як правіла, трэба некалькі. Даводзіцца зарабляць (у 2013 годзе Верыны бацькі адкрылі ў Мінску краму адзення і абутку для балета. — Аўт.). Але без удзелу ў конкурсах прагрэсу не будзе. Гэта вопыт. Нашмат прасцей танцаваць, калі ты ведаеш, да чаго ідзеш: перамога — зразумелая мэта.
— Вы памятаеце ролі дачкі, ведаеце ўсё пра спаборніцтвы... Тата, які настолькі ў тэме танцаў, — гэта рэдкасць.
— Я проста рэгіструю Веру на конкурсы, квіткі набываю. Запрашэнні таксама на мяне высылаюць, — усміхаецца Кірыл.
«Гуляю з лялькамі ў балетную школу»
— Вера, ёсць у цябе куміры ў балеце?
— Вельмі шмат. Наталля Дудзінская, Марына Сямёнава, Ала Шэлест, Наталля Осіпава... Я пазнаёмілася з Іванам Васільевым (вядомым артыстам пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра. — Аўт.). Нават рэпетавала з ім на «Сіняй птушцы».
— Дачка вельмі шмат ведае пра балет. Яна любіць глядзець перадачу «Абсалютны слых» Генадзя Яніна, дзе расказваюць пра гісторыю гэтага віду мастацтва.
— І што, раней інакш танцавалі?
— Вядома. Тады ногі так высока не падымалі — толькі 90 градусаў і ўсё, — дзеліцца дзяўчынка.
— Што самае складанае ў балеце?
— (Задумваецца) Танцаваць без эмоцый. Ёсць такія ролі. Мне падабаецца іграць і злых, і добрых персанажаў. І катоў — толькі я іх ні разу не іграла.
— Танцоўшчыцам неабходна быць лёгкімі і зграбнымі. На дыеце прыходзіцца сядзець?
— Дыеты ў нас дакладна няма, — адказвае тата. — Проста правільнае харчаванне: мама — фанатка гэтай справы. Вера есць усё, толькі ў нармальнай колькасці. Адзінае, у чым, магчыма, абмяжоўваем, — гэта салодкае.
— Вельмі люблю белы шакалад. Мне дазваляюць яго есці раніцай.
— Чым займаешся ў вольны час?
— Люблю гуляць з лялькамі ў балетную школу. Расстаўляю іх у лінію, і яны трэніруюцца. Добра ўсё робяць, стараюцца. Часам лялькі хварэюць, і я займаюся сама з сабой. Яшчэ іграю на фартэпіяна і спяваю — да мяне дадому прыходзіць па суботах педагог па музыцы. Мне гэта таксама падабаецца.
— Настаўніца кажа, што ў яе абсалютны слых. Яна найграе мелодыю — Вера тут жа паўтарае. Ёй усё даецца лёгка.
— Як стаць найлепшай балерынай?
— Трэба працаваць. Пасля школы я дома сама займаюся: расцягваюся, раблю практыкаванні.
— У балеце самае галоўнае — працаздольнасць. Задаткі можна развіць, — згаджаецца тата. — Для мяне таленавітае дзіця — тое, якое любіць працаваць. Бывае вельмі шкада дачку пасля чатырох гадзін рэпетыцыі. Але калі бачу, як гараць у яе вочы, адразу ўсё забываю. Мне здаецца, Вера знайшла сваё.
— У цябе патрабавальныя бацькі?
— Сярэдне. А бабуля патрабавальная.
— Я дачцэ заўсёды кажу, каб атрымлівала ад любой справы задавальненне. Не трэба перажываць, што не выйграеш. Бо калі табе падабаецца тое, чым займаешся, гэта ацэняць і гледачы, і суддзі.
— Якая гадзіна? — хвалюецца Вера.
— Дзве гадзіны.
— А дакладна?
— Дзве гадзіны дзесяць хвілін. (Да нас) Дачка вельмі пунктуальная. Прымушае мяне за паўгадзіны прывозіць яе на трэніроўкі. Калі прыязджаем за пяць хвілін, у Веры слёзы.
— Куды збіраешся паступаць далей?
— Пакуль яшчэ не ведаю. Ці ў мінскі каледж мастацтваў, ці ў Санкт-Пецярбург.
— Прапаноў насамрэч нават цяпер вельмі шмат: Масква, Мюнхен, Берлін... Таму пытанне адкрытае. Вера яшчэ маленькая — у каледж балерыны ідуць з пятага класа, а яна зараз вучыцца ў трэцім. Хоць некаторыя ўжо завуць: дачка высокая для свайго ўзросту і прафесійна гатовая. Але тут шмат нюансаў. Цяперашні педагог Марына Вежнавец ведае магчымасці Веры, а ў любой замежнай акадэміі дачка будзе рабіць усё з самага пачатку. Хоць ужо сёння яна выконвае праграму дзяўчат 13—14 гадоў і ні ў чым ім не саступае. Вядома, з табой могуць займацца індывідуальна, але будзе гэта ці не, ніхто загадзя не скажа.
— Пра што марыш?
— Сустрэць усіх сваіх куміраў. І стаць славутай балерынай. Хачу танцаваць у Англійскім Каралеўскім тэатры «Ковент-Гардэн», бо там выступае Наталля Осіпава. А можа, буду, як Ірына Калеснікава, танцаваць адразу ў трох тэатрах.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з сямейнага архіва гераіні
Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент.
Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».
Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.