Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны»


Першы касманаўт суверэннай Беларусі Марына Васілеўская — дома! У чацвер яна вярнулася ў Беларусь і адразу з аэрапорта, дзе яе радасна і ўрачыста віталі, накіравалася на сустрэчу з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У Палацы Незалежнасці прайшла цырымонія ўшанавання беларускіх касманаўтаў і ўсіх, хто ўнёс значны ўклад у пакарэнне беларусамі космасу.


Фота БелТА

Марыне Васілеўскай прысвоена званне «Героя Беларусі». Старшыня Прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў ўзнагароджаны Ордэнам Пашаны, генеральны дырэктар ААТ «Авіякампанія «Белавія» Ігар Чаргінец — медалём «За працоўныя заслугі». Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена Івану Бучы, намесніку начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук, і Анастасіі Лянковай, касманаўту Рэспублікі Беларусь. Падзячныя лісты Прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка ўручыў таксама бацькам Марыны Васілеўскай і Анастасіі Лянковай. 

«Апошнія два тыдні мы жылі адным лозунгам, адной ідэяй "Космас наш!". Усе мы аб гэтым думалі, аб гэтым марылі — здзейснілася. З гэтымі словамі праводзілі і сустракалі першага ў гісторыі суверэннай нашай незалежнай Беларусі касманаўта — Марыну Васілеўскую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, мы ганарымся нашымі землякамі — усімі, хто ў розныя гады прыносіў славу сваёй Радзіме, развіваючы касмічныя тэхналогіі і пакараючы космас. Мы з асаблівай цеплынёй радуемся поспехам нашага суайчынніка Алега Навіцкага». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Алег Навіцкі зрабіў усё, каб Марына здолела адаптавацца да складаных умоў і нестандартных задач.

«Яе палёт — гэта новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах, паўтару, суверэннай Беларусі і новы ўзровень саюзных вельмі добрых, брацкіх адносін Беларусі і Расіі і нашых народаў. Сімвалам брацкай сувязі нашых народаў сталі дзяржаўныя сцягі, разгорнутыя на вышыні больш за чатырыста кіламетраў ад нашай планеты», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за палётам Марыны з заміраннем сэрца сачылі ўсе, усе захапляліся смеласцю і мэтанакіраванасцю сваёй суайчынніцы. Але, па словах Прэзідэнта, мы можам ганарыцца ўсімі дзяўчатамі — удзельніцамі касмічнага праекта. Першачапаткова іх было больш за дзве тысячы. Пасля палёту Марыны іх стала яшчэ больш, гатовых зрабіць гэты крок. «Усе яны годныя, нацэленыя выпрабаваць грані сваіх магчымасцей і апраўдаць чаканні мільёнаў беларусаў. Шчыра дзякую кожнай. Вы разумніцы і прыгажуні, сапраўдныя патрыёткі Беларусі», — сказаў ён.

Гэта толькі пачатак місіі

«Табе, Марына, пашанцавала больш. Ты малайчына. Ты заслужыла гэты палёт, абсалютна аб’ектыўна. Было нялёгка. За спіной цяжкія трэніроўкі, перажыванні, стрэсы», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Марыны Васілеўскай. Ён адзначыў, што ўсе перажывалі калі ракета з Марынай Васілеўскай і экіпажам не стартанула ў першы раз, і прызнаўся, што яго вельмі ўразіла вытрымка дзяўчыны.

Аднак, па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта толькі пачатак місіі Марыны Васілеўскай. «Я ведаю, што такое быць першым. Сёння ты ўвайшла ў кожную беларускую сям’ю, ва ўсе тыя сем’і, якія назіралі за табой, перажывалі разам з табой, тваімі бацькамі. Момант раптоўнай славы — гэта новы груз адказнасці, вельмі цяжкі, які табе давядзецца несці ўжо ўсё жыццё. Я ўпэўнены — ты справішся. Мы табе не дадзім зачарсцвець, застыць, закасцянець. Табе прыйдзецца вельмі шмат працаваць», — сказаў ён. 

Прэзідэнт шчыра падзякаваў Анастасіі Лянковай, якая была дублёрам Марыны Васілеўскай: «Ты малайчына, усе выпрабаванні, як і першы касманаўт, прайшла з гонарам. Я гэта дакладна ведаю. Вядома, ведаю, што ты перажывала (я б таксама перажываў), калі ты за адзін крок ад сваёй мары і атрымліваецца крышку па-іншаму. Але ты трымалася годна. А напрацаваны досвед, абяцаю, не знікне. Мы прыкладзем усе намаганні, каб твой досвед і твая мара спраўдзілася». 

Аляксандр Лукашэнка выказаў словы падзякі тым, хто забяспечваў навуковае суправаджэнне праекту, усім, хто арганізоўваў яго, усім, хто рыхтаваў дзяўчат да палёту, — навукоўцам, медыкам, трэнерам і выкладчыкам. Кожнаму, хто дапамог ім стаць яшчэ больш упэўненымі ў сабе. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў і бацькам касманаўтак, якія выхавалі годных дачок Беларусі. 

«Шчыра кажучы, я вельмі хацеў, каб дзяўчынкі паляцелі і сталі першымі касманаўтамі ў "жаночага" Прэзідэнта Беларусі. Я падумаў: напэўна, перад жанчынамі я ўжо разлічыўся , яны ўжо не павінны мне прад’яўляць нейкія прэтэнзіі», — пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.

Мы ўмеем рабіць для космасу вельмі шмат

Прэзідэнт павіншаваў усіх з надыходзячым міжнародным Днём касманаўтыкі. «Цяпер гэтае свята стане часткай вашай асабістай гісторыі!» — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што 12 красавіка, у Дзень касманатыўкі, ён абмяркуе гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падчас свайго візіту ў Расію. 

«Калі нехта ляпае, асабліва за мяжой, і думае: "Вось, як гэты Лукашэнка Марыну закінуў у космас, гэта нам не трэба"... Нам гэта трэба.

Мы — касмічная краіна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што менавіта дзякуючы наяўнасці беларускіх напрацовак і тэхналогій у касмічнай сферы і стаў магчымы палёт беларускага касманаўта. «Калі б не было развіцця космасу ў Беларусі, з намі ніхто б не размаўляў. Нам бы ніхто і не прапанаваў ляцець у космас. Мы ўмеем рабіць для космасу вельмі шмат», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, у бліжэйшыя гады плануецца запуск на арбіту сучаснага спадарожнік з высокім вырашэннем, які дазволіць з космасу выразна ўбачыць на Зямлі прадметы памерам з пачак запалак. «Гэта найвышэйшыя тэхналогіі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Да гэтага ён аднёс такія сферы, як атамная энергетыка і біятэхналогіі, электратранспарт. Прычым, як заўважыў беларускі лідар, галоўнае ў гэтых сферах — не спыняцца. 

«Марына сярод дзвюх імперый — расійская, самая перадавая ў космасе, і амерыканцы. Вы разумееце, гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны. Народ наш гэта заслужыў», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе рухацца ў напрамку развіцця касмічных тэхналогій: «Мы будзем рабіць усё, і яшчэ нямала зробім».

«Я ганаруся, што нарадзілася ў Беларусі»

«Я ганаруся, што я знаходжуся тут. Я ганаруся, што я стала першым касманаўтам у гісторыі сувярэннай Беларусі. Для мяне гэта вялікі гонар і высокая адказнасць», — сказала ў адказ Марына Васілеўская. Яна асобна падзякавала Прэзідэнту за вялікі ўклад у рэалізацыю гэтага праекта, за падтрымку, за апору. Марына Васілеўская падзякавала калектыву Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзяржкарпарацыі «Раскосмас». «Я ганаруся, што я нарадзілася ў Беларусі», — сказала касманаўт. Яна паабяцала, што будзе вельмі адказна ставіцца да ўсіх пытанняў, звязаных з касмічнай сферай. «Усё, што я раблю, я раблю ад душы», — сказала Марына. 

«Вельмі шмат інфармацыі хачу расказаць свету пра нашу цудоўную Зямлю»

Размаўляючы з журналістамі пасля ўрачыстай цырымоніі Марына Васілеўская прызналася, што яна адчувае сябе шчаслівай, але ў той жа час адчувае адказнасць. «Касмічны палёт я прысвячаю роднай Беларусі, сваім любімым беларусам, якія мяне падтрымлівалі. У нас атрымалася гісторыю, якую можна апісаць як "праз церні да зор". Падвойны, адкладзены старт, пазаштатная аварыйная сітуацыя, двое сутак палёту, што зараз вельмі рэдка бывае. Але для мяне гэта было шчасцем, бо мая экспедыцыя працягнулася яшчэ на два дні», — рассказала Марына. Яна падкрэсліла, што ўсе запланаваныя эксперыменты былі выкананыя і ўжо ёсць вынікі некаторых з іх. 

«Вельмі шмат інфармацыі, якую я хачу расказаць свету пра нашу цудоўную Зямлю. Яна вельмі магутная, прыгожая. Але і ў той жа час крохкая, бо яе абараняе толькі тонкі слой атмасферы. Але адчулі мы яе спаўна, бачылі полымя ў свае ілюмінатары», — падзялілася касманаўт. 

Марына Васілеўская рассказала, што космас не адпускае і на Зямлі: «Я прачнулася ноччу ад таго, што я не магла зразумець, ці я ў бязважкасці, ці не».

Зараз у касманаўтаў у планавым рэжыме прцягваецца рэабілітацыя. Марына Васілеўская адчувае сябе добра, але адразу з Мінска вяртаецца ў Зорны горадок для далейшага аднаўлення. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.