Вы тут

Дэпутаты выбралі старшыняў пастаянных камісій і сфарміравалі састаў Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання


Звяртаючыся да парламентарыяў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка адзначыў, што выбранне старшыняў пастаянных камісій — гэта пытанне арганізацыі эфектыўнага рабочага працэсу ў Палаце прадстаўнікоў, накіраванага на вырашэнне тых задач, якія былі пастаўлены кіраўніком дзяржавы. Па яго словах, прыярытэты нашай прававой палітыкі застаюцца нязменнымі — забеспячэнне суверэнітэту і бяспекі, эфектыўная эканоміка і вывераная сацыяльная палітыка.


«Важна арыентавацца не на колькасць законаў, якія прымаюцца, а на стварэнне аптымальных умоў для мірнага і дынамічнага развіцця ўсіх сфер жыцця дзяржавы і грамадства, — скіраваў дэпутацкі корпус спікер ніжняй палаты парламента. — У гэтых мэтах мы павінны трывала абапірацца на сфарміраваную традыцыю народнай заканатворчасці, адчуваць пульс грамадства і быць у гушчы падзей. Гэта дае магчымасць больш актыўна ўключаць грамадзян у працэс прыняцця найважнейшых дзяржаўных рашэнняў».

Ігар Сергеенка звярнуў увагу, што варта працягнуць практыку грамадскага абмеркавання законапраектаў, правядзення парламенцкіх слуханняў, выязных пасяджэнняў камісій, семінараў, круглых сталоў. Дэпутатам, па яго словах, трэба ўжо сёння прадумваць магчымыя кірункі такога кшталту дзейнасці.

«Безумоўна, трэба захоўваць салідарны стыль узаемадзеяння з усімі галінамі ўлады і дзяржаўнымі органамі, — падкрэсліў спікер. — Пры гэтым кожная заканадаўчая ініцыятыва павінна разглядацца ў кантэксце агульных задач, якія стаяць перад краінай на гэтым этапе развіцця. Такі падыход дае магчымасць эфектыўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы, умацоўваць давер народа да ўлады. Задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, глабальныя і разам з тым канкрэтныя. Іх рашэнне патрабуе аб’ектыўнай ацэнкі ўласных кампетэнцый, разумення перспектыў працы ў выбранай камісіі і, вядома ж, шчырага жадання і гатоўнасці працаваць на карысць людзей, якія аказалі нам давер».

Такім чынам, старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве выбрана Марына Аляксандраўна Лянчэўская (дагэтуль — член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання), старшынёй Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце — Валянцін Міхайлавіч Семяняка, які ў папярэднім скліканні таксама ўзначальваў гэтую камісію.

Па выніках галасавання Генадзь Уладзіміравіч Ляпешка (да нядаўняга часу начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь) заняў пасаду старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, Віктар Паўлавіч Нікалайкін (у сёмым скліканні з’яўляўся старшынёй Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве) узначаліў Пастаянную камісію па эканамічнай палітыцы. Старшынёй Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах выбраны Васіль Васільевіч Панасюк (у папярэднім скліканні — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі), старшынёй Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы — Іван Станіслававіч Маркевіч, які дагэтуль з’яўляўся намеснікам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. 

Пастаянную камісію па пытаннях экалогіі і прыродакарыстання ўзначаліла Жанна Мікалаеўна Чарняўская (у сёмым скліканні дэпутат была намеснікам старшыні гэтай камісіі, якая называлася як Пастаянная камісія па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы), Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі — Мікалай Яўгенавіч Бузін (дагэтуль памочнік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання). Старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы перавыбраны Ігар Аляксандравіч Марзалюк

Пасаду старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях заняла Ірына Анатольеўна Касцевіч, якая да сваёй дэпутацкай дзейнасці з’яўлялася міністрам працы і сацыяльнай абароны, старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы — Валерый Анатольевіч Малашка (дагэтуль намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта). 

Пастаянную камісію па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі ўзначаліў Юрый Анатольевіч Панфілаў (былы кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска), Пастаянную камісію па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве — Юрый Іосіфавіч Наркевіч (дагэтуль узначальваў Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання). Старшынёй Пастаяннай камісіі па міжнародных справах выбраны Сяргей Анатольевіч Рачкоў, які ўзначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. 

Сфарміраваны састаў Савета Палаты прадстаўнікоў, куды ўвайшлі спікер, віцэ-спікер і ўсе старшыні пастаянных камісій. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


Выбраныя старшыні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання падзяліліся меркаваннямі з журналістамі. 

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Мікалай Бузін падкрэсліў, што ў інфармацыйным свеце, у якім мы сёння жывём, пытанні сродкаў масавай інфармацыі, менавіта прымяненне іх для вырашэння задач у маштабе дзяржавы, набываюць першачарговае значэнне. «Мы абараняем сваю краіну, свой народ, кожны — уласную сям’ю, — удакладніў ён, кажучы аб моцы інфармацыйнага ўздзеяння. — Многія пытанні, якія могуць быць вырашаны ў інфармацыйнай прасторы, закранаюць інтарэсы кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Таму работа камісіі, якую я буду ўзначальваць, важная як ніколі. Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі цудоўна разумеюць, што інфармацыю можна выкарыстоўваць як зброю для абароны дзяржаўных інтарэсаў. У нас вялікае неўзаранае поле для работы на перспектыву. Ëсць неабходнасць працаваць у рамках парламенцкай асамблеі Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, па стварэнні холдынга Саюзнай дзяржавы, што павінна забяспечыць інфармацыйную бяспеку краіны, а ў канчатковым выніку — нацыянальнае адзінства нашага народа».

Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская, дэпутаты сёмага склікання, якія працавалі ў Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, задалі вельмі высокую планку. Перад новым саставам камісіі стаіць задача гэтую планку не апусціць, а, магчыма, падняць вышэй.

«У бліжэйшай перспектыве будзем разглядаць заканадаўства аб выканаўчай вытворчасці, патрэбна ўважліва паглядзець на Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, — удакладніла парламентарый. — Ëн быў прыняты ў сёмым скліканні, але мы ведаем, што ёсць такое паняцце, як практыка прымянення. З улікам гэтай практыкі мы паглядзім на кодэкс больш уважліва: магчыма, ён запатрабуе пэўнай карэкціроўкі. Упэўнена, што ў Пастаянную камісію па заканадаўстве ўвойдуць прафесійныя, моцныя людзі. Мы справімся, будзем рухацца наперад, каб законы прыносілі карысць нашай краіне, нашым грамадзянам, каб яны былі простымі, зразумелымі, лёгкімі ў выкананні». 

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў лічыць вельмі важным на гэтым этапе геапалітычнай турбулентнасці і працягвання агрэсіўнага ціску калектыўнага Захаду на Рэспублікі Беларусь, Расійскую Федэрацыю работу ў Парламенцкай асамблеі АДКБ. «Там не заўсёды ўсё складваецца проста, але гэта арганізацыя, якая адбылася, дзе наша дэлегацыя вельмі актыўна працавала і, я ўпэўнены, будзе працягваць гэтую работу, — дадаў ён. — Мы фактычна ўжо ўступілі ў клуб Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Тут наша ініцыятыва заключаецца ў стварэнні парламенцкага вымярэння ШАС. Пакуль яго няма, яно ўжо вымаўлёўваецца ў БРІКС — наша краіна і туды плануе ўступаць. Таму ў гэтае ўключэнне парламенцкай беларускай дыпламатыі па стварэнні вымярэння парламентарыяў у ШАС і развіццё ў БРІКС — вельмі своечасовая, актуальная і важная задача. Вядома, мы будзем развіваць і двухбаковую парламенцкую дыпламатыю, працаваць з тымі краінамі, якія зацікаўлены ў міжпарламенцкім супрацоўніцтве, а такіх краін звышдастаткова. Мы будзем ісці ў рэчышчы знешняй палітыкі нашай краіны, якая вызначаецца Прэзідэнтам, і яшчэ большую ўвагу ўдзелім краінам так званай далёкай дугі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.