Вы тут

18 дзён людзі хаваліся пад зямлёй у падпольным шпіталі


Пасёлак Бягомль Докшыцкага раёна — адзін з тых невялікіх населеных пунктаў, які ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Унікальны выпадак выратавання 30 чалавек, якія 18 дзён правялі пад зямлёй, таксама ўвайшоў у гэты гераічны летапіс.


Фота: fotobel.by

Партызанскі рух у Бягомльскім раёне (ён існаваў да 1960 года) пачаў зараджацца з першых дзён вайны па ініцыятыве мясцовага жыхара Сцяпана Манковіча. Ён стаў камісарам атрада «Рамана», на аснове якога ў верасні 1942 года была сфарміравана самая вядомая партызанская брыгада ваеннага часу «Жалязняк».

Задачай партызан было ўзяць пад кантроль дарогі, якія вялі праз Бягомль на фронт, а таксама ў тыл да чыгуначных станцый. У зоне дзеяння Барысаўскага міжраённага партызанскага цэнтра народныя мсціўцы павінны былі паралізаваць дзейнасць каля 40 фашысцкіх гарнізонаў. Ужо 17 снежня 1942 года пачаўся заключны этап аперацыі па вызваленні раёна, да лета 1944-га Бягомль быў вызвалены поўнасцю і губляў сваю незалежнасць толькі падчас буйных карных аперацый.

На тэрыторыі БССР Бягомльскі раён стаў адным з першых савецкіх раёнаў у тыле ворага, а пасёлак неафіцыйна атрымаў статус сталіцы самай вялікай на тэрыторыі СССР Барысава-Бягомльскай партызанскай зоны.

Вялікую ролю ў вызваленні пасёлка адыграў аэрадром, які пабудавалі за некалькі гадоў да пачатку вайны, але скарыстацца ім у мірны час мясцовыя жыхары не паспелі. Партызанскі аэрадром пачаў дзейнічаць адразу пасля вызвалення Бягомля, з сакавіка 1943 года адсюль выпраўлялі цяжкапараненых партызан амаль кожную ноч, сюды дастаўлялі грузы не толькі для «жалязнякоўцаў», але і для іншых раёнаў і абласцей. Да чэрвеня 1944 года адсюль эвакуіравалі тысячы параненых байцоў і дзяцей, адсюль дастаўлялі і знакамітую разведчыцу Алену Мазанік, якая пасля забойства Вільгельма Кубэ была названа асабістым ворагам Гітлера.

Самай страшнай старонкай у гісторыі пасёлка стала адна з найбуйнейшых карных аперацый «Котбус», якая пачалася 15 мая 1943 года. Знішчыць удзельнікаў партызанскага руху Барысава-Бягомльскай зоны немцы планавалі за 10 дзён, аднак аперацыя расцягнулася на шэсць тыдняў. Вёска Шунеўка стала вогненнай сястрой Хатыні, у ёй 22 мая 1943 года немцы знішчылі 66 жыхароў, 15 з якіх былі дзецьмі. Сёння мемарыял, што быў створаны на месцы трагедыі, з’яўляецца месцам горкай памяці і смутку для ўсіх жыхароў краіны.

Апошняя буйная карная аперацыя «Кармаран», па выніках якой немцы імкнуліся знішчыць партызан у Дамжэрыцкіх балотах, адбылася летам 1944 года. Народныя мсціўцы не паспелі эвакуіраваць на Вялікую зямлю каля 30 параненых і хворых на тыф. Тады партызаны зрабілі неверагоднае: у раёне вёскі Саўскі Бор (сёння гэта тэрыторыя Бярэзінскага біясфернага запаведніка) сярод балот яны выкапалі дзве зямлянкі і схавалі там людзей разам з медсёстрамі і санітаркамі.

Падпольны шпіталь, які 18 дзён і начэй хаваў параненых, сёння з’яўляецца не толькі сімвалам бяскрайняй мужнасці і стойкасці, але і адным з тых складнікаў, якія прынеслі савецкаму народу Перамогу. Дзесяць метраў у даўжыню, два ў шырыню і метр у вышыню — перамяшчацца медработнікі маглі толькі ў скурчаным становішчы. Планавалася, што людзі правядуць пад зямлёй усяго некалькі дзён, але ім давялося выжываць амаль тры тыдні. Заканчваліся вада і ежа; паветра, якое цыркулявала праз адтуліну ў пні, часта перабівалася, бо зверху вентыляцыя засыпалася пяском. Але зямлянкі партызаны замаскіравалі так умела, што вораг хадзіў па версе і не здагадваўся, што проста пад нагамі, пад зямлёй, стогнуць у трызненні савецкія байцы.

Надзеі, што людзі выйдуць з-пад зямлі жывымі, не было, але здарыўся цуд: выжылі ўсе. Іх імёнамі сёння названы вуліцы ў пасёлку, у Бягомльскім музеі народнай славы гэты эпізод ваеннай гісторыі адлюстраваны на дыяраме. Гісторыя падземнага шпіталя таксама лягла ў аснову дакументальнага фільма Рычарда Ясінскага «Васямнаццаць дзён і начэй», знятага больш чым 35 гадоў таму.

За гады вайны на тэрыторыі Докшыцкага раёна поўнасцю і часткова было знішчана каля 190 населеных пунктаў, чатыры з іх, як і Хатынь, навечна засталіся без жыхароў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Загаловак у газеце: Сэрцы пад зямлёй


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.