Вы тут

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны


Аўтамабільныя дарогі ў агульнай транспартна-лагістычнай сістэме краіны займаюць досыць важкую нішу. Яны магістральныя артэрыі, якія ў велізарнай ступені вызначаюць эканамічнае і сацыяльнае развіццё дзяржавы. Цяпер у дарожнікаў гарачая пара. Гэта падрыхтоўка да летняга перыяду, якая ўключае досыць шырокі пералік мерапрыемстваў.


Фота БелТА

Кожную пяцігодку Міністэрства транспарту і камунікацый нашай краіны зацвярджае генеральныя схемы развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах. Цяпер дзейнічае зацверджаны графік развіцця сэрвісу на 2021–2025 гады. У гэтай схеме пазначаны як гатовыя аб’екты, а таксама тыя, якія будуюцца.

«Асноўная задача, якая стаіць сёння перад сферай, — захаваць тэмпы рэканструкцыі і будаўніцтва, каб усе карыстальнікі аўтамабільных дарог абслугоўваліся на аб’ектах сучаснага ўзроўню», — адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык.

Нягледзячы на той факт, што аб’ём транзітных перавозак праз нашу тэрыторыю апошнім часам паменшыўся, прыдарожны сэрвіс у краіне працягвае актыўна развіваецца. З’яўляюцца новыя аб’екты, мадэрнізуюцца існуючыя, пашыраюцца віды паслуг.

У свой час кіраўніком дзяржавы былі дадзены даручэнні аб тым, што неабходна прадоўжыць нарошчваць тэмпы развіцця сферы паслуг, ствараць дадатковыя працоўныя месцы і далучаць маёмасць, што не выкарыстоўваецца. «Мінтрансу было дадзена ўказанне больш актыўна эксплуатаваць ўжо гатовую нерухомасць, пашыраць і аказваць якасныя паслугі на аб’ектах прыдарожнага сэрвісу», — адзначыў Сяргей Лявончык.

На доўгатэрміновую перспектыву

На працягу многіх гадоў назіраецца стабільнае паступальнае развіццё гэтай сферы паслуг. 

У галіновым міністэрстве створана нарматыўная база, якая рэгулюе асаблівасці развіцця сферы паслуг прыдарожнага сэрвісу.

«З дапамогай гэтай базы ў міністэрстве стаяць на варце стабільнасці для таго, каб любы інвестар, які захоча ўдзельнічаць у будаўніцтве або куплі нейкага гатовага бізнесу, разумеў, што ўмовы гаспадарання сёння і праз 10–15 гадоў застануцца аднолькавыя», — адзначыў Сяргей Лявончык.

Сёння на сетцы рэспубліканскіх дарог эксплуатуецца больш за 430 аўтазаправачных станцый, 58 гасцініц, 77 станцый тэхнічнага абслугоўвання, амаль 600 пунктаў грамадскага харчавання, каля 500 гандлёвых аб’ектаў, 21 кемпінг, 45 аўтамабільных мыек і іншыя аб’екты.

Па словах спікера, у 2023 годзе пасля рэканструкцыі і будаўніцтва запрацавалі 12 АЗС (каля 50 — мадэрнізавалі свае гандлёвыя плошчы), 4 ахоўныя стаянкі, 6 пунктаў харчавання, два пункты гандлю, адна аўтамыйка і адна гасцініца.

Як заўважыў Сяргей Лявончык, вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню рабочых месцаў. Бо менавіта дзякуючы новым аб’ектам мясцовае насельніцтва атрымлівае работу. Напрыклад, летась створана 97 працоўных месцаў, што практычна ў два разы больш у параўнанні з 2022 годам. Увесь час праходзяць маніторынгі аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Асаблівая ўвага пры гэтым — узроўню камфорту для наведвальнікаў з дзецьмі. У прыватнасці, на аб’ектах прыдарожнага сэрвісу абсталёўваюцца пляцоўкі для дзіцячага вольнага часу, пакоі маці і дзіцяці са спавівальнымі столікамі.

Папулярызацыя беларускай кухні

Як расказала намеснік начальніка аддзела грамадскага харчавання Белкаапсаюза Ірына Паянкова, па стане на 1 студзеня гэтага года, сетка аб’ектаў спажыўкааперацыі прыдарожнага сэрвісу прадстаўлена 386 крамамі. 22 з іх — нехарчовыя. У населеных пунктах, якія размешчаны паблізу рэспубліканскіх і мясцовых дарог, з колькасцю жыхароў менш за 200 чалавек размешчана 60 аб’ектаў харчавання, 29 магазінаў, 16 з якіх — на чыгуначных станцыях (або паблізу іх). Ва ўсіх аб’ектах сэрвісу на пастаяннай аснове праводзіцца работа па падтрыманні належнага санітарна-тэхнічнага стану.

Ірына Паянкова падкрэсліла, што для ўдасканалення гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і аказання ў аб’ектах прыдарожнага сэрвісу спажыўкааперацыі пашыраны спектр такіх дадатковых паслуг, як рэалізацыя друкаванай і картаграфічнай прадукцыі. Вядзецца продаж сувеніраў, прамысловых і спадарожных тавараў. У мэтах забеспячэння гарачым харчаваннем у максімальна кароткія тэрміны ў арганізацыях спажыўкааперацыі вядзецца мэтанакіраваная работа па забеспячэнні аб’ектаў гатовымі стравамі, вырабленымі з ужываннем тэхналогіі шокавай замарозкі.

Ва ўсіх аб’ектах спажыўкааперацыі, размешчаных паблізу рэспубліканскіх і мясцовых дарог, штомесяц можна пакаштаваць «страву тыдня» па дэмакратычных, зніжаных цэнах. Мэта акцыі — папулярызацыя беларускай кухні. У вяснова-летні перыяд у мэтах паляпшэння якасці абслугоўвання будзе праведзена работа па адкрыцці летніх пляцовак з арганізацыяй грыль-зон.
Ірына Паянкова таксама адзначыла, што акрамя развіцця прыдарожнага сэрвісу кааператары чакаюць турыстаў, гасцей у гандлёвых аб’ектах, размешчаных у населеных пунктах. «Апошнім часам асабліва актыўна развіваецца такі кірунак, як гастратурызм, — расказала намеснік начальніка аддзела грамадскага харчавання Белкаапсаюза. — У дадзенай праграме ўдзельнічае 172 аб’екты грамадскага харчавання спажывецкай кааперацыі, дзе ў шырокім асартыменце прадстаўлена беларуская і старабеларуская кухня, якая адлюстроўвае каларыт і самабытнасць беларускай культуры».

Акрамя таго, у рэстаранах, кафэ, аб’ектах прыдарожнага сэрвісу штогод праходзяць сезонныя мерапрыемствы, такія як «Гарбузовы фэст», «Яблычны фэст», «Тыдзень старабеларускай кухні» і іншыя.

Паслугі ў комплексе

На тэрыторыі Мінскай вобласці размешчана больш за 350 дзеючых аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу. З іх каля 60 % — аб’екты грамадскага харчавання. Яны ў асноўным размешчаны на дарогах рэспубліканскага і міжнароднага значэння, таксама ёсць аб’екты і на мясцовых дарогах, адзначыла начальнік аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Алена Чабатар.

Сярод аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу ў Мінскай вобласці дастаткова высокая канкурэнцыя. «Кожны імкнецца сябе прэзентаваць. Гэта і беларуская кухня, і інтэр’ер, таксама распрацоўваюцца розныя карты лаяльнасці, карты спажыўца, якія прыцягваюць і стымулююць рабіць пакупкі ў гэтых аб’ектах», — распавяла Алена Чабатар.

«Цяпер спажывец хоча бачыць комплекс паслуг: гэта і гасцініца, і месцы адпачынку, у тым ліку з дзіцячымі пляцоўкамі, каб сям’я магла адпачыць і ехаць далей па прызначэнні. Таму ў 2024–2025 гадах плануецца ў Нясвіжскім, Барысаўскім і Лагойскім раёнах адкрыццё комплексу аб’ектаў, якія прадугледжваюць, акрамя харчавання, і іншыя паслугі», — адзначыла яна. Алена Чабатар таксама падкрэсліла, што прыдарожны сэрвіс актыўна развіваецца і колькасць аб’ектаў расце.

У прыватнасці, у 27 аб’ектах прыдарожнага сэрвісу сталічнага рэгіёна краіны аказваюцца паслугі лазні і душа, у 10 аб’ектах ёсць паслугі мыцця бялізны. У шэрагу рэгіёнаў аб’екты прыдарожнага сэрвісу павялічваюць плошчы і самастойна развіваюцца. А гэта значыць, прыдарожны сэрвіс запатрабаваны. Інфармацыя аб дзеючых аб’ектах грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу Мінскай вобласці размешчана на афіцыйным сайце Мінскага аблвыканкама, у рэгіёнах — на афіцыйных сайтах райгарвыканкамаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.