Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў кадравы дзень. Ён узгадніў кандыдатуры новых кіраўнікоў мясцовых і выканаўчых органаў улады. Васіль Сысоеў цяпер займае пасаду першага намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама. Да гэтага ён працаваў тут жа, узначальваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Андрэй Гардзей узначаліў Карэліцкі райвыканкам, раней ён працаваў першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аршанскага райвыканкама. Андрэй Сакалоўскі з пасады намесніка старшыні Бярэзінскага райвыканкама перайшоў на пасаду старшыні райвыканкама.
Прадстаўляючы кандыдатуры назначэнцаў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў далажыў, што папярэдні кіраўнік Карэліцкага раёна Генадзь Шатуеў звольнены папагадненні бакоў у сувязі са зніжэннем паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Яму прапанавана работа памочнікам першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. «Гэта як разумець? Калі чалавек не справіўся з працай, праваліў фактычна... Ну так, мякка гаворым, праваліў, і мы яго падымаем у вобласць. Вы разбярыцеся, так быць не павінна. Людзі гэта бачаць, менавіта так і ацэняць. Калі гэты чалавек там выклаўся так, што ўжо далей няма куды, заслужыў і іншае — гэта іншая справа. Але я сумняваюся ў гэтым», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такія пытанні трэба ўважліва разгледзець, вызначыць пэўную лінію, зразумелую для людзей.
«Я хачу папярэдзіць усіх, што лёгка ў гэтым годзе, натуральна, не будзе. І ў наступныя таксама», — заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што, назіраючы за матэрыяламі ў СМІ, тэлепраграмай, аналізуючы дакументы і справаздачы, якія датычацца сацыяльнай сферы, заўважыў, што людзі часам патрабуюць ад улады тое, чаго яна рабіць не павінна. «Ну такія людзі, такі народ, і іншага ў нас не будзе. Проста людзям трэба разумець, а вы павінны да іх данесці, што мы ў няпросты час жывём. І справа не толькі ў санкцыях, хаця і ў іх таксама. Нас душаць з усіх бакоў і душаць парадкам. І тое, што людзі гэтага не адчулі, — заслуга ў тым ліку і ўлады. І людзям трэба расказваць і тлумачыць: тое, што яны павінны зрабіць, — яны павінны рабіць. За іх ніхто не зробіць. Тое, што ўлада павінна зрабіць, — гэта іншая справа», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў канкрэтны прыклад. Мінчане скардзяцца на дрэнны стан добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый: ямы, канавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што такога, зразумела, быць не павінна. Але ён звярнуў увагу, каб у адзін момант прывесці ў парадак усе мінскія двары (што ўжо пачалі рабіць), трэба забраць грошы з нейкай вёскі. «Лішніх грошай не бывае. Ім трэба тлумачыць гэта, і найперш тут, у Мінску, што ў нас мора працы. Калі ў Мінску хочуць хутка ўсё гэта зрабіць — пытанне ў грошах. Добра, давайце аб'яднаемся. Хаця б два працэнты — насельніцтва, якое жыве ў гэтых дварах і глядзіць на няроўнасці, лужыны і канавы, а астатнія
98 працэнтаў — дзяржава», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак, па яго словах, задача мясцовай улады — арганізаваць людзей на гэту працу. «Трэба завезці туды бетон і арматуру, яны паложаць сабе арматуру і забетаніруюць гэтыя двары. Але гэта трэба арганізаваць. А ў нас ні ў Мінску, ні ў раёнах гэтым людзі не займаюцца. Гэта я да чаго? Старшыні райвыканкамаў павінны займацца і гандлем, і ўсімі работамі, якія трэба праводзіць. Дарожна-эксплуатацыйныя ўпраўленні амаль у кожным раёне ёсць, дык вы іх прымусьце працаваць. Каб яны не адзін раз у маі грэйдарам прайшліся і выраўнялі дарогу, а рабілі гэта перыядычна. Магчыма, пасля буйнога дажджу. У адваротным выпадку яны ў нас сядзяць спакойна, вы ім нешта з бюджэту адлічаеце, а свае работы яны за гэтыя грошы не выконваюць. Дык навошта нам такія арганізацыі? Таму трэба арганізаваць людзей. Калі мы гаворым, што ў нас Год якасці, то Год якасці пачынаецца са свайго двара. Трэба прапанаваць, прымусіць, у рэшце рэшт, кожнага чалавека высадзіць уздоўж плота, уздоўж дарогі жывы плот. Не гэтыя платы гарадзіць за мільёны рублёў, як у нас дарожнікі прывыклі, а жывую агароджу зрабіць. Гэта значыць, пасадзіць туі, елкі, хвоі і іншыя дрэвы», — запатрабаваў Прэзідэнт.
Найгорш усяго работа з жывой агароджай наладжана ў Мінскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы папрасіў перадаць старшыні аблвыканкама найжорсткае патрабаванне наконт пасадкі ўздоўж дарог дрэў. Ён растлумачыў, што высадзіць дрэвы ўздоўж дарог у разы зручней і выгадней, чым сёння абкошваць адхоны. Акрамя таго, касіць траву на гэтых схілах яшчэ і небяспечна. «Ну высаджвайце там гэтыя дрэвы, елкі ў асноўным (іх жа ў нас хапае), каб яны закрылі гэты схіл, і трава не так будзе расці. Гэта датычыцца ўсіх. Вось вам і Год якасці. Чалавек едзе па дарозе і бачыць: яма на яме, і няма на што паглядзець», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы настойвае на тым, што ў кожным населеным пункце павінен быць парадак, колькі б жыхароў там ні было. І гэта найперш зона адказнасці мясцовай улады. «Мужыкі, сур'ёзна вазьміцеся за навядзенне парадку. Прымушайце, вучыце, патрабуйце, каб людзі даглядалі свае ўчасткі самі. Не разумее, не абслугоўвае свой участак сам — значыць, гэты ўчастак трэба перадаць іншаму. Павінна быць сур'ёзнае цвёрдае стаўленне ў гэтым плане. Зямельныя, прысядзібныя і іншыя ўчасткі не павінны пуставаць, там не павінна быць быльніку. Вёска павінна быць вёскай, нават калі там тры чалавекі жыве. Усё гэта трэба давесці да ладу, і гэта задача старшыні райвыканкама, і курыруе гэта старшыня аблвыканкама. У адваротным выпадку мы нічога не зробім за гэты год», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, чаму агучыў гэта пытанне публічна. Найперш для таго, каб назначэнцы зразумелі, што лёгка не будзе, патрабаванні будуць толькі нарастаць. Але ёсць і другая прычына. «Мы расслабіліся, самае небяспечнае, што мы расслабіліся. Калі ўлада расслабілася, дні гэтай улады палічаны. Таму я хачу вас раскруціць, як у народзе гавораць, і прымусіць выконваць свае абавязкі», — растлумачыў беларускі лідар.
Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на дарогі. Ён даручыў да 9 мая прывесці ў парадак іх усе. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта пытанне таксама і адказнасць урада. «Перадайце асабіста прэм'ер-міністру, няхай пачынае займацца разам з віцэ-прэм'ерам. Хоць яны там латаюць дзе-нідзе гэтыя дарогі, але трэба і сур'ёзна займацца. Недзе перакласці, недзе зрэзаць паверхню. І абавязкова — серпападобны профіль. Вада не павінна стаяць на дарогах. Як толькі вада на дарозе — усё, гэта дарога будзе разбурана. Надвор'е ў нас такое: ноччу падмарозіла, днём растала, пачынае крышыцца асфальт. Усё гэта ведаюць людзі, але ў нас безадказна да гэтага ставяцца. Патрабавання няма», — адзначыў ён.
Арыентуючы новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што іх задача — арганізоўваць людзей, каб яны і самі сачылі за парадкам, для пачатку ў сваім двары. Калі неабходна закручваць гайкі — іх трэба закручваць. Галоўнае, каб быў вынік. Але там, дзе людзі самі не спраўляюцца і патрэбна дапамога ўлады, — трэба дапамагаць.
Новыя кіраўнікі з'явіліся ў найважнейшых арганізацый. Ігар Веленцій, які раней займаў пасаду намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях РПУП «Завод дакладнай электрамеханікі», узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара знешнегандлёвага УП «Белспецзнештэхніка». Намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ «Атлант» — дырэктара Мінскага завода халадзільнікаў. Намеснік генеральнага дырэктара — тэхнічны дырэктар ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БелАЗ-ХОЛДЫНГ» Сяргей Лесін цяпер узначальвае гэта прадпрыемства.
«На «Атланце» справы не вельмі, так я разумею?», — спытаў кіраўнік дзяржавы. Дзмітрый Харытончык адзначыў, што ў 2023 годзе быў дапушчаны пэўны спад аб'ёму вытворчасці. Але гэта лагічна, бо ў 2021—2022 гадах назіраўся рост.
«Вы мне шчыра скажыце, Дзмітрый, вы самі вырашылі туды ісці ці вас проста выпіхваюць на гэтую пасаду», — спытаў Прэзідэнт.
«Ні ў якім разе. Я пачынаў з завода (больш за 12 гадоў адпрацаваў на БелАЗе ў свой час), таму гэта абсалютна свядомы выбар», — адказаў Дзмітрый Харытончык.
Прэзідэнт разумее, што на «Атланце» ёсць праблемы, і некаторыя людзі не задаволеныя. «Таму нам трэба гэтае прадпрыемства зрабіць сапраўдным прадпрыемствам. Бо нядрэнныя ж халадзільнікі, пральныя машыны нядрэнныя. Трэба гэта раскруціць, каб гэта прадавалася і набывалі нашы людзі», — сказаў ён. Дзмітрый Харытончык запэўніў, што ніякіх нараканняў на тэхніку «Атлант» сапраўды няма. «Вядома, трэба сур'ёзна папрацаваць і над зніжэннем цаны, над сабекоштам. Ва ўмовах канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма», — дадаў ён.
У Сяргея Лесіна, прызначанага на пасаду генеральнага дырэктара БелАЗа, Прэзідэнт спытаў, ці не будзе падзення. «Прымаем меры, каб да канца года захаваць тэмпы, якія былі набраны ў папярэднія тры», — сказаў Сяргей Лесін. «Там тэмпы былі нядрэнныя», — заўважыў Прэзідэнт.
«Цяпер патрабуе нашай асаблівай увагі шахтавая тэматыка. Мы доследныя ўзоры з Магілёва (размова аб вытворчасці падземных самазвалаў) пераводзім на асноўную пляцоўку, каб паскорыць гэту работу. Па вагонах добра ідзём у гэтым годзе: 800 вагонаў на экспарт плануецца. Па галаўной пляцоўцы — гэта дыверсіфікацыя відаў прадукцыі: цяжкі гідраўлічны экскаватар, цяжкі 70-тонны грэйдар — тэхніка, аналагаў якой ні ў Кітаі, ні ў Расіі няма. Гэта значыць, пашыраючы лінейку, мы нацэлены на тое, каб захаваць аб'ёмы нават пры зніжэнні рынку кар'ерных самазвалаў», — акрэсліў планы кіраўнік завода.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб гэтыя планы не былі далёкай перспектывай. «Вы правільна кажаце: трэба вопытныя ўзоры браць на галаўное прадпрыемства і вырабляць, прадаваць. Але не забудзьцеся аб якасці. Мы можам хутка пачаць гэта ўсё вырабляць, а потым будзеце кідацца па ўсім свеце і прыводзіць у парадак», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама ўзгадніў кандыдатуры новых кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Андрэй Бекета — першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Кацярына Пятруцкая — намеснік міністра адукацыі, адказны за каардынацыю выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Андрэй Картун з пасады намесніка міністра эканомікі перахлдзіць на пасаду першага намесніка, а яго былую пасаду заняла Марыя Мажынская. Таксама Прэзідэнт прызначыў Дзмітрыя Захарава дырэктарам Дэпартамента фінансавага маніторынгу Каміітэта дзяржаўнага кантролю.
Сваімі планамі і задачамі на новыя пасады назначэнцы падзяліліся з журналістамі. Першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў прызнаўся, што заступае на гэту пасаду з адчуваннем вялікай адказнасці. Да гэтага ён быў старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама. «Тыя поспехі і няўдачы, якія сёння ёсць у сельскай гаспадарцы Мінскай вобласці, у тым ліку і на маім сумленні. Ёсць разуменне адказнасці, разуменне тых задач, якія сёння кіраўнік дзяржавы дакладна акрэсліў. Мы жывём у Год якасці, таму неабходна на абсалютна новы ўзровень выводзіць пытанні, звязаныя з навядзеннем парадку ва ўсіх сферах, як у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, так і ў сферы аграгарадкоў, населеных пунктаў. Трэба працаваць з кожным кавалачкам зямлі, які сёння павінен быць уцягнуты ў абарот», — адзначыў ён. Па словах Васіля Сысоева, адказнасць вялікая, але і мэты, якія сёння стаяць перад сельскай гаспадаркай Мінскай вобласці, зразумелыя. «Мы бачым, што трэба рабіць сёння. Ужо пачаліся палявыя работы, у больш раннія тэрміны, чым у мінулым годзе. Мяне гэта заўсёды радуе. Гэта азначае, што сёлета мы атрымаем лепшыя вынікі. Самае галоўнае, што сёння выбудаваны па кожнай падгаліне сельскай гаспадаркі тыя дзеянні, якія неабходна выконваць. Мы будуем новыя фермы, мы падымаем узровень заработнай платы», — расказаў ён. Васіль Сысоеў заўважыў, што з пераходам на новую пасаду, акрамя сельскай гаспадаркі, прыйдзецца займацца і лясной гаспадаркай, па чым таксама былі акрэслены задачы. Таксама першаму намесніку старшыні Мінскага аблвыканкама падпарадкоўваецца ўся зямельная служба рэгіёна. «Сёння неабходна працаваць з меліяраванымі землямі, з участкамі, якія зараслі расліннасцю. Праграма выбудавана, мэты пастаўлены, яны сёння выконваюцца. І хацелася б сказаць словы падзякі кіраўніку дзяржавы за тую ўвагу, якая ўдзяляецца і сельскай гаспадарцы, і меліярацыі. Мы адчуваем гэту падтрымку, калі прыходзіць новая тэхніка, калі будуюцца новыя малочнатаварныя комплексы. Я лічу, што гэта вялікі задзел на будучыню. Цэнтральны рэгіён павінен быць не толькі геаграфічным паняццем, але і эканамічным, і вытворчым. І я веру, што так і будзе», — падсумаваў Васіль Сысоеў.
У размове з журналістамі генеральны дырэктар БелАЗа Сяргей Лесін заўважыў: тая акалічнасць, што прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі, стварае дадатковыя цяжкасці для развіцця. Але сітуацыя далёка не крытычная. «Лічу, гэта высокая ацэнка з боку заходніх канкурэнтаў нашай кампаніі, якая фарміруе эканамічную бяспеку нашай краіны. Увесь наш калектыў ганарыцца гэтым. І мы, у прынцыпе, з высока ўзнятай галавой усе гэтыя праблемы, якія былі нам створаны, пераадолелі. Гэта ўжо дакладна. Ніякіх сумневаў у тым, што мы справіліся ў рабоце з абмежаваннямі, няма», — запэўніў ён. Па словах Сяргея Лесіна, БелАЗ паспяхова працуе і актыўна мадэрнізуе асноўную пляцоўку ў Жодзіне, рэалізуе буйныя інвестпраекты ў Віцебскай, Брэсцкай, Мінскай абласцях на даччыных кампаніях, а таксама ў Магілёве. Вельмі добрыя вынікі прадпрыемства атрымала ў 2023 годзе. Пачынаючы з 2021 года назіраўся вельмі сур’ёзны рост — за тры гады практычна на 200 працэнтаў. «Вядома ж, планка зададзена высокая. Але сёлета і Прэзідэнтам пастаўлена задача, і мы перад сабой яе такой бачым, — захаваць дасягнутыя тэмпы і аб’ёмы», — падкрэсліў Сяргей Лесін.
Генеральны дырэктар расказаў і аб перспектывах БелАЗа. У планах — павелічэнне прысутнасці прадпрыемства на рынках і пашырэнне асартыменту прадукцыі. Гэта ўжо робіцца ў шахтавай тэхніцы, дзе раней беларуская прадукцыя не была так шырока прадстаўлена. «Але на фоне санкцыйных абмежаванняў расійскі рынак у гэтай частцы вызваліўся, у нас з’явіліся магчымасці, якія мы з мінулага года выкарыстоўваем. Мы ўжо правялі доследную эксплуатацыю ўзораў. Ведаем, што змяніць, што дадаць. Ужо на этапе падпісання сур’ёзных кантрактаў на 2024–2025 гады ў гэтай галіне», — расказаў кіраўнік прадпрыемства. Развіваецца і вытворчасць чыгуначных вагонаў у філіяле завода ў Магілёве: «Радуе аб’ёмамі, экспартнымі пастаўкамі. Наша магілёўская пляцоўка таксама мадэрнізуецца. Ужо ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя фарбавальныя комплексы. Механічная апрацоўка карпусных дэталяў — абсталяванне лініі ўжо ў закупцы і недзе ў мантажы».
Сяргей Лесін удакладніў, што распрацоўка шахтавай тэхнікі — гэта кароткая перспектыва. Па яго словах, у сегменце шахтавай тэхнікі БелАЗ арыентуецца на цяжкі клас. «Гэта самазвалы грузападымальнасцю 30–50 т, гэта пагрузачна-даставачныя машыны грузападымальнасцю 16–17 т. У гэтым класе або заходняя тэхніка, або мы. Нашы кітайскія партнёры там не прадстаўлены», — адзначыў ён. У сярэдняй перспектыве: гідраўлічныя экскаватары, якія ніхто не вырабляў на постсавецкай прасторы. Цяжкія грэйдары звыш 70 т — таксама вельмі рэдкі ў частцы вытворчасці прадукт.
Адказваючы на пытанне аб імпартазамяшчэнні асобных вузлоў, Сяргей Лесін прывёў даныя, што ў сярэднім каля 70% у складзе машын — гэта беларуска-расійскія камплектуючыя і матэрыялы. Астатняе закупляецца ў дружалюбных краінах. «Тым не менш мы працуем над тым, каб мець у сябе ў лінейцы тэхніку, якая блізкая да 97–99% у частцы лакалізацыі ў Беларусі і Расіі. І такія ўзоры ёсць. Але пакуль гэтая работа ў працэсе, і, каб на 100% пакрыць увесь наш прадукцыйны партфель, патрэбны час», — сказаў кіраўнік прадпрыемства.
Генеральны дырэктар «Атланта» Дзмітрый Харытончык у размове з журналістамі падкрэсліў, што сітуацыя на прадпрыемстве застаецца дастаткова праблемнай, складанай па рэалізацыі. «Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што пасля двух гадоў росту аб’ёмаў вытворчасці і экспарту ў мінулым годзе мы ўсе адзначалі вельмі агрэсіўны ўваход (шмат новых брэндаў, а таксама больш таннай тэхнікі) з усходніх краін на наш сумесны рынак з Расійскай Федэрацыяй. Вядома ж, гэта не магло не адбіцца на аб’ёмах рэалізацыі», — растлумачыў ён. Але ўжо зроблены пэўныя крокі. Напрыклад, вывад на рынак запатрабаваных на сёння відаў прадукцыі. У першую чаргу гэта халадзільнікі і маразільнікі з сістэмай No Frost. Таксама неабходна сур’ёзна папрацаваць над павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці пральных машын, паколькі гэтая тэхніка «Атланта» цяпер карыстаецца попытам. «Самае асноўнае ў гэтай сітуацыі — прадоўжыць сур’ёзную работу па зніжэнні затрат на вытворчасці. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма. У першую чаргу глядзець на ўдасканаленне канструкцыі, тэхналагічных працэсаў. Трэба прапанаваць прадукт, які сапраўды патрэбны пакупніку і які будзе канкурэнтны», — падкрэсліў Дзмітрый Харытончык.
Валерыя СЦЯЦКО
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.