Вы тут

Віцебшчына рыхтуецца да вясенніх палявых работ


Амаль на ўсёй тэрыторыі Віцебскай вобласці сышоў снег, але гаварыць пра выхад тэхнікі на палеткі яшчэ рана. Гаспадаркі Віцебшчыны знаходзяцца на фінальнай стадыі падрыхтоўкі да вясенніх палявых работ. Структура збожжавага кліна яравых вобласці яшчэ не зацверджана, пры яе фарміраванні робяць упор на кармавыя культуры.


Аграрыі Талачынскага раёна рыхтуюць тэхніку

У чаканні стабільнага цяпла

Адна з галоўных задач сельгаспрадпрыемстваў Віцебскай вобласці — стварэнне трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі. Сёлета тут на 20 тысяч гектараў павялічацца пасевы кукурузы пад сілас, а таксама люцэрны. Улічваючы вопыт 2023 года, аграрыі вырашылі пашырыць пасевы аднагадовых і шматгадовых траў. Нават калі паўторыцца надвор’е мінулага лета, прадпрыемствы будуць падрыхтаваны.

«Калі берасцейцы ўжо масава ўносяць угнаенні на палі, а недзе і ўвогуле пачынаюць сяўбу, то нам да гэтага яшчэ далёка, — падкрэсліў начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага аблвыканкама Віталь Вараб’ёў. — Дачакаемся, пакуль увесь снег растане, зямля падсохне і ўсталюецца стабільнае вясновае надвор’е. Для нашых аграрыяў гэта важна: землі Віцебшчыны — пераважна гліна і суглінак, таму тэхніцы выйсці раней адведзенага праблематычна».

Самыя моцныя і адказныя сельгасарганізацыі паклапаціліся аб спраўнасці тэхнікі загадзя. 

У якасці станоўчага прыкладу можна назваць гаспадаркі ў Аршанскім, Полацкім, Докшыцкім, Верхнядзвінскім раёнах, дзе да рамонту прыступілі яшчэ ў канцы восені.

З усіх крыніц фінансавання з пачатку 2024 года на рамонт сельгастэхнікі на Віцебшчыне накіравана 21,9 мільёна рублёў. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты пайшло 7,1 мільёна, дадаткова больш за 9 мільёнаў уласных сродкаў прадпрыемстваў і 5,5 — з раённых бюджэтаў. У планах — выдзяленне яшчэ 5,2 мільёна субвенцый з рэспубліканскага бюджэту. У адпаведнасці з Указам № 146 сёлета ў гаспадаркі вобласці плануюць закупіць каля 530 адзінак тэхнікі на 62 мільёны рублёў. Акрамя таго, прадпрыемствы паўночнага рэгіёна папоўняць 85 адзінак сеялак на 5,5 мільёна рублёў. Абнаўленне парка сельгастэхнікі вобласці за апошнія гады ў цэлым даволі істотнае: толькі за мінулы год закупілі 870 адзінак рознай тэхнікі на 129,6 мільёна рублёў.

Тэхніка гатова на 95 працэнтаў

На першыя сакавіцкія дні АПК рэгіёна падрыхтавалі сельгастэхніку да пасяўной на 95 працэнтаў. Гэтай лічбы ўдалося дасягнуць сёлета хутчэй, чым летась. Наперадзе па тэмпах падрыхтоўкі — Верхнядзвінскі, Віцебскі, Аршанскі, Докшыцкі, Дубровенскі, Талачынскі раёны. На Талачыншчыне ўжо больш за 96 працэнтаў трактароў можа выйсці ў поле. Практычна такая ж ступень гатоўнасці гэтай тэхнікі — у Дубровенскім, Полацкім, Докшыцкім раёнах.

У Талачынскім раёне аграрыі клапоцяцца не толькі аб трактарах і агрэгатах, якія першымі выйдуць у палі, але і аб кормаўборачнай тэхніцы. Па словах старшыні райвыканкама Алега Лындзіна, сёлета паўтарылі вопыт 2023-га і накіравалі з раённага бюджэту пэўную суму.

«Узмацнілі фінансавую дапамогу гаспадаркам, разумеючы з практыкі папярэдніх гадоў, што не хапае часу для рамонту кормаўборачнай тэхнікі. Таму паралельна з падрыхтоўкай тэхнікі да масавых вясновых палявых работ накіравалі фінансавыя рэсурсы на падрыхтоўку складанай кормаўборачнай тэхнікі, каб самыя затратныя пазіцыі закрыць цяпер, што немалаважна. Жывёлагадоўля — гэта наша галоўная крыніца паступлення грашовых сродкаў, і ў структуры выручкі прадукцыя жывёлагадоўлі — каля 70 працэнтаў. Наколькі якасна падыдзем да падрыхтоўкі кормаўборачнай тэхнікі, такі падчас нарыхтоўкі кармоў атрымаем вынік», — адзначыў Алег Міхайлавіч. Ён падкрэсліў, што па праграме «Прамагралізінг» для сельгасарганізацый раёна плануецца набыццё трактароў сярэдняга класа МТЗ-82 і МТЗ-1221.

Да сяўбы рыхтуюцца як гаспадаркі рэгіёна, так і спецыялізаваныя прадпрыемствы, якія займаюцца поўнакамплектным рамонтам: Заходне-Дзвінскі міжрайагратэхсэрвіс, Верхнядзвінскі райаграсэрвіс, Ціраспальскі агратэхсэрвіс, Віцебскі маторарамонтны завод. Апошні пры рамонце пасяўных агрэгатаў выкарыстоўвае самастойна вырабленыя запчасткі.

У майстэрнях ААТ «Талачынскі райаграсэрвіс» рамантуюцца глебаапрацоўчы і пасяўны агрэгаты, энерганасычаны трактар. Дзякуючы дапамозе рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў усе запчасткі закупляюцца своечасова, не зацягваюцца і складаныя рамонты. На пасяўной будуць працаваць 24 механізатары прадпрыемства і па неабходнасці — з іншых арганізацый. План веснавой сяўбы яравых збожжавых культур — тысяча гектараў, плюс тысяча гектараў кукурузы і 110 — цукровых буракоў.

Як дбаеш, так і маеш

Падрыхтоўка да пасяўной — не толькі тэхніка, але і насенне, мінеральныя ўгнаенні. Усё гэта на Віцебшчыне таксама рыхтуецца сёлета больш хуткімі тэмпамі, чым летась.

Спецыялісты правяраюць адпаведнасць пасяўнога матэрыялу неабходным крытэрыям. Даследуюць яго на ўсходжасць, чысціню, на культурную і пустазельную дамешкі, заселенасць шкоднікамі і вільготнасць. Калі ў глебу ляжа нізкасортнае насенне збожжавых і зернебабовых культур, то пасля самыя лепшыя падкормкі не дапамогуць атрымаць добры ўраджай. У Віцебскай вобласці дазвол на высеў атрымала ўжо 90 працэнтаў насення.

Як расказаў намеснік дырэктара — начальнік Віцебскай абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Валерый Нярозя, усяго для яравой сяўбы рэгіёна неабходна 32,5 тысячы тон насення яравых збожжавых і зернебабовых культур. У гэтым сезоне збожжавыя каласавыя і зернебабовыя культуры ў вобласці плануюць пасеяць на плошчы 140 тысяч гектараў. Віцебскі, Глыбоцкі і Полацкі раёны ўжо ў поўнай меры забяспечаны кандыцыяніраваным насеннем, у тым ліку элітных сартоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витебские вести»

Загаловак у газеце: Перад стартам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.