Вы тут

У чым сакрэт легендарных «Раўбічаў»?


Рашэнне аб будаўніцтве гэтага спартыўнага комплексу прымалі адразу два Героі Савецкага Саюза — Пётр Машэраў і Віктар Лівенцаў. Тут трэніраваліся спартсмены, якія былі кумірамі савецкіх людзей і захапляюць прыхільнікаў сёння. Гэтае месца стала другім домам для соцень чэмпіёнаў у розных відах спорту. Сёлета Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» адзначае 50-годдзе. У віншаванні калектыву РЦАП Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння «Раўбічы» — суперсучасны шматфункцыянальны спартыўны і турыстычны аб’ект, шырока вядомы ва ўсім свеце. Тут на высокім арганізацыйным узроўні праходзяць найбуйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы па біятлоне, лыжных гонках, фрыстайле«. Усяму гэтаму папярэднічала вялізная праца, гісторыя якой не менш цікавая, чым падзеі ў легендарным комплексе.


Лыжная траса была жывым калідорам

Савецкія біятланісты былі настолькі паспяховыя на міжнародных спаборніцтвах, што ў 1972 годзе Міжнародны саюз біятланістаў прыняў рашэнне даверыць правядзенне чэмпіянату свету 1974 года Савецкаму Саюзу. Хутчэй за ўсё, для спартыўных кіраўнікоў гэтая навіна і добрая, і дрэнная адначасова. Ва ўсім Савецкім Саюзе было вельмі мала добрых зімовых комплексаў, а біятлонных стадыёнаў не было ўвогуле. А Міжнародны саюз біятланістаў прад’явіў да месца правядзення чэмпіянату мноства патрабаванняў: мяккі зімовы клімат, перасечаная мясцовасць, блізкае размяшчэнне да аэрапорта і вакзала. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў і старшыня спарткамітэта БССР Віктар Лівенцаў унеслі прапанову аб будаўніцтве комплексу (за два гады да правядзення чэмпіянату!) у Беларусі. Выбіралі паміж Лагойскам і Раўбічамі, якія размешчаны бліжэй да Мінска, што і стала вырашальным. Выканаць на першы погляд невыканальную задачу даручылі архітэктару Вальмену Аладаву, які ўзначальваў інстытут «Белгіпрагандаль», і канструктару Мацвею Гордзіну. Досведу будаўніцтва біятлонных стадыёнаў, як можна здагадацца, у іх не было. Спецыялісты накіраваліся ў Мурманск на чэмпіянат СССР. Убачыўшы спартсменаў толькі на старце, правёўшы вачыма аўтобус з суддзямі, якія ехалі за імі, прагуляўшыся па гурбах праз лінію агню да фінішу, яны зразумелі, як будаваць стадыён не трэба. І распрацавалі ўнікальны на той момант праект біятлоннага стадыёна, на якім упершыню ў СССР былі месцы для балельшчыкаў, адкуль было відаць лыжную трасу і стрэльбішча. Праектаванне пачалося ў 1973 годзе, а ў 1974-м ужо былі гатовы гасцініца, судзейскі павільён, стрэльбішча, лыжныя трасы, трыбуны для гледачоў — акурат да чэмпіянату свету. Атрымліваецца, беларусы першыя пабудавалі комплекс, дзе людзям было камфортна глядзець біятлонныя спаборніцтвы. Пазней гэтую ідэю будуць выкарыстоўваць і пры будаўніцтве біятлонных стадыёнаў за мяжой.

Сказаць, што чэмпіянат свету 1974-га ў «Раўбічах» зрабіў фурор — не сказаць нічога. Да гэтага часу жывыя ўспаміны, як у «Раўбічы» з’язджаліся аўтобусы, бітком забітыя людзьмі. У спарткомплексе сабралася больш за 100 тысяч балельшчыкаў. «Уся траса была суцэльным жывым калідорам, людзі стаялі ў пяць радоў. Спартсмен можа толькі марыць аб такой падтрымцы гледачоў. І мне гэта дапамагло, на чэмпіянаце свету 1974 года ў „Раўбічах“ я стаў пераможцам у эстафеце. Гэты медаль — адзін з самых каштоўных для мяне. На роднай зямлі выступаць заўсёды цяжка. Але вельмі лёгка і прыемна трэніравацца, таму ў „Раўбічах“ я правёў не адзін збор», — распавядаў у інтэрв’ю «Звяздзе» Аляксандр Ціханаў, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне. 

Аляксандр Хандогін

У складзе той эстафетнай каманды, якая стала пераможцам чэмпіянату свету 1974 года, выступаў і мінчанін Юрый Калмакоў. У гісторыі беларускага біятлона гэта першы залаты медаль.

Праўда, для арганізатараў было не ўсё так добра. 50 гадоў таму ў лютым ужо ўстанавілася плюсавая тэмпература — снегу катастрафічна не хапала, яго звазілі на лыжныя трасы з найбліжэйшых лясоў. Надвор’е, дарэчы, шмат гадоў будзе дастаўляць гаспадарам комплексу шмат галаўнога болю.

Гэтае месца прыцягвае людзей

Пасля чэмпіянату свету па біятлоне 1974 года ўвесь свет даведаўся пра «Раўбічы». Сюды сталі з’язджацца прафесійныя спартсмены і аматары здаровага ладу жыцця. «У савецкі час у Беларусі было не так ужо і шмат спартыўных аб’ектаў высокага ўзроўню. Палац спорту, палац тэніса і воднаспартыўны камбінат у Мінску былі ў лідарах. Усе добра ведалі „Стайкі“, Мекку для летніх відаў спорту. А „Раўбічы“ сталі цэнтрам прыцягнення зімнікаў», — адзначае Аляксандр Пятровіч Хандогін, з 1990 да 2003 года — дырэктар комплексу, які ведае пра яго ўсё і нават больш. Аляксандр Пятровіч адзначае, што галоўная асаблівасць «Раўбічаў» у тым, што гэтае месца само прыцягвае людзей. Ён у гэтым пераканаўся на ўласным досведзе.

«У канцы 80-х я працаваў першым намеснікам старшыні Дзяржкамспорту. Работа папяровая, фінансы, дакументы, справаздачы. Пазней стаў курыраваць зімовыя віды спорту, і мяне прызначылі выканаўчым дырэктарам арганізацыйнага камітэта чэмпіянату свету па біятлоне 1990. За час работы ў аргкамітэце я закахаўся ў „Раўбічы“, у калектыў комплексу. Лётаў на верталёце, аглядаў наваколлі ў пошуках снегу, кантраляваў уладкаванне лыжных трас. Цікавых спраў — безліч. Пасля гэтага зразумеў: у кабінет да папяровай работы не вярнуся. І сам папрасіў кіраўніцтва перавесці мяне ў „Раўбічы“. І, мусіць, разгуляліся гены бацькоў, якія ўсё жыццё прапрацавалі ў сельскай гаспадарцы, — пацягнула на прыроду. Да гэтага я ніколі не быў дырэктарам спартыўнай базы, але адчуваў, што спраўлюся. Я сам абраў свой лёс і ў „Раўбічы“ пайшоў працаваць з радасцю. Праца была надзвычай цікавая. А час — няпросты. З 1990-га да 2000-га спорту было вельмі складана. Але ў нас склаўся малады, актыўны калектыў, які знаходзіў выйсце з самых складаных сітуацый», — успамінае Аляксандр Пятровіч.

Падрыхтоўка снегу — пытанне нумар адзін

Усе 50 гадоў у «Раўбічах» віравала жыццё. Часы мяняюцца, а той факт, што тут усім добра, застаецца нязменным. У свой час «Раўбічы» наведаў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Хуан Антоніа Самаранч, які на пачатку 1990-х сур’ёзна паўплываў на станаўленне алімпійскага руху ў Беларусі. Пасля распаду Савецкага Саюза менавіта тут вырашаўся лёс спорту. У студзені 1991 года ў «Раўбічах» праходзіла нарада кіраўнікоў органаў кіравання спортам дзяржаў, якія ўваходзяць у СНД. Больш за 12 гадзін прадстаўнікі Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Расіі, Украіны выпрацоўвалі стратэгію і тактыку на час, які застаўся да Алімпійскіх гульняў 1992 года. Менавіта ў «Раўбічах» было вырашана, што на зімовых Алімпійскіх гульнях 1992 года ў Альбервілі і на летняй Алімпіядзе ў Барселоне спартсмены з былых савецкіх краін будуць выступаць аб’яднанай камандай. Нарад і сустрэч на высокім узроўні ў «Раўбічах» за 50 гадоў праходзіла нямала.

Але ўсё ж такі на першым месцы тут — спорт. А менавіта біятлон, бо комплекс і ўзнік дзякуючы біятлону. А гэта дастаткова патрабавальны від спорту. І яго галоўнае патрабаванне — снегавая падушка, з чым нярэдка ўзнікалі праблемы, часам крытычныя. 

У рамках чэмпіянату свету 1990 года ў «Раўбічах» удалося правесці толькі дзве індывідуальныя гонкі ў мужчын і жанчын. Спрынтарскія гонкі, камандныя гонкі, эстафеты праходзілі на замежных комплексах. Правесці чэмпіянат па поўнай праграме ў Беларусі перашкодзіла анамальна цёплае для лютага надвор’е. Як ні стараліся арганізатары, захаваць дастатковы ўзровень снегу на трасах не ўдалося. «Падрыхтоўка снегу для калектыву „Раўбічаў“ заўсёды была пытаннем нумар адзін. Мы нават жартавалі, што калі перажылі зімовы сезон і справіліся са снегам, то сезон прайшоў паспяхова. Зрабіць штучны снег, выкласці яго на лыжную трасу — няпростая, але надзвычай важная праца. Пасля чэмпіянату свету 1990 года стала зразумела, што нам патрэбны снегавыя пушкі. Мы купілі тры ў фінаў. Уважліва вывучылі, зрабілі сваю беларускую пушку. Савет Міністраў выдзеліў нам два мільёны беларускіх „зайчыкаў“, і сумесна з Акадэміяй навук і гадзіннікавым заводам мы зрабілі сваю ўстаноўку. І яна даволі нядрэнна працавала, 500 метраў трасы рабіла. Мы ўвесь час жылі ў такіх сітуацыях, калі трэба было выкручвацца, знаходзіць варыянты, праяўляць кемлівасць. Зверху над намі ніхто не стаяў і як рабіць, нічога не казаў — усе свае праблемы вырашалі самі з дапамогай сяброў. У 1991 годзе этап Кубка свету па лыжных гонках перанеслі з Масквы ў „Раўбічы“. Трасы рыхтавалі ўсе. Снег укладвалі ўсе — нават зборныя па веславанні, беларуская і ўкраінская, якія знаходзіліся ў „Раўбічах“ на зборах. Нам патрэбна была дапамога, ім — трэніроўка па агульнафізічнай падрыхтоўцы», — расказвае Аляксандр Пятровіч.

У 1996 годзе Міжнародны саюз біятланістаў прысвоіў комплексу катэгорыю «А», выдаўшы ліцэнзію на правядзенне спаборніцтваў найвышэйшага ўзроўню без абмежаванняў. І такія спаборніцтвы тут праходзілі і праходзяць. У 1999 годзе «Раўбічы» прымалі летні чэмпіянат свету па біятлоне. Чэмпіянаты Еўропы 1998, 2004, 2019 і 2020 таксама праходзілі тут. А чаго варты біятлонны фестывальны «Гонка легенд», ініцыятарам якога стала Дар’я Домрачава. Спартыўнае свята ў «Раўбічах» збірала дзясяткі зорак біятлона і сотні балельшчыкаў, якія заставаліся ў захапленні.

Найлепшая матывацыя

Зрэшты, спарткомплекс — гэта не толькі біятлон. Да дэнамінацыі на адной з беларускіх купюр быў намаляваны схіл для фрыстайла, размешчаны ў «Раўбічах». Першыя крокі спорт, які прынёс Беларусі чатыры алімпійскія залатыя медалі, зрабіў менавіта тут. «Федэрацыю фрыстайла ўзначальваў мой сябар Аляксандр Бітус. Разам са сваім маскоўскім калегам ён на ўсе лады расхвальваў фрыстайл, яны ж і ўгаворвалі мяне пабудаваць у „Раўбічах“ схіл. Справа добрая, грошы ў комплексу былі, і мы пачалі будаваць. Праўда, спартыўнае кіраўніцтва энтузіязму не падтрымала, бо тады пра фрыстайл у Беларусі ведалі мала. Усё змянілася на Алімпійскіх гульнях 1994 года ў Лілехамеры. Наш Аляксей Парфянкоў пасля адборачнага этапу быў першым, на яго ўжо медаль павесілі. А ён ці то перахваляваўся, ці то проста не пашанцавала, у фінале стаў толькі 12-м. Крыўдна, канешне. Але самае галоўнае, што нашы кіраўнікі ўбачылі: фрыстайл — цікавы від спорту, відовішчны, захапляльны, а самае важнае — беларусы могуць годна выступаць. Вырашылі, што развіваць фрыстайл у краіне трэба. Нам далі дабро на будаўніцтва схілу ў „Раўбічах“. У 1995 годзе мы ўжо праводзілі этап Кубка Еўропы па фрыстайле. А ў 1998-м, нагадаю, Дзмітрый Дашчынскі стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў», — адзначае Аляксандр Пятровіч.

Этапы Кубка Еўропы па фрыстайле ў Раўбічах адбыліся яшчэ ў 2006 і 2020 гадах. Усе спаборніцтвы праходзілі на тым самым трампліне, пабудаваным дзякуючы энтузіязму і ініцыятыўнасці неабыякавых да спорту людзей. У мінулым годзе завяршылася сур’ёзная рэканструкцыя акрабатычнага схілу. Як адзначаў цяперашні дырэктар «Раўбічаў», усе аб’екты спарткомплексу ўвесь час мадэрнізуюцца. Комплекс паслуг для насельніцтва пашыраецца і летам, і зімой. Спартыўны комплекс — жывы арганізм, які ўвесь час удасканальваецца. Бо так было заўсёды. А як можа быць інакш у месцы, якое, як магніт, прыцягвае самых розных людзей і нікога не пакідае абыякавым?

«Для мяне „Раўбічы“ — вялікая і вельмі важная частка жыцця. Гэта быў выдатны час. Мы стараліся тварыць, як бы цяжка ні было. У нас не было такіх магчымасцяў, фінансаў, як сёння. Але мы ўсё рабілі для спартсменаў і трэнераў. Разумелі, што калі мы ім не створым умовы, дык ніхто гэтага не зробіць. Само жыццё матывавала рабіць наш комплекс найлепшым», — дзеліцца Аляксандр Пятровіч.

Гэта не закрытая база

Сёння каляндар комплексу не зіхаціць важнымі міжнароднымі спаборніцтвамі. Але этап Кубка Садружнасці па біятлоне, які прайшоў у пачатку студзеня, чарговы раз нагадаў, на якім высокім узроўні яны праходзяць у «Раўбічах». «Біятлон у „Раўбічах“ — гэта заўсёды прыгожа. Цяпер гэта адназначна адзін з найлепшых біятлонных комплексаў Еўропы. Калі не найлепшы», — напісала ў сваім Telegram-канале расійская спартыўная журналістка Алена Вайцэхоўская. Таму трэба дачакацца, калі сусветны спорт перастане ліхаманіць і «Раўбічы» зноў прымуць найважнейшыя міжнародныя спаборніцтвы. А гэта комплексу жыццёва неабходна, запэўнівае Аляксандр Хандогін: «Мы былі шчаслівыя, калі ў „Раўбічах“ праводзілі буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Бо гэта рэклама для комплексу, сродкі на рэканструкцыю, цікавасць людзей. Спартыўнае жыццё ў „Раўбічах“ павінна віраваць, асабліва прафесійнае. Ды і аматары, асабліва дзеці, павінны тут увесь час прысутнічаць. Дзе яшчэ яны могуць пакатацца на тых жа трасах, на якіх выступалі алімпійскія чэмпіёны. У „Раўбічах“ трэба ўвесь час праводзіць мерапрыемствы, спаборніцтвы, прыцягваць сюды спартсменаў, каб людзі бачылі, што комплекс жывы. Гэта не закрытая база. Гэта комплекс для спартсменаў, для іх прыхільнікаў, для дзяцей, для турыстаў. Тут заўсёды паралельна са спевамі птушак павінны гучаць чалавечыя галасы, як гэта было на працягу 50 гадоў. Я хачу, каб комплекс і стагоддзе адзначыў. Але самае галоўнае, што да 100-гадовага юбілею ў „Раўбічаў“ было яшчэ больш падстаў для гонару».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва Аляксандра Хандогіна і БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.