Вы тут

Беларуска-кітайскія стасункі ў галіне літаратуры і мастацтва


У сярэдзіне лета я раптам атрымаў ліст з Беларусі. Дзесяцігоддзямі я не кантактаваў з беларусамі, дык хто б мне пісаў? Але, прачытаўшы ліст, усё зразумеў. Беларускі выдавец і пісьменнік Алесь Карлюкевіч запытаўся ў галоўнага рэдактара часопіса «Русская литература и искусство» спадарыні Ся Джунсянь пра маё дачыненне да арганізацыі стасункаў паміж Беларуссю і Кітаем, і яна паведаміла Карлюкевічу мой электронны адрас. З таго часу і пачалася нашая з ім перапіска.


Раней Беларусь была адной з рэспублік у складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду СССР у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай і пачала развіваць уласную краіну ў адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі асаблівасцямі.

Погляд у гісторыю

За непасрэднай адзнакай гісторыі стасункаў паміж Кітаем і Беларуссю лепш звярнуцца да навукоўцаў, хто гэтай тэмай займаецца. Я магу толькі ўзгадаць пэўныя кантакты паміж літаратурнымі і мастацкімі коламі дзвюх краін.

Ужо ў 1930-я гады кітайскі паэт Сяа Сань наведаў Беларусь і прыняў удзел у Кангрэсе Міжнароднага з’яднання рэвалюцыйных пісьменнікаў, які праходзіў ў сталіцы — Мінску. У ранні перыяд пасля ўтварэння Новага Кітая, калі мы пісалі пра савецкіх пісьменнікаў, сярод іх былі і беларускія аўтары, але тады мы іх называлі агульным імем — «савецкія пісьменнікі», не падкрэсліваючы іх нацыянальную прыналежнасць.

У гэты час наша краіна пазнаёмілася са зборнікам знакамітага паэта Янкі Купалы (1882-1942) «Жалейка» (выдавецтва «Вэньгуан шудзянь», 1949), вершам Якуба Коласа (1882-1956) «Абаронцам роднай зямлі» (уключаны ў зборнік «Выбраныя вершы пра Вялікую Айчынную вайну» выдавецтва «Шыдай чубаньшэ» (Шанхай), 1950). У 1950 г. таксама былі апублікаваны верш «Беларусь» у выкананні яшчэ аднаго паэта Пятруся Броўкі (1905–1980), аповесць «У Забалоцці днее» Янкі Брыля (1917–2006) і іншыя. У 1952 г. выйшаў кітайскі пераклад «Толькі наперад» паэта Аркадзя Куляшова (1914-1978). Акрамя твораў паэтаў, пабачылі свет і дзіцячыя апавяданні Івана Шамякіна, якія друкаваліся ў кітайскіх перыядычных выданнях. З сярэдзіны 1950-х да пачатку 1960-х гадоў творы гэтых пісьменнікаў шмат разоў перавыдавалі на старонках розных газет і часопісаў у Кітаі.

Пасля доўгага перыяду маўчання падчас «культурнай рэвалюцыі», ў Кітаі зноў пачалі друкаваць творы савецкай літаратуры. Акрамя пісьменнікаў старэйшага пакалення, перакладалі і творы новых пісьменнікаў, напрыклад, раман «Людзі на балоце» Івана Мележа (1921-1976) быў выдадзены ў 1983 годзе. У тыя ж гады апублікаваны «Позняя вясна», «Бацькі і дзеці» Івана Шамякіна (1921-2004), «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца», «Сотнікаў» Васіля Быкава (1924-2003), дакументальны раман-хроніка «Блакадная кніга» Алеся Адамовіча (1927-1994) і іншыя творы. Увогуле, творы найбольш самавітых беларускіх пісьменнікаў былі прадстаўлены на старонках перыядычных выданняў Кітая. 

У 1950-я гады ў Беларусі было выдадзена на беларускай мове каля двадцаці кітайскіх твораў: «Зборнік апавяданняў кітайскіх пісьменнікаў» (1953), раман Дзінь Лін «Сонца над ракой Сангань» (1954), «Выбраныя апавяданні Лу Сіня» (1955) і іншыя.

У 1957 г. у Пекіне беларускі скульптар Сяргей Селіханаў (1917-1976) выканаў бюсты Цсі Байшы і Цзян Джаахэ. У апошнія гады, ужо пасля атрымання Беларуссю незалежнасці, яшчэ адзін беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў вылепіў тры скульптуры ў Пекінскім міжнародным парку скульптур. У Беларусі аднавілася ўвага і да кітайскай старажытнай і сучаснай літаратуры і мастацтва. У 2007 годзе пабачыў свет вершаваны зборнік Рыгора Барадуліна «Гуканне паэзіі Усходу», у які, акрамя карэйскіх, в’етнамскіх і японскіх вершаў, увайшлі творы дзесяці кітайскіх паэтаў, у тым ліку паэтаў старажытнасці — Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Бай Цзюйі, Ду Му, Су Шы, Сінь Цсіцзі, і сучаснасці — Лю Дабая, Лян Дзундая і Кан Байцсіна.

Акрамя гэтага, надрукавана анталогія замежнай паэзіі ў перакладах Міколы Мятліцкага, куды ўвайшлі творы васьмідзесяці сямі паэтаў, у тым ліку дзевяць вершаў Ван Вэя. Аднак шкада, што беларускае навуковае асяроддзе яшчэ не мае дастатковага разумення пра сучасную і найноўшую паэзію Кітая.

Асабісты досвед

У 1950-я гады я сапраўды меў дачыненне да Беларусі. У 1955 годзе я наведаў Беларусь у складзе дэлегацыі руска-кітайскага сяброўства. У Другую сусветную вайну Беларусь падвяргалася бамбардзіроўкам нямецкіх захопнікаў, і шмат што было разбурана. Калі мы знаходзіліся з візітам, уся краіна якраз наноў адбудоўвалася. У той час мы пазнаёміліся з некалькімі людзьмі з літаратурна-мастацкіх колаў. І галоўнымі з іх былі скульптар Заір Азгур і паэт Максім Танк. Пазней я ліставаўся з Заірам Азгурам і перакладаў вершы Максіма Танка.

Калі пачалася палітыка рэформаў і адкрытасці і Кітай выйшаў з ізаляцыі, усё больш культурных скарбаў іншых краін сталі для нас дасяжнымі. У гэты час я падрыхтаваў для часопіса «Савецкая літаратура і мастацтва» («Сулянь вэньі») матэрыял пра ілюстрацыі беларускага жывапісца Паплаўскага, а таксама сам намаляваў партрэты некаторых беларускіх пісьменнікаў для выкарыстання ў розных выданнях.

Мае веды пра беларускую літаратуру і мастацтва дастаткова абмежаваныя, не кажучы ўжо пра тое, што да распаду Савецкага Саюза прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якія там пражывалі, па нашым разуменні, былі «савецкімі людзьмі». Азгур, Танк і іншыя — усе яны выбітныя дзеячы літаратуры і мастацтва Беларусі, і іх варта помніць. 

Рукі Заіра Азгура

Заір Азгур — самы вядомы беларускі скульптар. Да сустрэчы з Азгурам мы бачылі выкананы ім рэльеф помніка-абеліска на плошчы Перамогі ў цэнтры Мінска, строгая і ўрачыстая скульптурная работа, яна натхняла людзей на перамогу.

Першы раз я сустрэўся з Заірам Азгурам у 1953 годзе. Я памятаю адчуванне яго вялікай, шырокай рукі, якая моцна паціскае маю. Ён быў сярэдняга целаскладу, замест гальштука — шаўковы шалік у кветачкі, і размаўляў бесперапынна. Скульптар выказаў павагу да старажытнай традыцыйнай культуры Кітая і бясконца ўхваляў Новы Кітай. Ён быў так захоплены размовай, што сказаў: «Мне проста неабходна наведаць Кітай!». Тон яго быў сцвярджальны, а настрой сур’ёзны. Пасля паўзы ён дадаў: «Калі я ў гэтым жыцці не паспею, хай мой сын з’ездзіць!». Яго словы нібы выразаныя скульптурным нажом засталіся ў мяне ў сэрцы.

У 1954 годзе я зноў сустрэўся з ім у Маскве. Заір Ісакавіч сказаў, што нядаўна скончыў бюст Лу Сіня. Я падумаў, што беларускаму працаўніку мастацтва, далёкаму ад кітайскай рэчаіснасці, нялёгка было ствараць Лу Сіня, вялікага сучаснага кітайскага мысляра і пісьменніка. Але калі мы бачым працу Азгура, мы можам только шчыра захапляцца яго стараннасцю. Пазней ён перадаў бюст кітайскаму ўраду, а ўрад перадаў скульптуру ў мемарыяльны музей Лу Сіня.

Я да гэтага часу памятаю снежны дзень 1956 года, калі ў мемарыяльным музеі Лу Сіня ў Пекіне сабралося шмат наведвальнікаў. Нямала з іх стаялі ў цэнтры залы і доўга любаваліся бюстам Лу Сіня ў выкананні Заіра Азгура. Па бляску іх вачэй можна было ўбачыць глыбокае замілаванне і ўдзячнасць гэтаму далёкаму і незнаёмаму скульптару.

Аднойчы я сустрэў спадара Лінь Фэя, даследчыка творчасці Лу Сіня. Калі размова зайшла пра гэтую скульптуру, Лінь Фэй высока ацаніў работу майстра. Ён адзначыў: «У халоднай суровасці схавана палкасць, што стварае ўражанне моцы і размаху ад глыбіні думак Лу Сіня, нават яго рукі поўны жадання змяніць стары парадак і старыя ідэі».

Азгур размаўляў нібы афарызмамі: «Мастацтва выконвае важную адукацыйную ролю. Мастацтва не павінна гвалтоўна насаджаць гледачам свае ўласныя ідэі, а павінна натхняць людзей». Яшчэ ён сказаў: «Камяні і метал, як і людзі, маюць свой характар. Граніт, мармур, бронза, сталь — у кожнага свой «нораў». Такую глыбокую думку могуць сфармуляваць толькі скульптары, якія карысталіся гэтымі матэрыяламі і добра знаёмыя з імі.

Ён стварыў скульптуры знакамітасцей сусветнай культуры: акрамя скульптуры Лу Сіня (1953), Азгур — аўтар бюста індыйскага пісьменніка і вучонага Рабіндраната Тагора (1956). Заір Ісакавіч надзвычай умела апрацаваў граніт, выкарыстоўваючы паліраваную частку, каб выразіць скуру Тагора, яго цёмны твар і рукі, і ямчатую паверхню — для белых валасоў і барады, што дало вельмі добры эфект і моцнае адчуванне тэкстуры. Скульптар літаральна ажывіў граніт. Гледзячы на статую, можна адчуць мяккасць скуры і пышнасць барады і валасоў. Азгур таксама зрабіў скульптуру рускага кампазітара Мусаргскага (1958), амерыканскага паэта Уітмэна (1959) і іншых. Пранізлівыя вочы герояў, іх цвёрдая пастава і задумліва-медытатыўная вытанчанасць пакідалі на людзей незабыўнае ўражанне. Найбольш выдатным творам яго позняга перыяду стала вялікая скульптурная група, прысвечаная народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу, яна размешчана на праспекце сталічнага Мінска і суправаджае гараджан дзень і ноч.

У савецкі час Азгур двойчы стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, абіраўся акадэмікам Акадэміі выяўленчага мастацтва СССР, удастоены званняў Народны мастак CCCР і Герой Сацыялістычнай Працы CCCР.

У 1990-м годзе мне перадалі з Беларусі альбом Заіра Азгура. Радкі надпісу на кнізе былі крываватымі, і было відаць, што скульптар ужо з цяжкасцю трымае ручку ў руцэ. Я зноў успомніў пра яго магутныя рукі, ці маглі яны яшчэ трымаць скульптурны нож? Я падлічыў, што на той год Заіру Ісакавічу было ўжо пад восемдзесят!

Заір Азгур ніколі не быў у Кітаі, і ў яго сына не атрымалася наведаць Кітай, але сэрца мастака знайшло свой шлях ў нашу краіну разам са скульптурай Лу Сіня. У ёй кітайскі народ убачыў палымянае сэрца скульптара.

Вершы Максіма Танка

Аднойчы падчас паездкі ў Савецкі Саюз у 1954 годзе мы ў цягніку неспадзявана сустрэлі беларускага паэта Максіма Танка. Пад грукат колаў, ён урыўкамі расказваў пра сваё жыццё.

Максім Танк (1912-1995) нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Заходняй Беларусі. У 1939 годзе гэтая тэрыторыя была перададзена з-пад улады Польшчы Савецкаму Саюзу. Яго дзяцінства і юнацтва былі горкімі і поўнымі барацьбы. У 1932 г. апублікаваў свой першы твор, у якім усхваляў забастоўку шахцёраў, юнацкія вершы выражалі імкненне народа да свабоды.

У савецкі час пачалася новая старонка творчасці Танка, ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і літаратурным жыцці, апяваў братэрства і дружбу паміж людзьмі ўсіх нацыянальнасцей Савецкага Саюза. У гады Вялікай Айчыннай вайны паэт працаваў у франтавой газеце. У яго вершах адлюстраваны гераізм савецкага народа, самаахвярнасць і ўпэўненасць у перамозе. У гэты перыяд ім напісана шмат вершаў, у якіх адлюстравана любоў савецкіх людзей да партыі і Радзімы.

Пасля вайны кола ідэй у паэзіі Максіма Танка пашырылася, і важнае месца заняла тэма абароны міру. Танк далучыўся да Савецкага камітэта абароны міру. Вясной 1949 года ў якасці аднаго з савецкіх пасланнікаў міру ўдзельнічаў у першай Сусветнай канферэнцыі міру, якая адбылася ў Празе.

У той раз, у цягніку, ён падзяліўся ўспамінам: «Падчас канферэнцыі міру, прыйшла захапляльная навіна. Народна-вызваленчая армія Кітая перайшла раку Янцзы і вылучылася на поўдзень! Тады я падумаў пра кітайскую раку Янцзы, пра якую я даведаўся на ўроку геаграфіі ў пачатковай школе. Думаў пра сваё дзяцінства, пра прыгнечаных кітайскіх працоўных, якія да вызвалення, на працягу тысяч гадоў жылі на берагах Янцзы, разважаў пра іх барацьбу, і больш таго, як яны зараз заможна і шчасліва зажывуць, усё гэта я апісаў у вершы „Сіняя рака“.»

У 1957 годзе Максім Танк прыехаў у складзе савецкай дэлегацыі дзеячаў культуры для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных восьмай гадавіне заснавання КНР, і мы сустрэліся зноў. Першага кастрычніка ён стаяў на глядзельнай пляцоўцы на плошчы Цяньаньмынь і назіраў за вайсковым парадам і масавым шэсцем, яго ўзрушанасць перайшла ў паэзію. У Пекіне ён наведаў музей Гугун, музей Лу Сіня і магілу Цсі Байшы, у прыгарадзе сталіцы пагутарыў з сялянамі, ва Ухане ўдзельнічаў у цырымоніі адкрыцця моста праз раку Янцзы і наведаў мемарыяльны музей Цсюй Юаня, у Лаяне паэт любаваўся пячорамі Лунмэнь і храмам Баймасы, у Нанкіне пабываў у маўзалеі Сунь Ятсэна, сустрэўся з кітайскімі пісьменнікамі на чале з Ба Цзінем у Шанхаі, наведаў былую рэзідэнцыю Лу Сіня і ўсклаў кветкі каля помніка Пушкіну.

Па прыездзе ў Кітай, Танк асабліва хацеў наведаць старога Цсі Байшы, але, на жаль, мастак памёр. Таму, паэт наведаў яго магілу, каб аддаць пашану і на мове паэзіі выказаць захапленне выключнаму мастацкаму таленту Цсі Байшы, прыгажосці яго стварэнняў.

Я памятаю, што ён доўга стаяў у задуменнасці калі статуі Цсюй Юаня, якая знаходзіцца перад мемарыяльным музеем Цсюй Юаня на возеры Дунху ва Ухані. Пазней паэт напісаў такія вершаваныя радкі:

— Што вы хіліцеся, вербы, над вадой, / Што там бачыце світаннем на зары? / Залатыя касякі дзівосных рыб? / Можа, россыпы нефрыту з бірузой? // І ў адказ я чую ціхі пошум-гул: / - Ты ў крутыя віравыя тоні глянь, / Толькі ветру не будзі ды трыснягу, / І пабачыш: як жывы там Цюй Юань!..

Візіт у Кітай пакінуў у Максіма Танка глыбокае ўражанне. Ад’язджаючы, ён сказаў мне: «Я хачу напісаць некалькі вершаў, якія апяваюць Кітай. І напісаць я павінен іх добра, каб яны былі вартыя вялікіх дасягненняў брацкага кітайскага народа!»

У 1948 годзе Максім Танк узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У 1968 годзе яму прысвоена званне народнага паэта Беларусі, у 1972 годзе абраны акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, у 1974 годзе атрымаў званне героя Сацыялістычнай Працы, а у 1978 г. — Ленінскую прэмію.

Мінула больш за пяцьдзесят гадоў, у іх было нямала перашкод і цяжкасцяў. Алесь Карлюкевіч і яго дачка паведамлялі ў сваіх лістах, што ў дзевяцітомным зборы твораў Максіма Танка і ў матэрыялах Літаратурнага музея знайшлі запісы пра мяне, таксама захаваўся альбом, які я перадаваў паэту. 

Шчыра кажучы, я не памятаю, які альбом я перадаваў. Калі Танк быў у Кітаі, я зрабіў эскіз яго партрэта, а паэт пакінуў на ім надпіс. Гэты партрэт быў надрукаваны ў зборніку вершаў, які мы пераклалі сумесна са спадаром Гэ Баацсюанем, але, здаецца, Максіму Танку партрэт не перадавалі. Магчыма, гаворка ідзе пра мой альбом «Зборнік эскізаў», ці, хутчэй за ўсё, пра невялікі альбом «Баявое жыццё Маркса і Энгельса».

Я быў глыбока крануты тым, што Максім Танк нават у сталым узросце помніў пра сваіх кітайскіх сяброў.

З надзеяй глядзім у будучыню

Якія перспектывы літаратурнага і мастацкага абмену паміж Кітаем і Беларуссю? Не магу не ўспомніць бацьку і дачку Карлюкевічаў і іх калег. Алесь Карлюкевіч — кіраўнік выдавецтва «Літаратура і мастацтва», галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», выкладчык факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выдаў больш за двадцаць кніг. Ён надае вялікае значэнне кітайскай літаратуры і мастацтву. Больш за тое, у яго ёсць дачка Вераніка, якая даследуе кітайскую літаратуру. Вераніка вывучала кітайскую мову ў Беларусі, з 2006 па 2007 год праходзіла стажыроўку ў Шанхаі, потым з 2009 па 2011 год стажыравалася ў Пекіне па спецыяльнасці кітайская літаратура. Яна апублікавала шмат артыкулаў па кітайскай літаратуры. Яе перавага ў тым, што ёй больш не трэба звяртацца да рускай мовы пры даследаванні і перакладах кітайскіх твораў, а можа непасрэдна выкарыстоўваць арыгінальны тэкст. Для Беларусі гэта новая адпраўная пляцоўка для перакладу і знаёмства з кітайскай культурай.

У кожным лісце Алеся Карлюкевіча і яго дачкі я адчуваў захопленасць справай і добразычлівасць. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў праз іх — маіх сяброў, я аднавіў духоўную сувязь з беларускім літаратурна-мастацкім асяродкам. Алесь Карлюкевіч — дальнабачны выдавец, ён і яго дачка зразумелі бліскучыя перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і будуюць амбіцыйныя планы, як знаёміць з літаратурай і мастацтвам Кітая на беларускай мове. Вакол іх сабралася моцная каманда паплечнікаў, якія гэтак жа з энтузіязмам прэзентуюць кітайскую літаратуру і мастацтва, сярод іх Мікола Мятліцкі і Навум Гальпяровіч, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, які нядаўна наведаў Кітай. Зараз Алесь Карлюкевіч рыхтуе да перакладу і выдання кнігу «100 кітайскіх вершаў».

Я цвёрда веру, што калі ў Беларусі ёсць такія ўлюбёныя ў сваю справу людзі, культурныя стасункі паміж нашымі краінамі будуць усё больш квітнеючымі!

Скарочаны пераклад з артыкула, надрукавага ў газеце «Вэньі баа» 2 лістапада 2011 год

Гаа Ман (1926 — 2017) — знакаміты кітайскі перакладчык і мастак. Ён пераклаў на кітайскую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава, І. Буніна, Л. Талстога, І. Тургенева, М. Горкага, У. Маякоўскага, А. Ахматавай, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, Б. Ахмадулінай і інш. Ён першым пазнаёміў кітайскага чытача з творчасцю У. Высоцкага, ім першым у Кітаі былі перакладзены п’есы У. Маякоўскага «Клоп» і «Лазня», паэма А. Ахматавай «Рэквіем». Сярод арыгінальных твораў Гаа Мана — «Нататкі пра рускае выяўленчае мастацтва», «Крылы гісторыі — Учытваючыся ў рысы знакамітых людзей літаратуры», «Даўно не бачыліся, Масква!», «Сухастой», «Падарожжа на святую гару» і інш. У 1997 годзе за ўклад у развіццё кітайска-савецкіх і кітайска-расійскіх літаратурных і мастацкіх стасункаў Прэзідэнт РФ ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы.

Нягледзячы на тое, што Гаа Ман у 1950 — 1980-я гады меў стасункі з беларускімі пісьменнікамі і мастакамі, у наш час у беларускую літаратурную прастору Гаа Ман вярнуўся толькі ў 2011 годзе. Знакаміты кітайскі перакладчык у канцы 2011 года напісаў для газеты «Вэньі баа» артыкул «Беларуска-кітайскія стасункі ў галіне літаратуры і мастацтва». У ім Гаа Ман успамінае свае сустрэчы з Заірам Азгурам і Максімам Танкам. Менавіта Гаа Ман пад псеўданімам У Ланьхань стаў адным з перакладчыкаў зборніка народнага паэта Беларусі Максіма Танка «Выбраныя вершы», выдадзенага ў 1958 годзе ў выдавецтве «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ» (Пекін). Акрамя гэтага, ён напісаў партрэты Максіма Танка, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і іншых. 

Аднак змест артыкула асабліва цікава разглядаць з вышыні сённяшняга дня. Гаа Ман задаецца пытаннем: «Якія перспектывы літаратурнага і мастацкага абмену паміж Кітаем і Беларуссю?» За больш як дзесяць гадоў, якія прайшлі пасля з’яўлення гэтага артыкула ў друку, кітайскія і беларускія перакладчыкі, выдаўцы і даследчыкі паспелі зрабіць нямала. У Беларусі выдадзены зборнікі кітайскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая», «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая ХХ ст.», «Гімн святлу» Ай Цсіна, серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая» і інш. Дарэчы, Гаа Ман выступаў дарадцам у збіранні серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», кітайскі перакладчык быў ўключаны ў Міжнародны рэдакцыйны савет серыі. У Кітаі былі выдадзены калектыўны збор твораў беларускай літаратуры — «Выбраныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў», асобнай кнігай выдадзена аповесць Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер», рыхтуецца да выдання збор твораў Алеся Бадака і Алеся Карлюкевіча. 

Часопіс «Belarus. Беларусь» таксама стаў прадстаўнічай пляцоўкай для знаёмства беларускіх і кітайскіх чытачоў і з самімі літаратурнымі перакладамі, і з артыкуламі пра перакладчыкаў і выдавецкія праекты. На старонках часопіса апублікаваны пераклады з дзіцячай літаратуры — казкі Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб», «Пік-Пік і Пепіта на паляванні» Людмілы Рублеўскай і «Шчаслівая кніга» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, падборка дзіцячых вершаў Янкі Журбы, Авяр’яна Дзеружынскага, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Віткі. Працягам перакладчыцкай ініцыятывы стала з’яўленне ў друку кітайскага перакладу аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». У Мінску апублікавана двумоўнае руска-кітайскае выданне «Шубуршун і яго сябры» Алеся Карлюкевіча. Іншы важны перакладчыцкі праект — зборнікі беларускага фальклору «Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі» (2017 г.) і «Хадзі, сонейка, да нас...» (2019 г.).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.