Паліклініку № 6, якая ўваходзіць у структуру Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, адкрылі сёння ўрачыста. У цырымоніі прыняў удзел прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, перадае БелТА.
Будаўніцтва новай паліклінікі ішло два гады, на яе ўзвядзенне было затрачана каля Br55 млн. Установа аховы здароўя аснашчана ўсім неабходным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем. Тут створаны ўмовы для паўнацэннай медыцынскай рэабілітацыі, укаранення новых методык дыягностыкі і лячэння, што ў выніку дасць магчымасць значна павысіць якасць і даступнасць амбулаторна-паліклінічнай медыцынскай дапамогі.
У склад новага паліклінічнага комплексу агульнай плошчай 17,6 тыс. кв. м уваходзяць дзіцячая паліклініка, паліклініка для дарослага насельніцтва, а таксама жаночая кансультацыя. Паліклініка разлічана на 650 наведванняў за змену. Колькасць абслугоўванага насельніцтва складае больш за 29 тыс. чалавек, у тым ліку 8,5 тыс. дзяцей. У асноўным гэта жыхары найбліжэйшых мікрараёнаў.
У паліклініцы для дарослага насельніцтва будуць функцыянаваць два аддзяленні ўрача агульнай практыкі, цэнтралізаванае аддзяленне медыцынскіх аглядаў, аддзяленні прафілактыкі, прамянёвай дыягностыкі, дзённага знаходжання, медыцынскай рэабілітацыі і фізіятэрапіі. Тут размешчаны хірургічнае аддзяленне, блок інфекцыйных захворванняў, дыягнастычнае аддзяленне, якое ўключае ўльтрагукавую і функцыянальную дыягностыку, эндаскапічнае аддзяленне, стэрылізацыйнае аддзяленне. Клініка-дыягнастычная лабараторыя паліклінікі аснашчана сучасным абсталяваннем. Тут плануюць цэнтралізавана праводзіць лабараторныя даследаванні для ўсіх амбулаторна-паліклінічных структур. Новая ўстанова аховы здароўя аснашчана рабочымі месцамі ўрача афтальмолага і отарыналарынгалогіі, сучасным ультрагукавым, рэнтгенаўскім, эндаскапічным, гінекалагічным абсталяваннем.
У жаночай кансультацыі будуць працаваць кабінеты ўрачоў-акушэраў-гінеколагаў, ультрагукавой дыягностыкі, планавання сям’і, паталогіі шыйкі маткі, а таксама маніпуляцыйны пакой і працэдурны.
Таксама ў паліклінічным комплексе ўпершыню будзе арганізавана лячэбна-прафілактычнае аддзяленне для цэнтралізаванага праходжання жыхарамі Аршанскага раёна ўсіх відаў медыцынскіх аглядаў.
Як расказала загадчыца паліклінікі № 6 Алена Канавалава, установа аховы здароўя чакае новае папаўненне з выпускнікоў медыцынскіх ВНУ і ССНУ гэтага года.
Дзіцячая паліклініка ўключае педыятрычнае, дашкольна-школьнае аддзяленні, прышчэпачны, працэдурны кабінеты, а таксама кабінеты функцыянальнай дыягностыкі і фізіятэрапеўтычнага лячэння. Тут ёсць цэнтр ранняга ўмяшання, які дапаможа вызначыць аптымальныя праграмы развіцця дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ва ўстанове аховы здароўя створаны яшчэ і мадэльны цэнтр па навучанні бацькоў асновам бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей, задачамі якога з’яўляюцца павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб фактарах рызыкі дзіцячага траўматызму, фарміраванне культуры бяспекі жыццядзейнасці, зніжэнне паказчыка дзіцячага траўматызму.
У адкрыцці новай паліклінікі прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, а таксама кіраўніцтва раёна, медработнікі і жыхары Оршы. Прэм’ер-міністр азнаёміўся з паліклінічным комплексам.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».