Вы тут

Капыльскі ТЦСАН у гэтым годзе адзначыць 20-гадовы юбілей


Сёлета Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыць свой 20-гадовы юбілей. За гэты час установа развівалася і ўдасканальвалася. Што ж тут змянілася з 2004 года?


Інструктар па тэрапіі Наталля Качан і загадчыца аддзялення Ірына Рай пакуюць мыла, якое было зварана ў працоўнай майстэрні да Міжнароднага жаночага дня

Пачнём з таго, што першапачаткова цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва размяшчаўся ў аднапавярховым будынку былога дзіцячага садка. Усё змянілася пасля 2017 года, калі цэнтр уключылі ў інвестыцыйную праграму.

І вось цяпер перад жыхарамі і гасцямі Капыля паўстаў новы сучасны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з асобным крызісным пакоем, пашыраным пляцам для працаўнікоў і новымі пляцоўкамі для аддзялення дзённага знаходжання. А яшчэ з вокнаў новага цэнтра адкрываецца від на маляўнічы тэрапеўтычны парк, дзякуючы якому ўстанова ў свой час заняла першае месца ў краіне па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

На працягу ўсёй гісторыі развіцця цэнтра каля руля стаяла адданая сваёй справе дырэктар Святлана Маліноўская. У 2017 годзе яна стала чалавекам года Міншчыны, а ў 2022-м была ўзнагароджана Падзякай Прэзідэнта за шматгадовую плённую работу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва. Паводле яе слоў, праца ў гэтай сферы ўнікальная, бо патрабуе асаблівай увагі і цярпімасці, а таксама любові да блізкіх.

Сапраўды, працаваць з людзьмі няпроста. Асабліва з тымі, у каго здарылася бяда. Аднак супрацоўнікі цэнтра ўсімі сіламі імкнуцца палепшыць жыццё тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.

— Людзі прыходзяць да нас у цэнтр са сваімі праблемамі і цяжкасцямі. Ім здаецца, што іх ніхто не разумее, але калі яны працуюць разам з намі, то атрымліваюць падтрымку, дапамогу, а таксама ўвагу да сваіх праблем, — расказвае Святлана Маліноўская.

Сярод асноўных кірункаў работы цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — садзейнічанне ў сацыялізацыі і адаптацыі інвалідаў.

— У 2004 годзе да нас прыйшлі маладыя людзі, якія ў сям’і былі пад гіперапекай: у асноўным за іх усё рабілі бацькі, — дзеліцца Святлана Маліноўская. — Для іх распрацавана спецыяльная праграма, у рамках якой праводзяцца заняткі. Вынікі выдатныя. Цяпер яны ўмеюць самастойна варыць сабе кашу, рабіць чай, салату, бутэрброды. Адным словам, пачалі разумець, што такое побыт, і актыўна ўключацца ў яго.

Дырэктар Святлана Маліноўская дэманструе пакой навучання асоб, якія ажыццяўляюць догляд цяжкахворых людзей

За час існавання цэнтра змяніўся і кірунак работы з пажылымі людзьмі. Калі раней гэта было больш пра добрае баўленне часу, то цяпер да гэтага дадалася яшчэ і прафілактыка дэменцыі. Так бы мовіць, сумяшчэнне прыемнага з карысным.

Акрамя таго, у сценах праводзіцца вялікая работа па навучанні блізкіх сваякоў догляду цяжкахворых.

— Калі ў сям’і адбываецца бяда, сваякі пачынаюць задавацца пытаннямі: як жа правільна перавярнуць хворага, як пакласці, якія ёсць сродкі рэабілітацыі, — распавядае дырэктар цэнтра. — Для гэтага ў нас абсталяваны спецыяльны пакой. Людзі прыходзяць, і мы іх навучаем усім тонкасцям, у прыватнасці таму, як захаваць сваё здароўе, даглядаючы цяжкахворага.

Таксама ў цэнтры аказваюцца паслугі сядзелкі. Так, за 2023 год гэтым скарысталася 20 грамадзян.

— Такім чынам, мы даём магчымасць сваякам цяжкахворых хадзіць на працу, не змяняючы свой лад жыцця, — адзначае Святлана Маліноўская. — Яны атрымліваюць даход для сваёй сям’і і маюць магчымасць аплачваць сядзелку, якая даглядае цяжкахворага на працягу дня.

У цэлым цэнтр на працягу ўсіх 20 гадоў дынамічна развіваецца. Больш за тое, ён працягвае рухацца ў тым жа рэчышчы, рэалізоўваючы ўсё новыя і новыя праекты. Яго візітная картка — не толькі вялізны спектр паслуг, новы сучасны будынак з маляўнічай тэрыторыяй, але і прыемны, спагадны калектыў.

Штогод калектыў цэнтра атрымлівае заслужаныя ўзнагароды за сваю працу. Так, па выніках 2023 года цэнтр стаў пераможцам сацыяльна-эканамічнага спаборніцтва сярод цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці, пераможцам абласнога этапу конкурсу «105 ідэй для развіцця галіны» ў намінацыі «Разам мы сіла». А таксама пераможцам раённага агляду-конкурсу на найлепшую арганізацыю работы па ахове працы сярод арганізацый (устаноў) невытворчай сферы дзейнасці. Больш за тое, першасная прафсаюзная арганізацыя цэнтра заняла 2-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на найлепшую першасную прафсаюзную арганізацыю. 

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Загаловак у газеце: З любоўю да людзей

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.