Вы тут

На выхадныя прыгрэе, а з панядзелка зноў «запахне» зімой


Пад уплывам мяккай Атлантыкі ў першай палове лютага ў нашай краіне адзначалася не па сезоне цёплае, а ў паўднёвых раёнах вельмі цёплае надвор’е. Пры гэтым акіянічнае паветра і ападкі ў выглядзе дажджу сталі прычынай знікнення снежнага покрыва. Не прадбачыцца асаблівых змяненняў ва ўмовах надвор’я і да канца гэтага тыдня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота pexels.com

У пятніцу ўмовы надвор’я ў нашай краіне будзе вызначаць вільготная паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. Месцамі, пераважна па поўначы краіны, пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, днём снегу з дажджом. Ноччу і раніцай месцамі чакаецца туман, слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы слабы да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 6 марозу па паўночным усходзе да 3 цяпла па захадзе краіны. Максімальная тэмпература днём будзе ад нуля да плюс 6 градусаў, па захадзе Беларусі яна складзе 7–11 цяпла. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.

Амаль вясновае надвор’е нас чакае ўжо ў суботу. У гэтыя суткі ноччу наша краіна ў асноўным будзе знаходзіцца ў полі павышанага атмасфернага ціску, раніцай і днём умовы надвор’я будуць вызначаць франтальныя раздзелы, якія ссоўваюцца з боку Заходняй Еўропы. Воблачна з праясненнямі. Ноччу пераважна без ападкаў, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, днём парывісты. Нават тэмпература паветра ўначы будзе пераменлівая — ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла. Шырокая хваля станоўчых тэмператур чакаецца менавіта днём у суботу, калі тэмпература будзе ад плюс 1 градуса па поўначы да 10 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

У нядзелю ноччу захаваецца ўплыў атмасферных франтоў, якія ссоўваюцца на тэрыторыю Расіі, а днём тэрыторыя краіны апынецца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Пераменная воблачнасць. Ноччу амаль паўсюдна чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, а днём пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні ўмераны, уначы месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ўжо ад мінус 3 градусаў да плюс 4 градусаў, а максімальная днём будзе ад 2 марозу па паўночным усходзе да 5 цяпла ў заходніх і паўднёвых раёнах краіны.

Згодна з папярэднім прагнозам айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня на тэрыторыю нашай краіны пачне паступаць больш свежае паветра. Тэмпературны фон па краіне пачне паніжацца, і зноў «запахне» зімой.

У панядзелак будзе пераважна без ападкаў, толькі днём па крайнім захадзе краіны магчымыя невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы тэмпература панізіцца да мінус 1–8 градусаў, а пры праясненнях — да мінус 12 градусаў. Днём прагназуецца мінус 3 — плюс 4 градусы.

Ужо ў аўторак холад амаль адпусціць. Ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, а днём з дажджом. У асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы прагназуецца ад нуля да мінус 7 градусаў, а ўдзень — мінус 2 — плюс 5 градусаў.

Яшчэ цяплей будзе ў сераду. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег, дождж). У асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы сіноптыкі абяцаюць ад мінус 5 да плюс 2 градусаў, а ўдзень ад мінус 1 градуса да 6 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.