Вы тут

У паўночным рэгіёне ўшанавалі лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023»


У паўночным рэгіёне ўшанавалі лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023». Сёлета абласную прэмію атрымалі 50 лепшых прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці і прафесій, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё вобласці ў мінулым годзе.


Лаўрэатаў і ганаровых гасцей сустракала Віцебская абласная філармонія. Узнагароды ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі работнікі галін прамысловасці, гандлю і паслуг, фінансавай дзейнасці, малога і сярэдняга бізнесу, аграпрамысловага комплексу, аховы навакольнага асяроддзя, лясной гаспадаркі. Адзначаны і прадстаўнікі ЖКГ, дарожнай гаспадаркі, будаўніцтва, архітэктуры, паліўна-энергетычнага комплексу, сувязі, транспарту, культуры, адукацыі, навукі, спорту, аховы здароўя і іншых важных для эканомікі вобласці сфер.

Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца. Паўночны рэгіён завяршыў 2023 год са станоўчай дынамікай у асноўных галінах эканомікі. Валавы рэгіянальны прадукт павялічыўся на тры працэнты да ўзроўню 2022-га. На развіццё вытворчай і сацыяльнай сфер накіравана 3,2 мільярда рублёў інвестыцый, з іх больш за траціну — у прамысловасць. Важкую лепту ў бюджэт вобласці ўносіць прадпрымальніцкі сектар, які фарміруе траціну паступленняў, забяспечвае больш за 40% усёй выручкі. У бягучым годзе вобласць захоўвае лідзіруючыя пазіцыі сярод рэгіёнаў рэспублікі па паказчыках экспарту (па экспарце тавараў займае першае месца, па экспарце паслуг — трэцяе). Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляюцца са 115 краінамі. У краіны «далёкай дугі» экспарт павялічыўся ў 2,7 раза.

Знакавай падзеяй для Віцебшчыны стане правядзенне XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пад дэвізам «Навука — будучыня Саюзнай дзяржавы». Мерапрыемствы плануецца правесці ў Віцебску, Полацку, Наваполацку.

«Ва ўсе часы добрасумленная праца, майстэрства і талент фарміравалі аўтарытэт чалавека. Сярод цяперашніх лаўрэатаў шмат людзей рабочых спецыяльнасцяў — слесары, тынкоўшчыкі, муляры, ткачы, аператары, кіроўцы, трактарысты, якія таксама з’яўляюцца неад’емнымі людзьмі ў нашым грамадстве, як і ўрачы, настаўнікі, інжынеры, тэхнолагі, заатэхнікі, аграномы. Людзі, якія сёння атрымліваюць ганаровае званне „Чалавек года Віцебшчыны“, увойдуць у гісторыю, яны ў цэлым вартыя самай вялікай павагі. Усе яны ўнеслі свой уклад у развіццё роднага рэгіёна за мінулы год. Менавіта гэта паслужыла галоўным крытэрыем адбору тых, хто мае права прэтэндаваць на такую высокую ўзнагароду», — адзначыў у віншавальным слове старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў сімвалічнасць правядзення мерапрыемства на піку электаральнай кампаніі, калі ідзе перадвыбарная агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. Гэта найважнейшы этап у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы. «Кожны з нас — выбаршчык, і мае магчымасць свядома зрабіць свой выбар у інтарэсах Беларусі і нашага народа. Мінулае, сучаснасць і будучыня непарыўна звязаны нябачнымі ніткамі. Свет мяняецца вакол нас, і як прыемна, калі перамены робяць наша жыццё лепш. А ініцыятары гэтых змен — самі людзі», — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч.

У ліку тых, хто пад гучныя апладысменты паднімаўся на сцэну за ўзнагародай — Аляксандр Аднарогі, вадзіцель міжгародніх і міжнародных перавозак прадпрыемства «Віцебскаблаўтатранс». За рулём мужчына ўжо 36-ы год. Пачынаў на прыгарадных маршрутах, больш чым за тры дзесяцігоддзі даводзілася вазіць пасажыраў па тэрыторыі вобласці, рэспублікі і за яе межамі. Напрацаваны аўтарытэт дазваляе кіраўніцтву накіроўваць Аляксандра Уладзіміравіча на важныя рэйсы: ён вазіў гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў у сталіцы і дзяцей. Будучы сезон, багаты на важныя для рэгіёна мерапрыемствы, таксама не абыдзецца без надзейных рук Аляксандра.

Майстар-ратавальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Полацкага гаррайаддзела па НС Аляксандр Брыль стаў пераможцам у намінацыі «Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый». Акрамя багатага працоўнага стажу ў 14 гадоў, ратавальнік вядомы ў паўночным рэгіёне як аматар падводнага палявання. Разам з малодшым братам Паўлам Аляксандр не аднойчы падымаў са дна Дзвіны ўнікальныя прадметы, якія затым мужчыны перадавалі ў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Сярод значных знаходак — меч XV—XVІ стагоддзяў.

Пачэснае званне атрымаў таксама старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Пры яго ўдзеле актыўна развіваюцца структуры грамадскага аб’яднання «Белая Русь», асаблівую ўвагу Уладзімір Уладзіміравіч надае ўвекавечанню загінулых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам рэстаўрацыйных работ на мемарыяльных комплексах у гонар савецкіх воінаў і партызан.

У гэты святочны дзень ушаноўвалі не толькі лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны», інтрыгай цырымоніі стала наданне звання «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска» Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта з 1994 да 2008 года Уладзіміру Андрэйчанку за шматгадовую плённую працу ў органах дзяржаўнага кіравання, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у дзяржаўнае будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнае развіццё горада Віцебска.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Віцьбічы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.