Вы тут

У Мінскім заапарку жыве дракон!


У нас у заапарку жыве дракон! Так-так, самы што ні ёсць сапраўдны! Бо менавіта так bearded dragon — гэтая яшчарка — завецца па-англійску. Назва невыпадковая: калючая, барадатая, з вялікім «усмешлівым» ротам — гэтая рэптылія і сапраўды нагадвае дракона, хіба што вельмі сціплага памеру. Гаворка, як вы ўжо напэўна здагадаліся, ідзе аб калючай, або барадатай, агаме.


Назва яшчаркі вельмі дакладна характарызуе яе знешнасць. Скура гэтай рэптыліі пакрыта луской з калючкамі, уздоўж пазваночніка праходзіць падвойны грабеньчык з кароткіх шыпоў. Асабліва калючы ў яе гарлавы мяшок. У самцоў ён ярка афарбаваны, можа раздзімацца і надае калючаму «хлопцу» аб’ём у выпадку магчымай пагрозы або пры сустрэчы з сапернікам. Далікатныя паненкі вонкава не надта адрозніваюцца ад суровых самцоў. Яны драбнейшыя, больш вытанчаныя і сціпла афарбаваны. Дарэчы, калючая агама — адна з нямногіх рэптылій, здольных мяняць афарбоўку: у прахалодных умовах яшчаркі цямнеюць, у спякоту святлеюць. Пацешна, але колер агамы залежыць і ад настрою: ад гневу дракончыкі ідуць цёмнымі плямамі. Спрабуючы напалохаць ворага, калючая агама тапырыць грэбень, раздзімае горла, раскрывае пашчу, раздражнёна махае хвастом і падскоквае на лапах, як жаба, — вось, маўляў, які я страшны дракон! Яшчарка гэта невялікая: памер не перавышае 60 см, прычым 2/3 даўжыні — хвост. Адкідаць яго агамы не ўмеюць, так што, калі хвосцік скарочаны, значыць, ён быў пашкоджаны — напрыклад, пры неакуратным абыходжанні з яшчаркай або ў выніку сутыкнення з асабліва заўзятым сапернікам. Цікавай асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць трэцяга вока — на цемечку пад напаўпразрыстай лускавінкай. Навошта яно патрэбна, навукоўцы да канца не вызначылі. Магчыма, дазваляе яшчарцы хутка рэагаваць на небяспеку зверху, магчыма — рэгуляваць сутачныя рытмы.

Ураджэнец сонечнай Аўстраліі, калючы дракончык ужо даўно стаў папулярным хатнім гадаванцам. У прыродзе ён засяляе засушлівыя зараснікі хмызняку, камяністыя пустыні і паўпустыні. Большую частку жыцця агама праводзіць на зямлі, аднак даволі нядрэнна лазіць, асабліва калі хоча пагрэцца на сонейку. Выдатна капае і на ноч аддае перавагу хавацца ў нары. У пясок жа закопвае яйкі ў перыяд размнажэння. 

У ежы непераборлівы — паспрабуй пакапрызнічай у суровых пустынных умовах! Маладыя «барадаткі» сілкуюцца ў асноўным жывёльнай, а дарослыя — расліннай ежай. Да кампаніі сабе падобных ставяцца абыякава, жывуць часцей паасобку, радзей — сямейнымі групамі. Зрэшты, сустракаючыся з іншымі драконамі, сутычак пазбягаюць — абмяжоўваюцца дэманстрацыямі. Бацькі клопату аб нашчадках не выяўляюць наогул: закапаўшы кладку, самка пакідае яйкі — і больш мець адносіны да дзяцей не жадае. Цікава, што хоць пол гэтых рэптылій і вызначаецца храмасомным наборам, але залежыць і ад тэмпературы інкубацыі яек: у больш прахалодных умовах (да 32 градусаў) вылупляюцца агамы абодвух полаў, у спякоту — толькі самкі.

Экзатычная знешнасць у спалучэнні са сціплымі памерамі зрабілі «барадатку» папулярным хатнім гадаванцам. Аднак, перш чым завесці сабе такую калючую радасць, варта пазнаёміцца са спецыфікай утрымання дома рэптылій наогул і барадатай агамы ў прыватнасці. Перш за ўсё, неабходна разумець, што яшчарка гэтая паходзіць з вельмі гарачых і сонечных абласцей, а значыць, нашы ўмовы для яе жыцця не падыходзяць наогул. Прыйдзецца сяліць гадаванца ў тэрарыум і абзаводзіцца спецыяльным — і вельмі нятанным — абсталяваннем. Паколькі гэтая яшчарка сілкуецца як расліннымі, так і жывёльнымі кармамі, неабходна загадзя вырашыць пытанне, дзе вы будзеце здабываць ёй кармавых казурак. І няхай вас не ўводзяць у зман сцвярджэнні з інтэрнэт-крыніц аб тым, што «барадатая агама адрозніваецца таварыскім і прыязным характарам». Яшчарка — гэта не кошка і не сабака — сустракаць вас, радасна віляючы хвосцікам, яна не будзе. Таварыскасць і прыязнасць выяўляюцца толькі тым, што барадатая агама не хаваецца пры набліжэнні чалавека, не спрабуе цапнуць працягнутую руку і можа дастаткова спакойна пасядзець на руках.

Затое і столькі ўвагі з боку ўладальніка дракончык не патрабуе, і сумаваць без чалавечай кампаніі не стане. Калі пералічаныя складанасці вас не спалохалі, можна смела заводзіць гэтую чароўную рэптылію. Тым больш што адчуваюць яны сябе ў хатніх умовах добра, утрымліваюцца аматарамі даўно, і досвед утрымання назапашаны ўжо вялікі, знайсці інфармацыю нескладана. Яны добра размнажаюцца ў няволі. Больш за тое, выведзены разнастайныя па афарбоўцы агамы — беласнежныя, апельсінавыя, тыгровыя, чорныя, чырвоныя і нават сінія — так што можна падабраць гадаванца на свой густ. Уявіце, выведзены нават формы амаль без шыпоў і шаўкавістыя навобмацак!

А тых, хто лічыць за лепшае любавацца рэптыліямі на адлегласці, запрашаем да нас у заапарк. І няхай барадатыя дракончыкі прынясуць вам поспех у гэтым годзе!

Таццяна СОЛТЫСАВА, малодшы навуковы супрацоўнік Мінскага заапарка

Загаловак у газеце: Паменшаны варыянт сімвала 2024-га

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.