Вы тут

Беларусь і Узбекістан у 2024-2025 гадах рэалізуюць праекты больш як на $1 млрд


Беларускую дэлегацыю, у склад якой увайшлі кіраўнікі міністэрстваў, рэгіёнаў, прадпрыемстваў і вышэйшых навучальных устаноў, узначальвае намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц. Усяго ў форуме прымаюць удзел больш за 150 прадстаўнікоў абласцей і бізнес-супольнасці нашай краіны.


Фота: БелТА

Праграма мерапрыемства насычаная і разнастайная — акрамя прэзентацыйнай часткі многа часу ўдзяляецца бізнес-складніку. Прадугледжаны тэматычныя секцыі і панэльныя сесіі, на якіх бакі абмяркуюць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці, інвестыцыі і прамысловую кааперацыю, развіццё ўзаемадзеяння ў спорце, турызме і ахове здароўя, а таксама маладзёжную палітыку.

Менавіта наладжванне дзелавых кантактаў і пашырэнне супрацоўніцтва ў розных галінах — ад эканомікі да культуры і адукацыі — і выступае галоўнай мэтай форуму. Сустрэчы ў фармаце В2В на такіх пляцоўках, як Форум рэгіёнаў, заўсёды садзейнічаюць вызначэнню канкрэтных кірункаў далейшага супрацоўніцтва, абмеркаванню магчымых праблем і сумеснаму пошуку іх вырашэння, паспяховай рэалізацыі ўзаемавыгадных ініцыятыў. Увогуле, дамоўленасці на ўзроўні рэгіёнаў — гэта важная частка міждзяржаўных зносін.

І пачатак форуму — таму пацвярджэнне: у Ташкенце ўжо заключана больш за 20 кантрактаў і пагадненняў на $80 млн. А па выніках сустрэчы Леаніда Зайца з узбекскім калегам, намеснікам прэм’ер-міністра Жамшыдам Хаджаевым, агучаны планы на 2024–2025 гады: рэалізаваць праекты больш як на $1 млрд., у тым ліку экспартныя кантракты і інвестыцыйныя праекты. 

Як паведаміў журналістам беларускі прэм’ер-міністр, бакі знайшлі паразуменне па ўсіх кірунках, і гэтыя дамоўленасці стануць асновай дарожнай карты супрацоўніцтва паміж краінамі на найбліжэйшыя два гады. Дарэчы, апошнім часам развіццё знешнегандлёвых адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам дэманструе толькі станоўчую дынаміку. За 2018–2022 гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся ў 3,2 раза, а ў 2023 годзе аб’ём узаемнага гандлю вырас яшчэ на 12% і перавысіў $565 млн.

Аднак ёсць магчымасці дасягнуць большых паказчыкаў. Беларускі бок, напрыклад, мае намер стварыць ва Узбекістане сумесную вытворчасць дзіцячых прадуктаў харчавання, арганізаваць зборку пасажырскага транспарту Мінскага аўтамабільнага завода, адкрыць прадпрыемствы ў тэкстыльнай галіне. Таксама краіны-партнёры ствараюць зборачную вытворчасць бавоўнаводчых трактароў: у рамках пілотнага праекта на першым этапе будзе пастаўлена 500 трактаракамплектаў. Для Узбекістана, які імкнецца да пашырэння сваёй вытворчай базы, гэты праект надзвычай значны.

Развіваюцца адносіны паміж краінамі і ў сферы адукацыі. Калі пяць гадоў таму ў Беларусі атрымлівалі адукацыю 14 грамадзян Узбекістана, то сёння на сумесных факультэтах вучацца пяць тысяч студэнтаў.

У 2019 годзе ў Мінску прайшоў І Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. У мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 1000 чалавек. За два дні яго работы было падпісана 26 прамых пагадненняў паміж рэгіёнамі, пачалася рэалізацыя больш за 20 камерцыйных кантрактаў.

У разрэзе рэгіёнаў

Віцебская і Кашкадар’інская вобласці плануюць супрацоўніцтва ў сферах анкалогіі і дзіцячай хірургіі. Прадстаўнікі рэгіёнаў правялі перагаворы адносна эканомікі, аховы здароўя, турызму, інфармацыйных тэхналогій і спорту. На палях форуму таксама плануецца падпісанне дарожных карт паміж Віцебскай, Кашкадар’інскай і Намаганскай абласцямі на 2024–2025 гады.

Гродзенская і Самаркандская вобласці пашыраюць супрацоўніцтва ў пастаўках беларускіх прадуктаў харчавання, прадукцыі дрэваапрацоўкі і нафтахіміі ва Узбекістан, які сёння займае трэцяе месца ў знешнім тавараабароце Гродзеншчыны з краінамі СНД.

Мінская вобласць мае намер нарошчваць экспарт малочнай прадукцыі і прадукцыі дрэваапрацоўкі, якія карыстаюцца трывалым попытам ва Узбекістане. Па выніках перагавораў ёсць далейшыя планы па павелічэнні аб’ёмаў экспарту сухога абястлушчанага малака, сухога неразведзенага малака і іншай прадукцыі.

Брэсцкая вобласць заключыць шэраг новых дагавораў аб супрацоўніцтве. Прадстаўнікі заходняга рэгіёна падрыхтавалі праекты планаў мерапрыемстваў на 2024–2025 гады па рэалізацыі міжрэгіянальных пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з Сырдар’інскай і Бухарскай абласцямі. У рамках форуму таксама плануецца падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкай абласной клінічнай бальніцай і Бухарскім абласным шматпрофільным медыцынскім цэнтрам, а таксама пратакола аб намерах паміж гарадамі Брэст і Бухара.

Падпісаны пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін і план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве на 2024–2025 гады паміж сталіцамі абедзвюх дзяржаў — Мінскам і Ташкентам.

Паводле БелТА

Загаловак у газеце: Дзейны інструмент супрацоўніцтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.