Вы тут

Саюзнае будаўніцтва, падрыхтоўка да УНС і кадры з КДБ. Падрабязнасці тыдня Прэзідэнта


Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны падзеямі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нарады і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, здзяйсняе замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, мае зносіны з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Зрэшты, і падчас адпачынку, няхай гэта будзе хакейная трэніроўка або рубка дроў, Аляксандр Лукашэнка не-не ды і знойдзе падставу для чарговага даручэння. Як ён любіць казаць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця, паведамляе БелТА.

Праект «Тыдзень Прэзідэнта» для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе самых актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.


Якія рашэнні прыняты на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбургу і што за пытанні «ад паўднёвага полюса да паўночнага» два дні абмяркоўвалі Лукашэнка і Пуцін.

Хто ўзначаліў Дэпартамент фінансавых расследаванняў і што там трэба зрабіць па прыкладзе КДБ.

Чаму Лукашэнка назваў складаным цяперашні перыяд, якія маюць быць турбацыі ўнутры Беларусі і як не стварыць хаос ва ўладзе.

Пра гэта і многае іншае ў новым выпуску спецыяльнага праекта БелТА «Тыдзень Прэзідэнта».

З поўдня на поўнач. Што Лукашэнка распавёў пра піцерскія перагаворы з Пуціным

Як вядома, Прэзідэнт Беларусі з 27 па 29 студзеня знаходзіўся з рабочым візітам у Расіі. Усе гэтыя дні ў Расійскай паўночнай сталіцы былі напоўнены разнапланавымі сумеснымі мерапрыемствамі з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Лідары краін шмат размаўлялі і ў нефармальным ключы. Напрыклад, за чаем ці нават падчас сумесных пераездаў. Аб выніках двухдзённай работы на вышэйшым узроўні Аляксандр Лукашэнка расказаў у панядзелак, 29 студзеня, у пачатку пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

«Мы сапраўды вельмі сур’ёзна папрацавалі гэтыя два дні. Можна прама сказаць: ад паўднёвага полюса да паўночнага. Абмеркавалі праблемы і Антарктыды (Лукашэнка і Пуцін напярэдадні па відэа-канферэнц-сувязі прынялі ўдзел у запуску новага зімовачнага комплексу на станцыі „Усход“ у Антарктыдзе. — Прым. БелТА — Ствараюцца там больш камфортныя ўмовы для працы, зімовачны комплекс створаны. Але самае важнае, што там ніхто нічога не дзеліць. Беларусы працуюць разам з рускімі. Наша станцыя побач. І ўсялякая дапамога — і навуковая, і ў побыце — аказваецца беларускім спецыялістам, якія там размешчаны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка працягнуў: «Далей мы з Уладзімірам Уладзіміравічам з поўдня ішлі на поўнач. Падвергнулі аналізу тыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Вазьміце наша імкненне — Расіі і Беларусі, Кітайскай Народнай Рэспублікі... у авангардзе гэтага ідзе Расія, таму што яна больш за ўсё нагрузку нясе. І пакутуе больш, чым хто-небудзь».

Прэзідэнт падкрэсліў, што наступленне шматпалярнага свету і нежаданне цяперашняга манапаліста здаваць пазіцыі прыводзяць да канфліктаў у розных кропках на карце свету. «І хусіты, і Блізкі Усход, і Паўднёва-Кітайскае мора, праблемы з Тайванем — гэта ўсё ад таго, што ідзе шматпалярны свет. Як казаў міністр замежных спраў Расіі, гэтага не хочацца манапалісту. Вось рознымі метадамі і спрабуюць утрымаць аднапалярны свет. Дайшлі да ўзброеных канфліктаў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, на перагаворах з Уладзімірам Пуціным абмяркоўваліся і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку з краінамі Азіі і Афрыкі: «Абмяркоўвалі мы і работу на азіяцкім кантыненце, асабліва ў Афрыцы, куды нас клічуць. Яны сапраўды нас там чакаюць. Перш за ўсё Расійскую Федэрацыю з вялізнымі магчымасцямі».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў работу па развіцці грузаперавозак па Паўночным марскім шляху. «Мы б вельмі хацелі, каб гэтая праграма была хутчэй рэалізаваная. Нам бы лягчэй было працаваць», — падкрэсліў ён.

«Як бачыце, цэлы комплекс пытанняў — з поўдня на поўнач», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што пасяджэнне ВДС праходзіла напярэдадні важных унутрыпалітычных падзей. Упершыню ў гісторыі Беларусі 25 лютага гэтага года адбудзецца Адзіны дзень галасавання. «Па прыкладзе Расіі мы таксама ўстанавілі канстытуцыйна Адзіны дзень галасавання. У гэты дзень будуць абраныя дэпутаты парламента, мясцовых саветаў (у нас абласныя, раённыя і сельскія захаваныя саветы, як гэта было ў савецкія часы). І 17 сакавіка пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Расіі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Перыяд такі няпросты, але, як вы бачыце, ён праходзіць спакойна. І я ўпэўнены, мы спакойна падыдзем да гэтых дат і гэтак жа спакойна правядзем гэтыя мерапрыемствы».

Парадак дня выкананы. Якія галоўныя задачы ў Саюзнай дзяржаве акрэсліў Прэзідэнт Беларусі

Па выніках пасяджэння ВДС падпісаны дакументы па ўсіх 15 пытаннях парадку дня. У тым ліку зацверджаны асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады, стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года, праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2024-2026 гады.

На пасяджэнні бакі прынялі рашэнні і па шэрагу іншых напрамкаў супрацоўніцтва. У іх ліку асобныя пытанні рэалізацыі адзінай прамысловай палітыкі і правілы пацвярджэння вытворчасці прампрадукцыі на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы. Асобным пунктам парадку дня было пытанне аб мадэрнізацыі і развіцці чыгуначнай інфраструктуры, што важна для развіцця беларускага знешняга гандлю.

Прысуджаны прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2023-2024 гады. Зацверджаны таксама планы мерапрыемстваў да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў сувязі з маючым адбыцца 25-годдзем падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «Гэта магутныя ідэалагічныя падставы. Мы не маем права імі не скарыстацца для папулярызацыі нашых каштоўнасцяў і абароны праўды пра агульную гісторыю», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Новых свежых ідэй, а галоўнае — прарыўных эканамічных праектаў і канкрэтных прапаноў па развіцці супрацоўніцтва чакаюць ад XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў чэрвені пройдзе ў Віцебску.

Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні пазначыў галоўныя задачы і напрамкі ў развіцці супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве як у бягучым перыядзе, так і на перспектыву.

Аб гістарычным максімуме ў гандлі

Па выніках 2023 года бакі абновяць гістарычны максімум гандлю таварамі і паслугамі. «Уладзімір Уладзіміравіч за 10 месяцаў называў лічбу — больш за $40 млрд, але калі ўзяць у цэлым год (тавары і паслугі) — $54 млрд прыкладна будзе. Гэта сапраўды гістарычны максімум. Дасягненне высокіх паказчыкаў — шмат у чым вынік выканання мерапрыемстваў 28 саюзных праграм, у рамках якіх прыняты прынцыповыя рашэнні. Але нам трэба будзе яшчэ выпрацаваць агульныя крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці іх рэалізацыі», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што новы праграмны дакумент на чарговы трохгадовы цыкл (2024-2026 гады) прадугледжвае працяг работы па ўмацаванні Адзінай эканамічнай прасторы і зняцці пакінутых перашкод у гандлі.

Важна таксама ўзмацніць міжнароднае пазіцыянаванне саюза, як гэта робіцца ў ЕАЭС.

Аб галоўнай задачы ў прамысловасці

У якасці галоўнай задачы ў прамысловай сферы Прэзідэнт пазначыў актывізацыю супрацоўніцтва ў сферы імпартазамяшчэння. Пры гэтым ужо зроблена нямала. «Тут вельмі шмат зроблена. Мы шмат чаго зразумелі, што не разумелі яшчэ два гады таму назад. Нас не ўдалося паставіць на калені. Наадварот, мы мабілізаваліся і зрабілі нямала», — заўважыў беларускі лідар.

Напрыклад, падпісаны базавыя міжурадавыя пагадненні аб прызнанні тэхналагічных аперацый, аб развіцці мікраэлектронных тэхналогій, праектаванні і вытворчасці электроннай кампанентнай базы, электроннага машынабудавання, аб адзінай прамысловай палітыцы. «Учора мы з Уладзімірам Уладзіміравічам у сярэдзіне дня вельмі ўважліва прааналізавалі гэтыя пытанні на прыкладзе мікраэлектронікі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў важнасць, каб на справе было забяспечана ўзаемнае прызнанне тэхналагічных аперацый. Урадам варта ў самыя кароткія тэрміны прыняць меры па безумоўнай рэалізацыі зацверджаных рашэнняў.

Пра не новыя, але важныя пытанні

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці ў што б там ні стала ліквідаваць усё, што стрымлівае ўзаемныя пастаўкі тавараў, выраўняць умовы дзейнасці для прадпрыемстваў, ліквідаваць бар’еры ў сферы дзяржаўных закупак, зняць абмежаванні для транзіту тавараў.

«Гэтыя тэмы не новыя, але пакуль яшчэ ў нас шурпатасцяў ў гэтым плане хапае. Асабліва адзначу, што мы пакуль цалкам не вызначыліся па самых галоўных пытаннях. Гэта датычыцца стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Як раз той час, калі мы можам спакойна прымаць гэтыя рашэнні. Яны будуць выгадныя і для Расіі, і для Беларусі», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго, гэтыя прынцыпова важныя тэмы рэгулярна абмяркоўваюцца на перагаворах з прэзыдэнтам Расіі. «Дамоўленасці дасягнутыя. Думаю, што ўрадам трэба больш актыўна рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб чыгуначнай лагістыцы

Згадаў Прэзідэнт і пра лагістыку перавозак беларускіх экспартных грузаў праз расійскія парты. У гэтым плане ёсць прапановы па павелічэнні прапускной здольнасці Кастрычніцкай чыгункі ў напрамку партоў Санкт-Пецярбурга.

«Мільёны тон беларускіх грузаў пераарыентаваныя з партоў балтыйскіх дзяржаў на Санкт-Пецярбург, Мурманск, чарнаморскія парты. Але напружанне існуе. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам месяцы тры таму абмяркоўвалі гэтую праблему. Прынялі рашэнне, што Кастрычніцкая чыгунка ў напрамку Піцера павінна больш інтэнсіўна працаваць. Там на першым этапе патрэбныя і невялікія грошы, і невялікая праца — каб раз’езды аднавіць», — падзяліўся дэталямі беларускі лідар.

Аб магутным інфармацыйным супрацьстаянні

На парадку дня пасяджэння ВДС было пытанне аб стварэнні саюзнага медыяхолдынга, на чым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу.

«Упэўнены, усе разумеюць, наколькі важна праводзіць узгодненую інфармацыйную палітыку. Ідзе магутнае інфармацыйнае супрацьстаянне. Многія называюць гэта вайной. Але, дзякуй богу, пакуль яшчэ нават у СМІ мы да вайны не падышлі. Але супрацьстаянне сур’ёзнае. Думаю, калі мы створым нармальны медыяхолдынг з улікам (наяўных. — Прым. БелТА) спроб і памылак, будзе добры холдынг», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Мільярд не мяжа. Якія рэзервы ў супрацоўніцтве з Бранскай вобласцю

Тэматыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва працягнулася і па вяртанні кіраўніка дзяржавы ў Мінск. У Палацы Незалежнасці 1 лютага адбылася сустрэча з губернатарам Бранскай вобласці Расіі Аляксандрам Багамазам.

У ліпені мінулага года ў Александрыі ў іх ужо адбыліся кароткія зносіны на свяце «Купалле». Акрамя таго, Аляксандр Багамаз даволі часта наведвае Гомельскую вобласць. Паводле слоў Прэзідэнта, ён даручыў губернатару гэтай вобласці Івану Крупко больш цесна супрацоўнічаць з Бранскай вобласцю. «Я інфармаваны, што ў вас добрыя ўстанавіліся кантакты. Я гэта вітаю, усяляк буду падтрымліваць», — запэўніў беларускі лідар.

Аб даўніх чалавечых сувязях і добрасуседстве

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Браншчына для Беларусі — адзін з самых блізкіх рэгіёнаў Расіі. І калі ў 1990-х гадах былі няпростыя часы, не хапала сельскагаспадарчай тэхнікі, Беларусь і Бранская вобласць прыходзілі на дапамогу адзін аднаму. «Яшчэ з савецкіх часоў у нас самыя цёплыя і сяброўскія, добрыя, брацкія адносіны паміж нашымі народамі. Дзякуй богу, што мы не накрэслілі граніцу, праз якую трэба праходзіць і ствараць нязручнасці для нашых людзей, як гэта здарылася з Польшчай, краінамі Балтыі, яшчэ горш — з Украінай», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Даўнія гістарычныя і чалавечыя сувязі паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю вельмі трывалыя і шматгранныя, канстатаваў Прэзідэнт. «У поўнай меры ўсё гэта тычыцца і іншага нашага бліжэйшага суседа — Чарнігаўскай вобласці Украіны. На граніцы трох рэспублік заўсёды панаваў дух добрасуседства, дружбы і супрацоўніцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер усё наадварот, на глыбокі наш жаль. У гэтай сітуацыі беларусы абсалютна салідарныя з вамі, суперажываюць, гатовыя дапамагчы ўсім, чым толькі мы можам».

Аб гандлі на мільярд і прампраектах

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў аснове вырашэння цяперашніх і магчымых будучых праблем ляжыць эканоміка: «Як казалі ў савецкія часы: ёсць эканоміка, вытворчасць — і партыйная, і камсамольская, і прафсаюзная работа дададуцца. Так яно ёсць і цяпер».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2020 годзе ставілася задача падняць тавараабарот Беларусі і Бранскай вобласці да аднаго мільярда ў доларавым эквіваленце. «У мінулым годзе мы трошкі знізілі (тэмп росту тавараабароту. — Прым. БелТА) па розных прычынах, дзесьці $800 млн, крыху больш (склаў тавараабарот за 2023 год. — Прым. БелТА). Сёлета мы поўныя рашучасці аднавіць гэтую лічбу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Думаю, нікога не трэба пераконваць, што мільярд далёка не гранічны паказчык. І галоўны рэзерв — рэалізацыя буйных кааперацыйных прамысловых праектаў», — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу такога ўзаемадзеяння ён прывёў супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю беларускіх машынабудаўнічых флагманаў — «Амкадора» і «Гомсельмаша», якія арганізавалі ў гэтым расійскім рэгіёне свае вытворчасці.

«Мы гатовыя далей развіваць гэты вопыт, уключаючы стварэнне ў Бранскай вобласці іншых прадпрыемстваў па вырабе тэхнікі, матэрыялаў, абсталявання — усяго, што вам спадабаецца і мы зможам», — адзначыў Прэзідэнт.

Аб сумесных перспектывах у аграрнай сферы

Размова ішла таксама аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі, і тут, па словах кіраўніка дзяржавы, бакам ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго. Тым больш што зямлі і кліматычныя ўмовы падобныя.

«Мы ведаем, што Браншчына лідзіруе (у Расіі. — Прым. БелТА) у выпуску асобных відаў сельгаспрадукцыі і ставіць рэкорды па ўраджайнасці бульбы, збожжавых (жыта, трыцікале, у прыватнасці). На добры ўзровень у вас выйшла жывёлагадоўля. Для нас гэта таксама адзін з прыярытэтаў і шырокае поле для сумеснай дзейнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У праграме візіту расійскай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Багамазам было ў тым ліку наведванне беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі — унікальнага вытворчага комплексу, дзе вырабляюцца якасныя кармы для жывёл, а ў перспектыве пачнецца выпуск ветэрынарных прэпаратаў і абсталявання для жывёлагадоўлі.

«Гатовыя пашыраць пастаўкі прадуктаў харчавання і іншых тавараў, абсалютна не замінаючы вашым вытворцам і не канкурыруючы з вамі. Трэба аб’яднаць нашы магчымасці на неабсяжным беларуска-расійскім рынку», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Вялікія перспектывы мае таксама і навуковае супрацоўніцтва ў аграпрамысловай галіне.

Аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве

Перспектыўным бачыцца таксама супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне, тым больш такі вопыт ужо маецца. «Вы добра ведаеце, як працуюць беларускія будаўнікі. Летась рэалізаваны інвестпраект па будаўніцтве 16-павярховага жылога дома ў Бранску. Калі вас задавальняюць нашы будаўнікі, мы будзем з вамі ў гэтым плане і далей супрацоўнічаць. Ведаю па перагаворах з прэзідэнтам Расіі — вялізныя задачы стаяць у будаўніцтве. Ад дарог да будаўніцтва культурных, прамысловых аб’ектаў, у тым ліку і перш за ўсё жылля», — сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што Беларусь гатова падключыцца да рэалізацыі праектаў у будаўніцтве, тым больш што гэта выгадна і ўжо ёсць вопыт такога роду супрацоўніцтва з іншымі расійскімі рэгіёнамі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова прапанаваць паслугі ў капітальным рамонце жылля і будынкаў, будаўніцтве дарог, праектаванні і правядзенні інжынерных пошукаў. Акрамя таго, ёсць кваліфікаваныя спецыялісты, высакаякасная тэхніка і абсталяванне для сфер водазабеспячэння, водаачысткі, ацяплення, перапрацоўкі смецця.

Аб адраджэнні чарнобыльскіх тэрыторый

У ліку перспектыўных сфер узаемадзеяння Аляксандр Лукашэнка назваў пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ад якой Браншчына пацярпела гэтак жа, як і Беларусь.

«Мы займаемся адраджэннем гэтых тэрыторый( вы ведаеце нашы праграмы), стварэннем нармальных умоў для жыцця людзей. Ёсць унікальныя методыкі, распрацоўкі. Калі яны вам цікавыя, мы гатовыя супрацоўнічаць», — сказаў Прэзідэнт.

Кадравыя чэкісты. Хто ўзначаліў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК

Рабочы дзень 2 лютага ў кіраўніка дзяржавы выдаўся шмат у чым кадравым. Але гэта заўсёды і падстава абмеркаваць работу адпаведных ведамстваў. У дадзеным выпадку — КДБ і Камітэта дзяржкантролю.

Андрэй Самбук, які да гэтага ўзначальваў следчае ўпраўленне КДБ, прызначаны намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю-дырэктарам Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Разам з ім да Прэзідэнта запрасілі і яго калегу-намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака. Па левую руку ад кіраўніка дзяржавы-старшыні КДБ і КДК Іван Тэртэль і Васіль Герасімаў.

«Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць, з аднаго боку, пытанні функцыянавання ў агульных рысах і дзейнасці двух нашых найважнейшых сілавых структур. Гаворка ідзе пра Камітэт дзяржбяспекі і фінансавую разведку, як мы яе калісьці называлі. Перададзеная была (яна. — Прым.) у Камітэт дзяржкантролю. Праблем хапае. Пра гэта мы яшчэ пагаворым», — сказаў Прэзідэнт.

«Там (у ДФР. — Прым.) нам трэба надаць пэўны накірунак, можа быць, звязаны больш з сістэмнай работай, як гэта ў Камітэце дзяржбяспекі. Я схільны да таго, каб вас туды, Андрэй Васільевіч, накіраваць на гэтую пасаду кіраўніком. А Канстанцін Фёдаравіч (намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак. — Прым.), паколькі ён зусім яшчэ малады чалавек, папрацуе ў Камітэце дзяржбяспекі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Ну і я не схаваю. Новае пакаленне. Я заўсёды пра гэта кажу. Вам прыйдзецца яшчэ працаваць і працаваць. І на больш высокіх пасадах. Таму пра гэта таксама не забывайце», — дадаў беларускі лідар.

У гэты ж дзень прынята рашэнне аб прызначэнні Канстанціна Бычака начальнікам следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі.

Работы шмат. Для чаго Прэзідэнт прыцягвае вопытных людзей і якія маюць быць турбацыі

Кадравыя рашэнні 2 лютага працягнуліся рабочай сустрэчай з Валерыем Міцкевічам, які цяпер займае пасаду намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Ужо ў канцы лютага ў Адзіны дзень галасавання грамадзяне выберуць дэпутатаў у парламент новага склікання, і ў сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пазначыў важнае пытанне: «Не хацелася б страціць прафесіяналаў нашага парламента. І вас я, вядома, адношу да такіх людзей-высокапрафесійным, дасведчаным, якія прайшлі, як юрыст, многія прыступкі. Ды і які зрабіў нямала. І водгукі людзей у гэтых адносінах вельмі высокія».

«Па-другое, я прыцягваю ўсіх дасведчаных людзей, каб у гэты складаны перыяд нам дзесьці не здзейсніць памылкі. Напэўна, сам адчуваеш, што ідзе такая перабудова, пертурбацыя органаў улады ў сувязі з наданнем Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйных паўнамоцтваў — становіцца канстытуцыйным органам. І, вядома, трэба гэтыя гады (год-два, можа, тры) са з’яўленнем УНС і пэўных (у яго. — Прым.) сур’ёзных уладных канстытуцыйных паўнамоцтваў, нам бы ў гэты час не стварыць нейкі хаос ва ўладзе. Таму што сам ведаеш, хаос ва ўладзе — імгненна пераносіцца гэта ў грамадства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў Валерыю Міцкевічу ўзначаліць сакратарыят УНС: «Я падумаў, што на гэтым этапе на пасадзе, калі, вядома, ты згодны (я ні з кім не раіўся), кіраўніка апарата Усебеларускага народнага сходу (сакратарыят ён будзе называцца і называецца) ты б змог унесці дастойны ўклад у развіццё абстаноўкі тут наверсе. Калі ўжо зусім адкрыта казаць».

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што работы наперадзе шмат: трэба арганізавана правесці першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу, выпрацаваць рэгламент. «Трэба зрабіць усё, што мы павінны зрабіць на першым пасяджэнні. А гэта і кадравыя пэўныя пытанні вельмі сур’ёзныя. І мне прапанавалі праект указа па сакратарыяту: паўнамоцтвы і іншае, функцыянал і персанальны (склад. — Прым.). Я пакуль яго не падпісаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Як чалавек дасведчаны, трэба падцягнуць сабе адпаведныя кадры і паглядзець сур’ёзна. Магчыма, унясе якія-небудзь прапановы. Думаю, тыдня дастаткова, каб унесці. Ну а далей будзе відаць. У цябе вопыт вялікі не толькі апаратны, але ты ж суддзя сам — карані твае сыходзяць у судзейства».

«Так, пачынаў», — пацвердзіў Валерый Міцкевіч.

«Гэта заўсёды памятаецца — тое, адкуль пачынаў. Таму ўсе потым мы вызначымся, якім чынам дзейнічаць. А пакуль, калі ты не супраць, я б усё ж такі прапанаваў табе ўзначаліць на гэтым этапе (і сфармаваць) сакратарыят УНС. І заняцца работай па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу. Аргкамітэт створаны, узначальвае яго прэм’ер-міністр. Хай узначальвае — урад. Але якую б пасаду ні займаў, табе прыйдзецца руліць і разрульваць усе гэтыя пытанні», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Увечары 2 лютага стала вядома, што Прэзідэнт падпісаў распараджэнне, якім створаны Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні першага пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу. У склад аргкамітэта ўвайшлі шэраг вышэйшых службовых асоб, кіраўніцтва міністэрстваў, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, а таксама прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў. Узначаліў яго прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Жыццё ў шакаладзе? Як ідуць справы ў Кіраванні справамі Прэзідэнта

Кіраўнік дзяржавы 2 лютага таксама прыняў з дакладам кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі Юрыя Назарава. Ён працуе на гэтай пасадзе ўжо другі год. Перад ім ставілася шмат задач, якія з часам канкрэтызаваліся і ўдакладняліся.

«Я ўважліва вывучыў вынікі работы арганізацый. Адзінае, магу сказаць, каб за гэтымі агульнымі лічбамі мы бачылі і праблемы. Таму што ёсць арганізацыі, якія працуюць не так паспяхова, на якія трэба больш сур’ёзную ўвагу звярнуць», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вынікі работы прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Кіравання справамі Прэзідэнта, нядрэнныя: «і фінансавыя вынікі — гэта добра, і па галінах: і сельская гаспадарка, і будаўніцтва, і „Белмастацпромыслы“. Усе раней лічылі, што кіраванне справамі — гэта сабраў смачныя кавалкі — і жыццё ў шакаладзе. Не. Чаго варты канцэрн „Белмастацпромыслы“ (размова аб затрачаных намаганнях для забеспячэння развіцця і ўстойлівай работы гэтай арганізацыі. — Прым.)».

«Але ёсць накірункі, якія мне хацелася б, каб кіраўніцтва справамі развівала: музычныя інструменты і іншае. Наша нацыя музычная, адукаваная ў гэтым плане, а мы ў асноўным купляем імпартнае. Нешта паспрабавалі ў Барысаве ўзнавіць — быццам бы, на гэтым і заглухла. Гэта, вядома, пытанне дзяржаўнае, не толькі Кіравання справамі, але табе як дасведчанаму чалавеку трэба паглядзець і на дзяржаўныя арганізацыі, якія павінны падключыцца і зрабіць максімум, у прыватнасці для развіцця гэтага накірунка. Ён няпросты, але калі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта за гэта не возьмецца, ніхто аператыўна гэтае пытанне не вырашыць, не падыме гэтую галіну. Але гэта я да прыкладу кажу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падобная сітуацыя і ў сферы вытворчасці лыж і іншага спартыўнага інвентара на прадпрыемстве «Целяханы», дадаў ён. «Таксама трэба абавязкова ўдасканальваць работу і выходзіць на больш высокі ўзровень. Мы ўсё ж такі адносна паўночная краіна, трэба, каб дзеткі, як і мы з табой калісьці, займаліся на вуліцы. А вуліца сёння — гэта лыжы перш за ўсё. Трэба са школьных гадоў прывіваць ім гэтыя веды, вопыт для таго, каб проста здаровыя людзі былі. А не сядзелі ў Інтэрнэце і не тыкалі ў тэлефон», — адзначыў Прэзідэнт.

Яшчэ адзін напрамак, на які трэба звярнуць увагу, — праца сельгасарганізацый. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў Магілёўскай вобласці новых магутнасцей па перапрацоўцы малака.

«Трэба больш актыўна задзейнічаць базы захоўвання, якія ў Кіраўніцтва справамі ёсць. Мы пра гэта ўжо казалі на прыкладзе „Александрыйскага“. Добрае сховішча пабудавана — у мінулым ці пазамінулым годзе яны наогул пуставалі. Гэта не справа. Іх трэба прывесці ў парадак і пастаянна там захоўваць. Не бульбу, а захоўваць яблык, іншыя пладова-ягадныя прадукты, якія можна выгадна прадаць, — даручыў кіраўнік дзяржавы. — Рынак велізарны, неабсяжны. Расійскі рынак, Кітай просіць прадукты харчавання ва ўсё большых аб’ёмах. Чуў, што яны хочуць прасіць нас, каб мы пастаўлялі ім свініну. Адкрыюць пастаўкі. Таму рынкаў сёння хапае, і даволі прэміяльныя. Нам у гэтых адносінах трэба працаваць і раскручвацца».

Дакладваючы аб рабоце аб’яднання «Белмастацпромыслы», Юрый Назараў адзначыў, што гэтыя прадпрыемствы цяпер развіваюцца, вырабляюць унікальныя вырабы народных мастацкіх промыслаў і сувенірнай прадукцыі.

«Мы сёлета пачалі вытворчасць Сожскай скані — з розных парод драўніны, габлюшкі атрымліваюцца выключныя рэчы. Па расшчэпленай лазе, калі я прымаў, у нас працавалі два чалавекі пенсійнага ўзросту, а вырабы класныя. Таму мы гэта захоўваем, павялічылі да сямі чалавек», — праінфармаваў Кіраўнік спраў Прэзідэнта.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.