Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе


Акрамя таго, у мерапрыемстве прынялі ўдзел члены маладзёжных саветаў пры мясцовых Саветах дэпутатаў. З вуснаў Старшыні Савета Рэспублікі маладыя людзі даведаліся аб прыярытэтных кірунках дзяржаўнай палітыкі, асаблівасцях заканатворчай дзейнасці, работы сенатараў са зваротамі з людзьмі. Увагу аўдыторыі спікер верхняй палаты парламента засяродзіла на бягучай электаральнай кампаніі, неспакойнай сітуацыі ў свеце, ключавых падзеях, да якіх рыхтуецца наша краіна: адзінага дня галасавання і фарміравання Усебеларускага народнага сходу, правядзення ΧΙ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, святкавання 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 


«Ваша задача — эфектыўна працаваць на месцах»

Фота: Тэлеграм-канал Савета Рэспублікі

Хлопцам і дзяўчатам з маладзёжных парламентаў, якія прадстаўляюць рэгіёны Беларусі, Наталля Качанава паставіла задачу — даносіць да сваіх равеснікаў інфармацыю, пачутую ў верхняй палаце парламента і на іншых дзяржаўных пляцоўках. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, калі члены Маладзёжнага савета, якія працуюць пры Нацыянальным сходзе, добра пагружаны ў дзейнасць парламентарыяў (яны прысутнічаюць на пасяджэннях сесій, экспертна-кансультацыйных саветах, маюць магчымасць назіраць, як праводзяцца асабістыя прыёмы грамадзян, з’яўляюцца ўдзельнікамі іншых мерапрыемстваў), то маладыя людзі, якія працуюць на месцах, менш інфармаваны. 

«Сёння самае важнае — узаемадзеянне: калі вы ведаеце інфармацыю, вы павінны падзяліцца ёй на месцах, — патлумачыла Наталля Качанава. — Вы павінны падзяліцца і тым вопытам работы, які вы ўжо напрацавалі. Ваша задача сёння — эфектыўна працаваць на месцах. Вы павінны быць больш актыўнымі».

Па словах спікера, члены маладзёжных парламентаў павінны бачыць, што адбываецца ў маладзёжным асяроддзі, якія пытанні хвалююць нашу моладзь. Дадзена даручэнне — звяртаць увагу на пытанні маладзёжнай палітыкі, якія дагэтуль не ўрэгуляваны на заканадаўчым узроўні. Пры гэтым Наталля Качанава адзначыла, што сёння ў краіне дзейнічае каля 50 заканадаўчых актаў, што рэгулююць маладзёжную палітыку, якая з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.

«Вы — наша краіна заўтра, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента і канстатавала, што ў цяперашнім скліканні Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе сабраліся людзі, якія ўжо адбыліся ў прафесійным плане. — Калі ў папярэдні раз у нас было больш студэнтаў, то сёння ў Маладзёжным савеце больш працуючай моладзі, якая сваёй працай, сваім розумам стварае эканоміку нашай краіны, будучыню нашай краіны». 

Дарэчы, Маладзёжны савет (парламент) пры Нацыянальным сходзе быў створаны ў 2020 годзе і з’яўляецца галоўным правадніком парламента ў рабоце з моладдзю. На дадзены момант у Маладзёжны савет уваходзіць 138 хлопцаў і дзяўчат з кожнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага цэнтра нашай краіны. Сталіцу прадстаўляюць 10 чалавек. У маладзёжныя саветы (парламенты) пры мясцовых Саветах дэпутатаў уваходзіць 3460 маладых людзей. 

«Калі будзе патрэбна, будзем абараняць нашу краіну»

Кажучы аб электральнай кампаніі, Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што беларусы ўвайшлі ў цікавы этап у жыцці нашай краіны. «Заўсёды правядзенне палітычных кампаній некалькі абвастрае адносіны да ўсяго, — патлумачыла яна. — Гэта праяўляецца і ў зваротах грамадзян. Для нас важна, каб гэты электаральны перыяд, гэтая важная палітычная кампанія прайшла зладжана, арганізавана».

Пры гэтым спікер заўважыла, што вынікі цяперашняй электаральнай кампаніі вызначаць будучыню нашай краіны. Па яе словах, ад таго, якія людзі прыйдуць працаваць у Савет Рэспублікі, Палату прадстаўнікоў, дэпутацкі корпус, вельмі многае залежыць. У прыватнасці, гэтыя людзі разглядаюць і прымаюць законапраекты. Аднак перш чым прыняць той ці іншы дакумент, па даручэнні кіраўніка дзяржавы, у Савеце Рэспублікі праводзяцца пасяджэнні экспертнага савета, дзе комплексна абмяркоўваецца неабходнасць і своечасовасць прапаноў, якія ўносяць распрацоўшчыкі законапраектаў. 

«Прымаючы законы, мы павінны разумець, што яны павінны ўлічваць рэаліі цяперашняй сітуацыі і працаваць на перспектыву», — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі і расказала членам маладзёжных парламентаў аб асаблівасцях заканатворчасці. У тым ліку аб тым, што парламентарыі завяршылі маштабную работу па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Акрамя таго, распрацаваны два новыя законапраекты: «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб асновах грамадзянскай супольнасці».

Спынілася спікер верхняй палаты парламента і на найважнейшых пасля Асноўнага закона краіны стратэгічных дакументах, якія нядаўна абмяркоўваліся на Савеце бяспекі: Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыне, якія будуць зацвярджацца Усебеларускім народным сходам. «Гэта асноватворнае ў сучасным свеце, — падкрэсліла Наталля Качанава важнасць гэтых дакументаў. — Калі мы кажам аб нацыянальнай бяспецы, то гэта не толькі функцыі абароны нашай краіны. Гэта абарона нашай кріаны абсалютна па ўсіх кірунках (і харчовая бяспека, і дэмаграфічная бяспека, і інш.). Мы ніколі нікому не пагражалі. Сёння Польшча, Літва, Латвія надумана нас у гэтым абвінавачваюць, сцягваюць войскі, тэхніку, праводзяць вучэнні — быццам бы ад нас абараняюцца. Мы нікому не пагражаем, але калі будзе патрэбна, будзем абараняць нашу краіну. Іншага нам не дадзена». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Аб чым яшчэ Наталля Качанава размаўляла з членамі маладзёжных парламентаў, а таксама якія пытанні маладыя людзі задавалі спікеру, чытайце ў бліжэйшым выпуску «МС».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.