Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: У любой навуковай задуме і пошуку павінен прасочвацца клопат аб простых рэчах і патрэбах людзей


28 студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. І па традыцыі напярэдадні гэтага дня яе найлепшыя прадстаўнікі збіраюцца ў Палацы Незалежнасці, каб з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі атрымаць дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесараў. 


Краевугольны камень асновы дзяржаўнасці

«У нас сёння сустрэча традыцыйная. Заўсёды напярэдадні Дня навукі сустракаемся, каб падвесці вынікі, адзначыць дасягненні беларускіх вучоных і айчыннай навукі ў цэлым. Але не толькі. Нам трэба зазірнуць у заўтрашні дзень. Без гэтага ніяк нельга. Мне важна, вельмі важна ведаць, як вы бачыце сваю ролю, ролю сваіх вучняў і паслядоўнікаў, ды і ўсёй навуковай супольнасці ў рэалізацыі стратэгіі Года якасці. Наколькі вы пагружаны ў задуму года, якая, па сутнасці, павінна стаць пачаткам новага этапа развіцця Беларусі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць мэта — перасягнуць сябе ва ўсіх сферах жыцця. Вядома, у авангардзе руху да гэтай мэты стаіце вы, людзі навукі. Ваша праца, дакладней, яе вынікі шмат у чым фарміруюць будучыню дзяржавы».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што любая навуковая ініцыятыва — гэта краевугольны камень, які падтрымлівае аснову дзяржаўнасці і грамадскага дабрабыту, якасці ўсяго жыцця. Таму, па яго словах, любы вучоны павінен валодаць адказнасцю архітэктара і будаўніка, ад дакладнасці дзеянняў якога залежыць устойлівасць, надзейнасць і даўгавечнасць канструкцыі. Асабліва ў галіне гуманітарных ведаў, якія фарміруюць светапогляд чалавека. Беларускі лідар падкрэсліў, што нам зараз гэтага не хапае. 

«Кожны вучоны, які працуе ў Беларусі, павінен быць патрыётам. Маю пазіцыю вы ведаеце: без любові да сваёй Айчыны не варта і брацца за справу. Так, навука заклікана служыць людзям, усяму чалавецтву. Яна інтэрнацыянальная. А вы, беларускія навукоўцы, закліканы служыць найперш свайму народу», — заявіў Прэзідэнт. Па яго словах, кажучы пра якасць даследванняў, якія сталі сэнсам жыцця ўдзельнікаў сустрэчы, трэба мець на ўвазе іх стваральны складнік. «У любой навуковай задуме і пошуку чырвонай ніткай павінен прасочвацца клопат аб простых рэчах і патрэбах людзей, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Нам не патрэбны даследванні дзеля даследванняў, дысертацыі дзеля дысертацый». 

Нельга каб працы вучоных пыліліся на паліцы

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мы ўсе прывыклі да пэўнага камфорту ў паўсядзённым жыцці. Але мала хто задумваецца, якая карпатлівая шматгадовая праца гэта забяспечвае. «Ведаеце ў поўным аб’ёме ўсё гэта толькі вы. Вы заўсёды працуеце на грані, пашыраючы межы сваіх магчымасцяў. І я ўдзячны ўсім, хто датычыны да вашага поспеху, хто быў побач. Гэта, дарэчы вельмі важна вучонаму гэта памятаць. Вельмі-вельмі многія гэта забываюць. У кожным даследаванні ёсць часцінка таленту навуковага кіраўніка, і дапамога лабаранта, і падтрымка родных і блізкіх людзей. Іншымі словамі, дасягненне аднаго — гэта перамога многіх. Вы стаіце на плячах многіх, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Пра такія перамогі павінны ведаць вашыя суайчыннікі. І будуць ведаць. Традыцыйна ў бліжэйшыя дні вы станеце галоўнымі героямі выпускаў навін і друкаваных публікацый».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацелася б, каб не толькі да вучоных ішлі, але і яны хаця б у гэтыя дні пайшлі насустрач журналістам, пайшлі ў сродкі масавай інфармацыі і расказвалі не толькі аб сабе, але і аб калегах.

«Мае пажаданні вам таксама традыцыйныя і канкрэтныя. Навуковыя дасягненні не павінны застацца прыгожай вітрынай. Нельга дапусціць, каб працы нашых вучоных стаялі на паліцы або пыліліся ў бібліятэках. Іх ужо сёння чакаюць на вытворчасцях, у лячэбных установах, навучальных класах. Менавіта прыкладны характар навуковых даследаванняў вызначае надзейнасць і росквіт нашага агульнага дома, Беларусі, умацоўвае нашу незалежнасць, нацыянальную бяспеку», — канстставаў беларускі лідар. 

Ён пажадаў прадстаўнікам навуковай эліты краіны заставацца на вастрыі навуковага пошуку, развіваць нацыянальныя навуковыя школы, ствараць будучыню роднай Беларусі.

Дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесараў з рук Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці атрымалі 21 вучоны, якія прадстаўляюць розныя школы і рэгіёны. Усяго ў 2023-м годзе Вышэйшая атэстацыйная камімсія прысудзіла вучоную ступень 334 суіскальнікам, з іх 51 — доктара навук, 293 — кандыдата навук. Вучоннае званне прафесара ў мінулым годзе прысвоена 94 суіскальнікам. Галіны навукі, па якіх у 2023 годзе прысуджана найбольшая колькасць вучоных ступяней: медыцынскія, тэхнічныя, эканамічныя, філалагічныя, біялагічныя, фізіка-матэматычныя, педагагічныя, сельскагаспадарчыя, гістарычныя, хіміічныя і юрыдычыня навукі. 

Па традыцыі, пасля цырымоніі вучоныя абмяркоўваюць з Прэзідэнтам пытанні, якія іх хвалююць, расказваюць пра свае напрацоўкі і дзеляцца планамі на будучыню. Як правіла, такая сустрэча акрэслівае асноўныя напрамкі дзейнасці прамысловасці, медыцыны, адукацыі і іншых сфер на наступны год. У Год якасці чуць голас навукі — асабліва важна. Таму размова з кіраўніком дзяржавы атрымалася шчырай, прынцыповай, з перспектывай на будучыню.

Навука павінна ісці ад жыцця

Жанна Шашок — прафесар кафедры палімерных і кампазіцыйных матэрыялаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яе педагагічная дзейнасць звязана з падрыхтоўкай спецыялістаў для гумавай прамысловасці. Навуковая дзейнасць звязана з мадыфікаваных уласцівасцяў палімерных кампазцый для паляпшэння іх тэхнічных уласцівасцяў. Падрыхтавала тры кандадыты навук. Па словах Жанны Шашок, на іх кафедры наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі галіны, базавым для спецыялізацыі з’яўляецца ААТ «Белшына». На база гэтага прадпрыемства арганізаваны філіял кафедры, працуе галіновая лабараторыя шыннай прамысловасці. 

Прэзідэнт пацікавіўся, чаго сёння не хапае ў шыннай прамысловасці, што трэба зрабіць. Жанна Шашок адзначыла, што крыху не хапае прыборнай базы. Таксама сярод праблем галіны прафесар назвала закрыты доступ да хімікатаў. Спецыялісты шукаюць аналагі, камбінуюць іх і разам з прадпрыемствам вырашаюць гэтую праблему. Жанна Шашок таксама расказала, што зараз навукоўцы разам са спецыялістамі на прадпрыемствах працуюць над паляпшэннем якасці айчынных звышбуйнагабарытных шын. Па словах прафесара, хацелася б палепшыць шэраг характарыстык. Прэзідэнт асобна пацікавіўся асаблівасцямі вытворчасці шын у віцэ-прэм’ера Пятра Пархомчыка, які таксама прысутнічаў на сустрэчы. 

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Міхаіл Хадасевіч вучоную ступень доктара фізіка-матэматычных навук атрымаў за распрацоўку метада аналізу шматпараметрычных спектральных дадзеных актываваных асяроддзяў у бачным і блізкім інфрачырвоным дыяпахонах. Гэты метад дазваляе з высокай дакладнасцю вызначаць склад і якасныя характарыстыкі прадуктаў нафтахіміі, будаўнічай і харчовай прамысловасці, іншай прадукцыі. Такая навуковая распрацоўка неабходная для вызначэння падробак прадуктаў харчавання і іншай прадукцыі. «Гэта вельмі важна, асабліва ў Год якасці», — заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка. 

Прафесар кафедры хвароб вачэй Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Галіна Семак расказала аб распрацоўцы і ўкараненні ў клінічную практыку метаду лячэння, які дазваляе аднавіць і захоўваць празрыстасць рагавіцы вока, не звяртаючыся да трансплантацыі. Гэта абсалютна новая распрацоўка ў лячэнні вочных хвароб. Важна адзначыць, што пры гэтым выкарстоўваецца айчынны прэпарат гіялуронавай кіслаты. Па словах Галіны Семак, беларуская методыка прыцягнула ўвагу калег з Расіі, дзе зараз праводзіцца работа па рэгістрацыі там беларускага прэпарата. Прэзідэнт заўважыў, што праблемы з вачамі — сёння хвароба ўсяго грамадства. У акулярах ходзяць не толькі дактары навук, а і дзеці, па вядомых прычынах. Таму навуковыя распрацоўкі ў гэтай сферы вельмі важныя. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такія даследванні, пра якія яму расказалі вучоныя, трэба падтрымліваць. 

«Трэба фінансаваць тое, што нам зараз трэба. І, зразумела, мне вучоныя заўсёды гавораць, без вывучэння і прасоўвання фундаментальнай навукі немагчыма, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба больш ісці ад жыцця. Тры чалавекі выступалі, усе яны ў кропку, тое, што нам трэба сёння, трэба для вытворчасці. І адсюль мы павінны ісці ў фундаментальную навуку і там тэматыку вызначаць».

Ідзе змена пакаленняў і нам бы тут не памыліцца

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вячаслаў Даніловіч атрымаў ступень доктара гістарычных навук за даследаванне ролі моладзі ў жыцці Савецкай Беларусі ў 1921-1939 гадах. Па словах спецыяліста, гэта найскладанейшы час, калі адбываліся перамены ў сацыяльна-палітычным, эканамічнай, культурнай сферах. І актыўна ў гэтых пераменах удзельнічала моладзь. Таксама ён падкрэсліў, што на гэты перыяд выліта шмат бруду, таму сёння неабходна аб’ектыўна разабрацца, што там насамрэч адбывалася. «Нашымі продкамі ў гэты перыяд быў здзейснены сапраўдны подзвіг. Менавіта ў 1920-1930-я гады была закладзена тая аснова, якая дазволіла выстаяць у полымі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тады патрыятызм, імкненне пабудаваць справядлівае грамадства зрабіла тое, з чым мы адстаялі сваё права жыць на сваёй зямлі ў гады ВАВ», — адзначыў Вячаслаў Даніловіч. Гісторык падкрэсліў, што сёння гэты досвед можна выкарыстоўваць на практыцы. Напрыклад, Акадэмія кіравання сумесна з міністэрствам адукацыі, БРСМ і грамадскай арганізацыяй «Белая Русь» вывела на новы ўзровень ўсебеларускую лігу дэбатаў, дзе ўдзельнічае моладзь. У 1920-1930-я гады сярод моладзі былі папулярныя так званыя «палітычныя баі», якія былі эфектыўным сродка ідэйна-палітычнага выхавання моладзі. Таксама 100 гадоў таму была папулярнай практыка, калі маладых людзей накіроўвалі на стажыроўкі ў дзяржаўныя органы і органы кіравання, якая прымяняецца і зараз. 

Аляксандр Лукашэнка правёў паралель з сённяшнім часам: «Хацелі б мы ці не, ідзе змена пакаленняў. Гэта заўжды вельмі небяспечны перыяд, і яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсці. Таму гэты досвед для нас вельмі важны. Тады яшчэ больш глабальная ломка адбывалася ў вытворчасці, у аснове ўсяго жыцця. Цяжкія былі часы, людзі справіліся. Нам зараз прасцей. У нас гэтага няма. У нас салідная база, у тым ліку і навуковая. Але ідзе змена пакаленняў, і нам бы тут не памыліцца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што зараз адбываецца рэфармаванне палітычнага жыцця крані. Усебеларускі народны сход стаў Канстутыцыйным органам, якому належыць вялікая роля ў жыцці краіны. «Калі хтосьці думае, што гэта „проста крэсла для Лукашэнкі“ — глупства поўнае. Гэта не проста, гэта сур’ёзна. Гэта і абмежавальнік і для органаў улады, і нагляд зверху. І людзі там павінны быць адпаведныя прадстаўлены. Нам бы не паўтарыць гарбачоўскі перыяд, калі мы, як мульцікі глядзелі, радаваліся: ах, шчасце прыйдзе. Краіну развалілі і ў яму патрапілі. Нам нельга гэтага паўтарыць. Таму гэты орган вельмі важны для нас, яго трэба ўманціраваць у наша жыццё», — канстатаваў беларускі лідар. Па яго словах, гэты орган павінен у час пераходнага перыяду змены пакаленняў быць на варце. «Ён павінен бачыць, што адбываецца. Таму і Ваенную дактрыну, і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, пытанні вайны і міру (для нас гэта найважнейшае пытанне) — менавіта там павінны вырашаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва УНС вялізнага апарата не будзе. Выбраныя 1200 чалавек збяруцца, разгледзяць пытанне і закрытым галасаваннем прымуць адпаведныя рашэнні. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што гэты пераходны перыяд звязаны і з эканомікай. Адсюль і павышаная ўвага да якасці. «Нам трэба ў гэты перыяд змены пакаленняў якасць не ўпусціць», — падкрэсліў ён.

У гэтай сітуацыі вельмі важныя і маладыя людзі, і вучоныя. «Вы павінны вакол сябе (тым больш вы рэктар) сабраць людзей, якія павінны несці праўду, як было тады, і перакладаць на сённяшні дзень. Ні ў якім разе нельга казаць няпраўду і рабіць несправядліва. Простыя рэчы. Яны пакладзены ў аснову маёй палітыкі», — рэзюмаваў Прэзідэнт, звяртаючыся да Вячаслава Даніловіча ў прыватнасці і да ўсіх прысутных у цэлым.

Навука — адукацыя — вытворчасць

Вучоная ступень доктара тэхнічных навук прысуджана загадчыцы лабараторыі «Прыкладная плазмоніка» БДУІР Ганне Бандарэнка за навуковае абгрунтаванне і распрацоўку тэхналагічных асноў фарміравання нанаструктур медзі, срэбра і золата на сітаватым крэмніі і альтэрнатыўных яму падкладках. Гэтая распрацоўка дазволіла пашырыць магчымасці выкарыстання пакрыццяў з гэтых металаў і сінтэзаваць на іх аснове новыя функцыянальныя матэрыялы для электронікі і фатонікі. Распрацоўкі ў гэтай сферы шырока запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі, і ў Беларусі вырабляюць асноўную лінейку мікраэлектроннай прадукцыі, якая патрэбна для прамысловасці, у абаронным сектары. Развіццё сучаснай тэхнік прадугледжвае пастаяннае змяншэнне памераў кампанентаў. Беларускія спецыялісты ідуць у нагу з патрабаваннямі навуковага часу, але важна разумець запатрабаванасць, аб’ёмы рынку, ацаніць мэтазгоднасць, перш чым укладваць вялікія інвестыцыі на мільярды долараў. Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу не столькі на грошы, колькі на перспектыву. «Мяне хвалюе, ці не атрымаецца так, што жыццё будзе рухацца наперад, спатрэбіцца і 10, і 15, і 7 нанаметраў. І мы будзем не патрэбны рынку (з цяперашняй памернасцю прадукцыі. — Зв.)», — сказаў ён. Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў запэўніў, што гэтыя тэхналогія адпрацоўваюцца. «Будзем гатовы ў перспектыве прапанаваць прамысловасці. Мы тут не адстаём ад сусветных дасягненняў, паэтапна зніжаем памернасць, але цяпер гэта ў шырокім маштабе не трэба. Гэта яшчэ як навуковыя распрацоўкі», — сказаў ён. 

Прэзідэнт падкрэсліў што на спецыялістаў у галіне мікраэлектронікі трэба звярнуць вельмі пільную ўвагу. Сёння яны запатрабаваны як ніколі. Ён таксама перасцярог ад шапказакідальніцтва і разваг аб тым, што Беларусь цяпер вырабляе дастатковую для сябе наменклатуру мікраэлектроннай прадукцыі. «Гэта найперспектыўнейшы напрамак. Без яго не можа быць ніякага развіцця. У адзіночку гэта немагчыма зрабіць. І калі ў нас ёсць нейкая нейкая група навукоўцаў, практыкаў, якія могуць гэта рабіць, трэба звярнуць на гэтую ўвагу. Нам трэба гэтым займацца, без гэтага няма развіцця. І рынак шалёны сёння», — заявіў ён. 

Прафесар, рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Артур Пуцята трапіў у навуку ў многім дзякуючы спецыяльнаму фонду Прэзідэнта, атрымаўшы на пятым курсе адпаведную стыпендыю. «Прынцып залатога трыкутніка „навука — адукацыя — вытворчасць“ сёння ляжыць і ў аснове развіцця і функцыянавання нашага універсітэта. Мы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем з прадпрыемствамі. Сёння як ніколі прадпрыемствы ідуць насустрач, узаемадзейнічаюць па ўсім накірункам», — расказаў ён. Артур Пуцята падкрэсліў, што звязка навукі і вытворчасці дае пэўны эфект. 

«Навука толькі тады жыве, калі вытворчасць, жыццё карыстаецца распрацоўкамі і дасягненнямі навукі», — заўважыў Прэзідэнт. У гэтым плане ў свой час на дзяржаўным узроўні былі прыняты рашэнні, павышана роля і адказнасць кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук.

Прэзідэнт прызнаў, што, нягледзячы на багатыя кампетэнцыі, ёсць сферы, дзе сёння Беларусь, аб’ектыўна не можа паспяхова працаваць. «Нам хацелася б, можа быць, вырабляць касмічныя караблі лепш, чым зараз у Еўрасаюза, ЗША, Расіі і Кітая. Нам хацелася б, каб яны былі лепшыя і больш якасныя. Але мы гэтага зрабіць не можам, ды і не трэба. У нас ёсць іншыя праблемы, школы іншыя. Мы шмат умеем рабіць іншага. Але куды рухацца — мы павінны гэта ведаць», — адзначыў ён. 

Таксама дыплом доктара медыцынскіх навук уручаны Алене Грыгарэнка. Вучоная ступень ёй прысуджана за распрацоўку методыкі персаніфікаванай ацэнкі рызыкі развіцця неспрыяльных сардэчна-сасудзістых падзей у аддаленым пасляаперацыйным перыядзе ў рэцыпіентаў трансплантанта печані, а таксама ўкараненне ў практычную ахову здароўя эфектыўных метадаў медыцынскай прафілактыкі. Дыплом доктара фізіка-матэматычных навук уручаны Мікалаю Каландзе, які ўстанавіў фундаментальныя заканамернасці змянення крышталічнай структуры, магнітнага стану і электратранспартных уласцівасцей металааксідных звышправодзячых і магнітных злучэнняў, а таксама кампазітаў на іх аснове ў залежнасці ад умоў сінтэзу. Ірыне Мінеевай вучоная ступень доктара хімічных навук прысуджана за распрацоўку новых метадаў тонкага арганічнага сінтэзу шэрагу біяактыўных прыродных злучэнняў і іх фрагментаў. Дыплом доктара тэхнічных навук уручаны Алегу Вострыкаву за новыя вынікі ў галіне мадэлявання і разліку напружана-дэфармаванага стану цвёрдых цел пры наяўнасці ў іх рэшткавых механічных двайнікоў. Гэтая распрацоўка надзвычай важная для машынабудавання. Вольга Святліцкая — доктар медыцынскіх навук — распрацавала і ўкараніла ў клінічную практыку метад комплекснай інтэнсіўнай тэрапіі вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому ў пацыентаў з пазабальнічнымі вірусна-бактэрыяльнымі пнеўманіямі. Навуковая ступень доктара фізіка-матэматычных навук прысуджана Вадзіму Хартоўскаму за развіццё тэорыі пабудовы рэгулятараў для лінейных дынамічных сістэм, якія характарызуюцца запазненнем у часе рэакцыі сістэмы кіравання. Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук прысуджана Яўгену Шляхтунову за ўстанаўленне дыягнастычнай каштоўнасці вызначэння цыркулюючых пухлінавых клетак у перыферычнай крыві пры рэзектабельным раку малочнай залозы ў якасці паказчыка рызыкі вяртання хваробы і распрацоўку новага метаду ад’ювантнай цытастатычнай хіміятэрапіі.

Атэстаты прафесара Прэзідэнт уручыў рэктару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксею Ягораву (па спецыяльнасці «права»), прафесару кафедры інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандру Іванюку (інфарматыка і вылічальная тэхніка), загадчыку кафедры эканамічнай палітыкі і дзяржаўнага кіравання інфармацыі Валерыю Мацелю (гісторыя), загадчыку навукова-даследчага аддзела генетыкі, селекцыі і біятэхналогіі Інстытута лесу НАН Беларусі Уладзіміру Падутаву (біялогія), прафесару кафедры славянскіх моў Мінскай дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Але Раманоўскай, загадчыку кафедры тэхналогіі харчовых вытворчасцей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Алене Цэд (тэхналогія), дырэктару Інстытута глебазнаўства і аграхіміі Юрыю Шашку (агранамія). 

Навука пастаўлена ў аснову асноў

Падводзячы вынікі сустрэчы, Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу, што вельмі паважліва ставіцца да вучоных. «Навука пастаўлена ў аснову асноў. Далей мы не можам развівацца без навукі. Цяпер трэба рухацца наперад. Тыя рашэнні, якія мы прымалі на зямлі і ў цэхах, — гэта ўжо зроблена. А далей без навукі немагчыма», — канстатаваў ён. Пры гэтым, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, варушыцца павінны і прамыслоўцы. Неабходна звярнуць пільную ўвагу і нам дысцыпліну. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў свой тэзіс: трэба варушыцца. Часу на разварушванне сёння няма. Тым больш, што сёння беларускія тэхналогіі і кампетэнцыі карыстаюцца попытам і ў іншых краінах. Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння навукоўцы павінны быць у авангардзе. Ён адзначыў, што гэта не апошняя сустрэча з вучонымі, адпаведныя размовы будуць працягвацца і падчас наведвання кіраўніком дзяржавы прадпрыемстваў. Ён асобна падкрэсліў важнасць работы з моладдзю, каб у далейшым з усім што створана, працавалі падрыхтаваныя кадры, і можна было не хвалявацца за будучыню краіны. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.