Вы тут

20 студзеня адзначаецца 32 гадавіна ўстанаўлення дыпадносін паміж Беларуссю і КНР


Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка 20 студзеня адзначаюць 32-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Аб гэтым БелТА расказалі ў пасольстве Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.


«20 студзеня 1992 года Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка ўстанавілі дыпламатычныя адносіны. За 32 гады ўзровень супрацоўніцтва вырас ад узаемадзеяння па ключавых пытаннях да ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, — падкрэслілі ў дыпламатычнай місіі нашай краіны. — Можна з упэўненасцю сказаць, што ў аснове нашых адносін — узаемная павага, шчырасць, сяброўства, а наша супрацоўніцтва прайшло ўсе выпрабаванні часам і з’яўляецца сапраўды ўзорам узаемаадносін паміж дзяржавамі».

Знакавым для беларуска-кітайскіх адносін стаў і мінулы год. Пасольства нагадала аб найбольш важных і яркіх падзеях двухбаковага парадку дня «Беларусь — Кітай» у 2023 годзе.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў 2023 годзе двойчы наведаў Кітай. З 28 лютага па 2 сакавіка адбыўся афіцыйны візіт кіраўніка дзяржавы ў Кітайскую Народную Рэспубліку, у рамках якога было падпісана амаль чатыры дзясяткі пагадненняў і кантрактаў на $3,5 млрд.

У час рабочага візіту ў пачатку снежня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам, наведаў Пекінскі ўніверсітэт і разам з сынам Мікалаем згуляў у хакей з універсітэцкай студэнцкай камандай.

У сакавіку 2023 года Беларусь з афіцыйным візітам наведаў генеральны сакратар ШАС Чжан Мін. Чакаецца, што ўжо летам 2024 года на чарговым пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у Астане Рэспубліка Беларусь стане паўнапраўным членам арганізацыі.

16 чэрвеня намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь у дэманстрацыйнай зоне супрацоўніцтва ШАС у г. Ціндао (правінцыя Шаньдун), дзе прадстаўлена прадукцыя вядучых беларускіх брэндаў і культурна-турыстычны патэнцыял нашай краіны.

11 ліпеня пад старшынствам першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Мікалая Снапкова і намесніка прэм’ер-міністра КНР Лю Гочжуна адбылося пятае пасяджэнне Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Сярод найбольш значных вынікаў — прыняцце сумеснага плана прыкладных мерапрыемстваў па развіццю і ўсебаковым стратэгічным супрацоўніцтве, стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці малочнай прадукцыі ў г. Шэньян правінцыі Ляанін і новых вытворчасцей на пляцоўцы Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

У ліпені — жніўні ў Кітаі з поспехам прайшлі гастролі трупы класічнага балета Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра са спектаклямі «Тытанік», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок». А ў верасні падчас гастрольнага тура па рэгіёнах Кітая на найбуйнейшых канцэртных пляцоўках гарадоў Шанхай, Ухань, Чанша і Сяагань трыўмфальна выступіў сімфанічны аркестр Вялікага тэатра Беларусі.

Узаемнымі візітамі абмяняліся кіраўнікі абаронных ведамстваў Беларусі і Кітая. Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін у час афіцыйнага візіту ў Кітай прыняў удзел у 10-м Сяншанскім форуме па бяспецы і правёў шэраг важных двухбаковых сустрэч.

6 лістапада на цырымоніі адкрыцця павільёна Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у рамках шостай Кітайскай міжнароднай выставы імпартных тавараў у Шанхаі было аб’яўлена аб запуску новых нацыянальных павільёнаў на кітайскіх пляцоўках электроннай камерцыі Tmall і Pindoudou.

Па выніках 2023 года на кітайскіх платформах электроннага гандлю аформлена амаль 525 тыс. заказаў на беларускую прадукцыю, а сукупны аб’ём продажаў нацыянальных электронных павільёнаў беларускіх тавараў у КНР дасягнуў $4,5 млн.

20 лістапада падчас Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Беларусь і Кітай падпісалі пагадненне аб сумеснай кінавытворчасці. У 2024-2025 гадах запланаваны здымкі першага беларуска-кітайскага фільма «Навекі разам».

21 лістапада ў Мінску на Першым форуме рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая падпісана пагадненне аб стварэнні Асацыяцыі ўніверсітэтаў дзвюх краін, у якую ўвайшлі больш за 80 беларускіх і кітайскіх ВНУ.

20 снежня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя першага тома кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове.

У пасольстве Беларусі ў Кітаі таксама звярнулі ўвагу, што 2023 год стаў рэкордным па колькасці новых рэзідэнтаў у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». У мінулым годзе ў парку зарэгістравана 26 кампаній з сумарным аб’ёмам заяўленых інвестыцый $ 123900000 і планамі па стварэнні 7360 новых працоўных месцаў.

«Калі гаварыць аб знешнегандлёвым абароце паміж Беларуссю і Кітаем у 2023 годзе, то за 11 месяцаў прырост склаў 46%, пры гэтым гандаль таварамі вырас больш як на трэць. Гэта лепшыя гандлёва-эканамічныя паказчыкі за ўсю гісторыю двухбаковых адносін», — звярнулі ўвагу ў беларускай замежнай установе.

«Калектыў пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы жадае нашым краінам доўгіх гадоў любога надвор’я дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — дадалі ў беларускай дыпмісіі ў Кітаі.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.