Вы тут

У Будзе было шмат надзвычай маляўнічых куточкаў...


Мы працягваем друкаваць успаміны ветэрана айчыннай журналістыкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, былога супрацоўніка «Звязды» Міхаіла Шыманскага. Ён — дзіця вайны, узнаўляючы са сваімі бацькамі, іншымі жыхарамі роднай вёскі Пешкі Бярозаўскага раёна многія падзеі, распавядае пра перажытае і незабытае ў час нямецкай акупацыі. Нам усім неабходна берагчы нашу гістарычную памяць, каб не паўтарылася страшнае.


У Будзе было шмат надзвычай маляўнічых куточкаў. Яны не паўтараліся, кожны меў сваю адметнасць і прыватнасць. Тут разам сышліся, арганічна спалучыліся дзіўнае паяднанне беларускай прыроды і людская любоў, клопат пра яе. Напрыклад, па-гаспадарску аздобленая і дагледжаная сядзіба Піліпкавых. Разгалістыя кусты агрэсту, высаджаныя каля хаты Ладзіхі. Прыгожыя ліпы ўперамешку з дубамі, клёнамі па ўсяму хутару... Усё гэта стварала багаты прыродны каларыт, які летам надаваў хутару незвычайную прыгажосць, утульнасць, замілаванне.

Шапталіся бярозы

Хачу падрабязна расказаць пра бярозы ў Будзе. Іх тут расло асабліва многа, па ўсёй тэрыторыі. Яны найбольш дакладна і вобразна вызначалі партрэт хутара. Ах, якія гэта былі бярозы, і цяпер быццам бачу іх перад сабою. Тоўстыя ствалы ад самай зямлі, кара грубаватая, няроўная, быццам пасечаная. Для мяне гэтыя бырозы ўяўлялі нейкую загадку, асабліва калі ў іх вершалінах шумеў вецер. Гэта быў нейкі неспакойны шум, мне чуліся ў ім стогны. Быццам бярозы ўспаміналі сваю нялёгкую долю і стагналі — як і людзі пры сваім цяжкім жыцці ў акупацыі.

Часта сустракаліся сямейкі маладых, на дзіва прыгожых, тонкіх бярозак. Яны трымаліся ўбаку ад хутарскіх сцежак, ад месцаў, дзе збіраліся людзі. Быццам хацелі гарэзы пабыць толькі ў сваёй сямейцы, без чужых. Каб шаптацца ўволю пра сваё запаветнае. Я вельмі любіў, калі дазваляў час і абставіны, падоўгу сядзець каля гэтых сямеек і слухаць, слухаць іх нетаропкую гаворку, у якой было многа пяшчоты, ласкі, спакою...

Гойдаўкі

На краю хутара ў адным месцы прывольна разросся цэлы бярозавы гай. З вясны і ўсё лета тут было па-свойму ўрачыста, бы ў храме. Хаця і рэдка, але пры любой добрай магчымасці ў гэтым «храме» збіралася моладзь, асабліва ў рэлігійныя святы. Хлопцаў і дзяўчат тады ў Будзе было многа, сем’і пагарэльцаў вялікія. А яшчэ, дзякуй богу, куды больш дзяцей — толькі ў нашай сям’і ажно чацвёра.

Калі навокал было адносна спакойна і мясцовыя партызаны паведамлялі нам, што немцаў нідзе блізка няма, толькі ў Бярозе і Антопалі, людзям вельмі хацелася сабрацца дзе-небудзь разам, каб душэўна пагаварыць. Мы, дзеці, гойсалі паміж дрэвамі, але калі стамляліся, дык сядзелі, сумавалі і надакучвалі з рознымі пытаннямі бацькам.

Вось дарослыя і падрыхтавалі дзецям нечаканы сюрпрыз — змайстравалі ў гэтым месцы гойдаўку. Спілавалі дзве маладыя тонкія бярозкі, надзейна замацавалі іх на жардзіне. Яе ж прымацавалі да двух дрэў, якія раслі побач адно з другім. Паміж імі была невялікая прастора — для той самай гойдаўкі. Ніжнія канцы зрэзаных бярозак моцна прымацавалі да акуратна апрацаванай дошчачкі. Садзіцца хлопчык ці дзяўчынка на дошчачку, каб не ўпасці, бярэцца сваімі ручкамі за своеасаблівыя поручні з дзвюх бярозак. Побач стаіць дарослы чалавек, разганяе гойдаўку. Вось і ўся мудрасць. Такія прасцейшыя гойдаўкі для дзяцей у нашых Пешках мужыкі яшчэ доўга майстравалі і пасля вайны.

Дзіцячыя «палёты»

Так было тады і ў Будзе. Гойдаўку якраз прымеркавалі да рэлігійнага свята, цяпер не памятаю, якога канкрэтна. Людзей сабралася шмат, асабліва моладзі. Самае цікавае — гойдаўка, каля якой была дзіцячая чарга. Як жа хацелася малым хутчэй сесці на просценькую дошчачку і палятаць паміж дзвюмя стройнымі бярозкамі! Некаторыя ледзь не плакалі ад нецярпення. І бесперапынку прасілі бацькоў: «Тата, пасадзі мяне на гойдаўку», «І мяне таксама», «І я хачу. Вельмі хачу».

Але бацькі строга захоўвалі чаргу, каб было па справядлівасці, без крыўды. Калі ж, нарэшце, чарга даходзіла да хлопчыка Колькі ці Ваські, ці Леначкі, ці Надзейкі, дык іх сэрца заходзіліся ад найвялікшага задавальнення. Дарослыя весела, хаця і вельмі акуратна гушкалі дзяцей на гойдаўцы, і малых ахоплівала незвычайнае пачуццё. Спачатку яны нават не разумелі, што з імі адбываецца, і крыху баяліся. Але кароткі страх адразу ж праходзіў. Гойдаўку пільнаваў бацька: калі што, падтрымае — не ўпадзеш.

Дзякуй богу, спакойна цяпер на хутары, і ў гэты святочны дзень прыйшла маленькая радасць да дзяцей. Такая ўцеха на гойдаўцы, няхай павесяляцца, пасмяюцца, колькі ім хочацца. Ну вось, ужо трэба саступіць месца наступнаму. Бацька асцярожна бярэ на рукі свайго Пецьку, ставіць яго на ногі. Пецька стаіць узрушаны, ачомваецца ад незвычайнага палёту. А неўзабаве зноў просіць бацьку: «Хачу яшчэ».

Што ж датычыць святаў у час нямецкай акупацыі, дык скажу наступнае: жахлівае ліхалецце перажывалі беларусы. Страшна пакутавалі, а генацыд абярнуўся для нашага народа велізарнымі стратамі, ахвярамі, пра гэта цяпер мы добра ведаем. Але ж тыя самыя пешкаўцы, пра які мой аповед, па магчымасці засявалі свае палеткі, збіралі ўраджай, кахалі, стваралі сем’і, выхоўвалі дзяцей, не забывалі свае песні... Чым маглі, дапамагалі партызанам. Верылі ў савецкую ўладу, у нашу перамогу. І ох як чакалі прыходу Чырвонай Арміі — ведаю і памятаю праз столькі гадоў, бо сам перажыў гэта. А тыя хвалюючыя пачуцці радасці, станоўчыя эмоцыі, добры душэўны настрой, дзіцячы смех на гойдаўцы, што напаўнялі бярозавы гай у Будзе, давалі жыхарам сілы. Таму і выстаялі — на нашым хутары, ва ўсёй Беларусі.

«Мы на хутары гаспадары»

Аднойчы, калі ў бярозавым гаі было па-добраму ажыўлена, сюды нечакана прыскакаў вярхом мужык з суседняй вёскі Менявеж. Не павітаўся з людзьмі, строга спытаўся:

— Што тут у вас за зборышча? Чаму столькі многа людзей, няўжо ўсе з гэтага хутара?

— Не ўсе, шмат пешкаўскіх пагарэльцаў тут ратуецца, — адказваюць людзі. — Хутар жа не твой, мы яго гаспадары.

Мужыку такі адказ не спадабаўся, ён насупіўся і злосна кінуў:

— Цяпер усюды гаспадары — немцы. Ім не падабаюцца такія святы, якія вы ладзіце. Не парушайце ўстаноўлены парадак, іначай вам будзе дрэнна. Гойдаўку сваю паламайце, а то...

Гэтая пагроза злоснага мужыка ўзарвала людзей. У той дзень на хутары было і некалькі смелых хлопцаў, якія ваявалі з немцамі ў партызанскім атрадзе. Яны падышлі да мужыка, і тут пачалося. «Ты што, немцамі нас пужаеш?» — спакойна пытаюцца хлопцы. У іх голасе было столькі рашучасці, нянавісці, што мужык адразу змоўк, спалохана пазіраючы навокал — відаць «прыкідваў», куды яму павярнуць каня, каб хутчэй уцячы з гэтага месца.

Пра гэты выпадак доўга ўспаміналі на хутары. Той мужык больш у нас ні разу не паказаўся. А ў бярозавым гаі хутка змайстравалі яшчэ адну гойдаўку. Усе хутарскія дзеці і падлеткі так хацелі «палятаць», што адмовіць ім было немагчыма.

Святочны стол

І вось Буду абляцела самая жаданая, доўгачаканая вестка. Партызаны паведамілі, што заўтра ці паслязаўтра чырвонаармейцы могуць быць у Пешках.

З такой важнай нагоды жанчыны вырашылі падрыхтаваць агульны стол. Святочны! І выбралі для адказнага мерапрыемства хату цёткі Ладзіхі. А што ж на той стол, калі ўсе хутаране паўгалодныя? «Хто што можа, хай і падрыхтуе», — паступіла прапанова.

Мы з мамай распалілі на двары вогнішча, каб варыць крупнік. Раптам падыходзіць жанчына і весела крычыць:

— Баба! Яечню будзем смажыць. Глядзіце, колькі ў мяне яек. Усім хопіць.

Жанчына асцярожна паставіла на траву вялікі кош. Мы не верым сваім вачам: сапраўды, кош амаль поўны курыных яек. Адкуль такое багацце? Ніхто з пешкаўскіх пагарэльцаў сваіх кур на хутары не трымаў — чым іх карміць? Самі ж галадаем. Але ж былі куры ў некаторых хутарскіх старажылаў. Яны мелі свае гаспадаркі, дзе і коні, і каровы, і парсючкі, і розныя свойскія птушкі. Вось яны і падзяліліся курынымі яйкамі з пагарэльцамі ў такі радасны дзень.

Маці зноў ссыпае каласкі ў торбачку, бо на вогнішчы будуць смажыць яечню — ажно тры патэльні знайшлося. Яшчэ адну маленькую ставяць на гарачае вуголле ў печ на кухні Ладзіхі. Яечня апетытна скварчыць, дзеці таўкуцца сярод жанчын, пытаюцца: «Мамачка, ці хутка будзем есці гэтае смачнае?»

Нарэшце дзеці рассаджваюцца за вялікім сталом у хаце. Прыносяць сюды патэльні, выкладваюць гатовую яечню ў гліняныя міскі — патрэсканыя, шчарбатыя. Самых маленькіх кормяць рукамі, іншым даюць драўляныя лыжкі. Людзей за сталом многа, усім лыжак не хапае. Не бяда — карыстаюцца лыжкамі па чарзе.

Мне за сталом месца не знайшлося, але не крыўдую: я ж амаль дарослы, няхай за сталом сядзяць дзеці. Сам жа прымасціўся на лаўцы каля акна. Маці кладзе мне на падаконнік кавалак гарачай яечні. Гатовы схапіць усю і ў рот, але не хачу: адшчыпваю пакрысе і смакую, смакую. Яечня ўжо астыла, ды не, спяшаюся хай гэтыя прыемныя хвіліны цягнуцца даўжэй. Аблізваю пальцы і чакаю — прынясе мне маці яшчэ такой смачнай яечні ці не? Дачакаўся: зноў перада мною ладны кавалак яечні, і маці кажа задаволена: «Еш, сыночак, еш. Вось як нам пашанцавала — яечні хапае ўсім».

У хаце становіцца ажыўлёна і шумна. Дзеці вылазяць з-за стала, яны вясёлыя і гаваркія — значыць, не наеліся. Цяпер чарга жанчын, тыя бяруць з патэльняў кавалачкі яечні і прагна ядуць. Гамоняць паміж сабою ў добрым настроі. Але дзецям на двары куды больш цікава і весела. Праўда, нам катэгарычна загадана: нікуды з хутара не выходзіць без вострай неабходнасці. На двары не тырчэць. Ну што ж, мы пацерпім, галоўнае — хутка нашых убачым.

Гэта ж трэба: праз столькі дзесцігоддяў той бярозавы гай, гойдаўку, смачную яечню памятаю да дробязеў. Дарослыя ў вайну рабілі ўсё магчымае, а то і немагчымае, каб да іх дзяцей часцей прыходзілі такія маленькія радасці...

Міхаіл ШЫМАНСКІ

Загаловак у газеце: Маленькія радасці

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.