Вы тут

Якія змены адбыліся ў падатковым заканадаўстве


У гэтым годзе ў падатковым заканадаўстве адбыліся істотныя змены. Разбіраемся з самымі значнымі з іх, што датычацца павелічэння стаўкі падаходнага падатку, адзінага маёмаснага плацяжу, падаткаабкладання прадпрымальнікаў і ўладальнікаў транспартных сродкаў.


Для супербагатых — 25%

Стаўка падаходнага падатку ў дачыненні да часткі даходаў звыш 200 тысяч рублёў за каляндарны год складзе 25%. «Павышаная стаўка будзе прымяняцца ў дачыненні да сукупнасці даходаў (па працоўных дагаворах, грамадзянска-прававых дагаворах, у выглядзе дывідэндаў), якія перавысілі за падатковы перыяд 200 тысяч рублёў. Па нашай інфармацыі, павышанае падаткаабкладанне можа закрануць каля 2 тысяч чалавек», — так пракаментаваў гэтую навіну на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by міністр фінансаў краіны Юрый Селіверстаў.

Пры гэтым варта адзначыць, што пад павышанае падаткаабкладанне не трапляюць даходы, якія абкладаюцца па паніжаных стаўках падаходнага падатку і, у прыватнасці, даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці гэтага індустрыяльнага парка, сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка.

Акрамя таго, стаўка падаходнага падатку 25% не будзе распаўсюджвацца на дывідэнды, якія абкладаюцца па льготных стаўках у выпадках неразмеркавання прыбытку на працягу трох (стаўка 6%) або пяці (0%) гадоў, што будзе з’яўляцца дадатковым стымулам накіроўваць чысты прыбытак на рэінвесціраванне на працягу 3–5 гадоў.

Вызначэнне стаўкі падаходнага падатку ў памеры 25% не ўносіць змяненняў у парадак вылічэння, утрымання і пераліку ў бюджэт падаходнага падатку для падатковых агентаў. Як і раней, падатковыя агенты абавязаны будуць вылічваць падаходны падатак па стаўцы 13% з прадастаўленнем ільгот незалежна ад памеру атрыманых даходаў, утрымліваць яго пры выплаце даходаў і пералічваць у бюджэт.

Падлік па стаўцы 25% будзе праводзіцца на падставе падатковай дэкларацыі (разліку), якую фізічная асоба абавязана будзе прадставіць па заканчэнні каляндарнага года. Для арганізацый законапраект прадугледжвае павелічэнне стаўкі падатку на прыбытак да 25% пры атрыманні прыбытку звыш 25 мільёнаў рублёў у год. Паводле ацэнкі Мінфіна, такое павелічэнне закране каля 155 арганізацый з прыкладна 38 тысячамі плацельшчыкаў. З іх 20 ужо плацяць падатак на прыбытак па павышаных стаўках, устаноўленых на часовай аснове.

Выпускнікам — вылік, а ўладальнікам камерцыйных харомаў — трайны падатак

З гэтага года ўводзіцца дадатковы штомесячны падатковы вылік выпускнікам, якія прайшлі праграмы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і накіраваны на работу па размеркаванні, у памеры 620 рублёў. Гэты вылік будзе прадастаўляцца падатковым агентам на працягу тэрміну абавязковай работы па размеркаванні і тэрміну наступнага падаўжэння кантракту, але не больш за сем гадоў, на падставе копіі дакумента аб вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пасведчання аб накіраванні на працу. Дадзеная мера накіравана на стымуляванне прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў у наймальнікаў, да якіх яны накіраваны на працу пасля атрымання вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У выніку прымянення ў наступным годзе дадзенага выліку даход маладога спецыяліста штомесяц будзе павялічаны больш чым на 80 рублёў.

Разам з тым будзе павялічана падатковая база для вылічэння падатку на нерухомасць для фізічных асоб у дачыненні да камерцыйнай нерухомасці ў залежнасці ад яе плошчы: ад 200 да 400 квадратных метраў — у два разы; звыш 400 — у тры. Павышаны (у два ці тры разы) падатак на нерухомасць будзе прад’яўляцца ўладальнікам офісаў, складоў, гандлёвых аб’ектаў нерухомасці пры плошчы, якая перавышае адпаведна 200 або 400 квадратных метраў у 2025 годзе.

Крытэрый справядлівасці

Працягваецца тэндэнцыя па рэфармаванні інстытуту індывідуальнага прадпрымальніцтва. Яе асноўны напрамак — стварэнне эканамічных стымулаў пераходу буйных ІП у больш прагрэсіўную арганізацыйна-прававую форму вядзення бізнесу (юрыдычная асоба). Так, сёлета індывідуальныя прадпрымальнікі выключаюцца з плацельшчыкаў падатку на дабаўленую вартасць па абарачэннях па рэалізацыі імі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў.

Названае новаўвядзенне накіравана ў тым ліку на стварэнне роўных умоў гаспадарання з суб’ектамі прадпрымальніцтва, што прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, якой з 2022 года не прадугледжана спагнанне падатку на дабаўленую вартасць пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), простых умоў для вядзення індывідуальнага прадпрымальніцтва. Акрамя таго, дадзеная норма неабходная для наступнай аўтаматызацыі працэсаў вядзення індывідуальнымі прадпрымальнікамі ўліку даходаў і выдаткаў, неабходнага для вылічэння падаходнага падатку.

Адначасова выключаецца права індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў падаходнага падатку прызнаваць даходы ад рэалізацыі па прынцыпе «налічэння» з замацаваннем адзінага прынцыпу прызнання даходаў ад рэалізацыі па «аплаце». Акрамя гэтага, пры перавышэнні індывідуальнымі прадпрымальнікамі крытэрыя выручкі ў 500 тысяч рублёў для іх прадугледжана ўвядзенне павышанай стаўкі падаходнага падатку ў памеры 30%.

Увядзенне павышанай стаўкі таксама будзе адказваць крытэрыю справядлівасці, калі эканамічны агент, які мае значныя «абароты», выплачвае вялікую суму падатку. У рамках удасканалення падатковага адміністравання вызначаецца абавязак для ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў прадстаўляць падатковыя дэкларацыі па ўсталяваных фарматах ў выглядзе электроннага дакумента.

Адзіным плацёжом

У мэтах спрашчэння механізму выплаты, а таксама стварэння камфортных умоў для грамадзян — плацельшчыкаў маёмасных падаткаў ўводзіцца адзіны маёмасны плацеж. Ён не з’яўляецца новым падаткам, а прадугледжвае кардынальна новы зручны спосаб выплаты маёмасных падаткаў: падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і транспартнага падатку.

Бо на сённяшні дзень кожны падатак па асобным аб’екце выплачваецца ў розныя бюджэты ў залежнасці ад месца знаходжання аб’екта нерухомасці, і пры наяўнасці некалькіх аб’ектаў маёмасці ў розных рэгіёнах краіны фізічнай асобе неабходна здзейсніць аплату некалькіх розных падатковых плацяжоў.

Напрыклад, грамадзянін, зарэгістраваны па месцы жыхарства ў Гродне, мае аўтамабіль, жылы дом і зямельны ўчастак у Мінскім раёне, гараж у Мінску, а кватэру ў Баранавічах. Аплату падаткаў плацельшчык ажыццяўляе пяццю асобнымі плацяжамі. Пры ўвядзенні адзінага маёмаснага плацяжу ўсе сумы будуць выплачвацца плацельшчыкам адным плацяжом па месцы жыхарства плацельшчыка.

Пры гэтым парадак вызначэння аб’ектаў падаткаабкладання, вылічэння падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, транспартнага падатку, падатковыя льготы па такіх падатках, тэрмін іх аплаты (15 лістапада) у сувязі з увядзеннем аплаты адзіным маёмасным плацяжом не змяняюцца.

«Кадылакі», «Бэнтлі» і «Лексусы»

З гэтага года ўводзіцца спагнанне ў павялічаным у дзесяць разоў памеры транспартнага падатку на асобныя аўтамабілі павышанай камфортнасці з тэрмінам эксплуатацыі не больш за тры гады з даты іх выпуску. Пералік такіх машын будзе зацвярджацца урадам, у які будуць уключацца аўто прэміяльнага класу. Мяркуецца, што ў пералік транспартных сродкаў будуць уключаны люксавыя мадэлі аўтамабіляў марак «Бэнтлі», «Ролс-Ройс», «Лексус», «Паршэ», «Мэрсэдэс», «Аўдзі», «БМВ», «Кадылак», «Джып», «Лэнд Ровер» і «Ягуар».

Такім чынам, пераважная большасць новых аўтамабіляў шырокага попыту не патрапіць пад павышанае падаткаабкладанне. Напрыклад, транспартны падатак уладальніку Bentley Contіnental GT коштам 823 тысячы рублёў складзе 1741,5 рубля (цяпер — 162 рубля), а ўласнік Rolls-Royce Cullіnan коштам 1 мільён 700 тысяч рублёў заплаціць падатак у суме 2397,3 рубля (цяпер — 223 рубля). Падлік транспартнага падатку па стаўках, павялічаным у дзесяць разоў, будзе праводзіцца за 2024-ы ў 2025 годзе.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: За вялікія даходы — вялікія падаткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.