Вы тут

Пра выхаваўчы патэнцыял літаратурнай творчасці


Калі я працаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова (прарэктарам, потым рэктарам), аддзел выхаваўчай работы ўзначальвала Таццяна Мікалаеўна Кузьміна. Яна прыйшла да нас працаваць з пасады сакратара па ідэалогіі Кастрычніцкага райкама КПСС г. Магілёва. Разумная, ініцыятыўная, дасведчаная ў адносінах з людзьмі — выхаваўчая работа ва ўніверсітэце з яе прыходам «закіпела». Творчыя аб’яднанні і гурткі па інтарэсах, масавыя спартыўныя спаборніцтвы, маштабныя канцэртныя праграмы, будатрады, паходы і экскурсіі, КВЗ, конкурсы прафесійнага майстэрства — усё гэта для маладых людзей стала цікавым і прывабным. У арганізацыі сваёй дзейнасці Таццяна Мікалаеўна абапіралася на студэнцкі актыў — стараст акадэмічных груп, камсамольскіх і прафзаюзных лідараў, студэнцкія саветы і саветы інтэрнатаў. Яна арганізавала школу «Лідар», дзе будучыя кіраўнікі маглі атрымліваць пачатковыя тэарэтычныя і практычныя навыкі арганізацыйнай работы з людзьмі — на вытворчасці, у грамадскай дзейнасці, у палітычных кампаніях. Кузьміна лічыла, што ўніверсітэт павінен рыхтаваць не толькі спецыяліста-прафесіянала (інжынера, агранома, тэхнолага, урача, настаўніка), але і будучага кіраўніка. Бо праца з тэхнікай і з людзьмі мае вельмі прыкметныя адрозненні.


Творчы патэнцыял, неўтаймоўная энергія студэнтаў, умела арганізаваныя і правільна скіраваныя, праяўляліся ва ўніверсітэце ў выглядзе высокапрафесійных канцэртаў, азартных спартыўных паядынкаў, дыскусійных клубаў, мастацкіх выстаў, літаратурных салонаў. Мы выйшлі нават на ўзровень правядзення дзён універсітэта ў горадзе Магілёве. Выступалі з лекцыямі і канцэртамі, праводзілі кансультацыі па праблемах выхавання дзяцей на ўсіх буйных прамысловых прадпрыемствах, а на гарадскім стадыёне «Спартак» зладзілі спартыўнае свята для ўсіх студэнтаў і выпускнікоў школ горада. Заўважу, што там дэманстравалі сваё майстэрства і спартыўныя дасягненні выпускнікі і студэнты ўніверсітэта — чэмпіёны Беларусі, свету і Алімпійскіх гульняў!

Аднойчы пасля маёй сустрэчы з жыхарамі Краснапольскага раёна да мяне падышоў бацька студэнткі нашага ўніверсітэта. Ён сказаў, што яго дачка дадому прыязджае толькі змяніць сезонную вопратку, нават не начуе. На пытанне, куды ты так імчышся, адказвае: «Ва ўніверсітэт! Там так цікава!»

Так, гэта быў прынцып арганізацыі выхаваўчай работы ва ўніверсітэце: студэнт павінен быць заняты карыснымі і цікавымі для яго справамі і ў першай, і ў другой палове дня. Ад раніцы да ночы! Універсітэт — гэта ўнікальная магчымасць атрымаць комплекснае развіццё, патэнцыяльны запас ведаў, уменняў, творчых навыкаў. Гэта ўсё потым у жыцці вельмі спатрэбіцца!

Я быў згодзен з Таццянай Мікалаеўнай па ўсіх гэтых падыходах і метадах арганізацыі ва ўніверсітэце выхаваўчай работы, але ў адным пытанні мы з ёй разыходзіліся. Кузьміна лічыла, што аддзел выхаваўчай работы, і яна, у прыватнасці, як яго загадчык, адказвае за арганізацыю выхавання студэнтаў, а я пярэчыў, настойваючы на тым, што яны павінны займацца выхаваўчай работай і з выкладчыкамі.

Выкладчык ВНУ — вельмі аўтарытэтны ў студэнцкім асяроддзі чалавек. Напрыклад, матэматык. Ён выкладае сваім вучням зусім для іх новыя і вельмі складаныя тэорыі. А сам у іх проста купаецца. І ўсе тэарэ¬мы і формулы маладым людзям трэба зразумець, засвоіць — гэтаму ж дацэнту давядзецца здаваць залікі і экзамены. Канешне, выкладчык для іх у гэты час не проста аўтарытэт — Бог! А ён жа можа паміж доказамі тэарэм параіць прачытаць толькі што апублікаваны раман, ці паглядзець упадабаны ім серыял, ці выказаць сваё меркаванне пра тую або іншую міжнародную падзею, палітычнага лідара. Уяўляеце, якія гэта ўплыў і ўздзеянне на розум маладых людзей, што сталеюць і фарміруюцца?! Таму і выкладчыцкі калектыў трэба выхоўваць. Бо некаторых з іх можа занесці і ў непатрэбны бок. І так бывала.

Дарэчы, хачу падкрэсліць, што студэнты паважаюць у выкладчыку больш за ўсё агульную эрудыцыю. Уяўляеце, не навуковую ступень, не веды па сваім вучэбным прадмеце, не ўменне даступна растлумачыць новае, нават не здольнасць разрадзіць абстаноўку смешнай гісторыяй, а перш за ўсё агульную культуру!

Мая праца ва ўрадзе, у Адміністрацыі Прэзідэнта дазволіла паглядзець на жыццё больш маштабна. Як матэматык, я прывык думаць мадэлямі, таму, разглядаючы ўсю навакольную рэчаіснасць як універсітэт, прыйшоў да высновы, што пісьменнікі ў ёй — гэта выкладчыкі, усе людзі — студэнты, а Праўленне Саюза пісьменнікаў — аддзел выхаваўчай работы. Такім чынам, калі мы кажам пра выхаваўчы патэнцыял літаратурнай творчасці, то трэба мець на ўвазе не толькі яго ўздзеянне на чытацкую аўдыторыю, але і планамернае назапашванне ў пісьменніцкім асяроддзі.

Як студэнты традыцыйна шануюць сваіх дацэнтаў, так і ўсе людзі спакон веку прыслухоўваліся да жрацоў, філосафаў, навукоўцаў, пісьменнікаў. Яны ў грамадстве аўтарытэтныя ўзроўнем інтэлекту, крытычнасцю мыслення, удумлівай трактоўкай жыццёвых сітуацый. Безумоўна, кожны чалавек сам лічыць сябе досыць разумным і падрыхтаваным да перыпетый жыцця, але зверыць свае намеры і запланаваныя дзеянні з аўтарытэтам ён лічыць не толькі карысным, а нават неабход¬ным. Але для таго, каб стаць паважаным мудрацом, прыродных задаткаў мала. Гэтыя якасці фарміруюцца ўсё жыццё і ўсім жыццём. Вось таму і пісьменнікаўмудрацоў таксама трэба выхоўваць, і гэты працэс у грамадстве павінен быць прадукцыйна арганізава¬ны. Прывяду прыдатны, на мой погляд, прыклад, як гэта можна рабіць.

У свой час мы з галоўным рэдактарам газеты «Беларусь сегодня» Паўлам Ізотавічам Якубовічам вырашылі ўздзейнічаць на інтэлектуальную эліту грамадства адпаведнымі публікацыямі ў гэтым СМІ. У любой газеце павінны быць раздзелы і рубрыкі для ўсёй чытацкай аўдыторыі. Таму што хтосьці цікавіцца дзейнасцю Прэзідэнта краіны і ўрада, камусьці падабаюцца палітычныя эсэ, ёсць тыя, хто захапляецца гісторыяй сваёй Радзімы, многіх прыцягваюць агляды міжнароднага становішча, але ёсць і тыя, каму патрэбен перш за ўсё месяцовы каляндар, тэрміны пасынкавання памідораў у сябе на дачы, а то і толькі сканворд. Але калі чалавек адкрыў газету, ён прынамсі прагледзіць усё. А пісьменнікаў, навукоўцаў яшчэ і паслухаюць — што іх у публікацыях прыцягнула, што зацікавіла, што яны думаюць пра тую ці іншую падзею. Мудрацоў таксама трэба газетай азадачыць. І мы вырашылі пачаць серыю публікацый-разважанняў прафесара Міхаіла Іванавіча Вішнеўскага аб тым, як філосафы спазнавалі навакольны свет. Што зразумеў ва ўпарадкаванні прыроды Дэмакрыт, што да гэтага дадаў Арыстоцель. У чым быў не згодзен з Сакратам Платон, што прыўнеслі ў разуменне рэчаіснасці Кант, Расел, Шапенгаўэр, Маркс, Ленін, Салаўёў, Хайдэгер, Зіноўеў...

У газеце выйшла серыя артыкулаў і інтэрв’ю па гэтай тэматыцы. І падача матэрыялу там была адпаведнай — для людзей, якія ўмеюць думаць і аналізаваць. Напрыклад, у адным з артыкулаў прафесар Вішнеўскі, разважаючы пра складанасці дзяржаўнага будаўніцтва, заўважыў, што Аляксандр Македонскі вялікі палкаводзец, паўсвету заваяваў, а дзяржаву стварыць не змог... Для падрыхтаванага чытача зразумела ж, што не пра Македонскага ў дадзеным выпадку кажа філосаф.

Дарэчы, Міхаіл Іванавіч апублікаваў свае погляды на развіццё філасофскай думкі ў кнізе «Філасофія і метадалогія навукі». Думаю, яна будзе карысная кожнаму пісьменніку. І не толькі...
Выхаваўчую работу з пісьменнікамі Праўленню Саюза я прапаную ажыццяўляць у адпаведнасці з трыма ўстаноўкамі: не спрашчаць, не замыкацца, не адставаць.

Не спрашчаць. Лічу, што пісьменнік — гэта даследчык. Так было заўсёды. Леў Талстой, напрыклад, даследаваў успрыманне грамадствам вайны, Міхаіл Шолахаў — феномен данскіх казакоў, Іван Мележ — жыццё палешукоў. Мікалай Іванавіч Чаргінец ужо пільна вывучаў гераічнасць і чалавечыя трагедыі Вялікай Айчыннай і афганскай войнаў, Алесь Карлюкевіч — надзвычай высокі літаратурны патэнцыял на пухавіцкай зямлі, Алесь Бадак — няпростыя адносіны асобы і грамадства, Людміла Рублёўская — мудрагелістыя перапляценні гістарычных фактаў і легенд. Так ці інакш — гэта своеасаблівыя навуковыя пошукі. Таму на адным з пісьменніцкіх сімпозіумаў я заўважыў, што там не хапае прысутнасці тых жа філосафаў, навукоўцаў, у тым ліку фізікаў, матэматыкаў, біёлагаў, хімікаў. У сваім выступленні на тым форуме я казаў, у прыватнасці, пра тое, што сучасны пісьменнік хаця б у агульных рысах павінен ведаць і разумець законы квантавай фізікі. Чаму? Таму што жыццё грамадства таксама арганізуецца па імавернасных законах. Ды часам і чытачам можна прадэманстраваць адпаведныя веды. Напрыклад, спытаюць яны ў вас, што такое элементарная часціца. А вы адкажаце — гэта энергія! Яны ўсё адно нічога не зразумеюць, а думаць пра вас будуць добра.

У пісьменнікаў ёсць і свае, профільныя, галіновыя навуковыя праблемы. Да іх, напрыклад, можна аднесці даследаванне асноўных кірункаў развіцця сучаснай літаратурнай творчасці, вывучэнне крэатыўных магчымасцей штучнага інтэлекту, вызначэнне для школь¬ных і ўніверсітэцкіх навучальных праграм балансаў класічнай, сусветнай і айчыннай літаратуры, моўныя і мноства іншых праблем. Ёсць над чым разважаць.

Мне могуць сказаць — добра, згодны. Пісьменнік — гэта даследчык. Ён не павінен спрашчаць выкладанне сваіх разважанняў, абавязаны абгрунтоўваць зробленыя ў сваіх творах высновы і прагнозы. І прыклады прыведзены ў доказ такой устаноўкі добрыя. Раіць і прапаноўваць лёгка. А сам? Як сам рэалізуеш гэты прынцып — не спрашчаць, грунтоўна даследаваць, знаходзіць у літаратурнай творчасці знешне схаваныя ад людзей заканамернасці? Спрабаваў! У кнізе «Мой фізмат» імкнуўся вывучыць унутранае ўпарадкаванне ўніверсітэцкага жыцця з пазіцый функцыянавання фізіка-матэматычнага факультэта. У працы «Рэктары» спрабаваў паказаць значнасць для развіцця грамадства кагорты гэтых людзей, а ў кнізе «Пра матэматыку і матэматыкаў» вывучаў магчымасці навуковай творчасці ў адной асобна ўзятай краіне. Як гэта атрымалася — меркаваць ужо не мне.

Даследчы падыход да літаратурнай творчасці дае часам і зусім нечаканыя вынікі. Напрыклад, чытачы кнігі «Пра матэматыку і матэматыкаў» заўважылі яе патрыятызм. Прадметны! Яны мне пісалі, што яшчэ больш сталі ганарыцца сваёй краінай, даведаўшыся, што беларускія матэматыкі рашалі задачы, непасіль¬ныя іх калегам з іншых краін.

Не спрашчаць. Але гэта не азначае пісаць мудрагеліста, складана, недаступна для шырокага кола чытачоў. Малодшым школьнікам не трэба выкладаць нават мастацкай мовай квантавую механіку, але аўтар кніг для гэтых дзяцей павінен ведаць, што яна ёсць і рэзультатыўна працуе. У гэтым выпадку трэба пісаць на зразумелай для адпаведнага ўзросту мове, але абгрунтавана, з улікам усяго аб’ёму чалавечых ведаў. Згодзен, гэта асаблівае майстэрства — пісаць для дзяцей значна складаней, чым для дарослых. І яшчэ трэба ўлічваць тое, што сучасным дзецям праз той жа TikTok ужо вядомы шматлікія навуковыя факты. Бяда толькі ў тым, што яны не сістэмныя і вельмі павярхоўныя.

Не замыкацца. Пісьменнік заўсёды быў грамадскім дзеячам. Толькі седзячы за пісьменніцкім сталом, мала што спазнаеш у жыцці. Нават з кнігамі, тэлевізарам і інтэрнэтам. Трэба ісці ў людзі! Гэтая формула не састарэла. У жыццё трэба акунуцца, сустрэцца з рознымі людзьмі, пагутарыць з імі, зразумець, чаго яны хочуць і што прапаноўваюць. А калі яшчэ і пакіраваць імі, разумеючы, што любое новаўвядзенне яны прымаюць далёка не адразу, іх трэба доўга і грунтоўна пераконваць. І не кожнага пераканаеш, а рабіць усё адно трэба. Пры гэтым неабходна самому паверыць у перспектыўнасць прынятых рашэнняў. Вось дзе выхоўваецца пісьменнік і фарміруецца яго творчы патэнцыял. Мы замкнуліся ў сваіх «тусоўках». Прэзентуем адзін аднаму свае кнігі, захапляемся ці сварымся, але толькі паміж сабой. Іван Шамякін узначальваў Вярхоўны Савет БССР, Якуб Колас быў намеснікам Прэзідэнта АН БССР, сярод членаў гэтай акадэміі былі Пятро Глебка, Іван Навуменка і многія іншыя беларускія пісьменнікі. Яны стаялі ў адным шэрагу са знакамітымі навукоўцамі-фізікамі, матэматыкамі, хімікамі... Афіцыйна прызнаныя даследчыкі! А цяпер у шэрагах акадэмікаў няма ні педагогаў, ні псіхолагаў, ды і пісьменнікаў зусім мала. Але гэта ў першую чаргу наша віна. Пісьменнікам трэба абараняць дысертацыі, загадваць кафедрамі, балатавацца ў акадэмікі, вылучацца ў дэпутаты. Не замыкацца. І тады пісьменніцкіх назіранняў для выдання новых раманаў будзе значна больш.

Не адставаць. Блогер — гэта пісьменнік ці не? Яго ж слухаюць ці чытаюць мільёны падпісчыкаў. Існуе меркаванне, што тыя, хто чытае кнігі, заўсёды будуць кіраваць тымі, хто глядзіць тэлевізар. А жыццё сёння паказвае, што талковых кіраўнікоў становіцца ўсё менш. Не чытаюць? Відаць, і тэлевізар ужо не глядзяць. Усе ў телеграм-каналах. Іх бы паспець за дзень прагледзець. Таму пісьменнікам, каб не адстаць, не варта засяроджвацца толькі на напісанні і выданні кніг. Вельмі патрэбны арыгінальныя, сучасныя сцэнарыі фільмаў і п’есы для спектакляў, душэўныя песні і займальныя мультфільмы, чароўныя казкі і праніклівыя вершы. Усё трэба. Але і падаваць іх давядзецца ўсімі спосабамі — праз непасрэдныя зносіны з чытачамі, праз асабісты блог, праз экран і, безумоўна, праз кнігу.

Мне бачыцца, што ў выхаванні пісьменнікаў можна кіравацца пазначанымі прынцыпамі. Тады і чытачоў мы правільна выхаваем. Праўленню Саюза пісьменнікаў Беларусі ў развіцці літаратурнага патэнцыялу ў выхаванні трэба ў першую чаргу задзейнічаць пісьменнікаў. Таму што яны ствараюць школьныя і ўніверсітэцкія праграмы па літаратуры, пішуць навучальную, метадычную і мастацкую літаратуру для школьнікаў і студэнтаў і тым самым шмат у чым фарміруюць ідэалагічныя ўстаноўкі, прывіваюць мастацкі густ, дапамагаюць чалавеку знайсці сваё месца ў жыцці, адбыцца як карысная грамадству і самому сабе асоба. Таму я і сцвярджаю, што выхоўваць трэба і выкладчыкаў жыцця — пісьменнікаў. Хоць паважаная Таццяна Мікалаеўна Кузьміна са мной можа і не пагадзіцца.

Аляксандр РАДЗЬКОЎ, доктар педагагічных навук, прафесар

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.