Вы тут

Найлепшых студэнтаў Віцебшчыны запрасілі на навагодні баль


Больш за 90 таленавітых студэнтаў устаноў адукацыі Віцебшчыны сабраў традыцыйны абласны баль, які прайшоў напярэдадні Новага года на пляцоўцы «Паўночнай сталіцы».


Абласны навагодні баль для навучэнскай і студэнцкай моладзі праводзіцца штогод у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая праходзіць пад патранатам Прэзідэнта нашай краіны. Сёлета «разынкай» святочнага мерапрыемства стала яго крыштальная тэматыка, якая чырвонай ніткай праходзіла праз афармленне залы, шматлікіх фотазон, пышных сукенак. А крыштальныя бутаньеркі для юнакоў і дзяўчат стварылі ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы.

Гэтым цёплым снежаньскім вечарам на баль прыбылі найлепшыя студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці, навучэнцы Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў, Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага, сярод якіх выдатнікі вучобы, пераможцы розных конкурсаў і алімпіяд, актывісты, валанцёры, спартсмены. Многія з іх занесены на Дошку гонару сваёй установы, адзначаны граматамі і падзякамі, з’яўляюцца ўладальнікамі персанальных стыпендый.

Павіншаваць удзельнікаў балю з надыходзячымі святамі прыехалі пачэсныя госці, у ліку якіх кіраўніцтва паўночнага рэгіёна, навучальных устаноў і арганізацый вобласці. «Па добрай традыцыі гэтае свята аб’яднала найлепшых студэнтаў, кадэтаў, навучэнцаў, якія дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, навуковым і грамадскім жыцці, творчасці, спорце. У Год міру і стваральнай працы вашы поспехі і адкрыцці — яркі прыклад патрыятызму, адданасці роднай краіне і абранай справе. Дзяржава дае вялікія магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу моладзі: бясплатную адукацыю, магчымасць карыстацца найноўшымі распрацоўкамі і тэхналогіямі, рэалізоўваць перспектыўныя ініцыятывы і многае іншае. У кожным з вас закладзены найлепшыя нацыянальныя рысы: працавітасць, адказнасць, павага да нашай краіны, яе гісторыі і традыцый. З упэўненасцю можна сказаць, што з вас атрымаюцца высакакласныя спецыялісты, якія праславяць родную Віцебшчыну і Беларусь», — зачытаў віншавальны адрас старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна яго намеснік Вячаслаў Дурноў і дадаў, што на балі сабралася самая таленавітая, актыўная, крэатыўная і мэтанакіраваная моладзь. Той шлях, па якім яны ідуць, не заўсёды лёгкі, але цікавы і запамінальны.

Найлепшыя студэнты і навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці былі адзначаны ўзнагародамі аблвыканкама.

Як і належыць сапраўднаму балю, юнакі і дзяўчаты ў суправаджэнні Сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі акунуліся ў свет паланэза, вальса, кадрылі, полькі. Плаўным і ўпэўненым рухам пар на паркеце папярэднічалі шматлікія рэпетыцыі. Так, чацвёртакурснікі Полацкага кадэцкага вучылішча Глеб Семянік і Дар’я Гурчонак былі запрошаны на абласны баль упершыню. «Было складана сумяшчаць рэпетыцыі ў Віцебску з вучобай, аднак гэта каштавала таго, каб апынуцца тут. Атмасфера цудоўная, яна стварае асаблівае адчуванне Новага года», — падзялілася пара.

Дарэчы, кадэты на балі асабліва вылучаліся выпраўкай. Сёлета Полацкае кадэцкае вучылішча за плённую дзейнасць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення ўзнагароджана прэміяй «За духоўнае адраджэнне», а Віцебскае кадэцкае вучылішча па выніках навучальнага года 2022/2023 стала найлепшай установай у сістэме кадэцкай адукацыі нашай краіны.

Быў запрыкмечаны сярод галантных кавалераў студэнт трэцяга курса Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзіслаў Вугалеў. Для яго адыходзячы год запомніўся грандыёзным праектам «Студэнт года». Пераможца абласнога этапу на «рэспубліцы» падзяліў трэцяе месца са студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

У завяршэнні свята ўдзельнікі атрымалі навагоднія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Скончыўся крыштальны баль святочным феерверкам.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.