Вы тут

Як выбарчая кампанія паспрыяла дыялогу паміж моладдзю і ўладай


Чаму важна ісці на выбары? Якая роля мясцовых Саветаў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі? Хто адказвае за бяспеку падчас выбарчай кампаніі? Які працэнт моладзі павінен быць у парламенце? На гэтыя і іншыя пытанні студэнты ГрДУ імя Я. Купалы атрымалі адказ ад першых асоб вобласці, парламентарыяў і дэпутатаў падчас дыялогавай пляцоўкі «Моладзь і выбары — формула адказнасці».


Выбарчая кампанія ў краіне стартавала. У Гродзенскай вобласці праведзена значная арганізацыйная работа. Створана 60 акруг па выбарах дэпутатаў у абласны Савет дэпутатаў 29 склікання. Сфарміраваны выбарчыя камісіі і пачаўся этап вылучэння кандыдатур. Як вядома, сёлетняя кампанія прадугледжвае выбары дэпутатаў усіх узроўняў — ад сельскіх Саветаў да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Моладзь таксама не застаецца ў баку ад грамадска-палітычнага жыцця краіны.

— Абласныя ўлады падтрымалі ініцыятыву дэпутатаў абласнога маладзёжнага Савета аб правядзенні такой сустрэчы, дзе можна атрымаць кампетэнтныя адказы на хвалюючыя пытанні, — зазначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. — Вырасла новае пакаленне маладых людзей, якія ідуць на змену сваім бацькам. Улада павінна быць побач з моладдзю, каб дапамагчы фарміраваць адказнасць за сучаснасць і будучыню Беларусі.

Выбары — неад’емны працэс развіцця кожнай дэмакратычнай дзяржавы, адна з формаў удзелу грамадзян у яе ўпраўленні. Гэта магчымасць прыняць удзел у абранні тых, каму выбаршчыкі давяраюць далейшае развіццё краіны. Па словах рэктара ГрДУ імя Я. Купалы Ірыны Кітурка, звыш 6 тысяч студэнтаў ВНУ прымуць удзел у электаральнай кампаніі, з іх 3 тысячы чалавек ажыццявяць гэта права ўпершыню.

На думку старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка, задача спікераў сустрэчы — не навязаць свой пункт гледжання, а аргументавана дапамагчы знайсці адказ на пытанне «Чаму важна ісці на выбары?». Між тым змены ў Канстытуцыі, якія былі прыняты ў мінулым годзе, даюць больш шырокія магчымасці для рэалізацыі палітычных амбіцый моладзі. Гэта ўдзел у партыйным будаўніцтве, рабоце мясцовых Саветаў, грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікі моладзі могуць стаць дэлегатамі УНС.

— Будучыня любой краіны вызначаецца ў кабінках для галасавання, а не на плошчах. І калі мы не скарыстаемся сваім правам вызначаць сваю будучыню, у кагосьці можа з’явіцца спакуса вызначаць гэту будучыню за нас менавіта праз вулічныя акцыі. Але ні адна краіна, дзе змена ўлады адбылася праз плошчы, не змагла забяспечыць устойлівае развіццё і шчасце сваім грамадзянам. А мы хочам, каб будучыня нашай краіны была звязана з развіццём, бяспекай, каб мы не толькі захавалі тое, што маем, але і прымножылі здабыткі. Тады і наступныя пакаленні будуць жыць у камфортнай краіне і ганарыцца тым, што яны грамадзяне Беларусі. Таму мы гатовы сустракацца на такіх пляцоўках, дыскутаваць, — адзначыў Уладзімір Каранік.

Падчас сустрэчы маладыя ўдзельнікі даведаліся, як працуе беларускі парламент і колькі маладых прадстаўнікоў у заканадаўчым органе. Як расказала член Савета Рэспублікі Эльвіра Сарока, падчас работы парламента сёмага склікання было разгледжана звыш 320 законапраектаў, больш за 200 законаў прынята. У іх ліку тыя, што завяршаюць канстытуцыйнае будаўніцтва. Гэта законы аб Прэзідэнце, аб палітычных партыях, аб Усебеларускім народным сходзе. Будучая электаральная кампанія завершыць працэс маштабных палітычных пераўтварэнняў краіны.

Аб удзеле маладых парламентарыяў у заканадаўчай дзейнасці расказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Алена Патапава. Яна прывяла такую статыстыку. 

У ніжняй палаце парламента моладзь складае 10% агульнай колькасці дэпутатаў. Гэта людзі, чый узрост на момант абрання не перавышаў 35 гадоў. Дарэчы, сёння ў парламенце працуе і самы малады дэпутат за ўсю гісторыю беларускага парламентарызму. Пачынаецца новая электаральная кампанія, і маладыя людзі, якія дасягнулі 21 года, могуць паспрабаваць ступіць на палітычны шлях.

Удзельнікаў сустрэчы цікавілі і тэхнічныя пытанні будучых выбараў. Напрыклад, якія меры бяспекі будуць прыняты, а таксама ці не плануецца зрабіць бюлетэні рознага колеру, каб выбаршчыкі не блыталіся падчас галасавання. Што датычыцца мер бяспекі, яны, па словах памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева, будуць беспрэцэдэнтнымі. Усе моманты адпрацаваны, усе нестандартныя сітуацыі ўлічаны. Ніякіх інцыдэнтаў, у тым ліку нападзенняў на членаў камісіі альбо прадстаўнікоў аховы парадку, дапушчана не будзе. Кожны з выбаршчыкаў можа быць упэўнены ў бяспецы.

А вось на пытанне, ці будуць адрознівацца бюлетэні пры галасаванні, пакуль канкрэтнага адказу няма, хоць пытанне такое разглядаецца. Сапраўды, чалавек атрымае на рукі чатыры, у іншым выпадку тры бюлетэні і можа заблытацца. 

З боку гродзенцаў паступіць такая прапанова ў Цэнтральную выбарчую камісію. Магчыма, бюлетэні будуць адрознівацца па колеры ці неяк інакш. Ва ўсялякім выпадку дапамогу падчас выбараў будуць аказваць валанцёры.

У іх ліку і ўдзельніца сустрэчы, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Мілана Шаргаева. Яна заўважыла, што падчас дыялогавай пляцоўкі даведалася шмат карыснага. Студэнтка ўпэўнена, што гэты вопыт дапаможа ёй у будучай дзейнасці, грамадскім жыцці.

На думку студэнткі 2 курса філалагічнага факультэта Уладзіславы Мотыль, адкрыты дыялог дапамог ёй больш поўна ўвайсці ў выбарчую сістэму, зразумець механізм яе дзейнасці, а галоўнае — зразумець важнасць удзелу ў выбарчай кампаніі. Яна, як і іншыя студэнты, прынялі да ведама прапанову губернатара зняць невялікі ролік, у якім яны раскажуць, чаму вырашылі ісці галасаваць на выбарах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.