Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Сітуацыя ў меліярацыі далёкая ад ідэальнай


«Меліярацыя — тэма для Беларусі не новая, але найважнейшая для сельскай гаспадаркі», — адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка год таму на пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады па аднаўленні і выкарыстанні меліяраваных зямель у Талачынскім раёне. Да гэтага пытання вярнуліся і на адпаведнай нарадзе, якая ў аўторак прайшла ў Палацы Незалежнасці з удзелам кіраўнікоў дзяржаўных органаў і старшыняў аблвыканкамаў. На парадак дня таксама было вынесена і пытанне развіцця ЗАТ «Беларуская Нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя». Гэтыя пытанні Аляксандр Лукашэнка назваў найважнейшымі. 


Гэта вельмі важны для краіны праект

«Ужо год, як адбылося ўрачыстае адкрыццё ўнікальнай маштабнай вытворчасці БНБК. Мы ганарымся гэтай вытворчасцю. Для старту яе работы былі створаны ўсе ўмовы. І мы дамовіліся, што будзем усяляк падтрымліваць праект. Аднак па прадстаўленых дакументах бачу, што справы ідуць не зусім так, як планавалі», — адзначыў Прэзідэнт. Камітэт дзяржаўнага кантролю, якому было даручана самым сур’ёзным чынам прарэвізаваць работу БНБК дакладвае: ёсць істотныя недапрацоўкі і праблемы па загрузцы магутнасцей завода, збыце гатовай прадукцыі. «Усё гэта негатыўна ўплывае на фінансавыя паказчыкі БНБК. Хацелася б пачуць ад урада выразны алгарытм ухілення ўсіх наяўных недапрацовак у рабоце прадпрыемства. Перш за ўсё — як рэалізуюцца вытворчыя планы і экспартная стратэгія? Ці патрабуюцца дадатковыя рашэнні для збалансаванага развіцця карпарацыі?» — акрэсліў асноўныя пытанні па гэтай тэме беларускі лідар.

«Я хачу, каб вы разумелі. Гэта іміджавы праект, вельмі важны тэхналагічны праект для нашай краіны», — дадаў ён. 

Меліярацыю трэба праводзіць па навуцы

Наступнае надзённае пытанне — меліярацыя. Яго абмеркаванне атрымалася жорсткім і прынцыповым. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што год таму прайшоў маштабны рэспубліканскі семінар-нараду, дзе вызначылі цалкам зразумелыя задачы. На семінары дамовіліся аб неабходнасці з 2023 па 2025 год аб’ёмы меліярацыйных мерапрыемстваў патроіць у адносінах да паказчыка 2021 года. «Як мне дакладвае профільны віцэ-прэм’ер Леанід Канстанцінавіч Заяц, патроілі ў гэтым годзе. Патроілі?» — запытаў кіраўнік дзяржавы. Леанід Заяц гэта пацвердзіў. 

«Але што мяне здзіўляе, зыходзячы з вашых пісанняў: усё паламана — з сотні траншэекапальнікаў толькі адзін працуе і іншае, іншае... Ратаваць трэба меліярацыю як галіну. Дык як жа вы павялічылі за гэты год? Вы што, рыдлёўкамі капалі траншэі? Ці вы хочаце жаданае выдаць за сапраўднае? Не атрымаецца», — заўважыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што ў 2023-м годзе губернатары абавязаліся ўвесці ў сельскагаспадарчае абарачэнне 110 тысяч гектараў меліяратыўных земляў. Рашэнні на ўзроўні Прэзідэнта па фінансаванні меліярацыйных работ і закупцы тэхнікі прыняты яшчэ ў сярэдзіне года. «То бок мы трыма пальцамі сабралі з усіх сфер і галін грашовыя рэсурсы і прадставілі іх для меліярацыі. Аднак, як мне дакладваюць, у асобных абласцях сітуацыя з выкананнем далёкая ад ідэальнай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Для выпраўлення сітуацыі ўрад з аблвыканкамамі ініцыюе змяненне структуры работ з канцэнтрацыяй рэсурсаў на культуртэхнічнай меліярацыі. Аднак, як заўважыў, кіраўнік дзяржавы, культуртэхніка і меліярацыя — розныя рэчы. «Культуртэхніка — гэта там, дзе мы „загадзілі“ сельскагаспадарчыя ўгоддзі і там пачаў расці хмызняк — яго трэба высякаць, прыводзіць сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў нармальны выгляд. Вось яна, культуртэхніка. А меліярацыя — гэта ўжо больш сур’ёзная рэч. Гэта там, дзе трэба капаць, дзе трэба каналы пракладваць ці аднаўляць. Дзе трэба пракладваць дрэнаж, каб з палёў прыбраць залішнюю вільгаць. Гэта ўжо больш сур’ёзная рэч. — растлумачыў Прэзідэнт. — Не атрымалася капаць і пракладваць дрэны, ратаваць сельскагаспадарчыя ўгоддзі сур’ёзным чынам — вы мне падкідваеце ініцыятыву ўсё гэта перавесці ў культуртэхнічныя работы. А заўтра вы прапануеце за грошы, якія пушчаныя на меліярацыю (больш сур’ёзныя грошы) перакінуць на высяканне хмызнякоў. Дык вось маё рашэнне, Раман Аляксандравіч (прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка — прым), хмызнякі будзеце высякаць сякерай і рыдлёўкамі». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што культуртэхнічныя работы павінны праводзіць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а меліярацыю трэба праводзіць па навуцы. 

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яго ўражваюць адносіны службовых асоб да такога важнага пытання як меліярацыя. «Мной імем рэвалюцыі прынята рашэнне аб фінансаванні гэтых работ. Я вас папярэджваў, што мы адрываем, як я часта кажу, ад лекаў і іншага для таго, каб выратаваць землі сельскагаспадарчага прызначэння. Чаму? Таму што восем мільярдаў долараў экспарт па сельгаспрадукцыі. Чаго нам не хапае? Зямлі, зямельных рэсурсаў. Дык у нас жа прастойвае паўмільёна гектараў, як мінімум, болей нават — тое, што мы намецілі па меліярацыі. Трэба выратаваць тое, што сёння трэба і можна выратаваць», — заявіў ён. Пры гэтым, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, ёсць выпадкі жудаснага стаўлення да тых зямель, дзе правялі меліярацыю. У гэтыя землі ўкладзены вялізныя сродкі, але вада як стаяла, так і стаіць і патрэбных вынікаў на гэтай тэрыторыі няма. 

«А я вас папярэджваў: як у савецкія часы, падрыхтавалі плошчы — перадайце кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства. І няхай кіраўнікі райвыканкамаў, аблвыканкамаў нясуць за гэта адказнасць», — сказаў беларускі лідар. 

Падыходзіць трэба па-гаспадарску

Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу, што на больш чым 10 тысячах гектараў (у Гродзенскай вобласці — 2,2 тысячы, Віцебскай і Магілёўскай — па 4,3 тысячы) прапаноўваецца правесці не рэканструкцыю меліярацыйных сістэм, а работы па ўборцы кустоў, ачыстцы каналаў, раскарчоўцы і іншыя. «Ну дык карчуйце — якія вам грошы? Утрымліваць меліярацыйныя каналы ў чысціні і парадку, своечасова абслугоўваць, каб кожны кавалак зямлі быў у севазвароце, — святы абавязак уласніка (прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм і сельгасарганізацый). Па якой прычыне гэта не зроблена? І мне не трэба канстатацыя фактаў», — сказаў ён. Савет Міністраў спасылаецца на высокую ступень зносу траншэякапальнікаў. На гэта Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз іранічна заўважыў, што не разумее, як пры дрэнным стане тэхнікі ўдалося ўтрая павялічыць аб’ёмы меліяратыўных работ. «Гэта значыць, Леанід Канстанцінавіч (віцэ-прэм’ер Леанід Заяц — прым), вы хлусіце па выкананні аб’ёмаў ці ў вас траншэекапальнікі не на ладан дыхаюць. Мне няважна, вы хлусіце, ці старшыні райвыканкамаў ці вашы меліяратары. — заявіў Прэзідэнт. 

Таксама адной з праблем, якая перашкаджае эфектыўнаму правядзенню меліярацыі, называецца адсутнасць праектнай дакументацыі на ўсю плошчу меліяратыўных сістэм. «Што ж гэта за праблема — ўзяць старую дакументацыю? Я ж вас не штурхаю новыя меліяратыўныя сістэмы асвойваць, а тыя, што былі асвоены ў савецкія часы. Іх трэба аднавіць. Усё. Не трэба больш лезці ў лясы і балоты. Аднавіце гэтых паўмільёна гектараў і інакш будзем весці размову», — сказаў Прэзідэнт. 

Камбайн і трактар павінны працаваць не менш 15 гадоў

Па звестках урада, у краіне ёсць 101 траншэякапальнік, з якіх 99 поўнасцю зношаныя.«Скажы шчыра: ты падпісаў тое, што табе падсунулі, ці сам палічыў?» — удакладніў Прэзідэнт у прэм’ер-міністра. «Кожны, вядома, не правяралі», — адказаў Раман Галоўчанка. «Дык не падпісвай тое, што не правяраў. Пакліч іх і скажы, як можна з сотняй, якія няспраўныя, у тры разы павялічыць аб’ёмы. Гэта ж на паверхні», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што была дасягнута дамоўленасць няспраўную тэхніку адпраўляць у цэнтры аднаўлення і там яе рамантаваць. Вельмі важна, што адноўленая ў такіх цэнтрах тэхніка каштуе ў два, а некаторыя адзінкі і ў тры разы менш, чым новыя. «У нас тэхніка адпрацавала восем гадоў і яна амартызавалася. Я вас папярэджваў наконт амартызацыі: нічога не павінна амартызавацца. Усё павінна быць адноўлена і працаваць. Камбайн, трактар энерганасычаны павінны працаваць не менш за 15 гадоў. Вось вам уся амартызацыя. Я сам гэта ўсё прайшоў, я ведаю, што гэта такое», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што недапушчальна за некалькі гадоў гробіць тэхніку, кідаць яе пад плот і закупляць новую. 

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што год таму даручыў правесці інвентарызацыю меліярацыйнай тэхнікі і прыняць усе неабходныя меры па яе аднаўленні, рамонце і захаванасці. Ён спытаў, калі будзе вынік. 

«Калі з красавіка месяца не пачнуць працаваць усе траншэекапальнікі, якім там павінны быць на уліку — усіх пасадзіць. Публічна вас папярэджваю». — паставіў задачу Прэзідэнт кіраўніцтву Камітэта дзяржаўнага кантролю. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што лягчэй і выгадней адрамантаваць гэтую тэхніку, чым вырабіць новую. Але дзе трэба, варта і вырабіць паўтара дзясятка траншэекапальнікаў. 

Прэзідэнт нагадаў, што ў студзені 2023 года яму дакладвалі, што на падставе заявак меліярацыйных арганізацый распрацавалі і зацвердзілі план вытворчасці спецыялізаванай тэхнікі кампаніі «Амкадор» і стварэння сэрвісных цэнтраў па яе гарантыйным абслугоўванні. «Дзе гэта? — спытаў ён. — вы ж прыходзілі і плакалі за „Амкадор“, што дапамагчы трэба. Грошы выдзелілі. Мы куды грошы выдзяляем?». Як далажыў намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык, сёлета засталося паставіць 6 траншэякапальнікаў. Да новага года яны ўсе будуць перададзены ў гаспадаркі, запэўніў ён. Але Прэзідэнт прывёў іншыя лічбы: з запланаваных да пастаўкі на 2023 год 188 адзінак амкадораўскай тэхнікі на 12 снежня пастаўлена ўсяго 64. А шматкаўшовых траншэякапальнікаў таго ж плана — толькі адзін (!) з 14. 

Аляксандр Лукашэнка запытаў, наколькі абгрунтаваны падыходы да змянення структуры меліярацыйных работ у кантэксце дзяржаўнай задачы па маштабнай рэканструкцыі меліярацыйных сістэм да 2025 года. Гэты пытанне ён назваў галоўным. 

«Мяне забівае, што вы займацеся паказухай»

Прэзідэнт расказаў, што бачыць сітуацыю з меліярацыяй, пралятаючы над краінай на верталёце. Напрыклад, у Мінскай вобласці ёсць землі, якія патрабуюць выратавання, але гэтым не займаюцца. А ў Шклоўскім раёне, на малой радзіме Прэзідэнта, усё прыведзена ў парадак. «Мяне забівае тое, што вы паказухай займаецеся. Я ж па ўсёй краіне лятаю, я ж бачу, дзе вы працуеце, дзе — не. І адсюль нарадзілася гэтая меліярацыя. Адсюль я разумею, што гэтыя землі трэба выратаваць. Нам трэба гэта выратаваць і зрабіць задзел для нашых дзяцей, каб яны разумелі, як працаваць», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт спытаў, якія ўражанні ад меліярацыі ў прэм’ер-міністра. Адказваючы на гэта пытанне, Раман Галоўчанка пачаў з таго, што апошнія дзесяць гадоў гэтаму пытанню не ўдзялялася належнай увагі. Гэта прывяло да дэфрагментацыі сістэмы кіравання меліярацыяй. «Адпаведнае падраздзяленне, якое працавала ў мінсельсгасхарчы і займалася вертыкалю меліярацыяй, было расфарміравана некаторую колькасць гадоў таму. Абласныя меліяратыўныя арганізацыі былі фактычна ў свабодным плаванні», — сказаў ён. Раман Галоўчанка адзначыў, што ў пачатку мінулага года па даручэнні Прэзідэнта, Урад заняўся рэанімацыяй гэтай сістэмы. «Першае, з чым сутыкнуліся — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый. Карціна была абсалютна стракатаяя, недзе было ўсё развалена: тэхніка пад плотам, не было аб’ёмаў работ, людзі разбегліся. Трэба было ўсё гэта пералічыць, прааналізаваць кожную машыну», — расказаў кіраўнік урада. Прэзідэнт спытаў, хто панёс адказнасць за неахайнае стаўленне да тэхнікі. Раман Галоўчанка далажыў, што 100 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, заведзена 13 крымінальных спраў і 10 чалавек звольнены па дыскрэдытуючых абставінах. 

«Вы пакаралі, звольнілі, а яны ўжо ў прыватных структурах сядзяць і з вас пасмейваюцца. Немагчыма такое? Магчыма. Вось у гэтым стыль вашай працы. Мы тут рашэнне прынялі. А там што?», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт пацікавіўся пазіцыяй Камітэта дзяржаўнага кантролю. Старшыня КДК далажыў, што асноўнай праблемай застаюцца прыпіскі, прычым гэта характэрна для кожнай вобласці. «Самае страшнае — гэта тое, пра што вы гаварылі і па чым былі ўзбуджаны крымінальныя справы: калі была зроблена меліярацыя, але ўсё зарасло па новай. Гэта значыць, мы грошы проста закапалі. У гэтым выпадку і намі, і пракуратурай прымаюцца самыя жорсткія меры», — сказаў старшыня КДК Васіль Герасімаў. 

Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржаўнага кантроля бесперапынна кантраляваць ход работ па меліярацыі і дакладваць яму. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што меліярацыя — зона адказнасці не толькі ўрада, а перш за ўсё губернатараў

У тэму 

У краіне ёсць усё, каб падтрымліваць гэтыя землі ў парадку

Віцэ-прэм’ер Леанід Заяц расказаў журналістам, што падчас нарады Прэзідэнт раскрытыкаваў землекарыстальнікаў, якія неэфектыўна выкарыстоўваюць землі, перададзеныя для меліярацыі. Дзесьці не засяваюцца своечасова, дзесьці зарастаюць хмызняком. «Кожны, хто атрымаў такія землі, дзе патрачаны сродкі дзяржавы — павінен засяваць гэтыя палі і атрымліваць ураджай не горшы, чым з усіх астатніх плошчаў. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, уся меліярацыйная тэхніка, якая лічыцца сёння на балансе меліярацыйных арганізацый, павінна быць адрамантавана да красавіка. У краіне створаны спецыяльныя меліярацыйныя прадпрыемствы, якія абавязаны сёння выконваць тэхнічнае абслугоўванне гэтых зямель: падчышчаць каналы, высякаць кусты, сачыць за тым, каб не забалочваліся гэтыя землі. Наша рэспубліка валодае ўсім неабходным і арганізацыямі, і тэхнічнымі магчымасцямі, і кадравым патэнцыялам для таго, каб трымаць у парадку гэту тэрыторыю», — расказаў намеснік прэм’ер-міністра. 

Другім пытаннем нарады стала развіцё БНБК. «Прэзідэнт заслухаў даклады службовых асоб, кіраўнікоў БНБК і яшчэ раз нагадаў аб тым, што гэта вельмі патрэбнае прадпрыемства для Беларусі, яно значнае і павінна вырашаць праблемы ў жывёлагадоўлі», — сказаў Леанід Заяц. Па яго словах, было вырашана «ўмацаваць кіраўніцтва» БНБК прадстаўніком дзяржавы, на яго ўскладуць функцыю кантролю за работай прадпрыемства. Іншымі словамі, прадстаўнік дзяржавы будзе адказваць за стратэгію, а непасрэдны кіраўнік карпарацыі — за тактыку.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.