Вы тут

Прэзідэнт вызначыў кірункі супрацоўніцтва з Маскоўскай вобласцю


У якасці кіраўніка расійскага рэгіёна Андрэй Вараб’ёў наведвае Беларусь упершыню. У рамках візіту губернатар прыняў удзел у адкрыцці бізнес-форуму прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Маскоўскай вобласці, які праходзіць на базе Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», правёў шэраг сустрэч. Асноўная адбылася ў Палацы Незалежнасці.


Найлепшы паказчык за ўсю гісторыю супрацоўніцтва

На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што напярэдадні Новага года ёсць аб чым пагаварыць, у тым ліку вызначыць планы на будучы год. «Ёсць кірункі, па якіх мы можам узмацніць наша супрацоўніцтва, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Дзякуючы вашаму прафесіяналізму і каманды Маскоўская вобласць трывала ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў Расійскай Федэрацыі па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця».

Сталічны рэгіён Расіі — стратэгічны партнёр Беларусі. Па аб’ёме гандлю з нашай краінай Маскоўская вобласць займае першае месца сярод суб’ектаў федэрацыі. За 10 месяцаў 2023 года тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і ўжо перавысіў 9 мільярдаў долараў. Гэта значнае дасягненне з улікам высокай базы і істотнага росту ў 2022 годзе. Па прагнозах, сёлета ён будзе прыкметна вышэйшы за 10 мільярдаў долараў. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэта найлепшы паказчык за ўсю гісторыю супрацоўніцтва Беларусі з Маскоўскай вобласцю.

Гандаль паміж нашай краінай і гэтым расійскім рэгіёнам ажыццяўляецца практычна па ўсёй наменклатуры тавараў. Асноўныя з іх — бытавая тэхніка, прадукты харчавання, металапрадукцыя, лекавыя прэпараты, тэхніка, запчасткі да яе і многае іншае. «Зразумела, што такі ўзровень тавараабароту абумоўлены ў значнай ступені спецыфікай становішча Маскоўскай вобласці, якая ўяўляе сабой свайго роду лагістычны хаб і базу для далейшых паставак у іншыя расійскія рэгіёны», — патлумачыў Прэзідэнт. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, дылерства і гандаль — гэта добра, але яны занадта залежаць ад бягучай кан’юнктуры. «Вы, як чалавек дасведчаны, добра ведаеце, што задачай любога кіраўніка з’яўляецца стварэнне гарантый працаўладкавання і дабрабыту для людзей, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — У гэтых мэтах нам патрэбен сур’ёзны задзел у выглядзе вытворчасці ўласнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю на сумесных прадпрыемствах».

Ад сумеснай вытворчасці да імпартазамяшчэння 

Беларускі лідар прапанаваў абмеркаваць наступныя кірункі супрацоўніцтва Беларусі і Маскоўскай вобласці.

Першы — дарожнае будаўніцтва і тэхніка для жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Вы актыўна займаецеся тэмай дарожнага будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі, уражліва актыўна займаецеся, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Мне паведамляюць, што ў бягучым і наступным годзе маеце намер укласці значныя сродкі ў абнаўленне парку і набыцці тэхнікі беларускай вытворчасці. Нашы спецыялісты ў бліжэйшы час разам з вамі вызначаць неабходную спецыфікацыю, і, я даю вам слова, мы зробім усё неабходнае, каб адгрузкі пачаліся строга па графіку і мы выканалі ўсе абавязацельствы, якія будуць разгледжаны па дагаворы».

Другі — вытворчасць сухіх будаўнічых сумесяў на базе беларускага цэменту. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў гэтым не абмяжоўвацца і дадаць выраб бетону. Дадзены тавар мае больш высокую дабаўленую вартасць. Яго вытворчасць будзе арганізавана ў раёнах узвядзення буйных аб’ектаў жыллёвага і дарожнага будаўніцтва. Наша Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры гатова прапрацаваць з вашай камандай лагістыку і магчымасці размяшчэння бетоназмяшальных магутнасцяў на тэрыторыі вобласці».

Трэці — абслугоўванне, пастаўка запасных частак, гарантыя, фінансавыя інструменты. «Па дадзеных тэмах у нас вялікі вопыт у Расіі, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Але з дапамогай вашага рэгіёна мы хацелі б надзейна замацавацца, стварыўшы сур’ёзны сэрвісна-лагістычны хаб для гэтай часткі Расійскай Федэрацыі». 

Чацвёрты — медыцынскія паслугі і рэабілітацыя. «Вы праяўлялі да гэтай тэмы цікавасць, — нагадаў беларускі лідар. — Можаце на нас разлічваць. Многія масквічы і жыхары сталічнага рэгіёну ўжо пабывалі ў нашых здраўніцах, скарысталіся паслугамі медыцынскіх устаноў. Мы і далей будзем трымаць гэты ўзровень. Трэба зрабіць так, каб кошт камплектуючых, калі мы кажам аб медыцынскім абсталяванні, і паслуг не біў па кішэні звычайных, простых грамадзян. Гэта датычыцца і сертыфікацыі». Прэзідэнт расказаў, што даручыў паслу Беларусі ў Расіі Дзмітрыю Крутому прапрацаваць гэтае пытанне. 

Пяты — развіццё кааперацыйных сувязяў і стварэнне новых вытворчых ланцужкоў для імпартазамяшчэння. «Ведаю, вы вельмі актыўныя ў гэтым плане: імпартазамяшчэнне для вашай вобласці — прыярытэт прыярытэтаў, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — У вашым рэгіёне на шматлікіх стадыях знаходзіцца больш за 200 праектаў з агульным коштам пад 200 мільярдаў рублёў. Для нашай эканомікі гэтыя задачы таксама маюць першарадную важнасць. І ў гэтым плане мы назапасілі добры вопыт. Мы вельмі шмат, часта абмяркоўваем гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. І хачу з задавальненнем адзначыць, што, напэўна, лепш за ўсё мы працуем з Маскоўскай вобласцю». 

Шосты — агра-прамысловы комплекс. «Мы можам паспяхова дапаўняць адно аднаго і ў аграрным сектары, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Трэба толькі вызначыцца з найбольш перспектыўнымі тэмамі. Не сакрэт, што Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце мяса-малочных прадуктаў. Мы пастаянна мадэрнізуем свае прадпрыемствы, набываем новае абсталяванне, у нас ёсць магчымасці для аказання садзейнічання ў развіцці ў вас мяса-малочнай і малочна-таварнай вытворчасці, паставак элітнага насення беларускай селекцыі, высокапрадуктыўных кармоў і прэміксаў, а таксама ўгнаенняў. Ведаю, што ў вас ёсць кампаніі, якія вельмі паспяховыя ў гэтым плане, і вопыт для нас будзе вельмі важны». 

Сёмы — удзел беларускіх спецыялістаў у будаўніцтве шматлікіх аб’ектаў. «Значны патэнцыял бачыцца ва ўдзеле будаўнікоў у рэалізацыі праектаў у жыллёвым, сацыяльна-інфраструктурным і дарожным будаўніцтве, — адзначыў беларускі лідар. — Нашы прадпрыемствы гатовы прапанаваць не толькі будаўнічыя паслугі, але і тэхніку».

Восьмы — навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне. «Маскоўская вобласць валодае адным з найбуйнейшых у Расіі навукова-тэхнічным комплексам, і Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва па розных пытаннях навукова-тэхнічнай дзейнасці, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Думаю, мы маглі б сфарміраваць пэўны план навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва або, як модна казаць, дарожную карту па ўзаемадзеянні нашай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Маскоўскай вобласці».

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў імя будучыні нашых народаў неабходна даць усе магчымасці для зносін і ўзаемных паездак беларускай і расійскай моладзі. «Аб’яднаць маладое пакаленне сумеснымі мерапрыемствамі, доўгатэрміновымі праектамі, — канкрэтызаваў ён. — Думаю, вы са мной пагодзіцеся, што ва ўмовах цяперашніх рэалій гэта як ніколі актуальна».

Рэзюмуючы вышэй сказанае, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова да адкрытага прадметнага дыялогу па ўсіх вызначаных пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва. «Хачу вас запэўніць: калі мы дамовімся па пэўных пытаннях, у нас не будзе ні тармажэння, ні адступлення ад гэтых дамоўленасцяў, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нам Маскоўская вобласць для супрацоўніцтва ў рамках Расіі архіважная. Мала таго, што гэта найбуйнешая вобласць. Як я ўжо казаў, праз Маскоўскую вобласць мы можам супрацоўнічаць да Урала, з усёй заходняй Расіяй».

У сваю чаргу, Андрэй Вараб’ёў адзначыў: «Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой вельмі актыўны, суправаджае ўсе важныя напрамкі. Мы сёння тут для таго, каб выказаць павагу, падзяку за вашу пазіцыю, ваша стаўленне. Мы разумеем і цэнім значнасць нашага супрацоўніцтва, значнасць Беларусі ва ўсіх адносінах».

Па словах кіраўніка расійскага рэгіёна, Беларусь і Кітай для Маскоўскай вобласці з’яўляюцца двума самымі буйнымі партнёрамі па экспарце і імпарце. «Рэгіён вялікі. Мы з Масквой расцём амаль на 200 тысяч чалавек у год, і будаўніцтва ў нас вельмі прыкметнае. І сацыяльныя аб’екты, і дарожная інфраструктура — усё гэта мае патрэбу ў матэрыялах. Вядома, мы зацікаўлены. І калегі падабралі ўжо шэраг лакацый для арганізацыі такой вытворчасці», — адзначыў ён. Не выпадкова для Маскоўскай вобласці ўяўляюць цікавасць пастаўкі машынабудаўнічай тэхнікі з Беларусі.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


У тэму

У размове з журналістамі губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб’ёў распавёў, што супрацоўніцтва з нашай краінай ажыццяўляецца па многіх напрамках. «Мы любім Беларусь, — падкрэсліў ён. — Мае калегі-губернатары, сустракаючыся з Аляксандрам Рыгоравічам, падкрэсліваюць яго дзелавы настрой і прыкладныя пытанні, якія затым трэба будзе вырашаць — і яны даюць вынік».

Па словах губернатара, усе кірункі, якія падчас сустрэчы вызначыў Аляксандр Лукашэнка, маюць важнае значэнне і для развіцця Беларусі, і для развіцця Расіі, у прыватнасці Падмаскоўя. «Працоўныя месцы, падаткі, у нас вельмі вялікая будоўля ў Маскоўскім рэгіёне, і прадпрыемствы Беларусі заўсёды могуць знайсці сабе годнае месца і па пастаўцы матэрыялаў, і па выкананні работ, — патлумачыў Андрэй Вараб’ёў. — Другая вялікая тэма — усё, што датычыцца сельскай гаспадаркі і патэнцыялу экспарту прадукцыі за мяжу. 25 % рэгіянальнага прадукту Маскоўскай вобласці — гэта гандаль. У нас буйныя хабы, і гэта дазваляе вытворцам экспартаваць сваю прадукцыю ў розныя куточкі свету». 

Губернатар расказаў, што ў Падмаскоўі дзейнічаюць індустрыяльныя паркі, дзе размяшчаюцца вытворчасці. Прадугледжаны спецыяльныя ўмовы, у тым ліку фінансавыя — ільготныя крэдыты пад 5-7% гадавых. «Адпаведна і беларускія кампаніі могуць сябе ў гэтым знайсці, — дадаў ён. — Як сказаў Прэзідэнт, мы можам рэалізоўваць сумесныя мерапрыемствы. Гэта машынабудаванне, перапрацоўчая прамысловасць, выраб і глыбейшая перапрацоўка матэрыялаў, сыравіны. Усе гэтыя магчымасці ў нас ёсць».

Асобную ўвагу падчас сустрэчы з губернатарам Маскоўскай вобласці Прэзідэнт удзяліў культурнаму і адукацыйнаму абмену. «У нас, у Падмаскоўі, ёсць флагманскія школы, якія з вялікім задавальненнем прымуць хлопцаў і дзяўчат з Беларусі, і, адпаведна, прыедуць сюды для таго, каб пагутарыць, абмяняцца меркаваннямі, поглядамі, — заўважыў кіраўнік расійскага рэгіёну. — Выкладчыкі могуць абменьвацца методыкамі выхавання, выкладання. Усё гэта дазволіць нам лепш разумець адзін аднаго. Мы шануем адносіны з Беларуссю і хацелі б, каб у нас былі агульныя інтарэсы».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.