Вы тут

Светлы, незабыўны вобраз Яўгеніі Янішчыц ва ўспамінах знаёмага


Вобраз светлы, незабыўны...

Зямля — мая калыска,

Табе адной відаць,

Што немагчыма нізка

Ні падаць, ні ўзлятаць.

Яўгенія Янішчыц


Жэня, Яўгенія, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц... Гэтае імя, як і непаўторны вобраз паэткі, на ўсё жыццё запаў у маю душу і памяць пра яе.

Першае асабістае знаёмства (увачавідкі) з Яўгеніяй Іосіфаўнай Янішчыц у мяне надарылася пры наступных абставінах. На Мінскім моры ладзіўся рэспубліканскі семінар творчай моладзі. Увечары ў вялікай прасторнай зале, дзе не было куды нават яблыку ўпасці, сабраліся юнакі і дзяўчаты, пачаткоўцы і аматары паэзіі. На сцэне за доўгім сталом, аздобленым букетам прыгожых восеньскіх кветак, знаходзіліся масцітыя паэты: Мікола Аўрамчык, Васіль Зуёнак, а таксама маладзейшыя Алег Салтук, Яўгенія Янішчыц, якія цудоўна чыталі свае вершы. Запрасілі на сцэну і мяне. Я вельмі хваляваўся. І пры чытанні верша пра свайго дзеда Васіля, які прапаў без вестак на вайне ў 1944 годзе пры вызваленні Польшчы, ледзь не заплакаў.

Пасля вечарыны да мяне падышла тонкая, трапяткая, як вербная галінка пад восеньскім вятрыскам, Яўгенія Янішчыц, мовіла некалькі суцяшальных слоў наконт майго хвалявання і падаравала мне свой зборнік вершаў «Ясельда» з аўтографам і пажаданнямі шчасця 
і плёну ў творчасці.

А да гэтай незабыўнай сустрэчы, працуючы ў Бялыніцкім раёне аграномам, а пасля ў тамтэйшым райкаме камсамола, я на працягу пяці гадоў дасылаў свае вершы ў «Сельскую газету», дзе літаратурным кансультантам працавала Яўгенія Янішчыц.

На кожную дасланую мной падборку вершаў я атрымліваў ад яе лісты з дэтальным аналізам і шчырымі парадамі, як трэба дапрацаваць той ці іншы верш. Тым не менш амаль у кожным выпуску літаратурнай старонкі «Родники» я з хваляваннем і радасцю бачыў сваё імя. Гэтыя публікацыі мне надавалі сілы і натхненне для творчасці.

Неўзабаве з раёна мяне перавялі на працу ў лектарскую групу Цэнтральнага камітэта камсамола Беларусі, і я пачаў прыносіць вершы ў часопіс «Маладосць», дзе ў аддзеле паэзіі працавала Яўгенія Янішчыц. У той час вядомая шырокаму чытачу паэтка ўжо мела акрамя камсамольскай таксама і Дзяржаўную прэмію за кнігу вершаў «Пара любові і жалю».

Пры кожнай новай сустрэчы з ёй я адчуваў нейкі шчымлівы неспакой, незразумелую мне трывогу ў параненай, аголенай да кажнюткага жывога нерва душы Яўгеніі Іосіфаўны. У той час я не ведаў, што яна як чалавек, як жанчына, як маці перажыла асабістую трагедыю: раннюю смерць любага бацькі, здраду каханага мужа, аўтамабільную аварыю ў Магілёве, пасля якой, нібы нямоглае дзіцяці, некалькі тыдняў вучылася хадзіць самастойна. Увогуле, жыццё, як кажуць, давялося пачынаць з чыстага ліста.

Здавалася б, у Яўгеніі Янішчыц было шмат сяброў і сябровак — «добразычліўцаў, абдзеленых талентам». Але і яны, як кажуць, «па-чорнаму» зайздросцілі ёй. І гэты непрыхаваны боль спакутаванай душы паэтка літаральна выплёсквала ў свае цудоўныя творы. У гэтым быў адзіны паратунак ад зайздрасці, сквапнасці, зла. Яскравым сведчаннем таму з яўляюцца наступныя радкі з верша, прысвечнага дарагой матулі:

Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён

І цярплівасці вечнай — 

уголас не плакаць,

Апынуся калі сярод чорных варон, —

Я памру, ды не буду па-іхняму каркаць. 

Тым не менш шматлікія «чалавекалюбцы» не маглі дараваць духоўнай незалежнасці і распрыгоненасці душы паэткі ад жорсткіх праяў нашага будзённага жыцця. Памятаю наступны эпізод. У «Маладосці» была надрукавана мая паэма, прысвечаная ветэрану вайны, майму першаму настаўніку ў земляробчай агранаміі, старшыні калгаса «Рэвалюцыя» Быхаўскага раёна Аляксандру Пятровічу Кудраўцаву.

Як на крылах я прыляцеў у рэдакцыю часопіса і сказаў некалькі слоў шчырай падзякі за публікацыю паэмы Яўгеніі Іосіфаўне. У пакоі знаходзіўся яшчэ адзін супрацоўнік рэдакцыі. Пачуўшы мае словы, паэтка за нейкае імгненне змянілася з твару і дрыжачай рукой падсунула да мяне паперку з надпісам: «Змітрок, цішэй. К*** не наш чалавек».

Неўзабаве я падаў заяву на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў з рэкамендацыямі Леаніда Дайнекі, Раісы Баравіковай і Яўгеніі Янішчыц. Паспяхова прайшоў усе стадыі абмеркавання. Аб гэтым з радасцю ў голасе мне паведаміла Яўгенія Іосіфаўна. Але на пасяджэнні пісьменніцкай рады нехта з масцітых узняў пытанне. Сутнаць яго заключалася ў наступным: «Чаму на папярэдніх этапах абмеркавання не прайшлі некалькі прэтэндэнтаў з «Тутэйшых», а былы аграном, да таго ж яшчэ і нядаўні камсамольскі функцыянер прайшоў, як ка-
жуць, «без сучка і задзірынкі»...»

Карацей кажучы, рада мяне «зарэзала». Пасля кожны раз пры сустрэчы Алесь Пісьмянкоў ці то напаўжартам, ці то напаўсур’ёз усклікваў: «В Угличе зарезали Димитрия!..»

Мікола Мятліцкі пасля пасяджэння рады казаў, што, выйшаўшы ў вестыбюль, Жэня раптам пахіснулася і ледзь не страціла прытомнасць.

Праз некалькі дзён яе не стала.

Мой першы настаўнік, паэт Аляксей Васільевіч Пысін, як родную дачку любіў Яўгенію Янішчыц. Пысін, які прайшоў праз чатыры бязлітасныя франты Вялікай Айчыннай, не раз падкрэсліваў надзённасць, нават геніяльнасць радкоў паэткі пра траву: «Маладую даўно пакасілі, а старая няхай пацвіце». Гэтаму своеасабліваму крэда свайго імгненнага жыцця Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц засталася адданай да канца.

Асабіста я ад вялікай Цёткі да сённяшняга часу Яўгенію Янішчыц лічу Першай Паэткай Беларусі, падараванай нашай Радзіме самім Богам.

Калі хросным бацькам для мяне ў творчасці з’яўляецца Аляксей Васільевіч Пысін, то хросная маці, безумоўна, — Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц.

Вось некалькі лістоў, якія я ў розны час атрымліваў ад Яўгеніі Янішчыц.

1

Дзень добры, тав. МАРОЗАЎ!

Уважліва разгледжжаны два Вашых вершы «Сосны! Сосны!» і «Надаіла ў возеры даёнку».

I першы, і другі — слабыя ў мастацкіх адносінах. Складваецца нават такое ўражанне, што Вы прыспешваеце настрой да галоўнага яго асэнсавання. I таму — няўдалыя, вымушаныя хадавыя радкі накшталт: «Я заўсёды рады бясконца, сосны — струны майго жыцця!», «я трывожуся — струны напятыя звонам поўняць лясны абшар», «калі ж сонейка млявай жменяй дакранаецца струн маіх...» Колькі ўжо можна пра гэтыя «струны»!..

Няма адкрыцця і ў вершы «Надаіла 
ў возеры даёнку». А хацелася б у Вашых вершах бачыць перш за ўсё і сваю грамадзянскую пазіцыю. Таму яшчэ раз раю Вам не спяшацца, каб радкі былі не выпадковымі, а выкліканы не толькі пачуццём, а і глыбокім роздумам над жыццём, над нашым часам. З’явяцца новыя вершы — дасылайце.

                                          З пажаданнем поспехаў!

                                   Літкансультант Я. ЯНІШЧЫЦ

2

Добры дзень, тав. МАРОЗАЎ!

Уважліва разгледжаны тры Вашых вершы: «Запавет», «Я не хадзіў у штыкавую», «Балада пра партызана».

Першыя два напісаны добра. Буду прапаноўваць да друку. Вершу «Балада пра партызана» не стае баладнасці —
разгорнутага метафарычнага сюжэту, глыбокай, нечаканай арыгінальнай канцоўкі.

Падумайце, папрацуйце яшчэ раз над творам. Новы варыянт, а таксама новыя вершы — дасылайце.

                            З пажаданнем творчых поспехаў!

                                   Літкансультант Я. ЯНІШЧЫЦ 

3

Добры дзень, тав. МАРОЗАЎ!

Уважліва разгледжаны два Вашых вершы: «Над палямі цэлы тыдзень тчэцца» і «Патанулі ў ціхай рэчцы зоры».

Задума першага верша абсалютна ясная. Але асобныя радкі — «каласы, што радавалі сэрца, на зямлі счарнелыя ляжаць», «не суняць цяпер тугі бясконцай, бо ў палеглай мёртвай збажыне» ствараюць карціну, сапраўды, дужа «чорную». І апошнія радкі («прад табою, поле, зноў укленчу — абагрэю кволы каласок») не надаюць яму асаблівага дынамічнага напружання, таму што ва ўсім вершы — ні радка пра хлебаробскі клопат!

У другім вершы няблага гучыць вось такая настраёвая страфа:

Патанулі ў ціхай рэчцы зоры,

Цягне з градаў кмінам, агуркамі,

Певень з пеўнем за вярсту гавора

I звініць паветра кавалькамі.

Хаця радок «певень з пеўнем за вярсту гавора» нагадвае троху лермантаўскае «...и звезда с звездою говорит». Пашукайце для гэтага верша больш моцныя два апошнія радкі.

                                 З пажаданнем поспехаў!

                          Літкансультант Я. ЯНІШЧЫЦ

Змітрок МАРОЗАЎ


Памяці Яўгеніі Янішчыц

Над Ясельдай-ракой

Журлівая зіма

Малюе вобраз твой...

Няўжо цябе няма?

Што мела, аддала

Для крылаў маладых?..

Куды ж ты адплыла

Па веях снегавых?

Ні ценю ад вясла,

Ні лодачкі тваёй...

Свой век перажыла,

Зрабілася ракой.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.