Вы тут

Алег Васільеў: Мы рыхтуем сюрпрыз для супернікаў


У фігурным катанні — пік сезона. Менавіта, у снежні-студзені, фігурысты павінны паказваць свае найлепшыя вынікі. Для беларускіх спартсменаў гэтым пікам сталі міжнародныя спаборніцтвы «Кубак Сяброўства», якія праходзяць на лёдзе мінскай «Чыжоўка-арэны». Акрамя беларусаў свае лепшыя вынікі плануюць паказаць фігурысты з Расіі, Казахстана і Узбекістана. 


Фота БелТА

Гэта першы досвед правядзення міжнароднага клубнага турніру па фігурным катанні ў Беларусі.

—Пакуль Міжнародны саюз канькабежцаў трымае нас пад замком мы знайшлі выхад з гэтай сітуацыі і, не парушаючы ніякіх правілаў, праводзім клубны турнір. І мы бачым, што мы на правільным шляху: даем спартсменам магчымасць спаборнічаць са сваімі сябрамі і калегамі з розных краін, — адзначыў Алег Васільеў, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па фігурным катанні. 

Ужо другі год запар беларускія фігурысты не могуць выступаць на міжнародным лёдзе. А Міжнародны саюз канькабежцаў зусім не спяшаецца здымаць з іх бан. Усё гэта, зразумела, не можа не ўплываць на настрой спартсменаў. Таму, па словах Алега Васільева, у цэлым сітуацыя ў камандзе складаная. «Спорт — гэта штодзёнае пераадоленне сябе дзеля сваёй мэты. Зараз гэтай галоўнай мэты ў спартсменаў няма. Але яны працуюць не менш, чым прывыклі. Гэта складана не столькі фізічна, колькі псіхалагічна. І арганізацыя такіх турніраў як „Кубак Сяброўства“ дае фігурыстам магчымасць паспаборнічаць з моцнымі супернікамі на міжнародным узроўні і зноў знаходзіць мэты для пераадолення сваіх слабасцяў», — адзначыў Алег Васільеў. 

Нягледзчячы на міжнародны бан, сезон у фігурыстаў досыць насычаны. На мінулым тыдні прайшлі юніёрскія спаборніцтвы — «Алімпійскія дні моладзі». На наступным тыдні пройдзе чэмпіянат Беларусі. Пасля новага года – першынства краіны, фіналы Кубка Беларускага саюза канькабежцаў і Кубка Беларусі. У сакавіку пройдзе другі этап «Кубка сяброўства» у расійскім Саранску, дзе беларусы таксама будуць удзельнічаць. Сумаваць фігурыстам дакладна няма калі!

«У цэлым фігурысты ў сваёй тэхніцы растуць, вынікі паляпшаюцца. Асабліва гэта заўважна сярод юніёраў. Многія спартсмены ўжо валодаюць складанымі шматабаротнымі скачкамі, што і дэманструюць на спаборніцтвах. Ёсць відавочныя апярэджанні, засталося толькі дачакацца, калі нас дапусцяць на сусветныя старты і там паспаборнічаць з замежнымі супернікамі», — падкрэсліў Алег Васільеў. 

Фігурнае катанне — не той від спорту, у якім вынікі беларусаў можна карэктна супастаўляць з вынікамі спартсменаў, якія выступаюць на вялікіх міжнародных стартах. Тым не менш, тэхнічныя моманты і агульны ўзровень спартсменаў спецыялісты параўнаць могуць. 

— У нас ёсць магчымасць глядзець, як выступаюць астатнія фігурысты. На гэтых выхадных праходзіць фінал Гран-пры Свету па фігурным катанні. Усе глядзяць. У мужчынскім адзіночным катанні заўсёды было шмат моцных спартсменаў з розных краін, якія выконвалі складаныя скачкі. І Пётр Гуменнік з Расіі – адзін з тых, хто можа скласці канкурэнцыю. На мінскім лёдзе на „Кубке Сяброўства“ ён зрабіў сваю найбольш тэхнічна складаную камбінацыю у кароткай праграме — чвэртны лутц, трайны рытбергер, каскад. Гэта, мусіць, сёння самы складаны каскад, які можна зрабіць у кароткай праграме. Ці бачаць нашы сусветныя супернікі нас – не ведаю. Калі не бачаць, то мы рыхтуем для іх сюпрыз, – паўжартоўна кажа галоўны трэнер нашай зборнай. 

— Парнае катанне моцна правалілася без удзелу расійскіх пар. У танцах на лёдзе, напэўна, не так, бо ёсць шмат танцавальных дуэтаў, якія заўжды лідзіравалі. У жаночым адзіночным катанні без расійскіх спартсменак тэхнічныя недахопы відавочныя. Тое, што зараз адбываецца на этапах расійскага Гран-пры (дзе ўдзельнічаюць і беларускія спартсмены) і тое, што адбываецца на этапах міжнароднага Гран-пры ў жаночым адзіночным катанні — вялікая розніца не на карысць міжнароднай супольнасці. Мы глядзім за сваімі канкурэнтамі. Гэта прафесійна апраўдана і абгрунтавана: рана ці позна дзверы будуць адчыненыя і нам трэба разумець, з кім прыйдзецца змагацца. Ацэнкі ацэнкамі, але ёсць асобныя элементы і праграмы, паглядзеўшы і параўнаўшы якія, мы разумеем, куды рухацца, — адзначае Алег Васільеў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.