Вы тут

10 снежня пачнецца XIII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум


Два калектывы — з Ташкента (Узбекістан) і Самары (Расія), прэм’еры з удзелам зорак оперы, а таксама грандыёзны фінальны гала-канцэрт — з 10 па 15 снежня ў Вялікім тэатры Беларусі вось ужо ў трынаццаты раз пройдзе Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.


Напярэдадні гэтай вялікай культурнай падзеі у Вялікім тэатры зладзілі прэс-падыход, на якім арганізатары адказалі на пытанні наконт правядзення музычнага свята.

— Канцэпцыя форуму грунтавалася на некалькіх падыходах, — адзначыла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. — Першы — гэта безумоўна ўдзел у поўным складзе труп нашых тэатраў-партнёраў, з якімі мы правялі перагаворы і ўступаем у актыўнае творчае ўзаемадзеянне. Другі — гэта паказ нашых прэм’ер. Трэці, вельмі важны,— агляд творчай моладзі Вялікага тэатра Беларусі, нашых выдатных галасоў з тым, каб разумець, на якім узроўні сёння знаходзіцца оперная трупа і як яна павінна рухацца і развівацца далей. 

Калі казаць пра прэм’еры, то іх запланавана дзве. Яны маладзёжныя, «Севільскі цырульнік» ставіўся як вельмі лёгкая канцэпцыя італьянскага тэатра, якая напоўнена рухамі, гумарам і імправізацыйнасцю на сцэне. А «Іаланта» ў сваю чаргу — гэта сапраўды ўнікальная традыцыя, калі чатыры-пяць саставаў, асабліва маладых салістаў, удалося сабраць разам. Тут артысты адчуваюць сябе ў своеасаблівай зоне камфорту, таму што музыку Пятра Чайкоўскага ўсе вельмі добра ведаюць. Салістам прапанаваны сёння новы рэжысёрскі кантэкст, — расказала Кацярына Дулава.

Адкрые форум 10 снежня прэм’ера оперы Пятра Чайкоўскага «Іаланта». Паэтычная гісторыя сляпой дзяўчыны, якой раптам узнілае каханне да незнаёмага рыцара дапамагае вытрымаць пакутлівае лячэнне, у свой час так кранула сэрца Пятра Ільіча, што ён стварыў адно з самых прыгожых і жыццесцвярджальных сваіх тварэнняў. 

Пастаноўшчыкамі спектакля выступілі тры галоўныя спецыялісты тэатра — дырыжор Арцём Макараў, рэжысёр Ганна Маторная, мастак Любоў Сідзельнікава. 

— Мы вырашылі зноў вярнуцца да надзвычайнага сюжэту «Іаланты» з музыкай Пятра Чайкоўскага, які ператварае рамантычную сагу ў сапраўдны міф пра шлях чалавечай душы, — расказала галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі, рэжысёр-пастаноўшчык оперы «Іаланта» Ганна Маторная. — Гэта сапраўдны шэдэўр, сімфонія з галасамі, гісторыя са шчаслівым канцом. У оперу закладзена, на мой погляд, глабальная ідэя містычнага характару. Тут падымаецца самая важная тэма для нас — духоўнасць чалавека, і на яе аснове створана сапраўднае літургічнае дзейства.

Нагадаем, што гэта пастаноўка оперы Пятра Чайкоўскага стане пятай на сцэне беларускага Вялікага тэатра. Дагэтуль да «Іаланты» звярталіся ў 1952-м, 1975-м, 1993-м і 2004-м.

Гасцямі Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму стануць адразу два калектывы — з пастаноўкамі, якіх няма ў рэпертуары беларускага Вялікага.

12 снежня Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Узбекістана ім. А. Наваі прадставіць яркую, з усходнім каларытам оперу Бізэ «Шукальнікі жэмчугу». 

У партыі Надзіра выступіць генеральны дырэктар Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Узбекістана ім. А. Наваі, народны артыст Узбекістана Раміз Усманаў. Дырыжор — заслужаны дзеяч мастацтваў Узбекістана Фазлідзін Якубжанаў.

Наступны дзень — 13 снежня — працягне свята музыкі камічная опера Расіні «Севільскі цырульнік» італьянскага рэжысёра Тарабэллы. Гэта яшчэ адзін беларускі спектакль, які сёлета прадстаўлены на форуме. Для ўдзелу запрошаны саліст Вялікага тэатра Расіі Гадэрдзі Джанелідзэ і саліст Камернай сцэны ім. Б. А. Пакроўскага маскоўскага Вялікага Валерый Макараў. Салістаў, напэўна, ведае і любіць беларуская публіка. І калі Валерыя Макарава глядач Вялікага тэатра ўжо чуў у партыі графа Альмавівы, то Гадэрдзі Джанелідзэ ўпершыню спяе ў Мінску партыю Дона Базіліа ў оперы Расіні.

14 снежня гонар расійскай оперы будуць адстойваць салісты Самарскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Д. Д. Шастаковіча з пастаноўкай Сяргея Пракоф’ева «Любоў да трох апельсінаў».

У Гала-канцэрце Viva Opera, прысвечаным закрыццю Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму-2023 (які адбудзецца 15 снежня) прымуць удзел як госці, так і беларускія салісты. 

Вялікі тэатр Беларусі прадставяць народныя артысты краіны Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў, Станіслаў Трыфанаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Малевіч, уладальнік медаля Ф. Скарыны Дзмітрый Шабеця і маладыя салісты Дар’я Гаражанка, Анастасія Міхнавец і Аляксей Макшанцаў.

Гасцямі свята стануць: Уладзіслаў Сулімскі, Раміз Усманаў, Саргіс Бажбеук-Мелікян, Гадэрдзі Джанелідзэ, Агунда Кулаева, Аляксей Татарынцаў, Аляксандра Сакалова.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.