Вы тут

Экалагічная ініцыятыва, вывучэнне беспілотнікаў і кніжнае апытанне «Літрэс»


Вывучэнне беспілотнікаў — у школьную праграму

У навучальную праграму па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы для 10-11-х класаў будзе ўключана вывучэнне асноў кіравання беспілотнікамі. Такая інфармацыя ёсць на сайце Мінасветы Расіі.

У рабочай праграме курса пазначана, што вучні павінны мець уяўленне аб асаблівасцях прымянення беспілотных лятальных апаратаў на полі бою. Акрамя таго, навучэнцы вывучаць вядзенне разведкі мясцовасці з дапамогай беспілотнікаў і даведаюцца алгарытм процідзеяння гэтым сродкам праціўніка. Таксама, згодна з праграмай, старшакласнікі павінны ўмець выконваць практычныя дзеянні па кіраванні беспілотнікамі. Вывучэнне гэтай тэмы плануецца ў трэцім модулі пад назвай «Асновы тэхнічнай падрыхтоўкі і сувязі».


Студэнты ВНУ спаборнічаюць у зборы пластыку

Яны вырашылі матываваць казахстанцаў вучыцца сартаваць смецце, перадае «Хабар 24».

Дзесяць буйных навучальных устаноў Казахстана далучыліся да экалагічнага праекта, які рэалізоўваецца ў краіне ўжо чацвёрты год і на гэты раз памяняў канцэпцыю. ВНУ будуць спаборнічаць паміж сабой у зборы пластыку. Штомесяц яго будуць адпраўляць на перапрацоўку і фіксаваць колькасць. У канцы года вызначаць пераможцу. ВНУ атрымае спецыяльнае абсталяванне для перапрацоўкі пластыку. У рамках праекта таксама праходзяць суботнікі. Тут жа эколагі праводзяць трэнінг, дзе распавядаюць, чаму важна сартаваць смецце і пераходзіць да ЭКА-ўсвядомленасці.


Якія кнігі не «заходзілі» расіянам падчас вучобы

Многія з іх прызналіся, што змаглі зразумець і палюбіць раманы Дастаеўскага і Булгакава толькі праз шмат гадоў пасля заканчэння школы. Гэта паказала апытанне, якое правялі сэрвіс «Літрэс» і «Растэлекам Кнігі».

На першым месцы аказаўся раман Булгакава «Майстар і Маргарыта»: 35 працэнтаў рэспандэнтаў прызналіся, што не змаглі ацаніць яго ў школе. На другім і трэцім месцах — «Ідыёт» і «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага: іх рассмакавалі ў дарослым узросце 30 і 29 працэнтаў рэспандэнтаў адпаведна.

У топ-10 таксама ўвайшлі «Мёртвыя душы» і «Рэвізор» Гогаля, «Яўгеній Анегін» Пушкіна, «Вайна і мір» Талстога, «Сабачае сэрца» Булгакава, «Гора ад розуму» Грыбаедава і «Бацькі і дзеці» Тургенева. Удзельнікі апытання расказалі, што вярнуліся да гэтых кніг ужо дарослымі і атрымалі ад чытання значна больш задавальнення, чым у школьныя гады.


На што любіць траціць грошы моладзь Кітая?

Маладое пакаленне, прадстаўнікі якога нарадзіліся пасля 1995 года, паступова становяцца найважнейшай новай спажывецкай сілай у Кітаі, ім падабаецца траціць грошы на свае інтарэсы і любімыя рэчы. Прадметы, якія звязаны з анімацыяй, вучобай і гульнямі, часцей за ўсё прыцягваюць іх увагу.

Імпульсіўнае спажыванне, самаўзнагароджанне, выдуманыя ідэалы, віртуальны свет — тое, чым займаюцца і што любяць прадстаўнікі маладога пакалення, піша «Жэньмінь жыбаа». Даныя паказваюць, што да 2024 года аб’ём рынку глабальнага метасусвету дасягне 800 мільярдаў долараў. Нягледзячы на тое што ўзровень «манетызацыі» ў лічбавай сферы прадстаўнікоў моладзі, якія нарадзіліся пасля 1995 года, ніжэйшы ў параўнанні з аналагічным паказчыкам сярод маладых людзей, якія нарадзіліся пасля 1985 года, аднак чакаецца, што яны абгоняць папярэднія пакаленні.

Новае пакаленне інтэгруе віртуальнае жыццё ў рэальнасць, а таксама гатова выкарыстоўваць тэхналогіі для паляпшэння спажывецкага досведу. Паводле іншых даследчых дакладаў, прадстаўнікі маладога пакалення, якія нарадзіліся пасля 1995 года і жывуць у гарадах «першай лініі», больш зацікаўлены ў метадах узаемадзеяння лічбавых брэндаў. Яны спадзяюцца звязацца з брэндамі з дапамогай VR, AR і лічбавых калекцый. У сувязі з гэтым многія брэнды паскорылі распрацоўку і прымяненне віртуальных тэхналогій, устанаўліваючы больш цесную сувязь з новым пакаленнем, а таксама прыцягваючы больш маладых прыхільнікаў.

Акрамя гэтага, прадстаўнікі маладога пакалення, якія нарадзіліся пасля 1995 года, маюць вялікі патэнцыял, энергію і добры густ, яны гатовы плаціць за якасць, вопыт, прыгажосць і каштоўнасці. Што датычыцца якасці, у іх высокія патрабаванні да сыравіны, тэхналогіі і функцыянальнасці прадукцыі. Яны больш занепакоеныя тым, ці з’яўляецца тавар арыгінальным, пачуццё якасці становіцца адным з трох найважнейшых фактараў моды.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.