Вы тут

Ніводнага слова і дзеяння не прыдумана: у Купалаўскім адбылася прэм’ера спектакля «Двор майго дзяцінства»


Неверагодна кранальная прэм’ера адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Спектакль, створаны на грант Прэзідэнта Беларусі на 2023 год у сферы культуры, «Двор майго дзяцінства» Данііла Філіповіча ўпершыню прэзентавалі на камернай сцэне 2 снежня.


Унікальнасць твора ў тым, што ён створаны на аснове асабістых дзённікаў рэжысёра.

— Самае кранальнае тое, што гэта ўсё рэальна. Ніводнага слова і дзеяння не прыдумана, — дзеліцца Данііл Філіповіч.

У выніку атрымалася вельмі суцэльная карціна, якая злучае яркія эпізоды дзяцінства і юнацтва: гульні ў двары, першы пацалунак, канфлікты з настаўнікамі, паездкі ў метро і проста размовы з суседзямі. З любоўю і хваляваннем паказваецца тагачасны Мінск. Але найбольш уражвае філасофскі падтэкст, паказаны праз простыя жыццёвыя сітуацыі.

— Мы пачынаем забывацца, хто мы такія і адкуль мы родам. У дарослых заўсёды куча праблем. А іх часта можна вырашыць, усяго толькі націснуўшы на кнопку успамінаў. У дзяцінстве праблемы вырашаліся на тры пстрычкі. Што змянілася? — задае рытарычнае пытанне Данііл Філіповіч. — Гэтым спектаклем хацеў сказаць, што вырашаць свае праблемы ў дарослым жыцці мы павінны з гэткай жа шчырасцю, як у дзяцінстве.

Дзяцей ігралі дарослыя акцёры. Іх ключавая задача па задумцы рэжысёра была не ў тым, каб прыкінуцца дзецьмі, а ў тым, каб, фактычна будучы дарослымі, пагрузіцца ва ўспаміны.

Пры ўдзеле мастака Аляксандра Камянца на камернай сцэне былі зроблены дэкарацыі двара. У канцэпцыі п’есы, паводле слоў стваральнікаў, закладзена пэўная інтэртэкстуальнасць: адсылка да паэта Васіля Віткі. Радкі яго вершаў можна было прачытаць на дэкарацыях. Усё па той прычыне, што вокны пісьменніка, як мяркуецца, выходзілі на Купалаўскі тэатр. 

Дзіўна і тое, што на прэм’ерным паказе прысутнічалі людзі, чые выявы шчыльна заселі ў памяці рэжысёра. Напрыклад, першая каханная Машка, а таксама яго настаўніца па рускай літаратуры. Верагодна, таму прэм’ера была ўдвая асабістай і хвалюючай.

Безумоўна, адметнасць спектакля ў тым, што ён пра ўсіх. Камусьці адгукнецца сцэна з чытаннем вершаў на памяць, а нехта ўспомніць сваіх прыяцеляў. Адзін эпізод асабліва ўразіў сваёй глыбінёй і прастатой адначасова – размова з цёткай Надзяй, ролю якой выконвае Народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова. Вобраз самотнай пажылой жанчыны ўвасобіўся ў суседцы, якая ўвесь час шукае котку. Хлопчык ідзе на кантакт з гэтай жанчынай, спрабуе зразумець сутнасць праблемы. Але іх светы занадта розныя. У яго можна ўсё вырашыць на «раз-два-тры», а ў яе ўжо, нажаль, так немагчыма.

.

Спектакль доўжыцца крыху больш за гадзіну. За кошт непасрэднай блізкасці акцёраў на камернай сцэне, а таксама за кошт прамога ўзаемадзеяння з гледачамі ствараецца адчуванне, як быццам ты патрапіў не ў тэатр, а ў машыну часу, дзе кожны можа знайсці часцінку свайго дзяцінства, свайго двара і пагрузіцца ў тыя самыя ўспаміны, якія часам дапамагаюць знайсці адказы на самыя складаныя дарослыя пытанні.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.