Вы тут

Чаму ўсынавіцелі не спраўляюцца з выхаваннем сыноў і дачок


Дзіця павінна гадавацца ў сям’і, бо гэта найлепшае асяроддзе для яго станаўлення. Так лічаць спецыялісты, і такой мэтай кіруецца дзяржава ў развіцці сямейных форм уладкавання дзяцей, найперш — усынаўлення (удачарэння). У Беларусі ва ўсыноўленых сем’ях жыве каля 7400 малых (толькі летась беларусы ўсынавілі 438 дзетак), і гэта на 17% больш, чым у 2021-м, сведчаць спецыялісты. Пры гэтым у жыцці здараюцца такія з’явы, як адмена ўсынаўлення (удачарэння), ініцыятарам якой могуць стаць бацькі-ўсынавіцелі або дзіця, якому споўнілася 14 гадоў, а таксама органы апекі. Хоць колькасць выпадкаў так званага разусынаўлення ў краіне амаль на траціну зменшылася, і ўвогуле гэта бывае рэдка (не больш за 1% ад колькасці ўсыноўленых малых). Чаму разусынаўляюць дзяцей? Што робіцца, каб папярэдзіць гэта, і хто вінаваты, калі такое здараецца? Адказы на пытанні карэспандэнт газеты шукала з дапамогай Таццяны Бялевіч, дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.


Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Не палюбіў, пераацаніў сілы, цяжка захварэў…

Разусынаўленне найчасцей за ўсё здараецца з прычыны таго, што ўсынавіцелі не справіліся з выхаваннем дзіцяці, не прынялі яго, не змаглі палюбіць, патлумачыла дырэктар цэнтра ўсынаўлення:

— Адна з прычын адмены ўсынаўлення — з’яўленне ў дзяцей у пераходным узросце эмацыянальных праблем і праблем у паводзінах. Усынавіцелі не заўсёды жадаюць прымаць да ўвагі ўзроставыя змены малых, адмаўляюць сваю адказнасць і ўклад ва ўзаемаадносіны з непаўналетнімі, бачаць праблему толькі ў дзецях. Часам ім здаецца, што ва ўсыноўленага дзіцяці праблемы з паводзінамі ўзнікаюць з-за яго спадчыннасці. Усынавіцелі адмаўляюцца ад прафесійнай дапамогі спецыялістаў, не ўлічваюць былы траўматычны вопыт дзяцей, не гатовыя (не жадаюць) шукаць спосабы наладзіць і захаваць бацькоўска-дзіцячыя адносіны.

Некаторыя ўсынавіцелі (асабліва ўзроставыя) пераацэньваюць свае сілы і магчымасці, што вядзе да невыканання абавязкаў належным чынам. У 40% сем’яў хоць бы адзін з усынавіцеляў быў старэйшы за 55 гадоў. Вядома, што разумець свайго непаслухмянага і бунтарскага падлетка і канструктыўна дамаўляцца з ім у такім узросце могуць далёка не ўсе. Да таго ж па дапамогу такія ўсынавіцелі часта звяртаюцца позна, дадала Таццяна Бялевіч: — Выпадкі адмены ўсынаўлення здараюцца і ў сувязі з жорсткім абыходжаннем усынавіцеляў з малымі, ухіленнем ад ускладзеных на іх бацькоўскіх абавязкаў, у рэдкіх сітуацыях — з-за цяжкай хваробы ўсынавіцеля.

Хто вінаваты?

Праблемам адмены ўсынаўлення ў Беларусі надаецца вялікая ўвага. Кожны такі выпадак уважліва вывучаецца і аналізуецца. Яшчэ да разусынаўлення сям’і ўсынавіцеляў прапануецца дапамога педагога-псіхолага сацыяльна-педагагічнага цэнтра па месцы жыхарства. Яны таксама могуць звярнуцца да педагога-псіхолага ў цэнтр усынаўлення, заўважыла Таццяна Бялевіч:

— Калі ўсынавіцелі прыходзяць да псіхолага з праблемай, што дзіця кепска сябе паводзіць (напрыклад, крадзе, не хоча вучыцца, прагульвае школу), і просяць, каб мы выправілі малога, а сваю адказнасць за ўклад у яго выхаванне адмаўляюць і тлумачаць, што ўсё гэта «гены дзіцяці», у такіх выпадках дапамагчы вельмі складана. Калі адносіны ў сям’і цалкам разладжаны, педагогу-псіхолагу прыходзіцца працаваць з кожным, у тым ліку і з усынавіцелямі.

Нярэдка бацькі адмаўляюцца ад дапамогі педагога-псіхолага, бо не маюць намеру мяняцца самі і бачаць праблему толькі ў дзіцяці. Сваю ж віну ў тым, што не справіліся з выхаваннем малога, не змаглі знайсці падыход да дзіцяці, наладзіць даверлівыя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, такія бацькі цалкам адмаўляюць, удакладніла спецыяліст:

Пасля адмены ўсынаўлення з малымі абавязкова працуюць педагогі-псіхолагі, бо ва ўсім, што адбылося, дзеці вінавацяць толькі сябе. 
І гэта вельмі сур’ёзная траўма для дзіцяці. Для такіх малых спецыялісты заўжды намагаюцца знайсці новую сям’ю або дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Калі адмена ўсынаўлення адбылася ў дачыненні да падлетка ці юнака, ён часцей за ўсё трапляе на дзяржзабеспячэнне ў каледж (ліцэй). Калі дзіця да ўсынаўлення знаходзілася, напрыклад, у замяшчальнай сям’і, нярэдка яно туды і вяртаецца. У дзяцей меншага ўзросту ёсць усе шанцы, што іх усынавяць іншыя бацькі, і такія выпадкі не рэдкасць, падзялілася дырэктар цэнтра ўсынаўлення:

— Калі здарылася адмена ўсынаўлення, гэта не азначае, што дзіця немагчыма зноў усынавіць. Сёлета ў ліпені ўсынавілі, напрыклад, двух дзетак, адмена ўсынаўлення якіх адбылася ў 2022-м. І мы вельмі рады, што малыя знайшлі новую любячую сям’ю.

Выбар ёсць

Калі ўсынавіцелі гатовы працаваць сумесна з псіхолагам, змяняцца, то дзіцяча-бацькоўскія адносіны можна наладзіць, і разусынаўлення ўдасца пазбегнуць. І ў цэнтры ўсынаўлення робяць усё, каб папярэдзіць разбурэнне сям’і.

Фота аўтара

— Для прафілактыкі адмены ўсынаўлення нацыянальным цэнтрам арганізаваны клубы падтрымкі ўсынавіцеляў у Магілёве, Віцебску і Брэсце, група падтрымкі ўсынавіцеляў у вайберы, група падтрымкі ўсынавіцеляў у закрытай групе ў «ВКонтакте», — расказала Таццяна Бялевіч. — Падчас падрыхтоўкі кандыдатаў ва ўсынавіцелі да выканання бацькоўскай ролі ім расказваюць пра магчымасць звяртацца з любой праблемай да педагога-псіхолага. Прычым раяць не зацягваць з гэтым, а шукаць дапамогі, як толькі ўзнікла пытанне, каб пасля не было надта позна.

У 2021 годзе ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення распачаты праект «Адмена ўсынаўлення вачыма дзіцяці». 

Відэаролік з расповедам дзяўчыны пра адмену ўсынаўлення лідзіруе ў праглядах на YouTube-канале ўстановы.

Для прафілактыкі адмен усынаўлення быў таксама створаны мультыплікацыйны фільм «Выбар ёсць», змешчаны на галоўнай старонцы цэнтра. А для аказання комплекснай псіхолага-педагагічнай дапамогі ўсынавіцелям цэнтрам усынаўлення сёлета рыхтуецца і ўзгадняецца праект праграмы псіхолага-педагагічнага суправаджэння сямей усынавіцеляў (удачарыцеляў).

Прозвішча — пакінуць, аліменты — прызначыць

Згодна з заканадаўчай практыкай краіны, як сведчаць юрысты, звярнуцца ў суд для разусынаўлення (разудачарэння) могуць не толькі ўсынавіцелі, але і сам падлетак, калі яму споўніцца 14 гадоў і ён захоча адмовіцца ад сваіх усынавіцеляў. Падаць іск на адмену ўсынаўлення таксама можа орган папячыцельства ці пракурор.

Адмена ўсынаўлення адбываецца, калі яно перастае адпавядаць інтарэсам дзіцяці. Усынавіцелі ўхіляюцца ад бацькоўскіх абавязкаў ці злоўжываюць імі, пакутуюць ад алкагалізму ці наркаманіі, кепска ставяцца да ўсыноўленага. У абазначаных выпадках маюць месца паводзіны ўсынавіцеляў, якія супярэчаць інтарэсам усыноўленага імі дзіцяці. З улікам меркавання дзіцяці, якому споўнілася 10 гадоў, суд можа адмяніць усынаўленне і па іншых прычынах.

Калі іск аб адмене ўсынаўлення прад’яўляе ўсынавіцель, то адказчыкам па справе будзе ўсыноўленае дзіця, правы і інтарэсы якога ў судзе будуць прадстаўляць органы апекі і папячыцельства і пракурор. Удзел апошніх у разборы абавязковы. Справы аб адмене ўсынаўлення дзяцей замежнымі асобамі ці асобамі без грамадзянства разглядаюцца ў судзе з удзелам органа апекі і папячыцельства, пракурора і прадстаўніка Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.

Правы і абавязкі, якія ўзніклі ў выніку ўсынаўлення паміж усынавіцелямі і ўсыноўленымі, спыняюцца з моманту, калі рашэнне суда аб адмене ўсынаўлення ўступіла ў законную сілу.

Рашэнне аб змене ці захаванні за малым імя, імя па бацьку і прозвішча, якія былі прысвоены яму пры ўсынаўленні, указваецца ў рашэнні суда аб адмене ўсынаўлення. Змена ўласнага імя, імя па бацьку і прозвішча, а таксама даты і (або) месца нараджэння дзіцяці, якому споўнілася 10 гадоў, магчымая толькі са згоды дзіцяці.

Зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці і неабходнасці забяспечыць утрыманне малога ў будучым, суд можа абавязаць былых усынавіцеляў выплачваць сродкі на ўтрыманне разусыноўленага дзіцяці згодна з часткай 5 артыкула 140 Кодэкса аб шлюбе і сям’і.

Адмена ўсынаўлення дапускаецца ў дачыненні да непаўналетніх. Выключэнне, датычнае паўналетніх, — калі на адмену ўсынаўлення маецца ўзаемная згода ўсынавіцеля, паўналетняга ўсыноўленага і бацькоў усыноўленага. Адмена ўсынаўлення паўналетняга, як правіла, звязана са стратай бацькамі прававой сувязі з дзіцём у выніку абставін, якія ад іх не залежалі, калі іх згоды на ўсынаўленне не патрабавалася.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Захаваць нельга адмовіцца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.