Вы тут

Парад спектакляў Міхаіла Кавальчыка адбыўся на сцене музычнага тэатра


Пачатак сезона ў Беларускім музычным тэатры праходзіць пад знакам 80-гадовага юбілею яго галоўнага рэжысёра — заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі, прафесара Міхаіла Кавальчыка. Адбыўся своеасаблівы парад спектакляў, пастаўленых ім на гэтай сцэне, а яшчэ — прэм’ерныя паказы яго новай пастаноўкі — аперэты Жака Афенбаха «Прыгожая Алена», своеасаблівага бенефіса юбіляра.


Парыс — Яўген Ермакоў і Прыгожая Алена — Маргарыта Александровіч

Гэтую ідэю Міхаіл Станіслававіч выношваў даўно. Але не заўсёды ў тэатра ёсць усе магчымасці для рэалізацыі той ці іншай творчай задумкі, у прыватнасці наяўнасць у трупе выканаўцаў патрэбнага амплуа. Так, на галоўную мужчынскую ролю падыходзіў толькі адзін саліст тэатра — тэнар Яўген Ермакоў; а ставіць спектакль з разлікам толькі на аднаго выканаўцу рызыкоўна — калі па якой-небудь прычыне ён не зможа выйсці на сцэну, то і спектакль трэба адмяняць. 

Не сакрэт, што ў музычных тэатрах тэнары заўсёды ў дэфіцыце, і каб пераманіць да сябе такога вакаліста з іншага тэатра, яму трэба прапанаваць штосьці вельмі цікавае. А партыя Парыса ў «Прыгожай Алене» і ёсць тая вышыня, якой вызначаюцца выканальніцкія якасці тэнара. Раней у нашым тэатры быў малады вакаліст, здольны выканаць такую партыю. Гэта Шамхал Хачатуран, які ў 2013 годзе закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «акцёр музычнага тэатра». І тут дарэчы будзе нагадаць, што прафесар Міхаіл Кавальчык з’яўляецца кіраўніком курса рэжысёраў і акцёраў музычнага тэатра Беларускай акадэміі мастацтваў і яго вучні рэгулярна папаўняюць трупу як музычнага, так і іншых беларускіх тэатраў. Шамхал Хачатуран адразу ўпэўнена праявіў сябе ў партыях тэнаровага рэпертуару, але ў 2016 годзе ў яго жыццёвай і творчай біяграфіі адбыліся змены — артыст пакінуў не толькі наш тэатр, але і Беларусь. У 2022 годзе, будучы салістам Растоўскага музычнага тэатра, ён атрымаў ад нашага тэатра прапанову, ад якой не змог адмовіцца. «Партыя Парыса для мяне — своеасаблівы творчы выклік і прафесійны рост, — зазначае артыст. — Напрыклад, першая арыя Парыса — самая складаная з усіх аперэтачных, нават некаторыя оперныя арыі бываюць лягчэйшымі. У акцёрскім плане роля Парыса таксама складаная: з аднаго боку ён, несумненна, герой, а з другога — прасцяк, і гэтыя амплуа трэба арганічна сумяшчаць».

Як вядома, менавіта Афенбах лічыцца родапачынальнікам жанру аперэты, але ў Беларускім музычным яго ніколі не ставілі. І нарэшце кіраўніцтва тэатра прыклала намаганні, каб пазнаёміць нашых гледачоў з самым вядомым творам гэтага кампазітара. У часы Афенбаха аперэта яшчэ не выдзелілася ў асобны жанр, падобныя творы тады называлі камічнай операй. А «Прыгожую Алену» кампазітар назваў операй-буф, якая парадзіравала прыёмы і штампы сур’ёзнай оперы. У адпаведнасці з французскай опернай традыцыяй, тут шмат складаных арый, развітых ансамбляў, хароў, разгорнутых музычных фіналаў, і ў той жа час у ёй ёсць уласцівыя аперэце куплеты і размоўныя сцэны. 

У аснову сюжэта гэтага твора пакладзены старажытнагрэчаскі міф пра выкраданне траянскім царэвічам Парысам жонкі спартанскага цара — Прыгожай Алены, у выніку чаго пачалася Траянская вайна. Прыкрываючыся антычнай фабулай, кампазітар і яго лібрэтысты Анры Мельяк і Людовік Галеві стварылі не толькі пародыю на сур’ёзную оперу, але і з’едлівую сатыру на сучаснае ім буржуазна-арыстакратычнае грамадства. Так, цар Спарты Менелай быў загрыміраваны пад Напалеона ІІІ, а Алена — пад яго жонку Яўгенію. Але французскія рэаліі другой паловы ХІХ стагоддзя мала цікавілі гледачоў у іншых краінах нават у пачатку ХХ стагоддзя, не кажучы ўжо пра больш позні перыяд. Існуе некалькі перакладаў арыгінальнага лібрэта на рускую мову, з савецкіх часоў найбольш папулярнай была версія Уладзіміра Канстанцінава і Барыса Рацэра. У пастаноўцы нашага тэатра таксама ўзята за аснову лібрэта гэтых драматургаў. Якім яно было першапачаткова, сёння цяжка сказаць, бо ў кожным тэатры пастаноўшчыкі «падганяюць» дыялогі персанажаў пад канцэпцыю свайго спектакля, прыўносячы ў яго нешта сваё. Таму будзем адштурхоўвацца ад таго, што мы пабачылі.

У адрозненне ад арыгінальнага французскага лібрэта, тут іншы характар палітычнай інтрыгі — яе пляце жрэц храма бога вайны, каб падштурхнуць цара Спарты і яго военачальнікаў да новай вайны. Лічыцца, што ў Старажытнай Грэцыі менавіта спартанцы былі самымі ваяўнічымі, але пры гэтым неадукаванымі і адсталымі ў культурным развіцці. Вось на гэтых супярэчнасцях і будуюцца ўсе камічныя калізіі пастаноўкі. А гісторыя выкрадання Парысам Прыгожай Алены, якая развіваецца на фоне будзённага жыцця спартанцаў, істотна не змяняецца. Змяняецца толькі яе фінал, да якога звернемся пазней. 

Спектакль пачынаецца з падзей, якія адбываюцца на храмавай плошчы Спарты. Перад гледачамі паўстаюць абрысы двух храмаў — бога вайны Марса і багіні кахання Венеры, служыцелі якіх сапернічаюць паміж сабой. Адразу ўзнікае пытанне: калі падзеі адбываюцца ў Спарце — адным з полісаў Старажытнай Грэцыі, — то прычым тут старажытнарымскія багі? Старажытная Грэцыя і Старажытны Рым — гэта розныя гістарычныя эпохі і розныя цывілізацыі. Вядома, што рымляне ў многім перанялі культуру старажытных грэкаў, у прыватнасці іх міфалогію і эпас, але пры гэтым адаптавалі іх пад сябе. Так, у рымскім пантэоне багоў аказалася большасць грэчаскіх, толькі ўжо з іншымі імёнамі. Напрыклад, вярхоўны алімпійскі бог Зеўс — уладар неба, маланкі і грома — у рымскай міфалогіі ператварыўся ў Юпітэра, багіня кахання Афрадыта — у Венеру... 

Пры апісанні сюжэта спектакля ў некаторых расійскіх тэатрах сустракаецца то Зеўс, то Юпітэр, або аднаго падмяняюць другім. У нашым жа спектаклі храма вярхоўнага бога няма, але, як ужо адзначалася, ёсць два іншыя храмы: бога вайны і багіні кахання. І галоўным рухавіком інтрыгі з’яўляецца Калхас — жрэц храма Марса, які і сам збяднеў, і храм яго прыйшоў у заняпад. А ўсё таму, што даўно не было вайны і ніхто не прыносіць у храм шчодрыя прынашэнні. Затое храм багіні кахання прадаўжае багацець і квітнець, бо людзі жывуць мірна і кахаюць адно аднаго. Значыць, трэба падбіваць цара Менелая на вайну. А тут і зручны выпадак: у Спарце раптам з’явіўся Парыс, сын траянскага цара, — заклятага ворага Менелая. Праўда, царэвіч, выдаючы сябе за пастуха, чыстасардэчна прызнаўся, дзеля чаго ён прыбыў у Спарту.

Сцэна са спектакля

Вось тут і гучыць знакамітая арыя Парыса пра конкурс прыгажосці трох багінь і пра тое, каму з іх ён аддаў яблык разладу з надпісам «Самай прыгожай». Багіня Гера, жонка самога Зеўса, абяцала яму вялікую ўладу; багіня вайны Афіна — ваенныя перамогі і славу; а багіня Афрадыта — каханне самай прыгожай жанчыны. Не доўга думаючы, Парыс прысудзіў прыз багіні кахання, якая і падказала яму, што самая прыгожая жанчына — гэта жонка цара Спарты Менелая. 

У цэнтры ― цар Спарты Менелай (Віктар Цыркуновіч)

Кемлівы і хітры Калхас адразу сцяміў, што вось ён — шчаслівы выпадак! І пачаў усяляк спрыяць Парысу — нават дапамог яму пранікнуць у пакоі царыцы. А каб стары неразумны цар не блытаўся пад нагамі, знайшоў спосаб адправіць яго на востраў Крыт — нібыта тушыць пажар. А ў гэты час усяляк прыспешваў Парыса выкрасці Алену, пасля чаго абавязкова павінна пачацца вайна. Але ў пэўны момант нешта пайшло не так, як у міфе... Спартанцы нечакана прыйшлі да думкі, што з суседзямі лепш гандляваць, чым ваяваць, і вырашылі пабудаваць храм Гермесу — богу гандлю. А Парыс пад выглядам наваяўленага жраца адвёз Алену не да сябе ў Трою, а на востраў Цытэра, дзе нібыта павінна адбыцца цырымонія асвячэння новага храма багіні кахання. Так што выкраданне ўсё ж адбылося, але без вайны.

Усе гэтыя калізіі ў спектаклі падаюцца ў сатырычна-гратэскнай форме, адпаведна і ўсе персанажы надзелены вострай характарнасцю, а цар Менелай наогул выглядае як парадыйная фігура. У гэтай ролі выступаюць шматвопытныя Віктар Цыркуновіч і Аляксандр Асіпец. Ролю галоўнага інтрыгана — жраца Калхаса — выконваюць вядучыя салісты Антон Заянчкоўскі і Уладзіслаў Даніловіч. У спектаклі ёсць і іншыя цікавыя персанажы, напрыклад, памочнік Калхаса Плутон — спрытны малады хітрун, які вымагае грошы ў свайго гаспадара і гатовы пайсці служыць у храм багіні кахання за яшчэ большую плату. У гэтай ролі цікава выглядаюць характарныя акцёры Сяргей Спруць і Яўген Далідовіч.

Плутон ― Сяргей Спруць і Калхас ― Антон Заянчкоўскі

На фоне характарных і камічных персанажаў лірычная пара Парыса і Алены выглядае адасоблена. Іх любоўная тэма атрымлівае шырокае развіццё ў меладычна прыгожых арыях, дуэтах, ансамблях. Напрыклад, вельмі рамантычнай выглядае сцэна сна Алены, калі і яна сама, і Парыс робяць выгляд, што іх блізкасць — толькі сон, тым самым нібы апраўдваючы свае дзеянні. Але ў размоўных сцэнах пры ўзаемадзеянні з іншымі персанажамі яны таксама праяўляюць пэўную характарнасць: Алена ў дачыненні да мужа дэманструе прытворства і жаночую хітрасць, а Парыс — дзіўную сумесь прастакаватасці і авантурнасці. 

У першы дзень прэм’еры гэтыя ролі выконвалі прыма Маргарыта Александровіч і вядучы саліст Яўген Ермакоў. А ў другі дзень — Шамхал Хачатуран, які мае ўжо больш чым дзесяцігадовы сцэнічны вопыт, і маладая салістка Вольга Цярэнцьева-Чубукова, якая ў мінулым годзе закончыла Акадэмію музыкі і адразу праявіла сябе ў амплуа гераіні.

Гэты спектакль лёгкі для ўспрымання, але цяжкі для пастаноўкі і выканання. У ім трэба спяваць, як у оперы, а іграць — як у тэатры сатыры. Дабіцца такога балансу вельмі няпроста. Таму разам з рэжысёрам неабходна адзначыць дырыжора-пастаноўшчыка Юрыя Галяса, вакальнага кіраўніка Святлану Пятрову, хормайстра Ігара Баканава. Уражвае маштаб работы балетмайстрапастаноўшчыка Алены Дзмітрыевай-Лаўрыновіч. Гледачоў парадавалі касцюмы персанажаў і сцэнаграфічнае афармленне спектакля, над чым працавалі мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў і мастак па касцюмах Ілья Падкапаеў.

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Сяргея ЧЫГІРА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.