Вы тут

Нацыянальная тэатральная прэмія абрала сваіх пераможцаў


Вынікі VII Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» былі падведзены на сцэне тэатра імя Янкі Купалы 18 лістапада.


Самая знакавая тэатральная падзея Беларусі на працягу трох тыдняў радавала гледачоў лепшымі спектаклямі 20 тэатраў краіны. І ўвесь гэты час, вядома, усіх хвалявала пытанне: хто ж атрымае запаветнага «Бусла».

У дзень падвядзення вынікаў у Нацыянальнам акадэмічным тэатры імя Я. Купалы было шматлюдна. Найлепшыя прадстаўнікі тэатральнай грамадскасці сабраліся ў зале. На самым пачатку вядучыя звярнуліся да гісторыі конкурсу.

— 12 гадоў таму на сцэне Вялікага тэатра Беларусі былі абвешчаныя першыя лаўрэаты галоўнай тэатральнай прэміі краіны. У параўнанні з першымі конкурсамі змянілася ўсё: ад складу намінацый да выявы галоўнай узнагароды. Нязменным засталося бескампраміснае спаборніцтва прафесіяналаў, — абвясцілі яны.

Значнасць гэтай падзеі ў сваёй прамове таксама падкрэсліў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада:

— Вельмі важна тое, што наша тэатральная грамадскасць можа ўбачыць лепшыя пастаноўкі рэгіянальных тэатраў.

Таксама ён дадаў, што тэатральная прэмія сваім узроўнем устанаўлівае новыя творчыя арыенціры як мінімум на бліжэйшыя два гады.


Сама ж цырымонія ў Купалаўскім тэатры была проста неверагодна яркай. Феерыя, якая спалучала ў сабе эпізоды разнастайных спектакляў, апладысменты, уручэнне узнагарод, слёзы шчасця і шмат добрых слоў. 


Дык хто ж атрымаў прафесійнае прызнанне і тую самую статуэтку «Бусла»? Па выніках конкурсу ў намінацыі «Спектакль для дзяцей і юнацтва» перамагла опера Вялікага тэатра Беларусі «Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)». Лепшым спектаклем тэатра лялек стала пастаноўка «Запіскі юнага ўрача» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Намінацыя «Лепшы спектакль у жанры аперэта, музычная камедыя, мюзікл» была аддадзена рок-оперы «Граф Монтэ-Крыста» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Прызы за лепшы оперны спектакль і лепшы балетны спектакль былі аддадзены пастаноўкам «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Дон Кіхот» Вялікага тэатра Беларусі. А лепшым спектаклем тэатра драмы для вялікай сцэны стаў «Ідыёт» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Акрамя таго, на цырымоніі ўзнагароджання была ўручана Спецыяльная прэмія за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі. Яе атрымаў мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам Мурзіч.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.