Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Усё залежыць толькі ад нашых людзей. У нас ёсць усё


Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі скончыўся ў Гомелі. На парадак дня рабочай паездкі Прэзідэнта былі вынесены разнастайныя пытанні. 


Непачаты край работы

Першае з іх, якое абмеркавалі прама на верталётнай пляцоўцы — сельская гаспадарка. Самае галоўнае пытанне да старшыні аблвыканкама Івана Крупко — заканчэнне ўборачнай кампаніі, аграрыі яшчэ не скончылі збіраць кукурузу. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пры цяперашнім мокрым надвор’і не варта «лезці ў палі», бо можна сапсаваць тэхніку і гэта будзе даражэй, чым кукуруза. А ўборку варта закончыць, «як толькі падсохне, па-разумнаму. 

Наступная задача — узворванне зямлі, якое яшчэ не усюды завершана, не толькі ў Гомельскай вобласці, але і па ўсім усходзе краіны. Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагу і доўгатэрміновую задачу — меліярацыю, пытанне, якое надзвычай важнае менавіта для Гомельскай вобласці. «Работы непачаты край. Трэба прыводзіць у парадак зямлі, аднаўляць жывёлагадоўлю — і наперад», — даручыў Прэзідэнт Івану Крупко. Не абышлося і без праблемных момантаў, якія Прэзідэнт убачыў з барта верталёта. У прыватнасці, недалёка ад Чачэрска кармы захоўваюцца абсалютна неналежным чынам. «Заліла вадой усё. І ён зараз будзе карміць жывёлу гэтым?» — абурыўся кіраўнік дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу на захаванне сучаснай дарагой сельгастэхнікі. Адна з праблем — наяўнасць, а дакладней адсутнасць такіх кадраў. «На гэту тэхніку патрэбны падрыхтаваныя кадры. Гэта «самалёт», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Імпартазамяшчэннем трэба займацца жалезабетонна 

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся дзейнасцю 1868-й артылерыйскай базы ўзбраення. Тут захоўваюцца і рамантуюцца розныя віды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. Начальнік базы Яўген Маслюкоў расказаў, аб дзейнасці базы і яе структуры. База прызначана для рамонту і тэхабслугоўвання ракетна-артылерыйскага ўзбраення, утрымання яго запасаў, забеспячэння Узброеных Сіл і тэрытарыяльных войскаў. Прэзідэнт спытаў, ці ўсё стралковае ўзбраенне адрамантавана, захоўваецца належным чынам і гатова да бою. «Так дакладна», — адказаў начальнік базы. Прэзідэнт пацікавіўся і запасамі зброі. Міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў, што ва Узброеных Сілах уся стралковая зброя, якая захоўваецца на складах, інвентарызавана належным чынам і знаходзіцца ў поўным парадку. Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з умовамі захоўвання. «Гэта вялікая справа. Малайцы! Так павінна быць. Калі вы гэта зрабілі, проста малайцы, што перабралі па-гаспадарску», — ацаніў ён убачанае. Напрыклад, Прэзідэнту сярод іншай зброі прадэманстравалі аўтамат. Ён пацікавіўся, ці новы ён. Начальнік базы адказаў, што складана меркаваць выключна па вонкавым выглядзе, бо на базе выкарыстаныя аўтаматы прыводзяць у стан новых, і візуальна адрозніць іх немагчыма. Па словах Прэзідэнта, гэта выдатна, бо якасная зброя — галоўнае ў арміі. 

Потым кіраўнік дзяржавы агледзеў цэх па рамонце артылерыйскага ўзбраення. Тут, напрыклад, прыводзяць у парадак самаходныя гаўбіцы «Гваздзік», «Акацыя», гармату «Гіяцынт», аўтаматычны мінамёт «Васілёк».

«Трэба займацца жалезабетонна імпартазамяшчэннем. Занадта дарагая штука — гэта закупляць. Напружвайце прамысловасць!» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пра ход рамонтных работ ён пацікавіўся непасрэдна ў механікаў, у якіх рабочы працэс не парушыў нават візіт кіраўніка дзяржавы. «Вось, на кім усё трымаецца», — заўважыў беларускі лідар. 

Таксама Прэзідэнт пазнаёміўся з работай цэха па рамонце ваеннай оптыкі і цэха па рамонту стралковай зброі. Прэзідэнту расказалі пра ўсе нюансы аднаўлення старой зброі. «Не параўнаць з тым, што прывезлі», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі не хапае запчастак, то трэба максімальна выкарыстоўваць магчымасці айчыннай прамысловасці. Але пакуль такой праблемы няма. 

На памяць аб наведванні базы Прэзідэнту падарылі гранатамёт, ці кажучы ваеннай мовай, РПГ-7 у камплекце з аптычным прыборам ПГА-7В. 

Дзяржава будзе падтрымліваць гэты завод

Наступным пунктам паездкі Прэзідэнта стала Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Крышталь» — кіруючая кампанія холдынгу «Крышталь-Холдынг». Завод быў адкрыты ў 1972-м годзе, як адзін з сямі аднайменных заводаў у Савецкім Саюзе. Сёння сваю дзейнасць працягваюць толькі два прадпрыемствы — у Гомелі і Смаленску. Пры гэтым сёння больш як 90 працэнтаў усёй алмазаапрацоўкі ў свеце займае адна краіна — гэта Індыя.

«Тое, што сёння алмазаапрацоўка яшчэ кропкава ёсць недзе за межамі Індыі, у тым ліку ў Беларусі, — гэта выключна дзякуючы таму, што на вашым узроўні прымаліся рашэнні. Захаваўшы алмазаапрацоўку, мы ўпершыню ў рэспубліцы за кошт уласных сродкаў стварылі ювелірную вытворчасць, якая дае магчымасць вырабляць больш маржынальную прадукцыю. Сёння алмазаапрацоўка ў нас займае 20 працэнтаў, а ювелірка — 80 працэнтаў», — сказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Руслан Саракавой, дакладваючы аб мерах павышэння эфектыўнасці завода. Ён таксама падкрэсліў, што ўсе мэтавыя паказчыкі і па прадпрыемстве, і па холдынгу выконваюцца, заявіў гендырэктар.

Сыравіну завод закупае пераважна ў Расіі. Прадпрыемства актыўна супрацоўнічае з партнёрамі з Арменіі. Але адкрывае і новыя рынкі — завод пачынае супрацоўнічаць з Зімбабвэ. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым плане дзяржава будзе ўсяляк дапамагаць заводу. 

«Крышталь» адкрывае і новыя напрамкі работы. Зараз на прадпрыемстве пачалі вырабляць залатыя мерныя зліткі для Міністэрства фінансаў. У далейшым ведамства прадае іх суб’ектам гаспадарання, банкам і іншым крэдытна-фінансавым арганізацыям Беларусі. Па словах Руслана Саракавога, гэта не проста імпартазамяшчэнне, гэта імпартазамяшчэнне з дальняга замеежа. Раней такія зліткі пастаўляліся ў Беларусь з краін Заходняй Еўропы. Сёння іх робяць на Гомельскім прадпрыемстве. «Мы ўсё можам для Нацбанка зрабіць? Значыць, з наступнага года, ды і сёлета, каб мы нічога са Швейцарыі не ўвозілі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён запатрабаваў узяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль, каб канчаткова замясціць імпарт гэтых вырабаў. 

Прэзідэнту паказалі ўсе этапы ювелірнай вытворчасці. Як адзначыў Руслан Саракавой, сёння на прадпрыемстве няма ніводнага памяшкання, якое не было б запатрабавана і не выкарыстоўвалася работнікамі. Прэзідэнту паказалі, як апрацоўваюць залаты лом, рыхтуюць яго да далейшай апрацоўкі і для стварэння ювелірнага вырабу. Затым кіраўніку дзряжавы прадставілі розныя спосабы вырабу ювелірных упрыгожванняў. Але ні адно з іх не ствараецца без удзелу чалавечых рук. Прэзідэнту таксама паказалі цэх па апрацоўцы апрацоўцы алмазаў. Тут таксама вялікую частку работы выконвае тэхніка. Але канчатковы выгляд брыльянта залежыць ад чалавечых рук.


Добрая традыцыя рабочых паездак Прэзідэнта на прадпрыемствы — сустрэча з працоўным калектывам. Завод «Крышталь» выключэннем не стаў. 

«Мы павінны пераўзысці сусветны ўзровень»

Найперш Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання базы ўзбраення. Па яго словах, гэта добры, талковы аб’ект. «Гэтай той шлях, па якім мы ішлі, мадэрнізуючы і захоўваючы нашу зброю. Я сёння ўпэўніўся, што ваенныя ў нас малайцы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў краіне шмат увагі ўдзяляюць падтрымцы ваенных людзей, каб яны «былі накормлены, і адзетыя». Але па словах Аляксандр Лукашэнкі, гэта нішто, каля няма зброя і боепрыпасаў. Таму некалькі гадоў таму была пастаўлена задача перад ваеннымі — прывесці ўсё ў адпаведнасць, пераглядзець, перабраць і прывесці ў парадак усю зброю. І за пяць гадоў ваенныя выканалі гэту задачу. 

«І думаў, як не заехаць да вас. Не таму што вы робіце такую прыгажосць, — звярнуўся Прэзідэнт да супрацоўнікаў „Крышталя“. — Самае прыгожае ў свеце гэта жанчыны. А жанчыны лічаць, што іх упрыгожваюць золата і брыльянты. Я спакойна стаўлюся да гэтага. Але заўсёды рады, калі нашы жанчыны будуць прыгажэй выглядаць з гэтымі вырабамі». 

Прэзідэнт нагадаў, што шмат разоў яму прапаноўвалі прадаць, прыватызаваць гэту ювелірную вытворчасць. Але яна засталася дзяржаўным. «Для мяне як для чалавека прыжымістага, згубіць не брыльянты, а школу, людзей, якія ўмеюць гэта рабіць — гэта катастрофа. Гэта ж найвышэйшага ўзроўню кампетенцыі», — сказаў ён.

«Ваша прадпрыемства мы не толькі захавалі і аднавілі, добрае прадпрыемства, мы будзем яго развіваць. Мы будзем у вас інвеставаць, укладваць грошы, мы будзем купляць самае сучаснае абсталяванне», — паабяцаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што яму ў галаву закралася «шалёная думка», якую ён агучыў: «Мы не проста выйдзем на сусветны ўзровень вытворчасці вашай прадукцыі. Мы павінны яго пераўзысці. Мы гэта можам». 

Зараз прадпрыемства валодае добрай доляй унутранага рынку, вырабляе прадукцыю на знешнія рынкі. Задача ад Прэідэнта для міністра і кіраўніка прадпрыемства на найбліжэйшую перспектыву — рабіць усё сваё. І рабіць не так, каб забараняць пастаўкі канкурэнтаў, а так, каб яны не маглі канкрурываць. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што без айчынных спецыялістаў краіна не застанецца без ювелірных вырабаў, іх прывязуць замежныя вытворцы, але яны будуць каштаваць утрая даражэй, чаго бы вельмі не хацелася. «І згубіць высокакваліфікаваных людзей, таленавітых людзей нельга. — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Нам нельга страціць школу»- заявіў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, гэта наша айчыннае прадпрыемства і яно заўсёды будзе нашым, дзяржаўным. 

«Мы будзем вам дапамагаць. Але вы ведаеце маю формулу работы: дапамагаем, але і прыціскаем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён настойвае на тым, што завод «Крышталь» павінен рабіць для краіны ўсё, і не толькі для краіны, трэба гандляваць з іншымі краінамі. Тым больш, што сёння Расія як ніколі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з прадпрыемствам. 

«Акно ў Зімбабвэ адкрыта самае вялікае. Рухайцеся»

Спецыялісты спыталі пра перспектывы развіцця партнёрства з краінамі Афрыкі, найбуйнейшымі нішамі алмазнай сыравіны. «Санкцыі санкцыямі, а бізнес бізнесам. Калі ёсць чалавек, кампанія ці краіна, якая хоча прадаць, а з другога боку ёсць пакупнік -ніякія санкцыі не перашкодзяць». — адказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што катэгарычна забараніў ураду спасылацца на санкцыі. Па яго словах, гэта расслабляе людзей і потым на санкцыі можна сваліць ўсё. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жыць пад санкцыямі няпроста, складана. Але Беларусі горш не стала, бо адкрыўся расійскі рынак. Вялікую цікавасць праяўляюць усходнія краіны. «Мы выстаялі, у нас ёсць куды прадаць нашу прадукцыю. Гэта самае галоўнае», — падсумаваў беларускі лідар. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння трэба рабіць сваю прадукцыю. «Наступны год — год якасці. Мы прымусім усіх якасна працаваць, хто хоча, хто не хоча», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў пра карупцыйныя схемы ў малочнай галіне, якія былі раскрыты на гэтым тыдні. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, і далей з такімі злачынцамі ніхто цырымоніцца не будзе, будуць публічна агучаны прозвішчы і дзеянні. «Я не хачу, каб увогуле ў краіне было так — красці, за хабар чужое прадаваць і сабе ў кішэню класці. Гэта недапушчальна», — заявіў ён. 

Што тычыцца арыентацыі на знешнія рынкі, то па словах Прэзідэнта, лепшыя адносіны, чым з кіраўніцтвам Зімбабвэ, наўрад ці з кімсьці могуць быць. А Зімбабвэ адна з вядучых дзяржаў па здабычы золата, алмазаў і гэтак далей. Па словах кіраўніка дзяржавы, сёлета Зімбабвэ з дапамогай беларускай тэхнікі атрымала рэкордную колькасць збожжа і накарміла свой народ. Таму супрацоўніцтва на выгадных умовах будзе працягвацца. Пры гэтым супрацоўніцтва будуецца на роўных. Гэта тычыцца і Зімбабвэ, і Экватарыяльнай Гвінеі — адносіны з якімі сёння разіваюцца найбольш плённа. Ды і з іншымі краінамі Афрыкі. «Яны хочуць з такімі дзяржавамі як мы працаваць. Да „вялікіх“ яны ўжо не лезуць. З тымі можна супрацоўнічаць, а потым яны кінуць і ты станеш калоніяй... Натуральна, у нас там вялікі інтарэс і па вашай сыравіне. Акно ў Зімбавэ прабіта самае вялізнае — рухайцеся», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Галоўная ўмова — не нажывацца на людзях

Людзей цікавілі не толькі глабальныя пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, але і ўнутраныя. Напрыклад, у Прэзідэнта спыталі, як паўплываць на сітуацыю, калі ў сельскай мясцовасці ў гандлі прадукцыі менш, а цэны вышэйшыя. «Я як чалавек вясковы (усе мы з вёскі выйшлі, хто ў другім, хто ў трэцім пакаленні) хварэю за вёску, таму мы яе і захавалі. Але ўявіце: 10-20 чалавек, і туды трэба везці тавар. А гэта выдаткі і выдаткі, гэта не танна. І зарплаты людзям, і паліва, і машыны трэба купіць. Мы дапамагалі ўсім: я выдзяляў крэдыты для закупкі тэхнікі і іншае, іншае. Але бачу, што там трэба ўвесці жорсткую ваенную дысцыпліну, як гэта зрабілі ў Брэсце і ў Гродне», — сказаў Прэзідэнт. Ён расказаў, што ў пачатку новага года на ўзроўні Прэзідэнта будзе абмеркавана работа Белкаапсаюза. Будуць пастаўлены вельмі жорсткія задачы. Паводле слоў Прэзідэнта, да аграгарадкоў і буйных вёсак спажыўкааперацыя дойдзе дакладна. Прыватны гандаль у сельскай мясцовасці можа спакойна працаваць, але з адной умовай — на людзях не нажывацца. «З-за вялікай сеткі, талковых падыходаў, прыватнікі цэны высокія не трымаюць. Наадварот, Белкаапсаюз прайграе ім і вымушаны свае выдаткі, часам шалёныя, пакрываць цэнамі. Таму ў бліжэйшы час за Белкаапсаюз мы возьмемся, і возьмемся вельмі сур’ёзна. Могуць працаваць — няхай працуюць. Не — ліквідуем і вызначымся з кожнай крамай, дзе хто будзе працаваць, і як яны будуць прадаваць. Але мы не дазволім нажывацца за кошт тых, хто жыве ў вёсках, якія дажываюць па 10,20, 30 чалавек. Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне, да якога ў студзені мы вернемся», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. 

«Мы можам быць багацейшымі, калі будзем адказнымі»

Не абышлося і без прапаноў ад гамяльчан. Прэзідэнту прапанавалі заснаваць адзіны для ўсіх сфер дзяржаўны знак якасці. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што наступны год будзе аб’яўлены Годам якасці. Па яго слова, час гэта зрабіць. «Мы вырабляем шмат і якаснай, і нядрэннай прадукцыі. Але трэба лепей, для таго, каб канкурыраваць. У нас адкрытая эканоміка. Мы вырабляем у Беларусі ўсё, што вырабляюць у свеце суседзі. Пры гэтым трэба якасць падымаць», — упэўнены беларускі лідар. Ён прывёў у прыклад кітайскіх вытворцаў, якія у павышэнні якасці прадукцыі ідуць сямімільнымі крокамі. 

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў узяць за аснову сучаснага беларускага савецкі знак якасці, які знешне яму падабаецца. Ва урадзе вызначаць, па якіх крытэрыях прысуджаць гэты знак. І прысуджаць яго будзе дзяржава. «Буду рады, калі ваш працоўны калектыў вырабіць тавар, якому будзе прысвоены знак якасці», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка. 

Падчас размовы з калектывам зайшла гаворка і пра будучыню. «У мяне няма іншага клопату — толькі каб вам было добра. І калі вы будзеце кожны хоць крыху, на міліметр дадаваць — мы будзем жыць нармальна. Калі на два міліметры — будзем багатымі. Усё залежыць толькі ад нашых людзей. У нас ёсць усё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён яшчэ раз паўтарыў свой прынцып — лепей укалваць у полі, чым ваяваць на фронце. «Я мірны чалавек, і я буду рабіць усё, каб вайны не было. Гэта для вас вельмі актуальна. Вы ведаеце — тут за плотам ідзе гэтая вайна. І мне нямала намаганняў трэба для таго, каб праз мяжу яна не перасягнула сюды», — сказаў Прэзідэнт. А ў той жа час, Аляксандр Лукашэнка, прызнаўся, што ў асобных месцах Гомельшчыны з борта верталёта ўбачыў шмат недапрацовак і запушчаных месц. «Столькі работы яшчэ на зямлі, бязладдзя і халатнасці! У нас яшчэ вялікі аб’ём работы», — заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе краіна зарабіла на харчаванні восем мільярадаў долараў. Гэта вялікія грошы, якія нават на нафце не заўсёды рэальна зарабіць асобным краінамі. «Але мы можам быць багацейшымі, калі будзем адказнымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ адзін прыклад, які ён прывёў у пацверджанне сваіх слоў — аднаўленне Гомельскай вобласці ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Людзі баяліся тут жыць, але крок за крокам пачалося аднаўленне гэтых тэрыторый. Па яго словах, на Гомельшчыне нельга працаваь дрэнна. «Вы малайцы. Я не магу сказаць, што вы дрэнна працуеце, хаця ёсць куды імкнуцца. Але ў нас яшчэ вельмі шмат праблем, дзе трэба наводзіць парадак. Гэта ж не справа, што Гомельская вобласць летась была лідарам па падзяжу жывёлы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

«Ніколі ваяваць не будзем, калі ў нас будзе эканоміка нармальная. Ва Украіне пачалося з таго, што пачалі расцягваць найбагацейшую краіну — прыватызавалі, парэзалі на кавалкі. Трэба быць сумленным, трэба працаваць. Іншай краіны ні ў вас, ні ў нашых дзяцей не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што тыя, хто збеглі ў тым ліку і з Гомельскай вобласці, сёння просяцца дадому. Спецыяльна працуе адпаведная камісія. «Ідзіце даказвайце: не забілі, не ўкралі, на вуліцу не хадзілі, не ламалі, не крышылі — прымем. Але прабачце, калі вы нашых людзей запалохвалі і да гэтага часу гэта робіце — сядзіце лепш там, сюды не хадзіце», — сказаў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка пажадаў супрацоўнікам «Крышталя» здароўя. Па яго словах, гэта ніякія золата і брыльянты не заменяць. На заводзе Прэзідэнту зрабілі памятны падарунак — карту Беларусі, выкананую з выкарыстаннем пазалочанага серабра і сапраўдных брыльянтаў. Брыльянтамі рознай велічыні на карце абазначаны Мінск, абласныя і раённыя цэнтры. Яшчэ адзін падарунак кіраўніку дзяржавы — ручка, зробленая з моранага дуба, якому прыблізна 4000 гадоў. Дуб быў вылаўлены ў рацэ Сож каля вёскі Карпаўка Лоеўскага раёна.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.