Вы тут

Выстаўка «Адтуліны-адсюліны» працуе ў Мінску


Выстаўка з назвай «Адтуліны-адсюліны», якая пачала сваю работу ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, знаёміць з сучасным беларускім інсітным мастацтвам. У экспазіцыі прадстаўлены работы Юрыя Пяткевіча і Ірыны Князевай. 


Ірына Князева «Калі не страшна»

Інсітнае, ці «наіўнае», мастацтва адносіцца да непрафесійных форм творчасці ХХ стагоддзя. У Беларусі гэты від дзейнасці стаў самастойным у 1960-я гады і адразу атрымаў шырокае распаўсюджанне. Уплыў на развіццё інсітнага мастацтва мела творчасць Алены Кіш. Яна адзіная з нашай краіны трапіла ў сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва. 

Рысы «наіўнага» мастацтва ёсць у творах Марка Шагала, Пабла Пікаса, Анры Русо... У Беларусі ў такім стылі працуюць сучасныя мастакі Валянцін Губараў, Марта Шматава, Мікалай Тарасюк ды іншыя. 

Юрый Пяткевіч — мастак, паэт і пісьменнік, шырока вядомы ў Беларусі і за мяжой. Яго жывапіс быў прадстаўлены на розных выстаўках у Маскве, Сочы і Варонежы. Крытыкі і калегі параўноваць творы нашага сучасніка з некаторымі работамі Марка Шагала. На выстаўцы прадстаўлены вядомыя карціны Юрыя Пяткевіча «Навальніца», «У шорах», «Каля мальберта». Мастак часта выкарыстоўвае цёмныя фарбы, якія перадаюць трывожны настрой і самоту быцця, што супадае з экзістэнцыяльным адценнем інсітнага мастацтва, і расстаўляе акцэнты. Гэта можна заўважыць на карціне «Рукі», дзе натоўп працягвае далоні да гледача. У цэнтры — спалоханыя твары людзей, а на першы план выходзяць менавіта рукі, працягнутыя праз краты. Пераважае чырвоны колер, з-за чаго адчуваюцца напружанасць і страх. Такія ж пачуцці ўзнікаюць пры разглядзе карціны «Апакаліпсіс»: Ісус чытае кнігу, побач з ім казляня. Гэтыя дзве фігуры самыя яркія і светлыя. Фонам выступаюць чорна-сінія хмары і птушкі Сірын, якія ў міфалогіі ўвасабляюць цёмныя сілы. Асноўныя колеры твора — жоўты, чырвоны, чорны і зялёны. З часоў сярэднявечча па хрысціянскіх канонах гэтыя колеры ўвасабляюць чалавечыя заганы і пекла ўвогуле. Яшчэ адна работа Юрыя Пяткевіча з рэлігійным падтэкстам — карціна «Архангел Міхаіл», на якой адлюстравана сцэна вайны на нябёсах паміж святым і цмокам. 

Юрый Пяткевіч «Цырк».

Астатнія работы Юрыя Пяткевіча на выстаўцы — гэта серыйныя карціны. Сярод іх — сюжэт «Будаўніцтва Вавілонскай вежы» з шасці частак. Кожны твор дапаўняе ці раскрывае іншы, і, каб зразумець сэнс усяго сюжэта, трэба прааналізаваць усе шэсць. Аналіз зацягвае не на адну гадзіну і нагадвае маленькае асабістае даследаванне. З серыйных сюжэтаў таксама — карціны «Гогаль» з дзвюх частак, «Кветкі» з чатырох частак і «Каханне» з дзвюх. Дарэчы, у цэнтры экспазіцыі знаходзіцца арт-кніга мастака «Цырк». Між тым творы Юрыя Пяткевіча прасякнуты жалобай, горыччу і трывогай. 

Ірына Князева «Крык (не Мунк)»

Акрамя работ Юрыя Пяткевіча на выстаўцы «Адтуліны-адсюліны» можна ўбачыць творы Ірыны Князевай, якая, дарэчы, і прапанавала арыгінальную беларускую назву выстаўкі. Мастачка і старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры вядомая сваімі ілюстрацыямі да выданняў дзіцячай пісьменніцы Таццяны Дашкевіч «Аблокі для Мілы», «Куды бяжыць сабака Мелі?» і «Сталець ніколі не рана, або Адзін дзень з жыцця звычайнага хлопчыка». Акрамя малюнкаў да кніг на выстаўцы прадстаўлены дываны «Добрай раніцы», «Вераснёвая сямейка», «Крык (не Мунк)», а таксама прысвечаныя Язэпу Драздовічу, Васілю Быкаву і Віцебску. Можна заўважыць, што Ірына Князева натхнялася творамі Алены Кіш. Пра гэта сведчыць кніга — маляваны дыван, прысвечаная жыццю і творчасці агульнавядомай мастачкі. Кніга складаецца з 16 палатняных «старонак» і змяшчае яркія народныя сюжэты і прыпеўкі. Творчасць Ірыны Князевай вельмі кантрастуе з карцінамі Юрыя Пяткевіча. Мастачка выкарыстоўвае яркія фарбы, і ўсе яе творы прасякнуты радасцю жыцця, дабром 
і гумарам. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.