Вы тут

Любоў Аляксандра Ільінскага да мастацтва


11 лістапада адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Ільінскага, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, аднаго з пачынальнікаў Коласаўскага тэатра.


У ролі Несцеркі

Калі гартаеш старонкі гісторыі коласаўскага тэатра, занатаваныя ў розных кнігах — манаграфіях, падручніках, газетных артыкулах, калі слухаеш успаміны старэйшын творчага калектыву, першае імя, якое заўсёды прыгадваецца, — Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі. Тыя, хто яго бачыў на сцэне, кантактаваў з ім у жыцці, успамінаюць гэтыя хвіліны з захапленнем. Ён быў кумірам для гледачоў, якія звычайна пыталіся каля касы: «А сёння Ільінскі іграе?» Калі ж не, то некаторыя расчаравана адыходзілі ўбок і спыняліся ў моцным задуменні, разважаючы, а ці варта сёння ісці на спектакль. Ільінскі быў узорам калі не для пераймання, то вернасці, адданасці тэатру, высокага прафесіяналізму для маладых акцёраў. А яшчэ ён быў вельмі сціплым і простым чалавекам. Былыя яго калегі і сёння прызнаюцца, што ні ценю фанабэрыстасці, ніякіх прыкмет зорнай хваробы ён ніколі не меў. Магутны талент у спалучэнні са сціпласцю, мудрасцю і дабрынёй.

Нарадзіўся ён у гарадку Мір Навагрудскага павета Мінскай губерні. Творчы шлях яго, як і многіх знакамітых у далейшым артыстаў, пачынаўся са школьнай самадзейнасці. А пазней — Мінск, які на той час становіцца цэнтрам росквіту беларускай культуры і мастацтва. Тут у першыя гады пасля рэвалюцыі арганізоўваюцца новыя тэатры, студыі, гурткі самых розных кірункаў. У адзін з такіх маладых творчых калектываў пад назвай «Сучасны тэатр» трапляе Шура Ільінскі ў якасці акцёра-пачаткоўца. Неўзабаве ён (разам з братам, у будучыні вядомым драматургам Мікалаем) паступае ў Першае беларускае таварыства драмы і камедыі на чале з Фларыянам Ждановічам. З адкрыццём БДТ-1 (будучага купалаўскага тэатра) пераходзіць туды. Там былі сыграны ўсе маленькія, даступныя яму, былому артысту-аматару, ролі. Ён прыходзіць да высновы аб неабходнасці атрымаць спецыяльную тэатральную адукацыю. І паступае ў 1922 годзе ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Выкладчыкі тут — вядомыя артысты і рэжысёры Маскоўскага мастацкага тэатра ды іншых сталічных калектываў Валянцін Смышляеў, Соф’я Гіяцынтава, Барыс Афонін і іншыя — імкнуліся зрабіць са студыйцаў сапраўдных прафесіяналаў. Сярод будучых артыстаў, якія пасяліліся ў вялікім фае кінатэатра «АРС» на Арбаце, вылучаўся чарнявы, лёгкі і гнуткі, нібы гутаперчавы, юнак — Шура Ільінскі. Ён чамусьці аблюбаваў сабе для пражывання білетную касу, што знаходзілася побач з фае. Хлопец жартаўліва казаў: «Жыву я з усімі выгодамі. Сплю, скурчыўшыся ў тры пагібелі, накрываюся дзіравым кажушком, затое магу кожную ноч чытаць да ачмурэння». 

Дзеда Талаш («У пушчах Палесся»)

У 1926 годзе група студыйцаў прыязджае ў Віцебск і складае ядро БДТ-2 (так спярша называўся будучы коласаўскі тэатр). Адной з першых роляў Ільінскага быў Чорт з камедыі Францішка Аляхновіча «Чорт і Баба». Яго выкананне рабіла на гледачоў незабыўнае ўражанне. Стары, аблезлы, абшарпаны, задрыпаны, але абаяльны, таварыскі і надзвычай выразны. Мізэрны і разам з тым такі хатні, свойскі, што хацелася пашкадаваць. Ільінскі ачалавечыў яго. Акцёр выдатна раскрыў у гэтай ролі свой самабытны камедыйны талент і паказаў дасканалае ўменне валодаць целам. У новым тэатры Ільінскі паступова развіваўся і рос як творчая асоба. Спачатку іграў маленькія, эпізадычныя ролі: Пецю Хваткіна ў «Разломе» Б. Лаўранёва, Палітрука ў «Першай коннай» У. Вішнеўскага. Але іграў бліскуча, ствараючы яркія, змястоўныя вобразы. Паступова артысту сталі давяраць больш значныя ролі. З вялікім майстэрствам ён сыграў Швандзю ў «Любові Яравой» К. Транёва. Там ён спалучыў камедыйныя элементы з гераічнай накіраванасцю вобраза. Сярод класічных вобразаў таго часу вылучым яго Фігара з «Жаніцьбы Фігара» Ж.-Б. Бамаршэ. Рэжысёру таго спектакля Паўлу Антакольскаму спатрэбіліся пластычнасць акцёра, здольнасць да імправізацыі. Пазней Ільінскі створыць цэлую галерэю класічных вобразаў. Сярод іх — Хлестакоў у «Рэвізоры» М. Гогаля, Расплюеў з «Вяселля Крачынскага» А. Сухава-Кабыліна, Рабінзон з «Беспасажніцы» і Шчасліўцаў у «Лесе» А. Астроўскага. Фатаваты, малады, свавольны, «без цара ў галаве» — такі Хлестакоў Ільінскага. Рабінзон і Шчасліўцаў былі аб’яднаны ў выкананні Аляксандра Канстанцінавіча адной тэмай — «маленькага чалавека». Прыніжаны і зняважаны правінцыяльны акцёр — не штукар-забаўнік у выкананні Ільінскага, а растаптаная тагачасным грамадствам асоба, якая стаіць па той бок закона. У вобразе Расплюева, як пісалі сучаснікі, артыст падымаўся да давыдаўскай трагічнай вышыні ў вытлумачэнні гэтай ролі і разам з тым быў смешны, варты жалю і страшны. Гэта была цэлая гама ўзлётаў і падзенняў чалавечага духу, разбэшчанага золатам і прагнасцю.

У спектаклі «Шануй бацьку свайго».

Асобнае месца ў вялікім шэрагу яго роляў займае работа над шэкспіраўскімі вобразамі. У «Гамлеце» артыст іграў Палонія і Першага магільшчыка. Палоній — хітры царадворац, прыніжаны паслугач. Грым, паходка, лісіныя манеры і інтанацыі, цынічныя адносіны да чалавечых пачуццяў былі злучаны ў гэтым вобразе. А Першы магільшчык быў прастадушным клоўнам, поўная супрацьлегласць Палонію, увесь зямны і народны. 

Ільінскі ўмеў ствараць складаныя чалавечыя характары ў складаных сітуацыях. Такімі былі яго вобразы ў творах беларускай драматургіі. У п’есе Якуба Коласа «Вайна вайне» Аляксандр Канстанцінавіч іграў Дзям’яна Дзяменю, простага салдата з беларускіх сялян. Ні шэры шынель, ні армейская муштра, ні франтавыя нягоды не знішчылі ў ім прыроднага аптымізму, народнага гумару і знаходлівасці. Гэтыя рысы характару простага чалавека былі перададзены Ільінскім з выключнай задушэўнасцю і жыццёвай пераканаўчасцю. Рэалізм і народнасць Якуба Коласа былі вельмі блізкія артысту, што выявілася ў вобразе дзеда Талаша ў спектаклі «У пушчах Палесся». У газетных рэцэнзіях на гэты спектакль адзначаліся яго патрыятычнасць, глыбокая народнасць і гераічны характар Талаша ў выкананні Ільінскага. Цікавы факт, што Аляксандр Канстанцінавіч прыязджаў на радзіму Талаша, на Палессе, і жыў там нейкі час, вывучаючы і паглыбляючыся ў гэты характар. Але найвялікшай удачай артыста стаў вобраз Несцеркі ў аднайменнай камедыі Віталя Вольскага. Пасля Ільінскага змянілася многа выканаўцаў, але нікому так і не ўдалося перасягнуць, пераўзысці першага выканаўцу абаяльнасцю, мудрасцю і гумарам, закладзенымі артыстам. Яшчэ сёння ў тэатры працуюць майстры, якія бачылі гэтую работу. Па іх сведчанні, гэта быў вельмі цёплы вобраз. Якраз абаяльнасць і цеплыня рабілі яго блізкім, сваім, родным для тысяч гледачоў. 

У ролі Расплюева («Вяселле Крачынскага»)

Амаль напрыканцы творчага шляху Аляксандр Ільінскі стварае яшчэ адзін знакавы вобраз (глыбока трагедыйны) — Тэўе-малочніка з інсцэніроўкі аднайменнага рамана Шолам-Алейхема. Гэта было яшчэ задоўга да знакамітай «Памінальнай малітвы» Рыгора Горына. Спектакль коласаўцаў меў як у Віцебску, так і за яго межамі ашаламляльны поспех (тым больш што гэтая тэма ў тыя часы не асабліва ўздымалася). Былая актрыса коласаўскага тэатра Людміла Заграбельная (яна сама іграла ў гэтым спектаклі) сёння ўспамінае, як на гастролях у Бабруйску гледачы (нават на інвалідных калясках) імкнуліся трапіць на спектакль. Не толькі сама глядзельная зала, але і праходы паміж крэсламі былі шчыльна запоўнены людзьмі. Праводзілі Ільінскага і іншых артыстаў доўгімі авацыямі. 

У чым жа сакрэт поспеху сапраўды народнага артыста? Напэўна, у тым, што гэта быў самабытны, прыродны, непаўторны талент. Ён да самазабыцця любіў сваю прафесію, аддаваў ёй сябе цалкам. А любоў, як і мастацтва, не ведае кампрамісаў.

Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.