Вы тут

У Шанхаі пройдзе Кітайская міжнародная выстава імпарту


VI Кітайскае міжнароднае імпартнае ЭКСПА (CIIE, China International Import Expo) пройдзе з 5 па 10 лістапада ва ўсходне-кітайскім мегаполісе Шанхай і збярэ ўдзельнікаў са 154 краін, рэгіёнаў і міжнародных арганізацый, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Ініцыятыва яго правядзення нарадзілася на форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс, адзін шлях» у Пекіне ў маі 2017 года, калі старшыня КНР Сі Цзіньпін прапанаваў з 2018-га рэгулярна арганізоўваць міжнародную выставу імпартных тавараў у Шанхаі. Правядзенне CIIE — частка маштабнай праграмы ўрада Кітая, які ўзяў курс на трансфармацыю цяперашняй эканамічнай мадэлі развіцця краіны. Кітайскія ўлады імкнуцца зрушыць акцэнт з экспартна-арыентаванай мадэлі на больш збалансаваную практыку вядзення міжнароднага гандлю, якая прадугледжвае вялікую адкрытасць Кітая і павелічэнне аб’ёмаў імпарту. У бліжэйшыя пяць гадоў КНР будзе імпартаваць тавары і паслугі на суму каля 10 трыльёнаў долараў, адкрываючы магчымасці для прадпрыемстваў з самых розных краін пастаўляць свае тавары ў Кітай.

Маштабы насамрэч уражваюць. Паводле дадзеных арганізатараў, летась на CIIE было заключана пагадненняў на суму звыш 73,5 мільярда долараў, што амаль на 4 працэнты перавысіла паказчык 2021 года. На пятай CIIE было прадстаўлена 145 краін і рэгіёнаў, а колькасць кампаній, якія прадэманстравалі сваю прадукцыю і паслугі, склала каля 2,8 тысячы. Як адзначыў намеснік міністра камерцыі КНР Шэн Цюпін, сёлета па сваіх маштабах выстава вернецца да дакавідных паказчыкаў. Больш за 3,4 тысячы кампаній зарэгістраваліся для ўдзелу, у тым ліку 289 прадпрыемстваў з прэстыжнага рэйтынгу Fortune 500. Чакаецца, што выставу наведаюць каля 400 тысяч прафесійных пакупнікоў. Па словах Шэн Цюпіня, з моманту свайго стварэння ў 2018 годзе CIIE ператварылася ў платформу для міжнароднага супрацоўніцтва, развіцця гандлю, прыцягнення інвестыцый і культурнага абмену.

ЭКСПА пройдзе ў выставачным комплексе National Exhibition and Convention Center, плошча якога складае 1,5 мільёна кв. метраў. Як паведаміў Шэн Цюпін, у гэтым годзе 69 краін разгарнулі нацыянальныя экспазіцыі. З іх 11 ўпершыню далучацца да выставы ў афлайн-фармаце. 

Беларускія прадпрыемствы традыцыйна шырока прадставяць у Шанхаі значны экспартны патэнцыял краіны — ад прамысловай прадукцыі да культурнай праграмы. Краінавы павільён Беларусі сёлета аформлены ў стылі Вялікага тэатра Беларусі, паведаміла БелТА дырэктар «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Наталля Кураш. Тут адбудуцца выступленні салістаў оперы і музыкантаў аркестра Вялікага. У краінавым павільёне пройдуць тэматычныя дні абласцей Беларусі.

Беларускія вытворцы будуць шырока прадстаўлены ў камерцыйных павільёнах маштабнай выставы. Самую вялікую частку беларускіх экспанентаў збярэ павільён «Харчовая і сельскагаспадарчая прадукцыя». Лінейку запатрабаваных беларускіх прадуктаў харчавання ў гэтым павільёне прадставяць больш чым 30 кампаній. Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з навукова-тэхнічнымі дасягненнямі і інавацыйнымі распрацоўкамі нафтахімічнай і прамысловай сфер Беларусі ў павільёне «Высокатэхналагічнае абсталяванне і інфармацыйныя тэхналогіі».

У павільёне «Спажывецкія тавары» будуць прадстаўлены беларускія тэкстыльныя вырабы, уключаючы футравыя тавары і прадукцыю з лёну. Упершыню на кітайскім рынку будзе прадстаўлены брэнд «Мерч Першага». Калекцыя ўключае джэмперы, байкі і світшоты з эксклюзіўнымі цытатамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Біржавыя, мытныя, адукацыйныя і лагістычныя паслугі, распрацоўкі айчынных адукацыйных і навуковых устаноў, а таксама патэнцыял свабодных эканамічных зон краіны беларускія ўдзельнікі прадэманструюць у павільёне «Гандаль паслугамі». Традыцыйны сумесны стэнд прадставяць Нацыянальная акадэмія навук, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства адукацыі. Яны прадэманструюць свае паслугі ў частцы адукацыі, распрацовак, інавацый.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.