Вы тут

Лукашэнка: Зыходзячы з выключна агульнадзяржаўных задач забеспячэння нацыянальнай бяспекі


Пытанне павышэння ролі пракуратуры ў грамадстве гучала падчас нядаўніх нарад кіраўніка дзяржавы з сілавым блокам. На мэтазгоднасць стварэння сістэмы ваенных пракуратур, а таксама ўзмацненне кантролю за выкананнем заканадаўства сярод ваеннаслужачых Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу на сустрэчы з генеральным пракурорам у ліпені. Было даручана разгледзець пытанне стварэння сістэмы ваенных пракуратур комплексна. Канкрэтныя прапановы на гэты конт учора прагучалі ў шырокім складзе, з удзелам кіраўніцтва сілавога блоку краіны. 


Рашэнне аб ліквідацыі сістэмы ваенных пракуратур прынялі ў 2014 годзе. Паўнамоцтвы па ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства ва Узброеных Сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Беларусі былі перададзены грамадзянскім органам пракуратуры. Аднак абстаноўка ў свеце і непасрэдна каля нашых граніц прымушае зноў на самым высокім узроўні вярнуцца да пытання кантролю за выкананнем заканадаўства ва Узброеных Сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях.

Кіраўнік дзяржавы не стаў нагадваць, чым у 2014 годзе было выклікана рашэнне аб ліквідацыі ваенных пракуратур. Аднак задаў правамернае пытанне: ці памянялася абстаноўка ў тых галінах, дзе пракуроры павінны назіраць за аднастайным дакладным выкананнем беларускага заканадаўства? «Напэўна, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Паўстае пытанне: настолькі памянялася, што нам трэба сёння ствараць ваенныя пракуратуры, узнавіць іх?»

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што рашэнне аб ліквідацыі ваенных пракуратур прымалася ў іншых умовах і было накіравана ў тым ліку на скарачэнне штатнай колькасці ў рамках рэформы дзяржапарату, а таксама скарачэнне расходвання бюджэтных сродкаў. «У якасці дзейснай меры па рашэнні названых вышэй задач генеральным пракурорам (а задачы застаюцца тыя ж) прапанавана стварыць Галоўную ваенную пракуратуру і міжгарнізонныя ваенныя пракуратуры», — паведаміў беларускі лідар і прапанаваў вызначыцца па гэтым пытанні.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што выказвалася і альтэрнатыўнае меркаванне аб мэтазгоднасці стварэння такой сістэмы, але толькі ва ўмовах ваеннага часу. «Таксама пытанне: не дай Бог, пачалася вайна, мы хутка ствараем пракуратуры, — заўважыў ён. — Без гэтага справіцца не можам? Калі не можам, можа, і трэба. Калі зможам, навошта?»

Прэзідэнт пацікавіўся ў прысутных, адкуль увогуле з’явілася пытанне аб узнаўленні ваенных пракуратур. «Чаму сёння гэтае пытанне ўзнятае, пракурорамі перш за ўсё? — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — І пытанне галоўнае — трэба сёння ці не трэба ўзнаўляць сістэму пракурорскага нагляду, якая была да 2014 года? Чакаю канкрэтных прапаноў, зыходзячы з выключна агульнадзяржаўных задач забеспячэння нацыянальнай бяспекі».

Як паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед, органы пракуратуры працуюць на павышэнне эфектыўнасці нагляднай дзейнасці па ўсіх кірунках. Па яго словах, рэалізаваны шэраг ведамасных ініцыятыў, якія ўжо даюць свой вынік.

«У сувязі з ваенна-палітычнай абстаноўкай, якая існуе паблізу нашых граніц, намі праведзены аналіз арганізацыі нагляду за законнасцю ў войсках іншых краін, у тым ліку падчас ваенных канфліктаў, — адзначыў Андрэй Швед. — Ва ўсім свеце ваенныя пракуроры з’яўляюцца абавязковым элементам сістэмы нацыянальнай бяспекі. Іх функцыянал паўсюдна задзейнічаецца ва ўсіх ваенных канфліктах».

Пасля абмеркавання пытанняў, якія гучалі падчас нарады, Прэзідэнт рэзюмаваў, што на дадзены момант няма неабходнасці ствараць сістэму ваенных пракуратур. Аднак аснову гэтай сістэмы ўжо сёння варта выкрышталізаваць унутры Генеральнай пракуратуры. Даручана падрыхтаваць адпаведныя кадры, зразумець фармат работы ў гэтым напрамку, а таксама наладзіць міжведамаснае ўзаемадзеянне. Калі адпаведная сістэма будзе выбудавана і на тое будзе неабходнасць, адпаведнае рашэнне па разгортванні сістэмы ваенных пракуратур прымуць у кароткія тэрміны.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што варта павышаць і ўдасканальваць пракурорскі нагляд, у тым ліку ва Узброеных Сілах і іншых воінскіх фарміраваннях. На думку беларускага лідара, супрацоўнікі ведамства павінны бачыць, што адбываецца ў падраздзяленнях, валодаць усёй неабходнай інфармацыяй і сачыць за выкананнем заканадаўства.


У тэму

Як расказаў у размове з журналістамі генеральны пракурор Андрэй ШВЕД, кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць далейшага ўзмацнення ролі пракуратуры як нагляднага органа і прыняцця ўсіх мер, каб узмацніць пракурорскі нагляд, у тым ліку за нашымі Узброенымі Сіламі, воінскімі фарміраваннямі. «Пастаўлена задача — у бліжэйшы час пачаць работу ў Генеральнай пракуратуры па падрыхтоўцы будучых ваенных пракурораў, — удакладніў кіраўнік ведамства. — Павінна быць створана свайго роду прамежкавая сістэма (структура), якая павінна падрыхтаваць неабходныя кадры, што маюць вопыт ваеннай службы, разумеюць спецыфіку нагляднай дзейнасці ва Узброеных Сілах і воінскіх фарміраваннях».

Па словах генпракурора, калі прыйдзе час, пры неабходнасці будзе прынята рашэнне аб стварэнні ваеннай пракуратуры. «У гэтым кірунку неабходна рухацца, — дадаў ён. — Задача пастаўлена, яна будзе выконвацца».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.