Вы тут

Галоўчанка і Андрэйчанка азнаёміліся з экспазіцыяй, прымеркаванай да 90-годдзя Дома ўрада


Менавіта з гэтага велічнага адміністрацыйнага будынка, які з'яўляецца адным з сімвалаў нашай краіны, нярэдка пачынаецца знаёмства са сталіцай Беларусі. Захаваны ў першапачатковым выглядзе, Дом урада ўражвае не толькі сваім маштабам (240 тысяч метраў квадратных), але і цікавай гісторыяй. Адзін той факт, што стварэнне геніяльнага архітэктара Іосіфа Лангбарда выстаяла ў гады акупацыі, калі Мінск быў фактычна знішчаны, сведчыць аб многім.


Унікальныя звесткі з гісторыі Дома ўрада, дакументы, якія адлюстроўваюць працэс узвядзення гэтага манументальнага будынка, фотахроніку і артэфакты, што знаходзяць па сённяшні дзень, у фае Авальнай залы прадставілі першым наведвальнікам выставы «Дом урада: гісторыя і сучаснасць» — прэм'ер-міністру Раману Галоўчанку і Старшыні Палаты прадстаўнікаў Уладзіміру Андрэйчанку. Сімвалічна, што і Савет Міністраў, і ніжняя палата парламента размешчаны менавіта ў гэтых легендарных сценах.

«Дом урада мае вельмі багатую і няпростую гісторыю, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА. — Гэта і Вялікая Айчынная вайна, і гады акупацыі і разрухі, і аднаўленне Мінска, і станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь — будынак прасякнуты гісторыяй і ўсе гэтыя гады працуе на карысць беларускай дзяржавы. Тут рыхтуюцца і прымаюцца законапраекты, пастановы ўрада. Тут у 1994 годзе прымаў прысягу Прэзідэнт Беларусі. Уся работа гэтага будынка накіравана на тое, каб нашы людзі жылі лепш, каб краіна развівалася, каб у ёй былі мір і парадак».

Спікер ніжняй палаты парламента заўважыў, што гісторыяй Дома ўрада заўсёды цікавяцца міжнародныя дэлегацыі, якія прыбываюць у Мінск. «Гэты будынак іх уражвае, таму мы заўсёды расказваем гісторыю Дома ўрада», — удакладніў ён.

Ручная работа і ўдзячнасць будаўнікам

Адной з першых аб урачыстым адкрыцці Дома ўрада і помніка Уладзіміру Леніну, які знаходзіцца перад гістарычным будынкам, 5 лістапада 1933 года паведаміла газета «Звязда». Доўгачаканая падзея адбылася ў святочны дзень — 7 лістапада 1933 года.

Як сведчаць матэрыялы Нацыянальнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Прэзідэнцкай бібліятэкі, гэтай падзеі папярэднічаў працяглы і напружаны перыяд будаўніцтва. Мала хто ведае, што з месцам, дзе павінны былі ўзводзіць Дом урада, вызначыліся не адразу. Прапаноўвалася чатыры лакацыі.

Конкурс на праектаванне Дома ўрада быў аб'яўлены 18 красавіка 1929 года: ён быў прымеркаваны да дзесяцігоддзя абвяшчэння Мінска сталіцай БССР. У конкурсе бралі ўдзел найбольш знакамітыя архітэктары таго часу. Перамог архітэктар Іосіф Лангбард. Менавіта ён прапанаваў унікальны праект, які потым сталі называць першым хмарачосам беларускай сталіцы.

У Дом урада меркавалася перасяліць 20 наркаматаў. Прадугледжваліся вялікая зала пасяджэнняў, памяшканні для харчавання і прыгатавання ежы, на цокальным паверсе планавалі размясціць амбулаторыю. Асноўная задача, якая стаяла перад будаўнікамі, — мінімізаваць перамяшчэнне па вуліцы кіраўнікоў усіх узроўняў.

Узводзілі легендарнае збудаванне ўручную — пад'ёмных кранаў у Мінску яшчэ не існавала. Не было і такога багатага спектра матэрыялаў, як цяпер. Дом урада будавалі з жалеза і цэглы. Калі не хапала прафесіяналаў, разбіралі іншыя пабудовы. На ўзвядзенне Дома ўрада пайшло дзевяць мільёнаў тагачасных рублёў.

Звыш 20 прафесіяналаў працавала над мастацкім аздабленнем будынка. Напрыклад, унікальныя барэльефы створаны народным мастаком БССР Андрэем Бембелем. Першапачаткова барэльефы вядомага скульптара, прысвечаныя гісторыі рэвалюцыйнай барацьбы, адлюстроўвалі 300 фігур. Пры гэтым ні адна з іх не паўтаралася! Большасць фігур захавалася да нашых дзён.

У будаўніцтве Дома ўрада ўдзельнічала каля 10 тысяч чалавек (прычым як мужчын, так і жанчын) з усіх рэспублік Савецкага Саюза. Дысцыпліна на будоўлі была надзвычай строгая. Людзей, якія спазняліся або сыходзілі раней часу, чакалі канкрэтныя наступствы ў выглядзе пазбаўлення заробкаў і іншага.

Рабочых, якія прымалі ўдзел у будаўніцтве Дома ўрада, запрасілі на яго адкрыццё. Усе яны былі ўзнагароджаны спецыяльнымі прэміямі і наручнымі гадзіннікамі. Для іх была арганізавана ўрачыстая вячэра. Большасць кватэр, з якіх выехалі наркаматы, выдзелілі рабочым, якія будавалі Дом урада.

Чатыры мільёны на аднаўленне

У гады Вялікай Ачыннай вайны Дом урада занялі немцы. Тут знаходзілася галоўнае ўпраўленне гестапа, размяшчаліся ваенныя штабы, пошта і нават казармы салдат. За перыяд акупацыі ў Дом урада трапіў толькі адзін снарад, у выніку чаго было пашкоджана яго правае крыло.

У дзень вызвалення беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 3 ліпеня 1944 года — пачалося размініраванне Дома ўрада. 1200 маладых мінёраў, а таксама 10 спецыяльна навучаных сабак, рызыкуючы сваім жыццём, ачышчалі будынак ад небяспечных знаходак. У выніку з гэтых сцен былі вынесены 184 авіябомбы і 14 скрынь з ручнымі гранатамі. У навядзенні парадку ў Доме ўрада бралі ўдзел і жыхары сталіцы. З дапамогай нашатырнага спірту змывалі свастыку, іншыя надпісы, прыбіралі ў памяшканнях, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Гітлераўцы настолькі запусцілі будынак, што пасля размініравання і навядзення парадку быў аб'яўлены 32-дзённы каранцін. Усяго аднаўленчыя работы ў Доме ўрада вяліся на працягу трох гадоў. На гэтыя мэты пайшло каля чатырох мільёнаў рублёў — практычна палова ад сумы, патрачанай на яго будаўніцтва.

Пасляваенная гісторыя Дома ўрада таксама прадстаўлена ў экспазіцыі. Дакументы, фотаздымкі, прадметы побыту — усё гэта дазваляе дакрануцца да кожнай з эпох. Малавядомыя факты аб гісторыі стварэння і функцыянавання Дома ўрада ў розныя гады, а таксама аб жыцці архітэктара Іосіфа Лангбарда адлюстроўваюць кнігі і перыядычныя выданні, прадстаўленыя з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі.

Даведацца ўнікальныя факты з гісторыі знакавага для краіны будынка ёсць магчымасць і ў юных беларусаў. Некаторыя з іх ужо азнаёміліся з экспазіцыяй.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.