Вы тут

Спецыялісты расказалі пра ўдасканаленне сістэмы радыяцыйнага маніторынгу


Беларусь і Расія вядуць перагаворы аб стварэнні саюзнай праграмы пад рабочай назвай «Крышталі і дэтэктары» (аб вырабе адпаведных прылад). Чакаецца, што неўзабаве ў краіне будуць адкрытыя новыя пункты назіранняў па вымярэнні радыенуклідаў трыцію. Сёння працуе 120 пунктаў назірання і дзесяць аўтаматычных станцый кантролю, якія ў анлайн-рэжыме кругласутачна дазваляюць бачыць радыяцыйную абстаноўку ў Беларусі і на трансгранічных аб’ектах. А да 2030 года ў краіне павінны збудаваць пункт захоўвання радыеактыўных адходаў. Гэтымі і іншымі вынікамі і планамі работы Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя, якой сёлета споўнілася 30 гадоў, падзяліліся ўдзельнікі тэматычнага круглага стала, які прайшоў у Белгідрамеце.


Фота: pixabay.com

Сітуацыя станоўчая

Мерапрыемства, прысвечанае радыяцыйнаму маніторынгу, сабрала каманду бяспекі, і гэта не проста сустрэча спецыялістаў, але даніна памяці тым, хто ствараў сістэму маніторынгу. Першыя архівы пісалі ад рукі рознымі алоўкамі і чарніламі, а сёння створана сістэма з базамі даных, і гэта адказ на выклік Чарнобыля, зазначылі эксперты, якія аднагалосна падкрэслілі, што радыяцыйны маніторынг, якому падвяргаюцца вада, паветра і глеба, будзе ўмацоўвацца.

— Менавіта ў выніку аварыі на ЧАЭС найбольшыя змены закранулі сферу радыяцыйнага маніторынгу — ствараліся сотні пунктаў назірання для маніторынгу. Дзякуючы назіранням і маніторынгу, удалося за кароткі час пераадолець шмат наступстваў, вярнуць да жыцця тэрыторыі і паклапаціцца пра здароўе насельніцтва. У севазварот, напрыклад, вярнулася амаль палова зямель, якія былі прызнаны забруджанымі пасля аварыі на ЧАЭС (12,5% з 25%) у выніку змяншэння ўтрымання ў іх радыяцыйнага забруджвання, — расказала Таццяна Кананчук, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды.

Ад Белгідрамета і Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра радыяцыйнага маніторынгу Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (ГІАЦ НСМНА) Мінпрыроды штоквартальна атрымлівае справаздачы з падрабязным аналізам, і ніякіх фонавых усплёскаў радыяцыі не фіксуецца. Радыяцыйная сітуацыя станоўчая, удакладніла яна:

— На тэрыторыях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, кантроль ажыццяўляецца ў рамках радыяцыйнага маніторынгу. А, згодна з Дзяржпраграмай па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС, праводзіцца асобная дадатковая работа. Раз на пяць гадоў на падставе вынікаў маніторынгу, які праводзіць Белгідрамет, Саўмін прымае пастановы аб пераводзе населеных пунктаў (тэрыторый) з зоны з адным узроўнем радыяцыйнага забруджвання ў іншую. Работа па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС вядзецца і ў рамках Саюзнай дзяржавы, асобны кірунак — работа па развіцці атамнай энергіі.

«Крышталі і дэтэктары»

Будаўніцтва станцыі цяпер можна лічыць завершаным, паколькі днямі МНС выдала ліцэнзію на эксплуатацыю другога энергаблока, і ўжо можна казаць пра паўнавартаснае функцыянаванне АЭС, Белгідрамет забяспечвае адпаведны кантроль радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыях, прылеглых да БелАЭС, нагадаў Леанід Дзедуль, першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду.

— Акрамя таго, згодна з нормамі і патрабаваннямі ў сферы радыяцыйнай і ядзернай бяспекі, сама станцыя павінна забяспечыць у зоне назірання радыяцыйны маніторынг з вывадам інфармацыі ў тым ліку і на адкрытае табло. Звесткі аб радыяцыйнай абстаноўцы змяшчаюцца таксама на сайце (даныя з радыяцыйных пастоў абнаўляюцца штохвілінна). Актуальная інфармацыя аб радыяцыйным кантролі і рабоце сістэм радыяцыйнага кантролю паступае са станцыі ў рэжыме анлайн і ў наш інфармацыйна-аналітычны цэнтр.

У цэнтры ядзернай бяспекі Дзяржатамнагляду ёсць мабільная лабараторыя, з дапамогай якой практыкуецца альтэрнатыўны рэгуляцыйны кантроль за абстаноўкай вакол атамнай станцыі. Пачынаючы з моманту, калі на станцыю яшчэ не было ўвезена ядзернае паліва, лабараторыя раз на месяц выязджае на адбор проб паветра і глебы і замер радыяцыйнага фону ў цэлым. За ўвесь гэты час змен у горшы бок не адзначалася, запэўніў ён:

— З пункту гледжання рэгулявання мы разумеем, што існуюць пэўныя цяжкасці ў плане камплектуючых да прылад, таму вядзём перагаворы з Расіяй аб стварэнні саюзнай праграмы пад рабочай назвай «Крышталі і дэтэктары». Мяркуецца, што яна дазволіць наладзіць выраб адной з галоўных складальных прылад радыяцыйнага кантролю — дэтэктараў. Гэта неабходна для таго, каб айчынныя вытворцы прылад («Атамтэх», «Полімайстар») маглі ўжо па заяўках пэўных заказчыкаў ствараць канкрэтную прыладу з патрэбнай адчувальнасцю. Гаворка можа ісці і пра стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Пляцоўка пад іх будзе абрана ў ходзе рэалізацыі праекта (у лістападзе будзе абмеркаванне сумесных прапаноў у гэтым кірунку). Галоўнае, каб мы маглі вырабляць асноўныя матэрыялы на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і не залежаць ад імпарту.

Каб ствараць сваё абсталяванне, найперш неабходна правесці навуковыя даследаванні па стварэнні доследных узораў, а пасля ўжо і абсталявання, удакладніла Таццяна Кананчук:

— Плануючы работу Мінпрыроды на 2024 год, у навукова-даследчай рабоце гэтаму ўдзяляецца асаблівая ўвага, як і па якасці атмасфернага паветра і радыяцыйным кантролі. У нас вялікія надзеі на новую праграму Саюзнай дзяржавы, якую мы сумесна з Расгідраметам (Расія) падрыхтавалі на чарговую пяцігодку, дзе радыяцыйнаму маніторынгу аддадзена асаблівая ўвага ў плане развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы і праграмнага забеспячэння і доследных узораў.

Вымярэнне трыцію і мабільная ацэнка

Пытанням радыяцыйнага маніторынгу ўдзялялася асаблівая ўвага ўжо на першым этапе стварэння БелАЭС — у раёне станцыі было арганізавана дзесяць стацыянарных пунктаў назірання. Пункты аснашчаны аўтаматызаванай сістэмай кантролю радыяцыйнага становішча (АСКРС).

— Аб’ектавы маніторынг вядзецца на адлегласці 12,9 кіламетра ад станцыі, а нацыянальны распасціраецца на 100 кіламетраў і больш. Сёлета была падпісана інструкцыя аб абмене аператыўнай інфармацыяй паміж БелАЭС і Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (ГІАЦ НСМНА), што стала добрым інструментам для далейшага ўдасканальвання работы. Адобраны другі праект МАГАТЭ па ўдасканаленні радыяцыйнага маніторынгу і папярэджанні надзвычайных радыелагічных сітуацый у кантэксце рэалізацыі першай ядзернай праграмы. Для яго выканання мы аб’ядналіся з МНС, каб кансалідаваць усе рэсурсы, — падзялілася Зоя Трафімчык, начальнік аддзела радыяцыйнага маніторынгу службы радыяцыйнага маніторынгу ГІАЦ НСМНА.

Чакаецца, што ў Беларусі будуць адкрыты новыя пункты назіранняў па вымярэнні радыенуклідаў трыцію (БелАЭС ужо выконвае гэтую работу, якая будзе ўведзена і ў нацыянальны маніторынг). Плануецца, што айчынныя спецыялісты будуць праходзіць навучанне ў расійскай арганізацыі «Тайфун». Беларусы спадзяюцца таксама, што МАГАТЭ прапануе беларускаму боку і іншыя развітыя краіны (з пункту гледжання атамнай энергетыкі), каб паглядзець, ці дастаткова ў краіне маніторынгу, які існуе.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Адказ на чарнобыльскія ўрокі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.