Вы тут

У Беларусі пройдзе першы жаночы чэмпіянат па хакеі


Калісьці лічылася, што ў хакей гуляюць толькі сапраўдныя мужчыны. Але час ідзе і цяпер на каньках з клюшкай у руках выходзяць і дзяўчыны. І робяць гэта зусім не на аматарскім узроўні. Днямі Федэрацыя хакея Беларусі абвясціла навіну, якая вызначыла новую старонку ў развіцці айчыннага хакея: у нашай краіне стартуе першы ў гісторыі жаночы чэмпіянат па хакеі. Стартуе зусім хутка, 30 кастрычніка. Першы тур спаборніцтваў прыме сталічная «Алімпік-Арэна». Для ўдзелу ў турніры будуць сфарміраваны тры каманды, сабраныя па геаграфічным прынцыпе: каманда, якая прадстаўляе сталіцу і сталічны рэгіён; каманда, якая прадстаўляе заходні і цэнтральны рэгіёны (Гродненская, Брэсцкая і Мінская вобласці); каманда, якая аб’яднала спартсменак з Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.


Першынства будзе праводзіцца інакш, чым мужчынскае. Рэгулярны чэмпіянат пройдзе па туравай сістэме. Аматараў чакае чатыры гульнявых тыдні: па адным восенню і зімой і два вясной. У кожны гульнявы тыдзень кожная каманда правядзе па 4 матчы, атрымаецца па 16 матчаў за сезон. Па выніках рэгулярнага чэмпіянату будуць вызначаны два фіналісты, якія разыграюць званне чэмпіёна ў фінальнай серыі матчаў. 

Федэрацыя хакея Беларусі абяцае зусім хутка аб’явіць назвы і склад каманд-удзельніц. 

Стварэнне жаночай хакейнай лігі ў Беларусі – цалкам лагічны крок. У кастрычніку 2021 года Федэрацыя хакея Беларусі прыняла канцэпцыю развіцця жаночага хакея ў Рэспублікі Беларусі. Канцэпцыя дзейнічае да 2028 года. І яна ўжо прыносіць свае вынікі. 

«У нас ужо ёсць жаночая зборная, якая выступае ў юнацкай лізе. Аднак у краіне ўжо значна больш дзяўчат, якія дайшлі да ўзроўню, калі яны могуць спаборнічаць у асобных камандах без хлопцаў. Гэта стала перадумовай да пераходу на наступную прыступку ў рэалізацыі нашай канцэпцыі развіцця жаночага хакея ў Беларусі — да  стварэнн нацыянальнага чэмпіянату. Правядзенне першынства жаночых каманд дасць магчымасць сфарміраваць паўнацэнную жаночую супольнасць у хакеі і дасць яшчэ большай колькасці дзяўчат шанс на тое, каб у будучым стаць прафесійнымі хакеісткамі. Такі сур’ёзны крок быў бы немагчымы без дапамогі нашага партнёра, флагмана беларускай прамысловасці, „Беларуськалія“», — адзначыў старшыня ФХБ Аляксандр Багдановіч. 

У свеце жаночы хакей развіваецца з 1989 года, калі Міжнароднай федэрацыяй былі арганізаваны першыя спаборніцтвы. Але гэта калі казаць пра аіфцыйны пачатак гісторыі. Насамрэч, дзяўчыны пачалі гуляць у хакей на сто гадоў раней. Першы жаночы матч прайшоў у Канадзе ў 1889 годзе, ці, як сцвярджаюць іншыя крыніцы ў 1892 годзе. У пачатку ХХ стагоддзя дзяўчаты з ЗША і Канады актыўна гулялі ў хакей. Нестабільнае эканамічнае становішча, выкліканае дзвюма сусветнымі войнамі, зразумела, прыпынілі развіццё гэтага віду спорта. Адраджэнне адбылося толькі напрыканцы стагоддзя. Першы афіцыйны чэмпіянат свету прайшоў ў 1990 годзе ў хакейнай Канадзе. У праграму зімовых Алімпійскіх гульняў жаночы хакей быў уключаны ў 1998 годзе. Для прафесійнага спорту 34 гады зусім няшмат, таму жаночы хакей яшчэ набірае папулярнасць ва ўсім свеце. 

Правілы гульні ў жаночы хакей амаль нічым не адрозніваюцца ад добра вядомых правіл мужчынскага хакея. Усё тыя ж тры перыяды па 20 хвілін на класічнай хакейнай пляцоўцы. Асноўнае адрозненне — у жаночым хакеі забаронена сілавая барацьба. І ў адрозненне ад хакеістаў, хакеісткі павінны ўвесь час гульць у масцы, якая цалкам закрывае твар. 

У Беларусі жаночы хакей развіваецца не першы год. У 2010 годзе была створана першая жаночая прафесійная хакейная каманда «Пантэра», якая разглядалася як базавы клуб для фарміравання жаночай зборнай. На жаль праз тры гады з-за фінансавых праблем клуб перастаў існаваць. Але гэта была толькі паўза. 

У 2022 годзе Федэрацыя хакея Беларусі сумесна з ТРК TRINITI (Гродна) правялі унікальнае мерапрыемства — сусветны жаночы хакейны матч — Global Girls Game. Настаўнікамі каманд сталі зоркі беларускага хакея: адзін з найлепшых беларускіх хакеістаў у НХЛ Міхаіл Грабоўскі і экс-галоўны трэнер нацыянальнай каманды Анатоль Варывончык. У кастрычніку 2022 года быў арганізаваны першы ў гісторыі кэмп жаночай зборнай. Яго задачай была ацэнка спартыўнага ўзроўню дзяўчат і прагляд найбольш перспектыўных спартсменак. Гэтая работа ўзмацнялася і ў 2023 годзе. У лютым на пляцоўцы гродненскага гандлёва-забаўляльнага цэнтра ізноў адбыўся сусветны жаночы хакейны матч Global Girls Game, удзел у якім прынялі 67 дзяўчат. Добрай традыцыяй стала правядзенне майстар-класаў ад гульцоў вядучых каманд. 

Што ж, прыйшоў час праверыць, на што здольныя беларускія хакеісткі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота ФХБ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.