Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Месцы трэба ведаць


Месцы трэба ведаць

На пачатку маёй дыпламатычнай службы ў Швейцарыі запрасіў мяне на рыбалку старэйшы калега з Масквы, такі ж заўзяты рыбалоў, як і я. Чалавек ён быў неблагі, разумны, але і скупец, якога мо свет ці бачыў! Жыў ён пастаянна ў Жэневе, але снасці ды іншыя прычындалы купляў выключна ў Расіі... Хіба гэтым разам, жадаючы паказаць шырыню сваёй рускай душы, ён раскашэліўся — набыў пару пакункаў дарагога мясцовага прыкорму.


Выехалі мы рана, пакіравалі да месца, дзе рака Рона ўпадае ў возера, дзе яшчэ вясною калега нагледзеў прывабную пясчаную затоку: паўсюль, казаў, рыбакі, а там — чарот і нікога. Значыць, ніхто не будзе нам замінаць.

І сапраўды, мы спакойна ўладкаваліся на беразе, разлажылі ўсе свае снасці, толькі пасыпалі рыбам прыкорму, — ззаду пачуўся нейкі шумок. Я азірнуўся: на пасцілачцы пажылая пара — сядзіць, нешта абмяркоўвае.

Ну і няхай сабе, думаю, абы нас не чапалі...

А рыба тым часам ужо ўпадабала наш прыкорм, пачала кляваць, прычым так...

Час паляцеў вельмі хутка. Захапіўшыся, мы нават не дапялі, адкуль узялася пажылая жанчына, якая недзе за метр ад калегі пальцам босай нагі стала правяраць тэмпературу вады...

Паднялі вочы вышэй і аслупянелі: мадам была абсалютна голай, калі не лічыць купальнай шапачкі.

Я абурана азірнуўся з намерам «звярнуць увагу грамадскасці на гэтае непатрэбства»...

І тут жа ўбачыў, што за нашымі спінамі дзясятка паўтара (?!) такіх самых голых — мужчын і жанчын, маладых і старэйшых.

...Аказалася — тая мадам патлумачыла, што ў гэтай затоцы адзіны ў наваколлі нудысцкі пляж і якраз з гэтых выхадных тут адкрываецца сезон.

Уцякалі мы адтуль у страшнай спешцы! Калега нават на прыкорм дарагі забыўся, аб чым потым вельмі шкадаваў! А я зрабіў выснову, што чым болей ведаеш пра месца, дзе збіраешся рыбачыць, тым надзейней. Ці не так?

Алег ІВАНОЎ

г. Масква.


Хто рана ўстае, таму Бог дае

...Прачытала гісторыю Алены Несцяронак пра не вінаватую, якую «Радыё падвяло» («Звязда» 12.10 г.г.), і «наплыў» успамін, прычым — настолькі яскравы, нібы тое ўчора было.

Значыць, зіма 1956-га. Сястра Жэня (муж загінуў на фронце, на руках — сынок і чацвёра нас, ужо круглых сірот...) моцна захварэла — паклалі ў бальніцу. За гаспадыню застаюся я.

А гаспадарка ў нас самая звычайная: карова, авечка, свіння, дзве гускі і гусак, куры. Летам былі баранчыкі і гусей да халеры, дык увосень што парэзалі, што прадалі... Закалолі кабана.

...Звычайна я сплю вельмі моцна, а тут — турботы паднялі. Уключыла ліхтарык (брат даў, каб упоцемках з лямпай не важдалася), глянула на ходзікі — палова на восьмую.

Хуценька апранулася, пабегла ў хлеў: карове з авечкай сена дала.

Вярнулася ў хату, запаліла лямпу. Дровы ў печ зложаны загадзя, бульба для жывёлы — у чыгунах на прыпечку. Даліла вады, засунула ў печ, падпаліла дровы.

Стала гатаваць ежу. На снеданне наабразала бульбы і чыста-чыста вымыла (Коля вельмі грэблівы: калі нешта не так — збялее і на вуліцу...). Памыі выліла ў мешанку (ваду мы эканомім, бо крыніца далёка). Гаршчок з бульбай не накрывала, бо прыгарачкі — такая смаката!..

Скваркі з цыбуляй буду смажыць на керагазе.

На чарзе абед (на вячэру хлеб з малаком): у чыгунок кладу добрую костку, тры чарпакі квашанай капусты, пару чысценькіх бульбінак — даліваю вады, падсоўваю да агню.

Намываю ячменных круп, засыпаю ў меншы чыгунок, наліваю вады, салю, але ў печ пастаўлю потым, калі зварыцца бульба.

Усё, кірую ў хлеў, нясу вады карове, авечцы і гусям. Мешанку (вараную бульбу з запаранай льняной мякінай і конскімі «яблыкамі») кладу свінні і птушкам.

Машчуся з вядром да каровы, даю (хоць даярка з мяне ну проста ніякая!) і шапчу, што потым, калі вырасту, ну ніколі не буду трымаць карову...

(Але ж не заракайся, як той казаў: на пачатку сямейнага жыцця рагулю нам падарылі бацькі майго мужа. З ім — і каровамі — мы амаль паўвека пражылі ў вёсцы).

Тады ж, надаіўшы малака, я занесла яго ў хату, памкнулася будзіць хлапцоў, а тут — як гром сярод яснага неба! — «Союз нерушимый республик свободных...» — гімн!

Зірнула на гадзіннік, — там па-ранейшаму... палова на восьмую.

Гэта значыць, што ходзікі нашы сталі і ніхто не заўважыў. Коля з Мішам вечарам насілі з рэчкі ваду, намарожвалі яе для млячарні, а потым ледзь дапаўзлі да печы (ногі, — казалі, — у нас на падлозе, галовы ўжо спяць)... Я, відаць, як заўжды, зачыталася, а раніцай — не да гадзінніка было, так хацелася ўсё парабіць...

І такі ж паспела: нават юшку з засланкай закрыла!

Праўда, потым, пасля гімна, сон усё ж зваліў. Міша ледзь дабудзіўся, каб у школу не спазнілася.

...Раскажы цяперашнім дзяўчатам, нават вясковым, што ў 12 гадоў можна вось так гаспадарыць, наўрад ці павераць.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск.


«Сапёры» памыляюцца аднойчы?

У нас здавён так вялося — хлопцы частавалі дзяўчат. Ды хоць чым... Нават показка была: «На Каляды дзеўкі рады — хлопцы семак прынясуць». Бо чаго ж яшчэ? Зімой — выбар невялікі.

Іншая справа — летам, калі спеюць клубніцы, вішні, яблыкі... Зразумела, у чужых садах ды гародах, бо ў сваіх нецікава — нават смак не той. Ды і адрэналіну ніякага: ні табе смеласць паказаць, ні спрыт... А так — намякнуць дзяўчаты, што хочацца агуркоў (асабліва першых), дык хлопцы — гайда: «прабягуцца» па гародах, за пазухі нарвуць, прынясуць ды яшчэ і абатруць аб сваю кашулю, перш чым упадабанай дзеўцы аддаць...

Потым — мо з вячорак яе праводзіць, а калі сур'ёзныя намеры з'явяцца, нават цукеркі дадому прынясе, як Валодзька — Мані, маёй старэйшай сястры.

Мне тады гадкоў пяць было, і Валодзьку я чакала, мусіць, больш чым сястра. Пакуль яна прыбіралася, я залазіла жаніху на калені, і ў кульку з цукеркамі мала што заставалася. Валодзька не шкадаваў... Неяк бацькі гаварылі, што за яго нядрэнна было б нашу Маню аддаць: маўляў, і хлопец неблагі, і роду харошага (тады на гэта вельмі зважалі)... «І я, — кажу, — разам з Маней за Валодзьку пайду». — «А чаму, дачушка?» — мама пытаецца. — «Таму што ён (логіка аднак!) кожны дзень будзе дадому прыходзіць і мне цукеркі насіць»...

Але ж зараз не пра іх: пра тое, што нейкім цёмным вечарам дзеўкам агуркоў заманулася, самых першых, што хіба ў цёткі Хвядоры былі.

Вось да яе ў гарод хлопцы і матнуліся. Галоўнае — хітрыя: на агурочнік паляглі і давай «каціцца»: як толькі недзе пад бокам замуляла — дастаюць агурок.

Вось так іх збіралі.

Раніцой, агледзеўшы гэта, цётка Хвядора ледзь не самлела!

Здагадалася, хто нашкодзіў, — захацела правучыць. І не ў засаду з сабакам села, а «міны» расклала ў розных месцах грады — невялічкія кучкі «дабра»... Яшчэ і зямліцай іх трошкі прысыпала, каб смуроду не было... А ўжо побач, каля тых «мін», і агуркоў паклала. Хлопцы вечарам пракраліся, паляглі, адзін павярнуўся і ледзь не адразу адчуў, што ёсць пад бокам гурок — захацеў сарваць і...

Адразу ж сцяміў, што ўляпаўся! Памянуў Хвядорыну маці... Іншыя хлопцы, чуе, таксама.

Усхапіліся, панесліся на рэчку мыцца: і так, і вось гэтак, а яно ж усё роўна смярдзіць...

Карацей назаўтра ў вёсцы смеху было: цётка Хвядора сваёй вынаходкай дзялілася, але ж імёны «сапёраў» не высвятляла. І самі яны — маўчалі, бо, мусіць, дзясятаму заказалі па гародах лазіць.

А калі недзе ахвотнікі такія ёсць, то чаму б не правучыць — не скарыстацца вопытам цёткі Хвядоры?

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён.


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж. Першая з сённяшніх гісторый — з кнігі Алега Іванова «Пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023). А вось апошніх — «вясёлых і праўдзівых з жыцця чытачоў» — няхай не будзе!

Пішыце! Конкурс на найлепшую працягваецца. Журы працуе.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.