Вы тут

Лукашэнка правёў сустрэчы з Сяргеем Лаўровым і Петэрам Сійярта


Гэтымі днямі Мінск праводзіць міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца». У дыскусіі на тэму міжнароднай бяспекі бяруць удзел звыш 300 гасцей з 30 краін. Ініцыятыву аб правядзенні канферэнцыі ў лістападзе мінулага года, на саміце АДКБ у Ерэване, агучыў Аляксандр Лукашэнка.


У прывітанні гасцям і ўдзельнікам міжнароднага форуму Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што менавіта такі фармат узаемадзеяння і камунікацыі цяпер як ніколі вельмі запатрабаваны і будзе актуальны заўсёды. Беларускі лідар лічыць, што складаную задачу па недапушчэнні войн і ўзброеных канфліктаў павінны вырашаць людзі добрай волі ва ўсіх краінах і на ўсіх кантынентах. «Гарантыі спакою і ўстойлівага развіцця ствараюцца нашымі намаганнямі па падтрыманні міру, вырашэнні ўзнікаючых рознагалоссяў дыпламатычнымі шляхамі, зніжаюць узровень супрацьстаяння, варожасці і нянавісці», — адзначаецца ў прывітанні.

Тэма міру і бяспекі атрымала свой працяг і ў Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка правёў дзве рабочыя сустрэчы з удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі, кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Расійскай Федэрацыі і Венгрыі.

«Мы дзейнічаем як адзінае цэлае»

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць міністру замежных спраў Расіі Сяргею Лаўрову за прыезд у Мінск на міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню на тэму еўразійскай бяспекі. Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, вельмі знакава, што прадстаўнікі многіх краін пачуюць пазіцыю Расіі па многіх пытаннях еўрапейскай бяспекі.

«І Расія, і Беларусь нямала сёння робяць для таго, каб утрымаць не толькі Еўропу, але і свет ад скочвання да самай небяспечнай рысы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вы павінны ведаць, што мы і далей будзем прытрымлівацца гэтай лініі. Мы — надзейныя саюзнікі Расійскай Федэрацыі. Вы ў гэтым таксама можаце не сумнявацца. Ніякай тут гульні быць не можа, паколькі мы разумеем, што на карту пастаўлена вельмі шмат. І ў прынцыпе выжывальнасць нашых дзяржаў і нашых народаў».

Кажучы аб беларуска-расійскіх узаемаадносінах, Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на рознага кшталту знешні ціск, краіны рухаюцца ў кірунку рэалізацыі планаў у Саюзнай дзяржаве. «Што датычыцца фундамента — тавараабароту, — вы ведаеце, што ў гэтым годзе мы дасягнем рэкорднага ўзроўню, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Невялікая па памерах Беларусь уваходзіць у пяцёрку па тавараабароту з вялікай, гіганцкай Расіяй. Таксама шмат аб чым гаворыць».

Па словах кіраўніка дзяржавы, і Беларусь, і Расія забяспечаць свой суверэнітэт. Гэта датычыцца як эканомікі, так і іншых сфер. «Нават там, дзе мы крыху пададсталі, спадзяючыся на тое, што мы будзем сумленна супрацоўнічаць з „прасунутымі“ Еўропай і калектыўным Захадам, — дадаў беларускі лідар. — Калі мы дзесьці пададсталі, мы гэта навярстаем. Не шмат часу для гэтага трэба. Мы выпрацавалі пэўныя кірункі і ў гэтым напрамку рухаемся. Прыклад таму — мікраэлектроніка і іншыя кірункі».

«Мы дзейнічаем як адзінае цэлае, — кажучы аб беларуска-расійскіх адносінах, удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — І будзьце ўпэўнены, што Беларусь будзе прыхільная менавіта гэтаму прынцыпу, як бы ні спрабавалі нас тут звярнуць напярэдадні парламенцкіх выбараў».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў лютым у Беларусі адбудзецца адзіны дзень галасавання, падчас якога будуць абраны дэпутаты розных узроўняў. Праз год пасля парламенцкіх выбараў стартуе прэзідэнцкая кампанія. Прэзідэнт ведае, да чаго рыхтуюцца апаненты ўлады, таму канстатуе, што нас чакае няпросты перыяд. «Аднак мы гатовы да любых сцэнарыяў», — акцэнтаваў увагу ён.

У сваю чаргу, Сяргей Лаўроў падзякаваў за запрашэнне наведаць Беларусь, а таксама за яе ініцыятыву па правядзенні канферэнцыі на тэму еўразійскай бяспекі. Гэта, па словах міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі, цяпер актуальна як ніколі. «Калі Богам і гісторыяй дадзены нам адзіны, вялізны, самы буйны кантынент, самы багаты па прыродных рэсурсах, Еўропа пад дыктоўку амерыканцаў вырашыла разваліць на два лагеры, як гэта было ў савецкую эпоху, у эпоху „халоднай вайны“, — патлумачыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Расіі актуальнасць канферэнцыі. — Але і тады эканамічныя сувязі не перарываліся. А цяпер пад націскам Вашынгтона Еўропа ідзе на прамыя страты. Думаю, гэта была таксама адна з задач у амерыканцаў — аслабіць Еўропу, не даць ёй магчымасці эканамічна расправіць плечы і стаць самастойнай».

«Нам гэта вайна не патрэбна, як і вам»

У ходзе перагавораў з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сійярта кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прыемна сустракацца з дыпламатам. «Вы, напэўна, самы медыйны міністр замежных спраў цяпер, асабліва на нашай прасторы, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця Палаца Незалежнасці. — Мы вас часта бачым, шмат чуем. Не толькі вашы выказванні, а і нашага добрага сябра, спадара Орбана (прэм’ер-міністра Венгрыі. — „Зв“.)».

Па словах кіраўніка дзяржавы, чамусьці ў Еўрасаюзе лічаць, што Беларусь з’яўляецца праціўнікамі Еўрапейскага саюза. «Ведаеце, мы людзі не злапомныя, і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасць у Еўрасаюзе і санкцыі, якія Еўрасаюз уводзіць супраць нас, вы павінны ведаць, што Прэзідэнт Беларусі з’яўляецца гарачым прыхільнікам захавання Еўрапейскага саюза, — заўважыў ён. — Не таму, што я вельмі люблю Еўрапейскі саюз, а таму, што Еўрапейскі саюз разам з ЗША, Кітаем, Расіяй і Індыяй у пэўнай ступені з’яўляюцца моцнымі апорамі нашага існавання, нашай планеты. І калі гэтую апору вырваць з-пад гэтай сістэмы, будзе вельмі дрэнна для ўсіх. Таму, як еўрапейская дзяржава (а цэнтр геаграфічны ў нашым Полацку, на поўначы Беларусі), мы абсалютна за тое, каб Еўрапейскі саюз існаваў».

Кажучы аб супадзенні беларускай і венгерскай пазіцый, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мы вельмі хочам, каб Еўрапейскі саюз быў магутным, моцным, суверэнным і незалежным аб’яднаннем. «Мы на гэта накіраваны, і вы гэта павінны ведаць, — звярнуў увагу ён. — Пры ўсіх нюансах у адносінах і нават той палітыкі, якую сёння саюз праводзіць у адносінах да Беларусі, мы прыхільнікі саюза».

Прэзідэнт расказаў, што Беларусь, нягледзячы на некаторыя праблемы, пераадолела санкцыі. Цяпер варта засяродзіцца на пытанні міру ў рэгіёне. «Проста насцярожвае тое, што мы можам разбурыць нават тую дрэнную, як мы яе крытыкуем, сістэму светапарадку, якая сёння існуе, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — І мы ўсё больш і больш робім крокі (паверце, я ўжо вопытны палітык, я гэта бачу, займаўся гэтым сур’ёзна) да поўнамаштабнай вайны з прымяненне самай смертаноснай зброі. Тое, што амерыканцы там пастаўляюць ATACMS, ракеты гэтыя, украінцам, павінны разумець, што яны эскалацыю ажыццяўляюць у гэтай вайне. Расія з гэтым ніколі не змірыцца, ды і мы ў тым ліку. Таму нам трэба ўсяляк гэтаму супрацьстаяць, калі не хочам, каб зноў апынуліся ў гэтым гарачым катле — не супрацьдзеяння, а страшнай смертаноснай вайны».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пазіцыя Беларусі па Украіне прыкладна такая ж, як і ў Венгрыі. «Нам гэтая вайна не патрэбна, як і вам, — дадаў ён. — Мы (з Украінай. — „Зв“) — суседзі. Гэта ў нашым доме ідзе вайна. Многае, вядома, залежала б ад Еўрапейскага саюза, хаця, я разумею, ціск з-за акіяна ажыццяўляецца магутны». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка абсалютна перакананы: калі б еўрапейцы захацелі, можна было б скончыць гэтую вайну і дамовіцца. Пасля чаго — зрабіць пэўныя высновы, каб гэтага больш не адбылося.

Кажучы аб гандлёва-эканамічных адносінах паміж Беларуссю і Венгрыяй, Прэзідэнт з жалем адзначыў, што яны дэградуюць. «Не па нашай віне, вы ведаеце, у чым прычына, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Калі ў венграў, кіраўніцтва Венгрыі, будуць пэўныя пажаданні працаваць у Беларусі, мы з задавальненнем прымем вашы прадпрыемствы, кампаніі — створым самыя выгадныя ўмовы для работы».

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў венгерскаму кіраўніцтву за падтрымку беларускіх спартсменаў. «За тое, што нашы футбалісты, спартсмены маюць магчымасць у Венгрыі быць як дома, праводзіць свае хатнія матчы, — канкрэтызаваў ён. — Як бачыце, выхад знаходзім. Ціснуць на спартсменаў, асабліва на параалімпійцаў, інвалідаў, — гэта ўвогуле жахліва. Добра, што ў Венгрыі гэта разумеюць».

У завяршэнні сустрэчы Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў, што Беларусь адкрытая для ўзаемадзеяння з Венгрыяй. «Мы — людзі ўдзячныя, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Думаю, прыйдзе час, калі мы з вамі зможам па вялікім рахунку разлічыцца за вашу добрую палітыку ў адносінах да Беларусі».

Аляксандр Лукашэнка перадаў прэм’ер-міністру Венгрыі Віктару Орбану самыя найлепшыя пажаданні. «Нам туды прыехаць складана, амаль немагчыма цяпер, а вось ён можа ў любы час прыляцець, пагаворым па сур’ёзных пытаннях, — зрабіў цікавую прапанову беларускі лідар. — Думаю, гэта будзе карысна».

У сваю чаргу, Петэр Сійярта падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэцца. «Я веру ў дыялог, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Венгрыі. — Мы хочам, каб у нас па суседстве быў мір. Па суседстве ідзе такая вайна, за якую мы ніяк не адказваем, але мы плацім цану за яе. У гэтай вайне паміраюць і венгры. Мы хацелі б, каб гэтая вайна як мага хутчэй скончылася. Таму мы прыспешваем перамір’е і спыненне агню. Я шчыра спадзяюся, што хутчэй раней, чым пазней, гэта ўсё і наступіць, будзе створана магчымасць для гэтага. Мы ведаем, што без дыялогу, зносін гэта ніколі не стане магчымым. Перакрыццё каналаў зносін з’яўляецца адмовай ад надзеі на мір».


У тэму

Сяргей ЛАЎРОЎ: «Расійскі бок не адмаўляецца ад перагавораў па Украіне»

Як заўважыў у размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі міністр замежных спраў Расіі Сяргей ЛАЎРОЎ, аб’яднанне намаганняў па захавані міру з’яўляецца абавязковым для ўсіх нармальных краін. Таму міжнародная канферэнцыя, якая праходзіць у Мінску, па яго словах, з’яўляецца вельмі актуальнай і своечасовай. 

«Калі нашы заходнія калегі, якія займаюць каля чвэрці заходняй Еўразіі, лічаць, што ў іх інтарэсах аддаваць усе свае грошы на ўзбраенне кіеўскага рэжыму і несці каласальныя эканамічныя страты, падвяргаючыся дэіндустрыялізацыі і выпускаючы Злучаныя Штаты ў абсалютныя лідары, страчваючы больш за ўсё ад вайны ва Украіне, калі яны лічаць гэта галоўным для сябе, то мы тут нічога зрабіць не можам, — адзначыў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства. — Але гэта не значыць, што ўсе астатнія павінны чакаць, пакуль возьме верх розум. Таму мы прасоўваем еўразійскае супрацоўніцтва даўно, у розных фарматах».

Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што расійскі бок не адмаўляецца ад перавораў па Украіне. Аднак расслабляцца, па яго словах, не варта. «І перад тварам вайны, якую яны нам аб’явілі, не дазволіць нанесці нам паражэнне, — удакладніў міністр. — У іх мэта аб’яўлена — стратэгічная паражэнне Расіі на полі бою. Пры гэтым перыядычна абвінавачваюць нас у тым, што мы адыходзім ад перагавораў. Ад перагавораў мы не адыходзілі. Зусім нядаўна былы Федэральны канцлер Германіі Герхард Шродэр даў вялікае інтэрв’ю, у якім расказаў, як рыхтаваўся дакумент яшчэ ў сакавіку — красавіку 2022 года, які дазволіў бы завяршыць ваеннае супрацьстаянне на аснове гарантый бяспекі, як Расіі, так і Украіны. Там таксама меркаваліся гарантыі не ўключэння Украіны ў НАТА. Кіеўскі рэжым, напэўна, рэалістычна ўсведамляючы перспектывы працягу баявых дзеянняў, быў гатовы гэты дакумент падпісаць. Ім забаранілі з Вашынгтона і з Лондана».

Петэр СІЙЯРТА: «Мы, венгры, жадаем міру»

Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр СІЙЯРТА распавёў, што Венгрыя, якая знаходзіцца па суседстве з Украінай, кожны дзень сутыкаецца з драматычнымі наступствамі вайны. «Венгрыя ўжо прыняла больш мільёна бежанцаў, і ўся краіна плаціць вялікую цану за гэтую вайну, — адзначыў ён. — На тэрыторыі Украіны, дзе традыцыйна пражываюць венгры па нацыянальнасці, яны пакутуюць і гінуць у выніку ваеннага канфлікту, які разгарэўся. Мы не хочам, каб людзі паміралі ў гэтай вайне: ні венгры, ні любыя іншыя прадстаўнікі. Мы не хочам, каб былі далейшыя разбурэнні». 

«Трэба скончыць вайну, — падкрэсліў ён. — Мы, венгры, жадаем міру і ведаем, што да міру прывядуць мірныя перагаворы. Мы выдатна ведаем, што бяспека будзе дасягнута ў тым выпадку, калі мы зноў зможам сесці за стол перагавораў і бяспечна перагаварыць адзін з адным».

Петэр Сійярта падкрэсліў, што высока цэніць тое, што ў Мінску была магчымасць пагаварыць аб пытаннях бяспекі і еўразійскім супрацоўніцтве. «Я шчыра спадзяюся на тое, што настане час, калі еўразійскае супрацоўніцтва зноў стане рэальнасцю», — канстатаваў ён.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.