Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Гэта будучыня, ад гэтага нікуды не дзенешся. Але не забываем традыцыйнае


Палац Незалежнасці, які гэтымі днямі адзначае сваё 10-годдзе, як вядома, адкрыты для кожнага беларуса. Таму і пытанні тут вырашаюцца самыя розныя. Акрамя замежных гасцей, дыпламатаў, чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, тут часта бываюць і маладыя людзі. Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з маладзёжным актывам і ветэранамі камсамольскага руху прайшла ў Палацы Незалежнасці. Мерапрыемства прымеркавалі да 105-годдзя камсамола (УЛКСМ). Актывісты Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з усіх рэгіёнаў, фіналісткі нацыянальнага конкурса прыгажосці «Міс Беларусь-2023» і ветэраны камсамольскага руху падчас шчырай размовы з кіраўніком дзяржавы абмеркавалі тое, што іх цікавіць. 


Будавалі беларусы для беларусаў

Перш чым задаць свае пытанні кіраўніку дзяржавы, маладыя людзі пазнаёміліся з Палацам Незалежнасці падчас экскурсіі. Цікавы факт — некаторыя госці яго равеснікі. Яны пазнаёміліся з інтэр’ерамі, зрабілі сэлфі ў залах, дзе прымаюцца найважнейшыя палітычныя пытанні і даведаліся пра штодзённую працу кіраўніцтва краіны. Госці на свае вочы ўбачылі ўнікальныя творы мастацтва, работы народных майстроў, шырока прадстаўленыя ў Палацы Незалежнасці. Словам, кожны знайшоў для сябе нешта цікавае. Аднак, ключавы момант гэтага дня — сустрэча з Прэзідэнтам. 

«Калі мы сустракаемся, то значыць мэта нейкая ў нас. Я разумею, што не толькі паглядзець, што зрабілі не толькі студатрады, але і самыя лепшыя архітэктурныя і іншыя думкі нашай Беларусі, каб убачылі, што мы здольныя на многае. Тут увасоблены вельмі многія ідэі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка напачатку размовы. Ён прапанаваў у будучым на экскурсіі і на мерапрыемствы запрашаць тых, хто разам з Прэзідэнтам ствараў гэты вялікі помнік нашага народа, а гэта вельмі шмат спецыялістаў. Па яго словах, было б цікава сустрэцца з гэтымі таленавітымі людзьмі. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўная мэта Палаца Незалежнасці — быць сімвалам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, якія вельмі няпроста даліся нашай краіне. «Вы сказалі, што 10 год Палацу Незалежнасці. Калі шчыра, дзякуючы вам я звярнуў на гэта ўвагу. Я проста выпусціў гэта з-пад увагі. Задума была такой, каб гэта спраектавалі і прабудавалі беларусы», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. І таму вельмі важна, каб Палац Незалежнасці быў адкрыты для кожнага беларуса. Таму па даручэнні кіраўніка дзяржавы, ужо некалькі гадоў Палац гасцінна адкрывае дзверы для экскурсійных груп. «Каб яны бачылі, як працуюць не толькі дзяржаўныя служачыя, але і Прэзідэнт», — растлумачыў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што быў уцягнуты ў будаўніцтва Палаца Незалежнасці. «Я вельмі люблю прыроду. Трэба трапятліва ставіцца да гэтага стварэння. Адсюль і парадак, чысціня ў краіне. Я вельмі жорстка патрабую, каб гэта было. І я папрасіў, каб спраектавалі тут так званы зімовы сад», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. 

«Калі я сказаў, што мы будзем рабіць усё самі, паляцелі прапановы. Было маса варыянтаў, але патрабаванне адно — наша з нашага матэрыялу», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы раскрыў яшчэ адзін сакрэт Палаца Незалежнасці. Залу, дзе Прэзідэнт уручае дзяржаўныя ўзнагароды, афармлялі студэнты беларускіх ВНУ. 

Удзельнікі сустрэчы пацікавіліся, якая зала ў Палацы Незалежнасці самая любімая ў Прэзідэнта і ці задаволены ён, тым якім атрымаўся Палац. «Калі ўжо абсалютна шчыра, калі б мне пасля гэтага будаўніцтва прыйшлося будаваць яшчэ нешта фундаментальнае, я б зрабіў усё інакш. Я б зрабіў у стылі замкавых пабудоў, якія нас уражваюць. Але мяне пераканалі, што гэта павінна быць „хайтэкаўская“ сучасная пабудова», — адказаў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Мінску не так шмат «сцякляшак», але яны ёсць. І былі пабудаваныя яны свядома, бо падобная архітэктура выклікала захапленне людзей, якія пабывалі ў заходніх краінах. І ў асобных месцах, не перагружаючы нічога, па даручэнні Прэзідэнта яны былі пабудаваны. Цяпер у кожнага, хто наведвае Мінск, ёсць магчымасць на свае вочы параўнаць сучасную архітэктуру і архітэктуру сталінскага ампіру. Аб’екты мінулага падтрымліваюцца ў добрым стане. «Прайшоў час — і захапляюцца. Ну, мы ўмеем праз гады захапляцца тым, што недаацэньвалі ўчора», — заўважыў беларускі лідар. 

Адказваючы на пытанне аб любімай зале ў Палацы Незалежнасці, кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што такой у яго няма. Але больш за ўсе яму падабаецца Зала ўрачыстых цырымоній, самая вялікая ў краіне. Ён таксама адзначыў асаблівую атмасферу Залы ўручэння дзяржаўных узнагарод. Там збіраюцца самыя вартыя, самыя заслужаныя людзі краіны. «Мне цікава там сустракацца з унікальнымі людзьмі», — растлумачыў беларускі лідар. 

Мінчане павінны свабодна дыхаць і адпачываць

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго часта пытаюць, якой будзе наступная буйная будоўля. Важнымі будаўнічымі праектамі, акрамя Палаца Незалежнасці, у сталіцы былі Нацыянальная бібліятэка, спартыўна-культурныя комплексы «Мінск-арэна» і «Чыжоўка-арэна» і іншыя архтэктурныя аб’екты. «Для мяне асабіста вельмі важна закончыць будаўніцтва выставачнага комплексу, які ўзводзіцца каля кальцавой дарогі. Ён будзе ўяўляць сабой птушку, бусла, які ляціць». — адказаў Прэзідэнт. Па яго словах, у нашай краіне шмат чаго вырабляецца. Таму выставачны цэнтр неабходны, каб паказваць гэта людзям, каб яны ганарыліся, тым што робяць беларусы. 

Побач з Палацам Незалежнасці размясціўся шэраг славутасцей беларускай сталіцы — плошча Дзяржаўнага сцяга і герба, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, парк Перамогі, Камсамольскае возера. У Прэзідэнта пацікавілся, як надалей будзе развівацца гэты патрыятычны квартал ці запланаваны тут новыя аб’екты. Ён прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб перагружаць тэрыторыю. Мінск, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, не загружаны пабудовамі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што будаўніцтва больш-менш значных аб’ектаў у сталіцы ўзгадняецца непасрэдна з ім. Па словах кіраўніка дзяржавы, на тэрыторыі каля Палаца Незалежнасці новага будаўніцтва не плануецца. Побач размяшчаецца парк Перамогі і Камсамольскае возера, дзе любяць адпачываць мінчане. «Нічога мы тут будаваць такога фундаментальнага не будзем. Трэба, каб людзі ў Мінску маглі свабодна дыхаць і адпачываць. Мінск не павінен быць перанаселеным», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама расказаў, што Мінскаму гарвыканаму даручана распрацаваць праект добраўпарадкавання — стварэння ўтульнасці на тэрыторыях, якія прылягаюць да Палаца Незалежнасці. Адна з прапаноў — прадставіць макеты архітэктурных славутасцей Беларусі. Па словах Прэзідэнта, добраўпарадкаванне гэтых тэрыторый будзе праводзіцца з арыентацыяй на прыроду. 

Маладыя людзі зрабілі Палацу Незалежнасці свой падарунак на дзень нараджэння — лічбавую зорку, дзякуючы якой Палац будзе алічбаваны і ўнесены ў спіс гістарычных аб’ектаў нашай краіны. Дзякуючы праекту «Лічбавая зорка» помнікі героям ВАВ, памяць аб іх, воінскія пахаванні ў лічбавым фармаце становяцца адкрытыя кожнаму. Нядаўна праект папоўнілі і гісторыка-культурныя комплексы. Палац Незалежнасці стаў першым у гэтым спісе. 

ІТ-сферы быць. Але ў пачуццях машына не заменіць чалавека 

Мадэратар сустрэчы першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук’янаў расказаў, што сярод актыву БРСМ ёсць маладыя супрацоўнікі розных прадпрыемстваў. Некаторыя з іх прысутнічалі і на сустрэчы з Прэзідэнтам. Інжынер-сістэматэхнік філіяла «Берасцейскі пекар» Кобрынскага хлебазавода, у прыватнасці, пацікавіўся меркаваннем кіраўніка дзяржавы аб тым, ці змогуць высокія тэхналогіі змяніць працу на зямлі, ці здольныя яны ў будучым наогул замяніць чалавека.

«Я мабыць, вельмі кансерватыўны ў гэтым плане. Чалавека ўвогуле нішто ніколі не зможа замяніць», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Але ён прызнаў, што ІТ-тэхналогіі сёння ў многім замянілі чалавека. Паказальны прыклад ваеннай сферы, дзе на полі бою ваюць беспілотнікі, дарагія, небяспечныя, але сёння ўжо неабходныя. «Мы цяпер спрабуем нашу армію ў чарговы раз мадэрнізаваць, перабудаваць. І ў тым ліку выкарыстоўваем вопыт СВА. Без IT-сферы абысціся нельга», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларускі Парк высокіх тэхналогій прагрымеў на ўвесь свет. У свой час гэты парк высока ацаніла дэлегацыя кіраўнікоў ІТ-кампаній з ЗША. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь у развіцці ІТ-сферы ніколі не адставала ад іншых краін. І сёння гэтыя тэхналогіі шырока выкарыстоўваюцца ў рэальным сектары эканомікі. Без гэтых тэхналогій сёння немагчыма ўявіць дзейнасць ваенна-прамысловага комплексу, касмічнай сферы, Нацыянальнай акадэміі навук. «У нас сёння беспілотныя БЕЛАЗы. Яны працуюць па ўсім свеце, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. — У нас IT-сектар развіты моцна і ў кампаніях, якія вырабляюць той ці іншы тавар. Здавалася б, вось ваша кампанія, якая выпякае хлеб, — тут душа, рукі патрэбныя, а IT-сфера працуе».

ІТ-тэхналогіі прымяняюцца ў сельскай гаспадарцы. У краіне створаны малочна-таварныя комплексы, дзе робаты працуюць замест даярак. Ужо з’явіліся беспілотныя трактары. 

«Прасоўванне гэтага тэхналагічнага развіцця на базе ІТ-сферы ўжо ва ўсіх галінах», — падсумаваў Прэзідэнт. Але, па яго словах, замяніць чалавека ў сферы, блізкай да прыроды, немагчыма. «ІТ быць. Але не думаю, што ў гэтай сферы можна замяніць чалавека. Машына, якой бы яна ні была, не можа паўтарыць чалавечых пачуццяў, якасцей. А ўсё-такі ўзаемадносіны паміж людзьмі і паміж людзьмі і прыродай заснаваны на высокіх пачуццях, якія ўласцівы толькі чалавеку». — сказаў беларускі лідар. 

Ён заўважыў, што штучны інтэлект, сучасныя тэхналогіі вельмі мяняюць грамадства. І папярэдзіў, што ў сувязі з гэтым нас чакае няпросты час. «Нам прыйдзецца маладняк навучыць карыстацца гэтымі гаджэтамі, заснаванымі на штучным інтэлекце. Таму што з’яўляюцца такія фэйкі -— там у вусны могуць укласці любую заразу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта штука вельмі ўплывае на свет, на ўзаемаадносіны людзей. І тут нам трэба быць вельмі асцярожнымі. Пазбягаць гэтага мы не можам». Ён заўважыў, што ІТ-сфера вельмі важная, практычна ваенная і прадугледжвае вялікую работу, каб гэтыя тэхналогіі ішлі на карысць, а не на шкоду. 

Галоўнае цяпер — час

Па словах Аляксандра Лук’янава, актывісты БРСМ уносяць свой уклад у рэальны сектар эканомокі, задзейнічаны ў сельскай гаспадарцы. Сёлета больш за 700 маладзёжных экіпажаў у рамках праекта «Моладзь за ураджай» прынялі ўдзел ва ўборачнай кампаніі. І работа з працоўнай моладзю толькі пашыраецца. Першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ заўважыў, што арганізацыя моцная сваімі «пярвічкамі» на месцах. Яны дзейнічаюць на многіх буйных прадпрыемствах, у тым ліку і на «Белшыне». Прадстаўніца гэтагапрадпрыемства, якая прысутнічала на сустрэчы, заўважыла, што Беларусь — экспартаарыентаваная краіна і пацікавілася ў Прэзідэнта, што наша краіна можа даць сусветнаму рынку цяпер і праз пяць гадоў. 

Але найперш чым адказваць, Аляксандр Лукашэнка спытаў, як рэалізуе свой тавар «Белшына». «Калі ўсё добра, то я рады», — заўважыў ён, пачуўшы адказ. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сыход замежных кампаній з беларускага і расійскага рынкаў даў шанец беларускім вытворцам. Па яго словах, беларуская прадукцыя вельмі запатрабаваная ў партнёраў, але часам беларускім вытворцам не хапае спрыту. Таму кіраўнік дзяржавы ставіць жорсткае патрабаванне кіраўнікам прадпрыемстваў і чыноўнікам — рухацца і заваёўваць рынкі. «Галоўнае цяпер — час. Пакуль ён працуе на нас. Але так не заўсёды будзе», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь супрацоўнічае не толькі з блізкімі краінамі з прасторы СНД, але і бачыць перспектыву ў працы з краінамі дальняй дугі, у прыватнасці з афрыканскімі краінамі. Яркі прыклад — сувязі з Экватарыяльнай Гвінеяй, якія зараз актыўна наладжваюцца. Гэта вельмі багатая краіна, дзе жыве некалькі мільёнаў чалавек. А побач — Нігерыя, у якой насельніцтва 200 мільёнаў чалавек. І ў перспектыве Беларусь можа выйсці на гэты рынак. 

Па словах Прэзідэнта, Беларусь можа не толькі прадаваць свае тавары і тэхналогіі ў афрыканскія страны, але і дзяліцца сваімі камптенцыямі ў розных сферах. «Я гавару: мы навучым вашых людзей гэта рабіць. Мы не як каланіялісты да вас прыйдзем. І вось яны зараз партыямі прыязджаюць да нас. Яны за ўсё гатовы плаціць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Адзінае, мы не можам, як амерыканцы, надрукаваць грошы і даць ім крэдыт пад свае тэхналогіі. Гэта багатыя краіны, але галоўнае для іх — незалежнасць, суверэнітэт. І яны ў нас небяспекі ніякай не бачаць».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе развівацца як і ўвесь свет, асвойваць касмічныя тэхналогіі, развіваць мікраэлектроніку, ІТ-сферу. «Гэта будучыня, ад гэтага нікуды не дзенешся. Але не забываем традыцыйнае», — рэзюмаваў ён. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што правільным крокам было захаванне савецкіх прадпрыемстваў, чыя прадукцыя карыстаецца попытам ва ўсходняга суседа. «Расія зразумела, што ў беларусаў усё ёсць. Ліфты трэба — мы ўжо не паспяваем пастаўляць і абслугоўваць. Трактары, сельгасмашыны, плугі трэба — мы гэты компекс вырабляем. Перапрацоўка прадуктаў харчавання — асноўны наш рынак Расія і Кітай. Мы вырабляем у два разы больш, чым нам трэба і чым мы можам ужыць», — сказаў ён. 

Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што у краіне ствараюцца новыя галіны. Самыя яркія прыкладыі — БелАЭС і Беларуская Нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Развіваюцца іншыя галіны. Напрыклад, на «Белшыне» сталі вырабляць новыя шыны для буйнагабарытнай тэхнікі. Пры гэтым, беларускі бок не хавае ад сваіх партнёраў сваіх тэхналогій. У графік кожнай міжнароднай дэлегацыі ўключана наведванне беларускіх прадпрыемстваў. 

«Будзем паціху выходзіць на свой аўтамабіль»

Адно з іх — завод «БЕЛДЖЫ», гісторыя якога пачалася 12 гадоў таму, калі на прадпрыемстве працавала 50 чалавек. А сёння на заводзе працуе паўтары тысячы чалавек, а яго прадукцыя вельмі запатрабавана. Інжынер-тэхнолаг завода «БЕЛДЖЫ» пацікавіўся, якой Прэзідэнт бачыць будучыню беларускага аўтамабіля. 

«Мы краіна аўтамабілістаў. Мы ствараем такія машыны, што любая краіна можа пазайздросціць: і малатанажныя, і сярэднетанажныя, і буйнатанажныя — БЕЛАЗ. МАЗ — сярэдняга класа аўтамабіль па грузападымальнасці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаўся, што яшчэ ў пачатку сваёй палітычнай кар’еры марыў, каб у Беларусі быў свой легкавы аўтамабіль. Дапамаглі ў здзяйсненні прэзідэнцкай мары кітайскія сябры. У Беларусі таксама плануюць стварыць вытворчасць у супрацоўніцтве з кітайскай «ФАВ Груп». Найбольш вядомы брэнд карпарацыі — легкавы аўтамабіль Hongqi («Хунці», перакладаецца як «чырвоны сцяг»). «Прыйшлі. Пачынаем разгортваць новую вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Але галоўнае цяпер — лакалізацыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба атрымліваць свае дэталі для нашага аўтамабіля. У нас для гэтага ўсё ёсць. У нас некаторыя прадпрыемствы недазагружаны. Так, няпростая задача — вырабіць свой рухавік для легкавога аўтамабіля і каробку перадач. Але мы паставілі перад сабой задачу. У нас ёсць маторны завод — няхай вырабляе, няхай варушыцца. Мы ж робім каробкі, рухавікі для іншых аўтамабіляў. Так, гэта больш тонкая работа, але мы яе зробім». Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў, што на заводзе «БЕЛДЖЫ» будзе пабудаваны дадатковы цэх па штампоўцы кузава. Ужо ёсць пэўныя дамоўленасці з кітайскім бокам наконт дапамогі з патрэбным абсталяваннем. «І будзем паціху выходзіць на свой аўтамабіль. Мы купілі ліцэнзію ў іх, гэта значыць, мы ўжо будзем вырабляць BelGee. Ён будзе нават лепшы, чым той, які мы вырабляем, але на гэта трэба крыху часу, а так, праграма ў нас салідная: мы павінны забяспечыць сваіх людзей сваім аўтамабілем, які б ні быў імпартны аўтамабіль — гэта імпартны. Трэба, каб было сваё. І мы ідзём да таго, каб мець сваё», — заявіў Прэзідэнт.

Чакаецца, што ў 2023 годзе «БЕЛДЖЫ» вырабіць больш за 60 тысяч аўтамабіляў — гэта ў два разы больш за леташнія паказчыкі. А праз некалькі гадоў аб’ёмы вытворчасці павялічацца да 120 тысяч аўтамабіляў у год.

Па словах беларускага лідара, прыярытэт будзе надавацца стварэнню электрамабіляў. У Беларусі ёсць вялікія напрацоўкі і іх трэба развіваць. Па сутнасці, у айчынных вытворцаў усё ёсць, акрамя батарэі. «Аўтамабіль у нас будзе. Будзе асноўны добры аўтамабіль, і дадаткова мы яшчэ прыцягваем сюды інвестараў, каб яны выраблялі аўтамабілі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Не павінны вёскі ў Беларусі паміраць

Маладыя людзі ўзгадалі, што Аляксандр Лукашэнка таксама працаваў у студэнцкіх атрадах. І пацікавіліся, якія традыцыі таго часу варта пераняць сёння. 

Прэзідэнт расказаў, што ў складзе студатрада працаваў на меліярацыі, дзе атрымаў вялікі вопыт. Пры гэтым тэма меліярацыі і сёння актуальная. «У гэтым годзе выдзелілі прыстойныя сродкі, за пяць гадоў цалкам адновім тое, што ўпушчана было. І дадаткова ўвядзём плошчы для пашырэння сельгасугоддзяў. Сельская гаспадарка развіваецца», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён заявіў, што сёння да меліярацыі трэба падыходзіць з галавой: аднавіць тое, што было, і недзе прыхапіць ад прыроды землі, якіх не хапае для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі. «Меліярацыя — для мяне быў вельмі карысны досвед. Вельмі важныя былі перыяды маёй працы ў рэальным сектары эканомікі», — сказаў беларускі лідар. Ён прызнаўся, што яго заўсёды цягнула на прыроду. І нават у сельскую гаспадарку гісторыка па адукацыі ніхто не клікаў, сам напрасіўся. «Мяне туды не гналі. Я сам хацеў там працаваць. Я да гэтага часу люблю працаваць на зямлі. Гэта самыя былі цікавыя часы ў маім жыцці, калі працаваў з усім жывым — глебай, зямлёй, раслінамі, жывёламі. Там усё жывое, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы — Агітую вас усіх: калі хочаце працаваць па-сапраўднаму, — гэта сельская гаспадарка. Гэта вёска». Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што і сёння прыязджае ў вёску адпачыць. 

«Не павінны вёскі ў Беларусі паміраць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён заклікаў набываць зямлю ў вёсках, тым больш, што гэта не дорага.

«Мы прапагандуем сваё найлепшае»

Аляксандр Лук’янаў расказаў Прэзідэнту, што БРСМ мае намер накіраваць сродкі на будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Адпаведнае даручэнне аб будаўніцтве даў кіраўнік дзяржавы. «Малайцы, падключыліся, я назіраю за гэтым», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лук’янаў расказаў, што да гэтай дзейнасці падключвліся грамадскасць, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі. «Гэта справа моладзі перш за ўсё, але і ўсяго нашага грамадства.», — сказаў лідар БРСМ. Па яго словах, членамі БРСМ сёння сабрана больш за 160 тысяч, калі мільёна рублёў сабрала грамадскасць. Усяго — сабрана каля васьмі мільёнаў. Ужо на фінальным этапе ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі.

«У гэтым годзе мы актыўна працавалі — байцы студэнцкіх атрадаў, валанцёры, актывісты — і акумулявалі вялікую для нас суму — каля паўмільёна беларускіх рублёў. У адпаведнасці з вашай падтрымкай, указам гэтыя сродкі, як правіла, мы накіроўваем на падтрымку студатрадаўскага руху, правядзенне форумаў, фестываляў. Але нам зараз трэба канцэнтравацца вакол значных задач. У мяне ёсць такое камсамольскае даручэнне — папрасіць вашага дазволу і накіраваць гэтыя паўмільёна рублёў на будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на тэрыторыі паўночнай выспы Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. І гэта будзе нашым істотным укладам для таго, каб гэты цэнтр атрымаўся і да юбілею Вялікай Перамогі ў 2025 годзе першая чарга будаўніцтва была завершана». — сказаў Аляксандр Лук’янаў.

Прэзідэнт падкрэсліў: «Вашы грошы — будзем удзячныя, калі туды накіруеце. Значыць, з бюджэту спатрэбіцца менш дапамогі. Калі будуць нейкія праблемы — кажыце». 

Наступнае пытанне ўдзельнікі сустрэчы прысвяцілі камандзе журналістаў, якая працуе кожны дзень з Прэзідэнтам. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ацэньвае і крытыкуе многіх журналістаў. «Я іх вельмі паважаю. Пасля 2020 года ў нас з’явіўся цэлы пул — не прэзідэнцкі, а пул журналістаў, якія паглядзелі на жыццё і сталі ацэньваць жыццё. Я іх бачу, бачу іх недахопы. Не скажу, што мне ўсё падабаецца, што яны ідэальныя», — сказаў ён. 

Па словах Прэзідэнта, сёння, у час інфармацыйнага супрацьстаянна, журналісты апынуліся на пярэднім краі. «Без іх зараз нікуды. І яны вельмі мне дапамагаюць данесці да вас, да тых, хто цікавіцца жыццём, тую палітыку, якую я спрабую праводзіць», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што журналістам пула першага нялёгка працаваць. Прыходзіцца разбірацца ў розных пытаннях, вывучыць матэрыялы, паехаць разам з Прэзідэнтам у камандзіроўку, зразумець, што сказаў кіраўнік дзяржавы, і даступна данесці гэта да аўдыторыі. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што раней на ідэалагічнай рабоце сам прафесійна займаўся прапагандай і контрпрапагандай. «Я сваіх журналістаў пераконваю, каб не адпіхваліся ад гэтага. Так, мы займаемся прапагандай і агітацыяй. Гэта зразумела. Мы прапагандуем сваё найлепшае. Мы агітуем людзей на тое, каб гэта лепшае стварыць, зрабіць». — падкрэсліў ён. Па словах беларускага лідара, у нас ёсць і павінна быць свая ідэалогія і ідэалагічная работа. Па яго словах, два фундаментальныя напрамкі ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта — гэта кадры і ідэалогія. «І не трэба тут нечага выдумляць. Так, прапаганда і агітацыя. Лепшага не прыдумалі. Нас ад гэтага адварочвалі для таго, каб кашу заварыць. А ў нас добрая была сістэма», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў ідэалагічнай рабоце не павінна быць ніякага фармалізму, які быў ў савецкія часы. Па словах кіраўніка дзяржава, арганізацыя ці грамадскае аб’яднанне, якія праводзяць такую работу, павінны мець аўтарытэт сярод насельніцтва, каб аб’яднаць людзей. Некалі такой арганізацыяй быў камсамол, сёння яго пераемнік БРСМ. Але Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што арганізацыя будзе аўтарытэтнай, калі будзе дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы, напрыклад, дапамагаць з жыллём супрацоўнікам прадпрыемстваў. 

Няпроста было заўсёды

Ветэраны камсамола, якія таксама прысутнічалі на сустрэчы, заўважылі, што ў наступным годзе спаўняецца — 30 гадоў інстытуту прэзідэнцтва ў Беларусі. Яны пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, што для яго было самым цяжкім у першыя гады прэзідэнцтва, калі краіна толькі станавіліся на незалежнай. «Гэта былі найцяжэшыя гады. Вы ж паглядзіце хроніку, калі прыязджалі сюды УНА-УНСО з Украіны, з Польшчы адмарозкі, з Расіі. Пераварочвалі на вуліцах аўтамабілі. Мы ўвесь час з імі ваявалі. І ўсё яны рабілі на грошы Захаду. Таму нам прыйшлося ваяваць, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Заўсёды было складана. Заўсёды мы ваявалі на гэтых вуліцах. Мы ўжо ведалі: выбары — гэта абавязкова бойня, асабліва ў Мінску».

Па словах Прэзідэнта, самым цяжкім і для дзяржавы, і для народа стаў 2020 год. Ён назваў гэты перыяд кульмінацыяй усіх бітваў і боек. «Калі б тады завагаліся, усё — нас бы не было, тут бы ішла вайна. Таму што войскі НАТА былі гатовыя ўжо ў Беларусь уступіць. Ім (апанентам улады) трэба было толькі на суткі ўзяць уладу і запрасіць сюды войскі НАТА. А гэта прамое сутыкненне з Расіяй. Гэта ядзерная вайна. Таму пройдзе час — вы яшчэ ацэніце тое, што мы зрабілі ў 2020 годзе», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, Захад разумеў, што Беларусь трэба браць імгненна, зацягваць сітуацыю нельга. Таму гэтыя спробы кіраўнік дзяржавы і называе бліцкрыгам. «А імгненна не атрымалася», — канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, што ў 1990-я гады было вельмі цяжка з эканамічнага пункту гледжання. У краіне не было грошай. Прадукцыя на прадпрыемствах выпускалася, але было вельмі цяжка яе рэалізаваць. «Асабліва было складана захаваць незалежнасць. Нікому наша незалежнасць не была патрэбная. У эканоміцы мы канкурэнты, усе хацелі паглынуць. У палітыцы мы таксама канкурэнты, усё глядзелі і зубамі шчоўкалі. Але трэба ўмець сябе абараніць. Цяпер мы ўжо трошкі навучаныя гэтаму, і ўжо ёсць чым абараніць сваю краіну. Тады было больш складана», — расказаў беларускі лідар. 

Як бы ні было складана ў палітычным ці эканамічным плане, чалавечыя традыцыі ў нашай краіне захоўваюцца. У Беларусі ёсць добрая традыцыя — высаджваць дрэвы, сямейныя алеі, «Сады надзеі», праводзяцца тыдні лесу. Удзельнікі сустрэчы спыталі, ці памятае Аляксандр Лукашэнка сваё першае пасаджанае дрэва. Прэзідэнт адказаў, што ў сваім жыцці высадзіў безліч дрэў, і сёння цяжка ўспомніць, якое было першым. Тым больш, падкрэсліў ён, падчас жыцця ў вёсцы, гэта была самая звычайная справа — проста садзілі дрэвы на падворку, каля школы, уздоўж дарогі... 

Прэзідэнт расказаў, што свядома даў даручэнне напоўніць тэрыторыю каля Палаца Незалежнасці зялёнымі насаджэннямі. Разам са сваімі сынамі ён пасадзіў дубы на тэрыторыі Палаца, таксама тут закладзены яблыневы сад. Многія дрэвы, узрост якіх налічвае не адзін дзясятак гадоў, былі захаваны ў час будаўніцтва палаца — гэта было адно з жорсткіх патрабаванняў кіраўніка дзяржавы. 

Учора каля Палаца Незалежнасці з’явіліся новыя дрэвы. Прэзідэнт разам з маладзёжным актывам і ветэранамі камсамольскага руху заклаў Алею пакаленняў. 


У тэму

«Адкрытасць нашага Прэзідэнта ніколі не выклікала сумненняў»

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з беларускім лідарам з журналістамі падзяліліся яе ўдзельнікі. Першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў расказаў, што сустрэча з Прэзідэнтам пераўзышла ўсе чаканні. «Мы з вялікім натхненнем успрынялі магчымасць наведаць Палац Незалежнасці ў дні, калі ён святкуе 10-годдзе, і сустрэцца з нашым нацыянальным лідарам. Адкрытасць нашага Прэзідэнта ніколі не выклікала сумненняў. Але сёння Прэзідэнт у пытаннях ад міжнароднай палітыкі да глыбінных успамінаў свайго станаўлення раскрыўся, асабліва для маладых камсамольцаў, актыва БРСМ, піянераў, яшчэ больш штмаграна. Мы разумеем, як важна цаніць гэту сувязь пакаленняў. Прэзідэнт некалькі разоў звяртаўся да ветэранаў, узгадваў, няпростыя перыяды, як краіна праходзіла станаўленне ў гады Савецкага Саюза і ў падчас ліхалецця 90-х гадоў, калі прыходзілася плячом да пляча з камсамольцамі будаваць Беларусь. Гэта сустрэча знамянальная тым, што ўсе пакаленні сабраў наш Прэзідэнт і даў наказ: шанаваць гісторыю, паважаць памяць. І вельмі важным момантам была закладка Алеі пакаленняў, прысвечанай 10-годдзю Палаца Незалежнасці, 105-годдзю камсамола. І вельмі сімвалічна, што мы зрабілі гэта разам з Прэзідэнтам. Шчаслівыя твары піянераў, усмешкі ветэранаў і натхненне камсамола дае нам надзею на тое, што Беларусь будзе і надалей развівацца», — сказаў ён. 

Аляксандр Лук’янаў расказаў, што маладых людзей асабліва зацікавіла праца прэзідэнцкага пула журналістаў. «Прэзідэнт даручыў арганізаваць маладзёжную групу, каб яны маглі сябе паспрабаваць ці проста паглядзець, як арганізавана праца пула. Мне і як кіраўніку арганізацыі таксама гэта цікава», — прызнаўся першы сакратар ЦК БРСМ. 

Таксама Аляксандр Лук’янаў расказаў, што ў цэнтры ўвагі застаецца будаўніцтва патрыятычнага цэнтра на Кобрынскае ўмацаванне Брэсцкай крэпасці. Сёлета Прэзідэнт падпісаў указ аб тым, каб аб’явіць гэты аб’ект Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. «Вельмі важна, што гэты аб’ект мае трывалы гістарычны фундамент. Брэсцкая крэпасць — гэта патрыятычная мека не толькі Беларусі, але і для ўсёй постсавецкай прасторы. І моладзь, якая будзе вучыцца ў патрыятычным цэнтры, будзе разумець, што знаходзіцца ў месцы, дзе калісьці абаранялі нашу краіну героі Брэсцкай крэпасці. Гэта амбіцыйны праект, і мы ўдзячны нашаму кіраўніку за тое, што нам давяраюць такія сур’ёзныя аб’екты», — сказаў Аляксандр Лук’янаў. Ён падкрэсліў, што актывісты БРСМ разумеюць ўсю адказнасць, якая ляжыць на іх плячах, і будуць рабіць усё магчымае, каб выканаць даручэнні і камсамольскія, і кіраўніка дзяржавы, каб надалей арганізацыя развівалася. А ветэранам камсамольскага руху, па яго словах, на гэтай сустрэчы было вельмі важна ўбачыць, што іх праца была дарэмнай. 

Юрый Сегенюк, першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ прызнаўся, што найперш у Палацы Незалежнасці яму кінуўся ў вочы каравай ад хлебаробаў роднага яму першага рэгіёна. Уразіў і яшчэ адзін сімвал Брэсцкай вобласці — статуя зубра, размешчана на тэрыторыі Палаца Незалежнасці. Але больш за ўсё ўразіла, канешне, сустрэча з кіраўніком дзяржавы. «Прэзідэнт вельмі харызматычны лідар. І адчувалася, што адказы на ўсе пытанні, якія сёння падымаліся, былі шчырымі. І асабліва было цікава пачуць, як ствараўся Палац Незалежнасці, якім яго бачыў Прэзідэнт», — сказаў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.