Вы тут

Як пакорміш — так і надоіш. У канцы сезона аграрыі не збаўляюць тэмпаў


Гэтымі восеньскімі днямі задача нумар адзін як для аграрыяў, так і мясцовых органаў улады — завяршыць палявыя работы ў аптымальныя тэрміны з захаваннем усіх тэхналагічных норм. У найбліжэйшы час Камітэт дзяржкантролю ва ўсіх рэгіёнах краіны пачне маштабныя праверкі якасці нарыхтоўкі травяных кармоў. Формулу — якасць азначае поспех у працы — на зубок вывучылі працаўнікі гаспадаркі Лоеўскага раёна Гомельшчыны — ААТ «Каўпень-Агра». Сельгаспрадпрыемства з году ў год паказвае вельмі добрыя вынікі па тэмпах вытворчасці малака, дабіваецца вяршынь у жывёлагадоўлі. За тым,  як тут кіпіць працэс нарыхтоўкі кармоў, паназірала карэспандэнт «Звязды».


Жывёлавод МТФ «Казярогі» ААТ «Каўпень-Агра» Лоеўскага раёна Таццяна Анікеенка.

Уладанні «Каўпень-Агра» — тры тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак — 1300 кароў. Штодня гаспадарка вырабляе і пастаўляе на Тураўскі малочны камбінат 22 тоны малака. Пры сярэднім па краіне надоі — 16 літраў малака на карову, у мясцовых аграрыяў гэты паказчык — звыш 19 літраў.

— Вельмі адказны ўчастак работы ў гаспадарцы — работа з цялятамі: ад таго, як спрацуе звяно, залежыць уся далейшая работа, пераканана жывёлавод па дарошчванні маладняку МТФ «Казярогі» ААТ «Каўпень-Агра» Таццяна Анікеенка.

На ферме ў «Казярогах» працаўніца рупіцца, колькі сябе памятае. Яе мама таксама ўсё жыццё тут жа прапрацавала цялятніцай. Таццяну з самага дзяцінства брала з сабой на ферму. Сама працаўніца ўжо трэці год як на пенсіі, але працягвае працаваць. На яе ўчастку праца адказная, але любімая.

Кіраўнік праекта ААТ «Каўпень-Агра» Пётр Носікаў

— Цяляткі як дзеці маленькія, увага ім павышаная. «Цялячыя пяшчоты» — нездарма так кажуць — страшна цікаўныя і вельмі любяць лізацца, — расказвае жывёлавод.

Удаецца якраз паназіраць, як працаўніца даглядае маленькіх. Некаторыя нарадзіліся толькі некалькі гадзін таму.

— Самых малодшых кормім, вядома, малаком. Малодзіва працэджваем, падаграваем да 38 градусаў і з соскі даём. Тых, хто старэйшы, ужо прывучаем да цвёрдай ежы — сена і травянога корму, — тлумачыць жанчына. — Цяпер новую групу малых набіраю — 16 цялят мне і столькі ж напарніцы. Пакарміць, папаіць, падаслаць саломкі — нашы абавязкі.

На ўчастку работы Таццяны Анікеенкі добра можна прасачыць, як арганізавана «жыллёвае пытанне» маладога папаўнення статку. Калі нараджаецца цяля, яго пасяляюць у асобную маленькую хатку — станок, як кажуць жывёлаводы.

Працэс плюшчэння кукурузы перад закладкай у поліэтыленавыя рукавы на захоўванне

— Падрослых з «ясляў» пераводзім у «дзіцячы садок» — індывідуальныя загончыкі, дзе ўжо прасторней.

Жывёлавод паказвае месца, дзе цяпер якраз ідзе будаўніцтва новага «дзіцячага садка» для цялят. На МТФ «Казярогі», як і ўвогуле ў іх гаспадарцы, будуюць усе памяшканні сваімі сіламі: ёсць свая брыгада.

— Да халадоў малыя будуць ужо ў новых загончыках жыць, — радуецца цялятніца.

На малочнатаварнай ферме «Каўпень-Агра» працуе перасоўны даільны комплекс. На ім доіцца 100 кароў, і з кожнай каровы штодзень атрымліваюць 30 літраў малака. Па такім жа прынцыпе даільны працэс наладжаны і на малочнатаварнай ферме гаспадаркі «Крупейкі».

У гэтым сезоне аграрыі «Каўпень-Агра» закладваюць корм ў чатыры новыя сянажна-сіласныя траншэі

— Прэзідэнт засяроджвае ўвагу аграрыяў на тым, каб з меншымі затратамі вырабляць больш прадукцыі, — падкрэслівае кіраўнік праекта ААТ «Каўпень-Агра» Пётр Носікаў. — У нас у гаспадарцы няма новых пабудоў. Прыводзім у парадак і рамантуем існуючыя будынкі. Ставім перасоўныя даільныя ўстаноўкі, якіх першапачаткова ў гаспадарцы не было. Затое меліся памяшканні, якія неэфектыўна выкарыстоўваліся. Навялі парадак. Стацыянарныя даільныя залы захоўваем, а ў адрамантаваных памяшканнях на перасоўных даільных устаноўках вытворчасці «Гомельагракамплекта» дояцца першацёлкі. На абсталяванні ўстаноўлена аднолькавая частата даення, што дазваляе браць малако ад маладой жывёлы без болю для яе. Гэта дае магчымасць яшчэ больш нарасціць вытворчасць малака, — тлумачыць Пётр Іванавіч.

Гаспадарка ААТ «Каўпень-Агра» на Лоеўшчыне — адно з дзевяці сельгаспрадпрыемстваў па ўсёй краіне, што ўваходзяць у холдынг «Малочная праўда». Гаспадарка ў Каўпені ў свой час знаходзілася ў дрэнным стане. Інвестар захаваў не толькі працаўнікоў, але і ўсю старую інфраструктуру. Сёння мясцовы калектыў — амаль 200 чалавек. Прыязджаюць працаваць у Каўпень жыхары з розных населеных пунктаў раёна. Тут увогуле не ведаюць, што такое цякучка кадраў. Вакансій няма.

— У нас шмат працуе моладзі. Увогуле, усе маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў свой час на працу пасля вучобы, падпісалі кантракты і засталіся з задавальненнем, — дадае кіраўнік гаспадаркі.

Цікава, што ў гарачы для сельгаспрадпрыемства час — нарыхтоўкі кармоў намеснік дырэктара і старшы персанал выходзяць дапамагаць на самых адказных участках.

У «Каўпень-Агра» ўбралі тры тысячы тон кукурузы на зерне

— Наша задача — нарыхтаваць 34 кармавыя адзінкі на адну ўмоўную галаву жывёлы, з планам дакладна справімся да першага лістапада, — звяртае ўвагу Пётр Носікаў на адметны ў жывёлагадоўлі паказчык.

У гэтым сезоне гаспадарка нарыхтуе 24 тысячы тон сіласу, ужо закладзена 20 тысяч тон, чатыры тысячы тон корму плануюць рэалізаваць сельгаспрадпрыемствам.

— Каб забяспечыць збалансаванае кармленне, выкарыстоўваем сілас, сянаж і плюшчаную кукурузу: увогуле не закупляем камбікорму, а ўсё ідзе ўласнай вытворчасці. Каб не несці выдаткі на сушку, размолку 1500 тон плюшчанай кукурузы закладваем адразу ў поліэтыленавыя рукавы. Гадавая патрэба такога корму — 1200 тон. Да першага снежня ў нас для кармлення жывёлы яшчэ застаецца леташні запас. Яго захавальнасць у поліэтыленавых рукавах — 100 %. Так, без страты якасці захоўваць ураджай можна да двух гадоў. Як вынік — эканамічная выгада. Добрая якасць кармоў дазваляе захоўваць высокія надоі малака. Павялічваюцца і сутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы, — дадае суразмоўца.

Цяпер у гаспадарцы працягваецца нарыхтоўка царыцы палёў на сілас.

Захаванне тэхналогій дае магчымасць падрыхтаваць паўнавартасны і якасны корм. У гэтым сезоне мясцовыя аграрыі закладваюць чатыры сянажна-сіласныя траншэі. Дарэчы, закладка сіласу ідзе ў новыя збудаванні. У гаспадарцы разабралі старыя будынкі, якія не выкарыстоўваюцца, і з гэтых матэрыялаў па ўсіх тэхналогіях паставілі новыя траншэі, дзе будзе захоўвацца корм.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.