Вы тут

Гэта трэба не мёртвым! Гэта трэба жывым!


Лічбы не хлусяць: апошнім часам і, калі можна так сказаць, ударнымі тэмпамі развіваецца ўнутраны турызм — экскурсійны, санаторна-аздараўленчы, гістарычны...


Вёска Ала — сястра Хатыні. «Сцежка да Алы» — адзіны ў Беларусі маршрут эколага-патрыятычнай накіраванасці, распрацаваны па ваенна-тапаграфічнай карце 1936 года і пракладзены па адзінай існуючай у той час дарозе, якая вяла да вёскі. Ён пачынаецца на экабазе «Урэчча», далей — кароткі шлях на маторнай лодцы па рацэ Бярэзіне, па прыродных, натуральных біяцэнозах заказніка «Выдрыца» да мемарыяльнага комплексу «Ала».

Апісанне маршруту я знайшоў на сайце заказніка і чамусьці вырашыў, што пачаць яго варта з канца.

Да мемарыяльнага комплексу, дзе нашу невялікую групу ўжо чакаў работнік заказніка, дабрацца было зусім нескладана: з шашы Жлобін — Светлагорск туды вядзе асфальтаваная дарога. На месцы — кароткі інструктаж і экскурсія.

Першае, што ўразіла ў самым пачатку, — арка з шэрага бетону з надпісам: «Памяці бязвінных ахвяр нацысцкай карнай аперацыі 14 студзеня 1944 года».

Гэта значыць, перад самым вызваленнем, напрыканцы вайны. Як гэта крыўдна і страшна...

Думкі перапыніў аповед гіда. У вёсцы Ала, якая знаходзілася ў глухім лесе, наводшыбе, да пачатку вайны было 34 хаты, 168 сваіх, тутэйшых жыхароў. Сюды ж, уцякаючы ад вайны, сцякаліся насельнікі іншых, суседніх вёсак. Немцаў не было...

Па ўспамінах тых, хто выжыў, стала вядома, што ў апошнія дні 1943-га на мосце праз раку Алу нехта забіў нямецкага афіцэра. У адплату за гэта 14 студзеня, на досвітку, вёску ачапілі паліцаі і нямецкія салдаты. Пад выглядам перапісу, людзей сагналі ў вялікую адрыну, потым па 40—50 чалавек выводзілі, замыкалі ў хатах ды іншых пабудовах і падпальвалі.

Тых, хто не хацеў ці не мог ісці, расстрэльвалі на месцы. Уратаваліся толькі восем жыхароў. Нехта паспеў уцячы і схавацца ў лесе, камусьці пашчасціла вырвацца з агню, сысці ад аўтаматных і кулямётных чэргаў. Іх успаміны сабраныя ў фондах Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея...

Слухаючы экскурсавода, мы праходзілі па былой галоўнай вуліцы вёскі. Над нашымі галовамі праплывалі аркі з жахлівымі лічбамі: «950 дзяцей», «508 жанчын», «100 мужчын і 200 састарэлых жыхароў»... У Але, адной беларускай вёсцы, загінула насельніцтва 12 Хатыняў... Удалечыні, візуальна перакрываючы шлях, віднеўся надпіс: «Мы жывыя, пакуль нас помняць».

Далей была адкрытая пляцоўка ў цэнтры комплексу, помнік з безліччу кветак і дзіцячых цацак, з маўклівым звонам, злева ад якога — арка з 12 меншымі званамі і назвамі 12 вёсак: Чыркавічы, Здудзічы, Ракшын, Рудня, Іскра, Светач, Дзеднае, Каратковічы, Плясовічы, Антонаўка, Сельнае, Мармаль. Іх жыхары таксама загінулі ў Але.

На ўсёй тэрыторыі комплексу ўзвышаюцца каменныя барэльефы. На адным жанчына сабою затуляе дзяцей ад агню...

На вочы міжволі набягаюць слёзы, у памяці ўсплываюць кадры з фільма «Ідзі і глядзі»: падпаленыя хаты, жахлівыя крыкі, стогны людзей і смех карнікаў.

Напэўна, такія ж думкі ў маіх спадарожнікаў, якія разбрыліся па тэрыторыі і моўчкі вывучалі надпісы. Ля падножжа 12 званоў адна з дзяўчат паклала палявыя кветкі. А ў мяне з сабою — да сораму — у руках анічога...

Мае спадарожнікі адчувалі, напэўна, тое ж, бо хутка побач з букетам апынуліся аўтаручка, сцізорык, люстэрка, яркая заколка... Усе мы — не па камандзе — сталі ў шэраг і схілілі галовы. Час запаволіўся, ён стаў вечнасцю для дзяцей, жанчын і старых, пахаваных пад гэтымі камянямі.

...Наш далейшы маршрут пралягаў па лесе, аднак, ідучы побач з гідам, я амаль не чуў яго слоў: проста дыхаў восенню, слухаў шолах лістоты і шапаценне травы пад нагамі — радаваўся яшчэ цёпламу сонцу і міру.

А ўжо пад канцы шляху, перад пасадкай у лодку, міжволі азірнуўся назад на сцежку і, здаецца, яшчэ раз, з лесу, пачуў: «Мы жывыя, пакуль нас памятаюць». А потым падумаў: «Мы жывыя, пакуль ёсць памяць пра вас».

Вадзім КАНДРАШОНАК

Фота аўтара

Гомельская вобласць.


З пяшчотай, з хваляваннем — пра каханне

Нядаўна ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга вядомага пісьменніка, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Зіновія Прыгодзіча «Цяпло позняй восені», якая прыцягвае ўвагу з першай жа старонкі, бо цалкам прысвечана каханню.

Ва ўступным слове аўтар піша: «Высокі Божа, перахапляе дыханне і кружыцца галава, калі думаеш, колькі геніяльных людзей прысвяцілі гэтаму бясцэннаму скарбу сэрца свае самыя ўзнёслыя, самыя праніклівыя радкі... Здаецца, пра каханне ўжо сказана ўсё... І, тым не менш, кожная закаханая душа, не задавальняючыся чужымі, хай сабе і геніяльнымі, радкамі, імкнецца выспець уласныя словы, знайсці ўласныя фарбы і адценні. Таму, колькі б ні было напісана пра каханне, яго навізна, яго драматызм, яго разнастайнасць не могуць быць вычарпаныя, пакуль жыве чалавек на Зямлі, пакуль б'ецца яго сэрца...»

Як і гэтая натхнёная прадмова, кніга Зіновія Прыгодзіча вельмі шчырая, пранікнёная, спавядальная. Гаворачы аб каханні, шчаслівым або нераздзеленым, аўтар у сваіх аповесцях і апавяданнях паказвае, якой моцнай павінна быць душа, каб на паваротных этапах жыццёвага шляху чалавек мог зрабіць правільны выбар, прыняць адзіна дакладнае рашэнне. Вернасць і здрада, яснасць і неразуменне, шчасце і няўдачы заўсёды ідуць побач. Пераадолець цяжкасці і перамагчы — гэтаму вучыць пісьменнік. Яго героі праз душэўныя пакуты, доўгія тужлівыя разважанні прыходзяць да вышэйшага разумення кахання, якое патрабуе і самаахвяравання, і адвагі.

Да галоўнай гераіні аповесці «Цяпло позняй восені» гэтае пачуццё прыходзіць у вельмі паважаным узросце, да таго ж яно не можа быць узаемным. Нястрымна гарачыя лісты жанчыны, звернутыя да каханага, ашаламляюць сваёй адкрытасцю: яны абрыньваюць на галоўнага героя цэлы ніягарскі вадаспад прызнанняў, якія ён прыняць не ў стане, ды яны яму і не патрэбныя, бо ў яго свая шчаслівая сям'я...

А для жанчыны гэты нясцерпны і неадступны неспатолены смутак становіцца фатальным: слабае сэрца не вытрымлівае моцнага напалу пачуццяў.

Аповесць выклікае адчуванне рэальнай трагедыі. Хочацца паспачуваць той няшчаснай гераіні, а галоўнаму герою пажадаць мужнасці прынесці сваё пакаянне ў храм на споведзь, каб ён не мучыўся думкамі аб тым, што сваёй нелюбоўю наблізіў сыход з жыцця жанчыны, якая так пакутліва кахала яго. «Несвоевременность — вечная драма, где есть Он и Она», — як спяваў незабыўны Ігар Талькоў.

У аповесці «Чаромхавыя халады» гераіня валодае прыроднай прывабнасцю, якая памнажаецца зачараваннем яе загадкавай і неспасцігальнай душы. Закаханага юнака гэта дзяўчына прыцягвае, але адначасова і мучыць. Ён ніяк не можа зразумець, ці кахае яна яго. Не дазваляючы ніякіх вольнасцяў і ведаючы сілу сваёй прыгажосці, яна распальвае яго, пакідаючы пры гэтым у няпэўнасці: ці ёсць пачуццё ў адказ, якое магло б стаць усёпераможным?..

Несупадзенне — частая прычына гісторый, прадстаўленых і ў апавяданнях пісьменніка. Няма агульных інтарэсаў, імкненняў, тэм для размоў, а значыць, няма і таго галоўнага, чым умацоўваецца саюз двух людзей. Але тады навошта патрэбны ўсе гэтыя пакуты, бяссонныя ночы і ўрэшце — балючы разрыў? Аказваецца, усё, што нам даецца ў жыцці, становіцца ўрокам для нас: каб мы гартаваліся, мацнелі, набіраліся досведу, выпраўлялі свае памылкі. А доўгачаканы чалавек, як правіла, рана ці позна прыходзіць. Значыць, усё перажытае было не выпадкова...

Вобразы сціплых і смелых, стрыманых і палкіх жанчын жывуць на старонках гэтай кнігі. Яны выпісаны вельмі ярка, з улікам індывідуальных асаблівасцяў кожнай з гераінь. Але ёсць у іх шмат агульнага, што родніць усіх жанчын на свеце, — імкненне да мары. Кожная хоча сустрэць свайго суджанага і закахацца — самаахвярна, аддана, да самазабыцця. Значыць, трэба марыць, рыхтаваць сябе да разумення галоўнага — і тады каханне абавязкова спраўдзіцца.

Гэта пацвярджае і герой апавядання «Сузор'е Касіяпеі», які перакананы ў тым, «што кожнага чалавека чакае яго адзіная палавінка, трэба толькі мець цярпенне і ўменне разгледзець гэтую палавінку».

Валянціна ПАЛІКАНІНА

г. Мінск.


Нехта губляе, нехта знаходзіць

Добра жыць на ўскрайку горада, там дзе побач лес, у якім, што называецца, гуляй — не хачу, хоць адзін, хоць з сабачкам.

— Жулька, сядзець! — загадала Пятроўна свайму гадаванцу, ужо нахадзіўшыся і сама прысеўшы на лавачку ля пад'езда.

Сабачка — чорна-беленькі, маленькі, з хвосцікам-дроцікам паслухмяна ўладкаваўся побач ды хіба што «пытаўся» — (пастрэльваў вочкамі-слівамі), можа цяўкнуць, калі нехта праходзіць, ці лепей не?

— Вырас ваш цюцька, — гледзячы на яго, усміхнулася суседка. — Мо як у вершы: «...за время пути собачка могла подрасти»?

— Не, гэта парода такая. Ён дарослы ўжо... Невядома, чый, — гладзячы сабачку, уздыхнула Пятроўна. — Прыладзіўся неяк за веласіпедам бегчы, калі муж на лецішча ехаў, потым цэлы дзень пад колам яго прачакаў — «праводзіў» пад самы дом... Тут мы яго і пакінулі. Разумны: усіх сваіх ведае — і дзяцей, і ўнукаў... А ўжо культурны які: пакуль лапкі не памыем, у пакой ніколі не пойдзе. Любім мы яго: і муж, і я...

Нехта заўсёды чакае (а мо і шукае?) нашай любові.

Шчасце, калі знаходзіць.

Ірына ВОЙТКА

г. Слонім.


Фота слова Яўгена Пясецкага

Куст язміна бухматы

Сёння ў шыбіну б'ецца,

Лісце просіцца ў хату

Ад імжы адагрэцца...

Каляндар адмярае

Час асенні няспынна,

Дык чаму ж не мінае

П'яны водар язміну?

Нібы чую з нябёсаў

Жаўруковы званочкі,

Вабяць росныя плёсы

Святаянавай ночкі...

Мо прыснілася гэта?

Што за дзіва такое?

Гэта — бабіна лета,

Успамін пра былое.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.