Вы тут

У Кітаі адкрылі новы вельмі атрутны від медуз


Цалкам хатняя «нянька»

З'явілася жыллё, якое размаўляе з дзецьмі і жывёламі

У Расіі распрацавалі сістэму разумнага дома, якая дазваляе па аўдыясувязі размаўляць з дзецьмі і хатнімі жывёламі. Пра гэта «Известиям» паведамілі ў дэвелаперскай групе «Аквілон».

Функцыя аддаленай аўдыясувязі дазваляе звязацца з дзіцем, калі яно не чуе званка тэлефона і не бярэ трубку, — сістэма ў кватэры зможа прыцягнуць яго ўвагу і папрасіць ператэлефанаваць бацькам, распавялі ў кампаніі. Акрамя таго, сістэма іnHOME дазваляе аддалена адключыць разеткі, а датчыкі дыму і працёкаў аўтаматычна паведамяць аб няштатнай сітуацыі ў кватэры бацькам і ў дыспетчарскую.

«Сем'і з дзецьмі — асноўная аўдыторыя пакупнікоў новабудоўляў, і звычайна гэта эканамічна актыўныя сем'і, у якіх бацькі шмат працуюць. Для малых часта наймаюць няньку або прыцягваюць бабуль і дзядуль. Аднак ужо з 10—12 гадоў многія дзеці пасля школы бавяць час адны дома», — адзначыў дырэктар маскоўскага дэпартамента групы «Аквілон» Дзмітрый Рагатых.

Таксама многія карыстальнікі праяўляюць цікавасць да функцыі аўдыясувязі з хатнімі гадаванцамі, паведамілі ў кампаніі.

«Прынята лічыць, што больш складана спраўляюцца з адзінотай сабакі. Аднак даследаванне амерыканскіх і бразільскіх навукоўцаў 2020 года выявіла, што коткі таксама цяжка пераносяць адзіноту. Так, праблемы ў паводзінах часцей выяўляюцца ў котак, якія застаюцца адны пяць-сем разоў на тыдзень і больш за шэсць гадзін у дзень», — распавялі там.

Па словах зоапсіхолага Міраслава Волкава, жывёлы будуць рэагаваць на голас гаспадара, хоць цалкам замяніць адносіны з гадаванцам без рэальнага кантакту аўдыясувязь не зможа. Карыснай функцыяй для гаспадароў стане камера відэаназірання, якую можна інтэграваць у сістэму.

«Звычайна я рэкамендую такія камеры для назірання за жывёламі без уладальнікаў. Відэаназіранне дапаможа вам, калі вы едзеце надоўга, напрыклад у адпачынак, і пакідаеце гадаванца на сумленне сяброў ці зоанянькі, якія будуць прыходзіць у кватэру, гуляць з жывёламі і карміць іх», — распавёў эксперт, удакладніўшы, што так у гаспадароў будзе магчымасць аддалена пракантраляваць, як гадаванец сябе паводзіць і адчувае, ці накормлены ён і наколькі спакойна перажывае часовае расстанне.


Унікальны інклюз у бурштыне

Гэта старажытная страказа  ўзростам 50 мільёнаў гадоў

На Калінінградскім бурштынавым камбінаце дзяржкарпарацыі «Растэх» знайшлі рэдкі інклюз, гэта значыць, выкапні рэшткаў жывога арганізма, які трапіў у бурштын. Узор балтыйскага каменя захаваў сведчанне свету старажытнай фаўны — далікатную страказу.

Знаходка з'яўляецца ўнікальнай, паколькі казурка захавалася не фрагментамі, а цалкам. Гэты інклюз стаў другім падобным за ўсю гісторыю здабычы бурштыну ў Расіі. Па ацэнках спецыялістаў, узрост інклюзу складае каля 50 мільёнаў гадоў. Вага рэдкага каменя — 31 грамаў, яго памер — 57 на 31 міліметр, таўшчыня — 27 міліметраў.

Як тлумачаць эксперты, інклюзы сустракаюцца выключна ў вонкавых вылучэннях жывіцы — ледзяшах, кроплях і нацёках. Смала з'яўлялася своеасаблівай пасткай: некаторыя казуркі былі занесены туды парывамі ветру, іншыя спакусіліся бліскучай паверхняй смалы, трэція былі захопленыя знянацку кропляй, якая падала з дрэва. Прыліпнуўшы да яе паверхні, яны заліваліся другім і трэцім нацёкамі смалы. У сярэднім старажытныя ўключэнні ўтрымліваюць у сабе не больш за 9 працэнтаў ад усяго празрыстага каменя.

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Калінінградскага музея бурштыну, кандыдата біялагічных навук Андраніка Манукяна, падобныя інклюзы сустракаюцца даволі рэдка. Так, у Еўропе бурштынавых камянёў з уключэннем стракоз налічваецца ўсяго 35, з іх 25 знаходзяцца ў музеях Германіі.

«Адзіная да нядаўняга часу «расійская» страказа ў бурштыне была знойдзена каля дзесяці гадоў таму і захоўваецца ў Музеі бурштыну. Апошні інклюз, выяўлены бурштынавым камбінатам, цікавы добрай захаванасцю казуркі і адрозніваецца ад раней знойдзенага відам страказы», — растлумачыў эксперт.

Інклюзы ўяўляюць адмысловую каштоўнасць для навукі: з іх дапамогай можна выявіць нявывучаныя віды фаўны Зямлі, скласці апісанне эвалюцыйных змяненняў, а таксама вызначыць кліматычныя асаблівасці розных куткоў планеты ў дагістарычныя часы. У агульнай складанасці дзякуючы вывучэнню інклюзаў былі адкрыты больш за тры тысячы відаў насякомых і сотні відаў раслін.


Дагістарычная дарога на дне

Яна захавалася дзякуючы марскому глею

Дарогу, якую пабудавалі 7000 гадоў таму, знайшлі на дне Міжземнага мора. Яна была схавана пад пластамі марской гразі каля паўднёвага ўзбярэжжа Харватыі, паведамляе Scіence Alert.

Як паведамляецца, гэтая захапляльная знаходка, зробленая на затанулым неалітычным гарадзішчы Саліне, магчыма, калісьці звязвала старажытнае селішча хварскай культуры з цяпер ізаляваным востравам Корчула. Дагістарычная дарога была абаронена ад магутных хваляў на працягу тысячагоддзяў. Праход шырынёй каля чатырох метраў быў пабудаваны са старанна складзеных каменных пліт.

Даследчыкі лічаць, што хварская культура эпохі неаліту, якая калісьці засяляла ўсходнюю Адрыятыку, пабудавала цяпер затопленае селішча Салінэ і старажытны праход, які злучаў астравы. З дапамогай радыёвугляроднага аналізу захаванай драўніны было ўстаноўлена, што ўсё селішча датуецца прыкладна 4900 г. да н.э.


Вочы небяспекі

У Кітаі адкрылі новы вельмі атрутны від медуз

Навукоўцы з Ганконгскага ўніверсітэта заявілі б адкрыцці новага віду марскіх глыбакаводных жывёл. Імі аказаліся вельмі атрутныя медузы. Пра гэта паведамляе The Mіrror.

Даследчыкі выявілі гэты від медуз у запаведніку Мэй По. Жывёлу аднеслі да віду кубамедуз з класа стракальных. Медуза атрымала імя ў адпаведнасці з месцам, дзе яе знайшлі, — Trіpedalіa maіpoensіs. Адзначаецца, што гэта першая кубамедуза, выяўленая ў Кітаі.

Асобіны гэтага віду падобныя на кубамедуз, якіх знайшлі на Ямайцы, у Фларыдзе, у Аўстраліі і Індыі. Аднак Trіpedalіa maіpoensіs адрозніваюцца малым памерам — усяго каля трох сантыметраў у даўжыню. Акрамя таго, па ўсім невялікім купале ў жывёлы размешчаны 24 вока (разбітыя на чатыры групы па шэсць вачэй), але не ўсе яны здольны перадаваць малюнак, асноўная маса толькі рэагуе на святло.

Важна адзначыць, што кубамедузы вельмі атрутныя. У Аўстраліі для бяспекі людзей уздоўж пляжаў нацягнуты спецыяльныя сеткі, якія абмяжоўваюць перамяшчэнне небяспечных медуз.


Тэктанічныя пліты ўздымаюцца...

На Эверэсце выявілі астанкі марскіх драпежнікаў

Спецыялісты з Інстытута пазваночнай палеанталогіі і палеаантрапалогіі Акадэміі навук Кітая выявілі на тэрыторыі Тыбецкага аўтаномнага раёна на Эверэсце (Джамалунгме) закамянелыя астанкі дзвюх асобін старажытнага глыбакаводнага драпежніка гімалаязаўра узростам 215-212 мільёнаў гадоў. Пра гэта паведаміла агенцтва «Сіньхуа».

Астанкі былі знойдзены на вышыні чатырох тысяч метраў над узроўнем мора, за сто кіламетраў ад лагера альпіністаў. Закамянеласці ў выніку руху тэктанічных пліт былі паднятыя са дна акіяна і апынуліся высока ў гарах, адзначаюць спецыялісты.

Навукоўцы распавялі, што марскія драпежнікі мелі падоўжаную пашчу і вострыя зубы, іх даўжыня была каля дзесяці метраў. Харчаваліся яны ў асноўным рыбай і бесхрыбетнымі.

Цяпер 170 вучоных праводзяць даследаванне вады і экалагічнай абстаноўкі на Эверэсце. Гара размешчана на Цінхай-Тыбецкім сугор'і, вядомым як «Дах свету» і «Воданапорная вежа Азіі». Экспедыцыя мае вялікае значэнне для вывучэння ўздзеяння змянення клімату і навакольнага асяроддзя ў раёне Эверэста на іншыя часткі свету.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.